Тасе́мка ’тасьма’ (Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ), ’вузенькая стужка, паясок’ (Скарбы), ’вузкая каляровая тканіна, з якой даўней выкладалі ўзоры на сярмязе’ (Варл.), ’пояс’ (мёрск., стаўб., саліг., ЛА, 4), ’саматканы пояс без узораў’ (Сцяшк.), та́семка і тасёмка ’тасьма’ (Нас.), тасёмка ’тасьма’; ’завязка з тасьмы’ (ТСБМ, Бяльк.), ’вузкая палоска, якую нашывалі на спадніцы, фартухі’ (Жд. 2). Гл. тасьма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пятлі́ца, ‑ы, ж.

1. Абкіданая або нашыўная пятля на верхняй вопратцы. Зарагатала [дзяўчына] і рукой Паправіла ў пятліцы астру. Аўрамчык.

2. Каляровая нашыўка на каўняры, грудзях форменнага адзення, якая служыць знакам адрознення. Адзін з вайскоўцаў, у якога на пятліцах былі два кубікі, трымаў напагатове аўтамат, другі, старшы палітрук, — карабін. Новікаў. Па тры на грудзях чырванелі пятліцы; Шапталі пры стрэчы ўсе маладзіцы: — Глядзі, які стройны, прыгожы Ігнат, Чырвоны казак, камісар акурат!.. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лу́чка1каляровая фабрычная пража з воўны’ (Уладз.), гродз. ’адзін з відаў посцілкі’ (Мат. АС), лу́чкі ’ніткі’ (мяккія, сучоныя, з воўны) (Ян.), ’мяккія і бліскучыя крамныя ніткі’ (КЭС, лаг.), ’баваўняныя ніткі’, в.-дзв., швянч. ’мулінэ’ (Сл. ПЗБ), лучковы, лычковы ’баваўняны’ (лід., пін., там жа), лучковы ’вытканы з нітак’ (Ян.). З польск. włóczka (зах. і паўн.) ’грубая баваўняная пража’, малапольск. ’спецыяльная чырвоная бавоўна на палоскі’, маз., падляш. ’пража з воўны’, włóczysty ’які мае добрае валакно’. Да валачы́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балхва́, болхва́, больхва́ ’баваўняная немерсерызаваная каляровая фабрычная пража, што выкарыстоўваецца ў якасці ўтку пры ўзорным тканні’ (Влад.), балхва́ (баўхва́) ’каляровыя ніткі для вышывання’ (Касп.). Слова няяснага паходжання; здаецца, няма яго і ў суседніх мовах. Можна толькі выказаць няпэўную здагадку: балхва́ і г. д. узнікла (метатэзай і заменай ф > хв) з *фальба, *фалба. Апошняе можа быць запазычаннем з польск. (тэрмін шчотачнай вытворчасці) falba ’шчацінне, светлы волас’ (< ням. falb ’бляклы, бялявы, буланы’, Варш. сл., 1, 714). Немерсерызаваная пража звычайна даволі цвёрдая (параўн. значэнне ў польскі ’шчацінне, волас’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

туш 1, ‑а, м.

Кароткае музычнае прывітанне ў гонар каго‑н. у час віншавання, узнагароджвання, а таксама невялікая музычная п’еса фанфарнага складу. А потым пад урачысты туш уручалі ветэранам і перадавікам вытворчасці грашовыя прэміі і ганаровыя граматы. Місько.

[Ням. Tusch.]

туш 2, ‑ы, ж.

Чорная ці каляровая фарба для чарчэння або малявання. Лязо непрыкметна, мікрон за мікронам, здымала з паперы напісаныя тушшу літары. Новікаў. На фоне неба вяршыні старых елак здаваліся намаляванымі чорнай тушшу. «Беларусь».

[Ням. Tusche.]

туш 3, ‑у, м.

Выпадковы дотык да шэра, які лічыцца за ўдар у гульні на більярдзе.

