засво́іць, ‑свою, ‑своіш, ‑своіць; зак., што і з дадан. сказам.

1. Успрыняўшы што‑н. новае або чужое, зрабіць уласцівым, прывычным для сябе. Засвоіць правілы паводзін. □ Каліноўскі цвёрда засвоіў ад вялікіх рускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў.., што адзіным сродкам знішчэння самаўладства і ліквідацыі памешчыцкага землеўладання з’яўляецца ўзброенае паўстанне. Лушчыцкі.

2. Добра зразумеўшы што‑н., запомніць, вывучыць. Засвоіць курс сярэдняй школы.

3. Перапрацаваўшы, увабраць у сябе, спажыць (пра пажыўныя рэчывы). Засвоіць пажыўныя рэчывы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заме́тить сов.

1. (обратить внимание, обнаружить) заўва́жыць, прыме́ціць; (увидеть) уба́чыць;

2. (запомнить) запо́мніць;

3. (вставить в разговор замечание) заўва́жыць, зазна́чыць;

4. (поставить на вид) заўва́жыць, зрабі́ць заўва́гу;

5. (сделать метку) зазна́чыць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пе́трыць1 ’цяміць, разумець’ (Янк. 3.; Нар. Гом.; ТС; лід., Сцяшк. Сл.; глус., Сл. ПЗБ; рэч., Мат. Гом.), ’кеміць’ (капыл., Жыв. сл.), пе́тріць ’разумець (пра дзіця)’ (гарад., ЛА, 3). Параўн. рус. пе́трить ’разумець, кеміць’, пе́траць ’помніць’; польск. piętrzyć ’паднімаць узровень вады (каля плаціны)’, piętrzyć się ’ўздымацца’, ’зазнавацца’, славен. vz‑pẹ́titi se ’ўспомніць, прыгадаць’, spọ́titi ’тс’, o‑pẹ́titi ’заўважыць’, серб.-харв. pétiti ’не забыць, запомніць’, далмацінск. na‑pétati se ’намучыцца’. Не зусім яснае слова. Звычайна збліжаюць пе́трыць з пяць, пя́цца < прасл. *pęti se (Брандт, РФВ, 23, 292; Праабражэнскі, 2, 166; Фасмер, 3, 425–426; Бязлай, 3, 31). Суфікс ‑р‑, як у хітры́ць, мудры́ць.

Пе́трыць2 ’біць’ (ТС) — у выніку кантамінацыі лексем пе́таваць і пе́рыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́жны, ‑ая, ‑ае, займ.

1. (мн. ко́жныя, ‑ых, ужываецца толькі ў спалучэннях колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі, а таксама з назоўнікамі, якія не маюць адзіночнага ліку). Адзін з усіх, узяты асобна; усякі. Аўтобус ходзіць кожныя пяць мінут. Кожны дзень. □ Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік.

2. у знач. наз. ко́жны, ‑ага, м.; ко́жная, ‑ай, ж. Усякі чалавек. Кожнаму сваё. □ Запомніць кожнаму не шкодзіць: Герой Не той, Хто дагары нагамі ходзіць. Корбан.

•••

Кожны божы дзень гл. дзень.

На кожным кроку гл. крок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Навучыць каго‑н., даць адукацыю; абучыць. Вывучыць сына цяслярскаму рамяству. □ Каб вывучыць усіх дзяцей, працавалі і бацька, і маці. Шыцік.

2. Вучачы, засвоіць, запомніць; развучыць. Вывучыць замежную мову. Вывучыць урок. Вывучыць песню.

3. Даследаваць што‑н. Вывучыць прычыны засухі. Вывучыць старажытную архітэктуру.

4. Уважліва наглядаючы за кім‑, чым‑н., добра спазнаць, зразумець, пазнаёміцца. Вывучыць характар сябра. □ Лясніцкі ішоў і лаяў сябе за тое, што не пазнаёміўся блізка, не вывучыў як належыць гэтага камандзіра. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запечатле́ть сов.

1. (сохранить в памяти, в сердце и т. п.) захава́ць; (запомнить) запо́мніць;

2. (отразить) адлюстрава́ць, адбі́ць; (воплотить) увасо́біць;

запечатле́ть о́браз совреме́нного челове́ка в литерату́ре адлюстрава́ць во́браз суча́снага чалаве́ка ў літарату́ры;

запечатле́ть поцелу́й уст. пацалава́ць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прыкме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.

1. Убачыць, звярнуць увагу; заўважыць. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, [птушку] цяжка прыкмеціць. Пальчэўскі. Агей, прайшоўшы на другі дзень па вуліцы, прыкмеціў, што побач з разбуранымі хатамі стаяць новыя — пяцісценкі. Каваль. Разведчыкі прыкмецілі: штосьці непакоіць Белазора. Янкоўскі. // Убачыўшы, звярнуўшы ўвагу, запомніць. Ты прыкмеціў таго дзядзьку, што прыходзіў да нас учора раніцай? Новікаў.

