кало́к, калка, м.
1. Памянш. да кол; кароткі, тонкі кол. Месца будаўніцтва падстанцыі было абазначана калкамі яшчэ ўлетку. Лупсякоў. // Калочак. Спяшаючыся, [Пракоп] зашчапіў дзверы на клямку і заткнуў у прабой дубовы калок-затычку. Якімовіч.
2. Драўляны або металічны шпянёк для нацягвання струн у музычных інструментах.
3. Абл. Драўляны цвік, замацаваны ў чым‑н. для таго, каб вешаць на ім што‑н. Нехаця Мікодым скінуў кажух і павесіў на калок, убіты ў вушак дзвярэй. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаўбу́р 1, ‑а, м.
Абл.
1. Стаўбун (у 2, 3 знач.). Адтуль, дзе Аляксей стаяў, не было відаць, як на нямецкім баку, за ўзгоркам, пачалі ўзлятаць чорныя грывы выбухаў, ускідваючы ўгару нейкія абломкі, стаўбуры зямлі. Мележ. Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Казека.
2. Ствол дрэва, слуп і пад. Чорны, як вугаль, тоўсты, роўны, гладкі дубовы стаўбур ляжаў упоперак ракі. Колас.
стаўбу́р 2, ‑у, м.
Вірусная хвароба паслёнавых раслін (бульбы, памідораў, тытуню і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрэн, ‑у, м.
1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.
2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.
•••
Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.
2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.
3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клін, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.
1. Завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць або заціскаюць што-н.
Дубовы к.
Забіць к. у палена.
2. Вузкая трохвугольная ўстаўка ў сукенцы і іншым адзенні.
Уставіць к. у сарочку.
3. перан. Частка войск, якая, расколваючы фронт праціўніка, паглыбляецца ў яго размяшчэнне вузкім трохвугольнікам.
4. чаго або які. Пра ўсё, што мае трохвугольную, завостраную з аднаго боку форму.
Жураўліны к.
5. Частка зямельных угоддзяў, якая вылучаецца па якой-н. прымеце (па відзе пасеваў, мясцовасці і пад.; спец.).
Яравы к.
Азімы к.
К. сенакосу.
◊
Забіць (загнаць) клін — раз’яднаць, зрабіць варожым.
Куды ні кінь — усюды клін — за што ні вазьміся, чаго-н. не хапае, усё не ладзіцца.
Свет клінам (не) сышоўся на кім-чым (разм.) — хто-н. або што-н. не з’яўляецца адзіным, ёсць і іншыя.
|| памянш. кліно́к, -нка́, мн. -нкі́, -нко́ў, м. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).
|| прым. клінавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).
Клінавое злучэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Капы́л 1 ’кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Бяльк., Грыг., Гарэц., Некр. і Байк.; КЭС, лаг.). «Не мерай усіх на свой капыл» (Янк. БП), ’дэталь саней’, ’дубовы брусок, што ўстаўляецца ў полаз, а за яго закручваецца вяз для злучэння палазоў’ (Сцяшк., Сержп. Грам.), укр. копил ’тс’, рус. копыл ’тс’. Адпаведна да вядомай версіі звязана генетычна з балг. копеле ’незаконнанароджаны’, серб.-харв. ко̏пил ’тс’ (Бернекер, 564; Фасмер, 2, 320; Трубачоў, Эт. сл., 11, 32–34). Семантычна гэта тлумачыцца як пераход тыпу рус. пасынок ’пасынак’ і ’падпорка, лішняя галіна, больш тонкі з двух ствалоў, якія выраслі з аднаго кораня’. Але гэта тлумачэнне не пераконвае, хаця ўкр. копил мае таксама значэнне ’незаконнанароджаны’ і можна меркаваць аб праславянскім характары лексемы, якая застаецца этымалагічна непразрыстай. Да таго ж першае значэнне застаецца за межамі семантычнага пераходу. Ці не звязана капыл ’кавалак дрэва ў форме ступні’ з прасл. kopyto (адпаведна з фармантамі: рэгулярным ‑ylъ (SP, 1, 112) і нерэгулярным ‑yto (гл. капыта).
