дзяк, ‑а, м.

1. У Старажытнай Русі — пісец у князя, у 14–17 стст. — службовая асоба, якая займала адказныя пасады ў дзяржаўных установах. Думны дзяк.

2. Ніжэйшы царкоўны служыцель у праваслаўнай царкве; псаломшчык. Дзяк кожную хвіліну бегаў з кліраса за алтар і ніяк не мог уцяміць, што гэта такое дзеецца. Чарот.

[Ад грэч. diákonos — служка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вы́зваліць (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Яруш., Шпіл., Грыг.). Рус. вы́зволить, укр. ви́зволити. Ст.-рус. запазычанне з польск. wyzwolić ’зрабіць вольным’. Упершыню фіксуецца ў «Жалаванай грамаце вялікага князя Аляксандра Вітаўта літоўскім жыдам» (1388 г.) (Сразнеўскі, 1, 443). Відавочна, слова першапачаткова было запазычана ў заходнія дыялекты ст.-рус. мовы (Шанскі, 1, В, 224).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

руса́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце. Русалак рогат... Ночы ціш... Пужаюць князя над вадою. Чарот. Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сілко́м, прысл.

Разм. Сілай; супраць волі; гвалтам. У поўдзень сястра і санітаркі заўважылі, што.. [Наталля Пятроўна] хворая, і сілком адаслалі яе дадому. Шамякін. Маці ледзь не сілком упіхнула Сцёпку ў аўтобус. Жычка. Дзяўчыну звязалі і сілком прывялі да князя. Дуброўскі. // Праз сілу, цераз сілу, з цяжкасцю. [Ганначка] цяжка дыхала, але ішла і ішла, сілком перастаўляючы свае ацяжэлыя боцікі. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Сцегнавая ці лапатачная частка тушы свінні або барана, адпаведным чынам прыгатаваная для ўжывання. Вепручок рос ладны, ружовы, таму на вялікдзень былі на стале і шынка з мяккім сальцам, і мармуровыя каркавіны, і вэнджаныя кілбасы з пахучым кменам. Рамановіч. У маёнтку князя Абхазава яшчэ не страцілі смаку да вяпровай шынкі. Самуйлёнак.

[Ням. Schinken.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пагост ’магільнік’ (ТСБМ). Рус. пого́ст ’царкоўная абшчына, прыход, царква з жылымі дамамі, службы’, дыял. ’магільнік’, ст.-рус. погостъ ’жылое падвор’е князя і яго світы пры падаткаабкладанні’ (X ст.). Першапачатковае значэнне ’заезны дом, у якім затрымліваліся князь і духоўныя асобы’. Ад госць, гасціць (гл. Фасмер, 3, 295). Як мяркуе Зяленін (Табу, 2, 150), значэнне ’магільнік’ узнікла на базе першапачатковага ў выніку табу. У бел., відаць, кніжнае запазычанне з рус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Княгі́ня1 ’жонка князя’ (ТСБМ). Укр. княгиня, рус. княгиня ’тс’, балг. княгиня, серб.-харв. кнѐгиња, славен. knegínja ’тс’, чэш. kněhyne, kněni, славац. kneginja ’тс’, в.-луж. knjéni ’пані’. Да прасл. kъnęgyni, утворанага пры дапамозе суфіксацыі на ‑yni (SP, 1, 139) ад *kъnęgъ перад трэцяй палаталізацыяй, згодна з якой *kъnęgъ > kъnędzь (гл. князь1).

Княгі́ня2 ’нявеста’ (ТСБМ, Нар. словатв., З нар. сл., Сержп. Грам., Яруш., Хрэст. дыял., Шн., Гарэц., Грыг.). Гл. княгіня1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дварані́н ’дваранін’ (БРС). Рус. дворяни́н, укр. дворяни́н, польск. dworzanin, ст.-чэш. dvořěnin і г. д. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 30) мяркуе, што гэта слова агульнаславянскае, што вельмі няпэўна. Паводле Слаўскага (1), польск. слова вядома толькі з XV ст.; Фасмер (1, 489) указвае, што рус. слова ў значэнні ’чалядзін князя’ вядома з XVII ст., рус. слова і польск. dworzanin — гэта калькі з с.-н.-ням. hövesch. Слав. словы хутчэй у большасці самастойныя ўтварэнні па вядомай мадэлі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ха́бар, ‑у, м.

Грошы або рэчы, што даюцца каму‑н. як подкуп з мэтай атрымання пэўнай выгады; барыш. [Пётра:] Хто пасля князя тут галоўны будзе, каму ў ногі кінуцца ці хабар даць. Клімковіч. Часта прыязджалі акцызнікі, правяралі градусы гарэлкі і бралі ў карчмара хабар. Бядуля. Калі трапляўся наведвальнік скупы на хабар, то Рабушка цягнуў справу так, што таму моташна рабілася. Новікаў. І толькі той для Жука блізкі сябар, Хто дасць у лапу хабар. Крапіва.

[Ад араб. habar — паведамленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́тэр ’катэр’ (ТСБМ, БРС). Рус. ка́тер, укр. ка́тер. У рус. мове запазычанне з англ. cutter ’тс’ у Пятроўскую эпоху азначала ’вялікая вёславая лодка, аднамачтавае судна’. Англ. cutter вытворнае ад cut ’рэзаць’; першапачаткова катэр ’судна, якое рэжа хвалі’. Упершыню фіксуецца ў пісьме князя Далгарукава Пятру I у 1714 г. Неабгрунтаваным было меркаванне Міклашыча аб магчымым паходжанні слова ка́тэр ад назвы галеры ка́торга (< с.-грэч. κάτεργον). Таксама няпэўнымі трэба лічыць параўнанні з гал. kotter або ням. Kutter (з фанетычных прычын). Параўн. Фасмер, 2, 210; Шанскі, 2, К, 95–96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)