акру́жнасць, ‑і, ж.

Замкнёная крывая лінія, усе пункты якой знаходзяцца на аднолькавая адлегласці ад цэнтра; лінія, якая абмяжоўвае плошчу круга; акружына. Даўжыня, акружнасці. Акружкасць зямнога шара. // Замкнёная лінія, якая праведзена вакол чаго‑н. акруглага і служыць для вымярэння таўшчыні, аб’ёму і пад. Акружнасць грудной клеткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’ём, ‑у, м.

1. Велічыня прадмета, выражаная ў кубічных адзінках. Аб’ём геаметрычнага цела. Аб’ём каўша — 0,6 кубаметра. Аб’ём грудной клеткі.

2. перан. Змест чаго‑н. з пункту гледжання памераў, саставу, колькасці і пад. Па аб’ёму матэрыял быў пасільны для вучняў. Аб’ём работ. Аб’ём вытворчасці. Аб’ём патрабаванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакало́к 1, ‑лка, м.

1. Назва некаторых невялікіх птушак сямейства сакаліных.

2. Тое, што і саколік (у 2 знач.). Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок, як жа ты нас, старых, пакінеш? Якімовіч.

сакало́к 2, ‑лка, м.

Спец. Выступ на пярэднім канцы грудной косці ў жывёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіль, ‑я, м.

1. Брус, які служыць асноўным мацаваннем і звязкай днішча ў судне.

2. Нерухомая вертыкальная плоскасць з прымацаванымі да яе паваротнымі рулямі ў хваставой частцы самалёта або дырыжабля.

3. Прадаўгаваты выраст на грудной косці, да якога прымацаваны грудныя мышцы ў птушак і некаторых млекакормячых (напрыклад у кажаноў, крата).

[Гал. kiel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́бласць, -і, мн. -і, абласце́й, ж.

1. Частка якой-н. тэрыторыі, край.

В. экватара.

2. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў былым СССР, а цяпер у краінах СНД.

Віцебская в.

Прыехаць з вобласці.

3. чаго або якая. Межы, у якіх распаўсюджана якая-н. з’ява, зона, пояс.

В. вечнай мерзлаты.

Азёрная в.

4. чаго або якая. Асобная частка арганізма, участак цела.

В. сэрца.

У грудной вобласці.

Абследаваць в. ранення.

|| прым. абласны́, -а́я, -о́е (да 2 знач.).

А. цэнтр.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рабро́, -а́, мн. рэ́бры і (з ліч. 2, 3, 4) рабры́, рэ́браў н.

1. Дугападобная вузкая косць, якая ідзе ад хрыбетніка да грудной косці.

Зламаць р.

2. Звычайна выгнутая частка каркаса якога-н. збудавання, прадмета і пад. (разм.).

Валяюцца рэбры старой лодкі.

3. Адрэзак прамой, які ляжыць на перасячэнні дзвюх граней геаметрычнага цела.

Р. куба.

4. Вузкі край ці бок прадмета (па яго даўжыні), кант¹ (у 1 знач.).

Р. цагліны.

Р. далоні.

Адны рэбры — хто-н. надта худы, благі.

Палічыць рэбры каму — пабіць, збіць каго-н.

|| прым. рэ́берны, -ая, -ае (да 1 знач.)

Рэберныя мышцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вантро́ба, ‑ы, ж.

1. Разм. Чэрава, жывот. Нямала прагная папоўская вантроба паглынула народнага дабра. «Звязда».

2. толькі мн. (вантро́бы, ‑аў). Унутраныя органы грудной клеткі і жывата. Адным узмахам нажа ад сябе.. [Мая] разразала срабрысты жывот судака, паварочвала нож лязом угару і ходам рукі назад тронкамі вычышчала вантробы. Дуброўскі. — І лісіца тут была, на свежаніну з’явілася, — дадаў.. [Дзямід], паказваючы на зямлю, — а над вантробамі крумкачы пастараліся. В. Вольскі.

•••

Пераесці (ад’есці) вантробы каму гл. пераесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды́хавіца, ‑ы, ж.

1. Частае і цяжкае дыханне пры захворванні бронхаў; задышка. Пакутаваць дыхавіцай. □ [Нупрэй:] Добрыя вы хлопцы, з вамі хоць пагаварыць можна. А нашы бегаюць, спяшаюцца, таго і глядзі дыхавіцу нагоняць. Губарэвіч. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. Быкаў.

2. Упадзіна ў ніжняй пярэдняй частцы грудной клеткі. [Юрыя] білі, не разбіраючы куды — у жывот, пад дыхавіцу, тапталі ботамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бартаві́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. Верхні край бока лодкі, баркі. Падплыўшы да карыта,.. [Даніла] перакульвае яго ў лодку, высморгвае разам з травою тычку, і зазіхацела дарагая капронавая сетка, загрукацелі аб бартавіну важкія грузілы, а следам платва, пузатая і разамлелая, густа аплёўшы сець, пачала паўзці ў лодку. Карамазаў.

2. Адвароты па грудной частцы пінжака, халата і інш. На шырокіх бартавінах халата Фаіны Усцінаўны ляжаў белы каўнерык. Савіцкі. — Валь[с]а для цёткі Акіліны! — крыкнуў увішны шафёр з пучком белых кветак на бартавіне сіняга пінжака. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рабро́, рыбро́, ра́бро ’частка скелету’, ’выгнутая частка каркасу’, ’край ці бок прадмета’ (ТСБМ, Сержп. Казкі; кам., докш., крыч., хойн., леп., арш., Сл. ПЗБ), ’спінка ў ложку’ (паст., ЛА, 4), рус. ребро́, укр. ребро́, польск. żebro, чэш. žebro, řebro, славац. rebro, в.-луж. rjebło, н.-луж. robro, robło, палаб. rebrǘ, славен. rẹ́bro, балг. ребро́, макед. ребро, ст.-слав. ребро. Роднаснае да ст.-в.-ням. ribbi ’рабро’, hirni‑reba ’чэрап’, ст.-сакс. ribbi(i), грэч. ἐρέφω ’пакрываць дахам’, ὀροφή ’дах’. Зыходным значэннем і.-е. *rebh‑ было ’пакрываць купалам, дахам’, ’пакрываць’ (пра скляпенне, дах, грудную клетку) (Покарны, 1, 853; Чарных, 2, 102; Фасмер, 3, 453–454). Сюды ж вытворныя рабры́на ’адно рабро’ (ТСБМ; чэрв., зэльв., паст., Сл. ПЗБ; Шушк.), рабры́нка ’рабрына’, ’мяса грудной часткі тушы’, рабрына́ ’рабро’ (Сцяшк.), рабры́ны, рабе́рцы, рабёркі ’рэбры ў кошыку’ (КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)