Капы́л 2 ’матыка для апрацоўкі ляда’ (Малчанава, Мат. культ.; Маш., Шатал.), ад капаць («капылом капылім бульбу» — Шатал.). З фармантам ‑ylъ (SP, 1, 112).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пе́на, ‑ы, ж.
1. Непразрыстая, лёгкая пузырыстая маса, якая ўтвараецца на паверхні некаторых вадкасцей ад калыхання, узбоўтвання, награвання, браджэння і пад. Хвалі раўнамерна набягаюць на бераг, пакідаючы на пяску пушыстыя шматкі белай пены. В. Вольскі. Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену. Шамякін. [Пан] Застаўляе стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала.
2. Пузырыстая лёгкая маса, утвораная растворам мыла. Мыльная пена. // перан. Што‑н. вельмі лёгкае, падобнае на такую масу. Сяджу на пні. Ногі па калені тонуць у ружовай пене верасу. Ігнаценка.
3. Пот у выглядзе белых камякоў, які выступае ад стомленасці ў некаторых жывёлін. // Густая белаватая з пузыркамі сліна, якая выступае на губах пры некаторых хваробах, моцным хваляванні і пад.
•••
З пенай на губах — у гневе, шаленстве, раз’юшанасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капе́ц, ‑пца, м.
1. Куча агародніны, накрытая ад марозу саломай і прысыпаная зверху зямлёй. Капец буракоў. □ Засыпаюць бульбу ў капцы таксама хлопцы. Выкопваюць доўгую прамавугольную яму, засцілаюць дол, берагі саломай і воз за возам насыпаюць высокі конус, які затым зноў накрываецца саломай і, засыпаецца зямлёй. Навуменка. Гаспадар сёння абладзіў капец бульбы, абгледзеў яго так, каб ніводная бульбіна не прапала. Сабаленка.
2. Насып са слупам як межавы знак. З капца тырчаў новы дубовы слупок, на абчасаным баку яго быў выпалены дзяржаўны герб. Галавач. Але праведзена граніца, На ёй пастаўлены капец, Парог паложаны — канец! Колас.
3. Разм. Насып, курган, звычайна надмагільны. Над гэтым салдацкім капцом дарагім Прашу аднагодкаў: праверце, Ці не зараслі дзе да родных магіл Сцяжыны — у полі і ў сэрцы! Гілевіч.
4. звычайна мн. (капцы́, ‑оў). Разм. Смерць, пагібель, канец. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лес / на вялікім абшары: пушча / на вялікім абшары ў Сібіры, пераважна хвойны: тайга / малады лісцевы: гай / хваёвы: бор, сасняк, сасоннік, хвойнік / яловы: ельнік / дубовы: дуброва, дубняк / бярозавы: бярэзнік / асінавы: асіннік / альховы: алешнік
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
адкі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Адхіліцца, адваліцца назад (пра чалавека, пра часткі яго цела). Ільіч весела засмяяўся, аж неяк адкінуўся назад, а потым пасуравеў і нахмурыў бровы, якія сышліся на пераноссі. Гурскі. Максім сядзеў спіной да акна, адкінуўшыся назад, на пачарнелы дубовы падаконнік. Кудравец. // Адваліцца, легчы на спіну. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Хутка перамясціцца, аддаліцца ад чаго‑н. Інстынктыўна, як сядзеў, [Ігнат] адкінуўся яшчэ далей у глыб вагона. Галавач. [Сцяпан:] — Добра, што ў.. [чалавека] якраз граблі на возе былі, то ён стаўпцом.. [сабаку] па лбе стукнуў, дык той адкінуўся, а то парваў бы, з воза б сцягнуў. Крапіва.
2. Раптоўна адчыніцца, адваліцца, адпасці. Рэзка адкінуліся брызентавыя дзверцы ў кузаве. У вочы ўдарыў свет дня. Арабей. // Падняцца, апусціцца, адсунуцца ўбок (пра тое, што закрывае, захінае). Адкінуліся шторы — і ў акне з’явілася постаць.
3. Вярнуцца зноў, аднавіцца (пра хваробу). [Маці:] — З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца. Якімовіч.
4. перан. Перастаць цікавіцца, аддаліцца. І вось Тоня датанцавалася: адкінуўся Косцік, адкінуўся ў найвялікшым сумненні. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)