трысцё, ‑я, н., зб.

Трыснёг. Высокія сцябліны трысця здаюцца паўтыканымі проста ў туман, і шорсткія лісты іх, дакранаючыся адзін да аднаго, парыпваюць, як бляшаныя. Лужанін. Над поймай ціхай, дзе трысцё ў лазе, Стаіць бусліха на адной назе. Пысін. Каля самай вёскі невялічкая рачулка ласкава шапоча ў трысці. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́стачкі (мн.) ’ласкавыя, пяшчотныя словы’ (Нас.). Узнікла ў выніку кантамінацыі лексем ластаўка ’ласкавая назва дзяўчыны, жанчыны’ і лёстачкі, лёсткі ’ліслівыя словы, усхваленні’, параўн. рус. ластуха ’ліслівец’. Не выключана, аднак, што гэта семантычны перанос лексемы ластачка (гл. ластаўка1). Параўн. рус. ласточкойласкава, лісліва’, ласту́ха, ласту́шка ’чалавек, які любіць лашчыцца’, ластушка ’ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны, асабліва да маладой (нявесты)’. Да ластаўка1 і ласка1 (гл.). Утварэнне гл. Сцяцко, Афікс. наз., 69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трапа́ць, траплю́, трэ́плеш, трэ́пле; трапі́; трапа́ны; незак.

1. што. Ачышчаць валакно, выбіваючы кастрыцу спецыяльнай прыладай.

Т. лён.

2. каго. Ласкава пагладжваць, пастукваць рукой, пальцамі.

Т. па плячах.

3. што. Тузаць, гайдаць (пра вецер).

Вецер трапаў хустачку на галаве.

4. каго-што. Біць, калаціць, уцягваць у баявыя сутычкі.

Т. варожыя войскі.

5. Ісці вялікую адлегласць (разм.).

Трапаў пяць кіламетраў пехатой.

Трапаць нервы (разм., неадабр.) — хвалявацца; моцна нерваваць каго-н.

|| зак. патрапа́ць, -раплю́, -рэ́плеш, -рэ́пле; -рапі́; -рапа́ны (да 1, 2 і 4 знач.) і растрапа́ць, -раплю́, -рэ́плеш, -рэ́пле; -рапі́; -рапа́ны (да 3 знач.).

|| наз. трапа́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пату́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. і без дап. Тузаць некаторы час; тузануць некалькі разоў. Вылазячы з-за стала, ён ласкава патузаў унука за віхры. Чорны.

2. Разм. Злёгку пабіць, набіць. Аднагодкі спрабавалі дражніць іх [Міколку і Таню]: «Жаніх і нявеста, жаніх і нявеста!» але, пасля таго як Міколка патузаў аднаго, самага смелага, чапляцца перасталі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цюхна, ‑ы, м.

1. Разм. Ужываецца звычайна пры звароце з пашанай да каго‑н.

2. Ласкава-фамільярны зварот да каго‑н. Ленін горача запярэчыў Пятроўскаму: — Вы забываецеся, бацюхна, што мы ўжо Савецкая дзяржава. Мяжэвіч.

•••

Бацюхны (мае)! (у знач. выкл.) — выражае здзіўленне, спалох. [Салдат:] — Сынок! Мой сынок! Як жа так?.. Няўжо не пазнаеш? А вырас — бацюхны!.. Сапраўдны мужчына. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыве́т ’зварот да блізкага пры сустрэчы’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ), пріве́тка ’прывітанне’ (Бяльк.), прывітанка ’тс’ (Нік. Очерки); сюды ж дзеясловы прыве́ціць ’прыязна, ласкава сустрэць каго-небудзь, аднесціся да каго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., Ян.), прыве́ціцца ’прывітацца’ (чэрв., Сл. ПЗБ), прывіта́ць, прывіта́цца (Мік., Байк. і Некр., Пал., ТСБМ; воран., ашм., ігн., Сл. ПЗБ). Маючы на ўвазе ст.-слав., балг. і ст.-рус. формы, можна выказаць меркаванне аб працягу прасл. *privětiti > *privětъ, якое ў сваю чаргу з’яўляецца прэфіксальным утварэннем ад добра адлюстраванага ў славянскіх мовах прасл. *vět‑ (у другой ступені чаргавання — *vit‑). Укр. привіт ’прывітанне, вітанне’, привіта́ти ’прыняць каго-небудзь, павітацца з кім-небудзь’, привіта́тися ’павітацца’, привіта́ння ’прывітанне, вітанне’, рус. приве́т ’прывітанне’, приве́тить ’даць станоўчы адказ свату жаніха пры першым наведванні нявесты’, привита́тъ ’ветліва, ласкава адносіцца, звяртацца да каго-небудзь, берагчы каго-небудзь’, стараж.-рус. привитати ’знайсці прытулак’, привѣтъ ’вітанне, зварот; выслоўе, слова; намер’, польск. przywitać się ’прывітацца’, балг. привѐт, прѝвет ’прывітанне’, ст.-слав. привитати ’пасяліцца, знайсці прытулак’, ’намер, (добрая) задума’. Аб развіцці значэнняў лексем, звязаных з *vit‑/vět‑, падрабязней гл. Рудніцкі, 1, 400; ЭСБМ, 2, 165–166; гл. таксама Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569 (прасл. *privětъ выводзіцца з *privětiti); БЕР, 5, 701.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абла́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.

Ласкава абысціся з кім‑н., выказаць увагу, спагаду да каго‑н., пашкадаваць. // Лашчачы, выклікаць у жывёліны давер’е да сябе; зрабіць жывёліну рахманай. Аблашчыць сабаку. // перан. Зрабіць прыемнае ўздзеянне (пра вецер, сонца і пад.). Хутка выблісне сонца і аблашчыць сваім цяплом усё наваколле: і раку, і птушак, і росную траву, і беласнежны кіпень чаромхі над вадой. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Утвараць характэрныя для галубоў гукі. Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы. Шамякін. // перан. Жарт. Лагодна і пяшчотна размаўляць. З усімі.. [Ліза] гаварыла ласкава і мякка. Ну проста не гаварыла, а мурлыкала, як каток, ці буркавала, як галубка. Арабей. Сядзела на лаўцы Пад фрэнчам хлапечым І ўсё буркавала Каханку аб нечым. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гне́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., на каго-што і без дап.

Быць у стане гневу, выказваць гнеў; абурацца, злаваць. — Ты чаго тут! — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук. [Бабуля] усё вохкала на возе, гневалася: — Бачыш ты яго, старац, а яшчэ дабром грэбуе. Лынькоў. // Разм. Крыўдзіцца. — Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! — ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. Колас. — А за што на мяне крыўдзіцца-гневацца? — з неўразуменнем спытаў Варанецкі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́тухна, ‑ы, ж.

Разм.

1. (звычайна з адценнем павагі). Маці. — Добры вечар, матухна! — прывітаўся сын. Якімовіч.

2. Ласкава-фамільярны зварот да пажылой жанчыны.

3. (звычайна ў прыдатку). Нар.-паэт. Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Тут, на беразе Волгі-матухны, прайшлі дзяцінства і юнацтва беларускага песняра Максіма Багдановіча, у Горкім пачынаў ён сваю літаратурную працу. С. Александровіч. І няма ў такія хвіліны нічога даражэйшага за матухну-зямлю, адзіную надзею на жыццё, адзіную заступніцу. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)