вы́расці, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцем, ‑сцеце, ‑стуць; зак.

1. Стаць большым; падрасці. Трава вырасла за тыдзень. □ [Кравец:] — Добры вечар у хату, як маецеся? Ого-о, малая ўжо якая вырасла! Чорны. // Стаць дарослым, развіцца. З маленькага, слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака. Мурашка. // Правесці дзе‑н. свае дзіцячыя гады; выгадавацца. Нарадзіцца і вырасці ў вёсцы.

2. Павялічыцца колькасна ў памерах, аб’ёме, сіле і пад. Прыбыткі гаспадаркі выраслі. Атрад вырас у брыгаду. □ Першы кароткі канспект вырас за дзень у вялікую, цікавую аповесць. Бядуля.

3. Удасканальваючыся, дасягнуць больш высокай ступені. Выраслі майстры высокага ўраджаю. □ Вырасла новая, адданая сацыялізму інтэлігенцыя, якая выйшла з народу. Праграма КПСС.

4. Узнікнуць, з’явіцца. З жолуда вырас дуб. □ На захадзе вырасла чорная хмара. Чорны. На пустым месцы, у полі, вырас цэлы пасёлак, першая аснова новай.. формы маладога жыцця. Колас.

5. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Перад падарожным вырас горад. □ У гэты.. момант дзверы хаты адчыніліся, і на парозе вырас сувязны. Васілевіч.

•••

Вырасці на вачах — хутка вырасці.

Вырасці на лес гледзячы — вырасці вельмі высокім.

Вырасці ў чыіх‑н. вачах — павысіць свой аўтарытэт перад кім‑н., заслужыць павагу, прызнанне ў каго‑н.

Як з(‑пад) зямлі вырасці (з’явіцца) — нечакана ўзнікнуць, хутка з’явіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць кароткім або больш кароткім. Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Хомчанка. Я павярнула, каб скараціць шлях, у сквер. Савіцкі. Вершы Танка нельга дапоўніць дадатковымі строфамі або скараціць. Кучар. Настаўніца не толькі выправіла граматычныя памылкі, але і скараціла тэкст. Жычка. // Зрабіць менш працяглым у часе. Скараціць рабочы дзень. □ — Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. Васілевіч. // Заняць, запоўніць час чым‑н.; зрабіць менш прыкметным час працякання чаго‑н. — Мо шахматы прынесці? — пытаецца Меер. — Давай, скароцім час. Карпюк. Відаць, .. [суседу Міхася] таксама было холадна і нудна, ён гаворкай хацеў скараціць чаканне раніцы. Машара. // Замест поўнай назвы абазначыць што‑н. пачатковай літарай, часткай слова і пад.

2. Зменшыць, абмежаваць колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Скараціць штаты. □ Было тое вясною, Яўген Данілавіч дачуўся, што гэты шалёны старшыня самавольна скараціў плошчу пад авёс і ячмень і павялічыў плошчу пад лён. Паслядовіч. // Звузіць, зменшыць (вытворчасць, выраб чаго‑н. і пад.). Скараціць вытворчасць.

3. Разм. Звольніць (з работы, службы). Але тут пачаліся розныя непрыемнасці на фабрыцы. Скарацілі чамусьці з сотню рабочых. Лынькоў.

4. У матэматыцы — падзяліўшы на які‑н. лік, выразіць у меншых ліках. Скараціць дроб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. бага́ты, ‑ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расці́, расту, расцеш, расце; расцём, расцяце; пр. рос, расла, ‑ло; незак.

1. У выніку жыццёвага працэсу павялічвацца, станавіцца большым, даўжэйшым, вышэйшым і пад. (пра жывыя істоты, арганізмы). Быў чэрвень, Калі ўсё расло і цвіло... Броўка. А ракіта тая як расці ды расці, — вырасла да самага неба. Якімовіч. Платон Назаравіч адхіляецца, адступае на крок; аглядае Алеся так, як бацька сына, якога доўга не бачыў, кажа з ухвалай: — А ты расцеш, хлопча. Шамякін. // З’явіўшыся, павялічвацца, падаўжацца (пра валасяное покрыва, поўсць). Скура над ілбом садрана, магчыма, і сапраўды не будуць расці валасы. Кулакоўскі. Падласы еў адну мякіну, Тарчком на ім расло шчацінне. Крапіва. // Станавіцца больш сталым, дарослым. [Самоцька:] — Я яго б’ю, катую, ушчуваю. Гэтак мой дзед вырас .., гэтак і маё дзіця расце. Чорны. // Праводзіць дзе‑н., у якіх‑н. умовах сваё дзяцінства, раннія гады. Расці ў вёсцы.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічвацца колькасна, у памерах, у аб’ёме. Хутка расце новы дом. Расце народны дабрабыт. Растуць надоі малака. □ Буданы хутка раслі адзін пры адным. Мележ. Вялізарная наледзь расла вакол вадакачкі і цягнулася да самых рэек. Лынькоў. А ў лясах Палесся тым часам адзін за адным нараджаліся і раслі атрады народных мсціўцаў. Краўчанка. // Падыходзіць, паднімацца (пра цеста). // Узмацняцца, мацнець. Дружба паміж сябрамі расла і мацнела. Гамолка. «Арцель .. [Вольга Апалонаўна] збіраецца карміць ці што?» — не раз думаў Юрка, і ў яго душы расло нездавальненне ўсім гэтым парадкам жыцця ў доме Пеўніка. Навуменка. // Станавіцца больш гучным; мацней гучаць. Крык шырыўся, рос, палату ўсе двары, усю вуліцу. Лынькоў.

3. перан. Удасканальвацца, развівацца. [Капітан:] — Зайздрошчу ўрачам у шпіталі. Людзі там сапраўды працуюць, растуць. Алешка. [Сцяпан Рыгоравіч] працаваў у гандлі, працаваў і рос ад радавога прадаўца да старшыні райспажыўсаюза. Кірэйчык.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджвацца, існаваць (пра расліны, калі ідзе гутарка аб раёне іх пашырэння). У возеры растуць водарасці. Сасна расце на пясчаніках. // Знаходзіцца, быць (пра расліны ў працэсе росту). Каля хат раслі кучаравыя вішанькі; былі тут ігрушы і яблыні. Колас. [Абапал дарожкі] густа раслі рамонкі, півоні, астры і незабудкі. Ваданосаў. На ўбітай дарозе трава не расце. Прымаўка.

•••

Вялікі расці! — ужываецца як адказ дарослых на падзяку дзяцей.

На вярбе грушы растуць у каго гл. груша.

Расці на лес гледзячы — а) пра хуткі рост; б) пра гадаванне дзяцей без нагляду, без бацькоўскай навукі. Мікодым — удавец, мае дваіх дзяцей, якія ў як кажуць, растуць на лес гледзячы, бо бацька не вельмі іх даглядае. Марціновіч.

Расці як грыбы (пасля дажджу) — узнікаць хутка і ў вялікай колькасці.

У роце расце — а) пра адсутнасць апетыту, жадання есці; б) пра непрыемную на смак страву.

Хоць трава не расці — пра поўную абыякавасць да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)