расстрэ́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расстраляць. // Смяротная кара, якая чыніцца выстралам з агнястрэльнай зброі. Прысудзіць да расстрэлу. □ На золаку, раненька-рана, Расу абабілі варожыя боты... Вялі на расстрэл партызана. Свірка.

2. Спец. Пашкоджанне канала ствала агнястрэльнай зброі (ад працяглай, частай стральбы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́мятаваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што, на каго-што, са злучн. «што» і без дап.

Абл. Забыць. — Нібы падмянілі мяне. Азарт такі да працы з’явіўся, да канала, што на ўсё запамятаваў. Галавач. Чытаючы, [Зося] запамятавала, што час быў позні і жыццё на вуліцы пачало глухнуць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вяха́, ‑і; мн. вехі, вех; ж.

1. Шост, тычка, звычайна з пучком травы або галінак на канцы для абазначэння мяжы, напрамку, руху. Ставіць вехі. □ Міна Міхайлавіч.. паказаў рукою наперад.., дзе вехі на бярозавых жардзінах абазначалі рэчышча канала. Краўчанка.

2. перан. Асноўны, важны этап у развіцці чаго‑н. Асноўныя вехі творчасці пісьменніка. Гістарычных вехі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руды́, ‑ая, ‑ое.

Рыжа-карычневы. І ўсё ў гэтым чалавеку было рудым — і яркая каўбойка і калматая чупрына, і густыя калючыя бровы. Лынькоў. Хлопцы ўбачылі, як вялікая рудая вавёрка ледзь справілася ўскочыць на тоўстую елку. Ваданосаў. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Краўчанка.

•••

Загінуў як рудая мыш гл. загінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́са, ‑ы, ж.

1. Лінія на карце або на зямной паверхні, якая намячае кірунак чаго‑н. (канала, чыгункі, лініі электраперадач і пад.). Трава трубаправода. Траса метро. Траса электрасувязі. □ Па ўсёй трасе воднага шляху Дняпро — Нёман прадугледжана стварэнне трыццаці сямі вялікіх вадасховішчаў. В. Вольскі. Кожны дзень .. [Давід] з інжынерамі мераў балота, пракладаў трасу магістральнага канала. Чарнышэвіч.

2. Дарога, якая злучае важныя аб’екты, населеныя пункты і пад. Аўтамабільная траса. // Паветраны, водны і пад. шлях. Злучаны навекі Волга з Донам. Дзе калісь шумелі кавылі, З пяці мораў трасаю зялёнай Да сталіцы ходзяць караблі. Прануза. Разлікі былі дакладныя, зямныя станцыі навядзення на працягу ўсяго палёту карэкціравалі трасу касмічнай лабараторыі-спадарожніка. Шыцік.

3. След, які пакідае за сабой трасіруючая куля, снарад і пад. Пад гром артылерыйскага святочнага салюта цёмна-сіні аксаміт неба прарэзалі трасы рознакаляровых ракет. «Звязда».

[Ад ням. Trasse — кірунак лініі, шляху.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуццё, ‑я, н.

1. Здольнасць жывёл адшукваць што‑н. пры дапамозе органаў пачуццяў, пераважна нюхам. Чуццё падказвае.. [бабраняці], што вада знаходзіцца параўнальна недалёка, і яно імкліва накіроўваецца ў бок канала. В. Вольскі.

2. перан. Здольнасць чалавека заўважаць, угадваць, разумець што‑н. Прафесійнае чуццё. □ [Шыковіч:] — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Што падказвае вам чуццё старога чэкіста? Шамякін. Прафесійным чуццём Тышкевіч здагадаўся, што хлопец гэты вельмі падабаўся настаўніцам за свой лагодны характар. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калі́бр, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дыяметр канала ствала агнястрэльнай зброі. Зброя розных калібраў. □ Удалося дастаць амаль спраўную супроцьтанкавую гармату, калібр–45. Брыль. // Дыяметр гільзы, кулі або снарада. Гільза дванаццатага калібру. Кулі шаснаццатага калібру.

2. ‑у. Дакладны размер якіх‑н. прадметаў вытворчасці. Калібр цвікоў. Раскласці шрубы па калібрах.

3. ‑у; перан. Памер, велічыня, форма чаго‑н. Палічкі трэцяй шафы займаліся прадуктамі — гарохам, макаронамі, крупамі, — перасыпанымі з магазінных кулькоў у белыя торбочкі рознага калібру. Ракітны.

4. ‑а. Вымяральны інструмент для праверкі размераў, формы вырабаў. Праверыць калібрам.

[Фр. calibre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Пакараць смерцю шляхам расстрэлу (у 1 знач.). Змясціўся лёс душагуба У слове адным: расстраляць. Колас. — Маці .. [Лёнькава] нашай сувязной была, а фашысты неяк дазналіся пра гэта і расстралялі яе. Шуцько.

2. Падвергнуць моцнаму абстрэлу з блізкай адлегласці. «Юнкерс» зрабіў разварот і пайшоў па курсу на зніжэнне, рыхтуючыся з кулямёта расстраляць эшалон. Гурскі.

3. Зрасходаваць пры стрэльбе. Расстраляць усе патроны. □ Зачараваныя .. [зайцы] сёння: усе набоі расстраляў, і ўсё — на вецер. Савіцкі.

4. Частай стральбой выклікаць расшырэнне канала ствала зброі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прына́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.

2. Тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады. Колас. // Тое, што прыцягвае, прываблівае. Высокі ясень — прынада для птушак, і яны ляцяць з-за канала, з лясных і балотных гушчынь. Пестрак. [Гунава:] — Я гатовы паручыцца галавой, што праз гадзіну .. [салдаты] будуць тут. Х-хэ! Дымок над страхой — нядрэнная прынада. Самуйлёнак. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́мпал, ‑а, м.

Спецыяльны стрыжань, прызначаны для чысткі і змазвання канала ствала ручной агнястрэльнай зброі, а таксама — у старажытнай зброі — для забівання з дула зарада ў пісталеты і стрэльбы. Перапынілася шорганне шомпала ў ствале, і за дашчанай перагародкай, чуваць, мякка спыніўся крок цяжкага і злога чалавека. Паўлаў. // звычайна мн. (шо́мпалы, ‑аў). Кара, пакаранне такім стрыжнем. Гітлераўцы прапанавалі.. [Шаройку] стаць старастам. Ён адмовіўся. Яго арыштавалі, усыпалі шомпалаў, тыдні тры пратрымалі ў склепе. Шамякін. — Я загадаю сваім салдатам — і яны ўсыплюць кожнаму, хто не паслухаецца, па дваццаць пяць шомпалаў! — пагражаў палкоўнік. Хадкевіч.

[Ад ням. Stempel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)