[Фр. touche — дотык, датыканне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бе́раг (агляд значэнняў слова гл. ў Яшкіна). Рус. бе́рег, укр. бе́ріг, польск. brzeg, чэш. břeh, ст.-слав. брѣгь, балг. бряг, серб.-харв. бре̑г і г. д. Прасл. bergъ ’бераг; узгорак, гара’. Гэта слова звязана з ст.-в.-ням. berg ’гара’, авест. barəzah‑ ’гара, вышыня’, ст.-інд. br̥hant‑ ’высокі’, авест. bərəzant ’высокі’, ірл. brí ’гара’ і г. д. Паколькі некаторыя і.-е. мовы сведчаць пра ‑g̑h‑ у гэтым слове (гэта дало б слав. *berzъ), то ёсць версія пра запазычанне слав. слова з герм. моў, але ёсць аргументы і супраць. Гл. Мейе, RS, 2, 69; Траўтман, 30; Ягіч, AfslPh, 30, 457; Бернекер, 49; Машынскі, Pierw., 157; Брукнер, 44; Слаўскі, 1, 46; Фасмер, 1, 153. Параўн. яшчэ бе́раг, ’каляровая палоска на краі хусткі’ (Сцяц. Нар.), ’край пасудзіны, тканіны’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’узлесак’ (Жд.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фатагра́фія, ‑і, ж.

1. Атрыманне вобразаў прадметаў на святлоадчувальных матэрыялах пры дапамозе аптычнага апарата пад уздзеяннем светлавых прамянёў. Каляровая фатаграфія. Маментальная фатаграфія. // Мастацтва, майстэрства ўзнаўлення каго‑, чаго‑н. такім чынам. Захапляцца фатаграфіяй.

2. Фатаграфічны адбітак каго‑, чаго‑н.; здымак. Напаследак спынілася.. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго даччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе. Зарэцкі. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак. // перан. Дакладная перадача чаго‑н. — Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. Колас.

3. Майстэрня, дзе займаюцца фатаграфаваннем. Не памятаю, з якой прычыны мы пайшлі ў фатаграфію зрабіць сямейны здымак. А. Александровіч.

4. чаго. Спец. Назіранне і фіксацыя якіх‑н. дзеянняў, падзей. Фатаграфія рабочага дня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шнур, а́, м.

1. Тонкая вяровачка, звітая з некалькіх кручаных нітак ці некалькіх пасмаў. Аднойчы, калі Люся з маці развешвалі на шнуры ля палаткі бялізну, .. [кухар] нячутна падышоў да іх. Даніленка. Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера. Колас. // Тонкая вяровачка, звычайна каляровая, якая служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Рыбалавецкая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з кручкамі. Каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінам Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы. Краўчанка. Тут [на рэчцы] лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур. Лынькоў.

2. У цесляроў — вяроўка, звычайна намазаная мелам або вугалем, для адбівання прамой лініі, разбіўкі, трасіроўкі і пад. Жанчыну так і цягне на двор, да новага зруба. І яна бяжыць — то набраць з-пад сякеры пахучых смалістых трэсак, то патрымаць чорны шнур, якім адсякаюць прамую лінію пад чэс. Хадановіч.

3. Электрычны провад, які складаецца з некалькіх ізаляваных жыл. [Маці] кідаецца да разеткі, вырывае шнур. — Ты толькі пабач! — звяртаецца яна да бацькі. — Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае! Гарбук.

4. Чарада (птушак). Лета ад нас адлятае, За небакрай адлятае. Шнурамі гусей крыклівых, Чародамі тлустых шпакоў. Жычка. І заўтра ўдваіх яны [Лявон з сяброўкай], можа, Не ўбачаць у ранішні час, Як сонца ўзыходзіць прыгожа, Як шнур жураўліны ад нас, Кідаючы кліч сумнаваты, На цёплыя воды ляціць... Бялевіч. // Шэраг аднародных прадметаў, размешчаных адзін за адным. Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку. Гартны.

5. Вузкая палоска зямлі. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Колас. Зрэдку паводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля. Галавач.

•••

Вогнеправодны (бікфордаў) шнур — вяроўка ці тоўстая нітка з порахам унутры, якая служыць для перадачы іскры зараду.

[Ням. Schnur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)