2. Звярнуць асаблівую ўвагу, вылучыць сярод іншых. Дом пісьменнікаў.. стаў тым месцам, дзе хутка перазнаёміліся ўсе — і старэйшыя і маладзейшыя. Якуб Колас прыкмеціў і мяне — маладога паэта. Хведаровіч. [Маёр] прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Быкаў.

3. Прыгледзець, падшукаць; намеціць. — Паеду пад Баранавічы, там месца добрае прыкмеціў у адной вёсцы... Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены вялікім розумам; вельмі разумны, празорлівы, з добрым веданнем жыцця. Мудры правадыр. □ І школе роднай пакланюся я За ўсё, чым для мяне яна была, За ўсё, што на жыццё з сабой дала, За ўсё, што, праслаўляючы свой век, Мне даў настаўнік — мудры чалавек. Кірэенка. // У якім выражаецца мудрасць; разумны. Мудрыя запавет. Мудрае правіла. Мудрая парада. □ Бясконцыя балоты вучылі .. [палешукоў-сялян] мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу. Колас.

2. Заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні чаго‑н. Спрактыкаваны слых гаспадыні, яе нейкае мудрае старэчае чуццё ўжо штосьці ўлавілі. Ракітны.

3. Разм. Складаны; мудрагелісты (у 1 знач.). Гарасім зноў расказвае пра тое, як цяжка зразумець жыццё. Мудрае яно стала. Скрыган. [Хведар] вучыў студэнтаў нейкай мудрай навуцы, назву якой бацьку ніяк не ўдавалася запомніць. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запіса́ць 1, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.

1. Перадаць што‑н. у пісьмовай форме; занесці на паперу. Запісаць прамову. □ У Сымона думак многа, Не запішаш нават іх. Колас.

2. Нанесці на плёнку, пласцінку з дапамогай спецыяльнага апарата. Запісаць на плёнку песню. Запісаць на відэамагнітафон.

3. Унесці, упісаць у які‑н. спіс, рэестр, кнігу і пад. Запісаць у журнал прозвішча вучня. □ [Самоцька] ужо і забыўся на той плуг, з прычыны якога Зэня запісаў яго ў спіс. Чорны. // Уключыць у лік каго‑н. Запісаць у сведкі. // Залічыць у якую‑н. установу. Запісаць сына ў школу. // Пачаць лічыць каго‑н. кім‑н. Запісаць сябе ў старыя.

4. Вызначыўшы што‑н. каму‑н., зрабіць аб гэтым адпаведны запіс. Запісаць вымову. Запісаць падзяку. □ Рыгорка ўсім запісаў па паўтара працадня. Дуброўскі.

5. на каго. Разм. Скласці дакумент аб перадачы каму‑н. чаго‑н. Запісаць дом на сына.

6. Разм. Пакрыць што‑н. пісьмовымі знакамі; спісаць. Запісаць усю старонку.

•••

Запісаць на лбе — добра запомніць.

запіса́ць 2, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.

Разм. Пачаць пісаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заўва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Успрыняць якімі‑н. органамі пачуццяў; убачыць, адчуць, пачуць. Заўважыць святло. Не заўважыць холаду. □ Праз пяць хвілін падняўся агонь з зямлі ў некалькіх месцах. На зямлі льга стала заўважыць хвойную іголку. Чорны. [Марынка] ўстала, паправіла сукенку, і Паходня.. ссутуліўся, некалькі здзіўлены, што яна як бы і не заўважыла яго слоў. Хадкевіч. // Разгледзець, падмеціць, зрабіць якое‑н. назіранне. Сябры не заўважылі маёй разгубленасці толькі таму, што якраз у гэты момант аднекуль здалёк пачуліся выбухі. Карпюк.

2. каго-што. Звярнуць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н. Што іменна ён быў павінен зрабіць — гэтага Васіль пакуль не ведаў, але быў упэўнены, што зробіць шмат, што яго заўважаць і па-сапраўднаму ацэняць. Шашкоў.

3. каго-што. Адзначыць, запомніць па якіх‑н. прыметах. — Заўваж месца і ідзі скажы, што тут ляжыць ранены палкоўнік. Чорны. — Раю заўважыць гэту расліну, — са смехам сказаў Мірон, — табе яна можа спатрэбіцца. Маўр.

4. Выказаць думку, уставіць заўвагу ў час размовы з кім‑н. — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // каму. Зрабіць заўвагу, выгаварыць за які‑н. промах, памылку, недахоп. — Павінен вам заўважыць, — спыніў .. [Кац] кліента, які ўжо збіраўся выходзіць з рэстарана, — вы непрыстойна паводзілі сябе. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)