шыць, шы́ю, шы́еш, шы́е; шы́ты; незак.

1. што. Вырабляць, змацоўваючы ніткай краі скроенай тканіны, скуры.

Ш. касцюм.

Ш. боты.

2. што і без дап. Змацоўваць, злучаць ніткай і інш. матэрыялам.

Ш. альбом.

Хірургу даводзіцца больш ш., чым рэзаць.

3. чым і па чым. Вышываць, расшываць.

Ш. гладдзю.

Шыта-крыта (разм.) — пра што-н. дрэннае, несамавітае, што застаецца ў тайне.

|| зак. сшыць, -ы́ю, -ы́еш, -ы́е; -ы́ты (да 1 знач.).

|| наз. шыццё, -я́, н. (да 1 і 3 знач.).

|| прым. шве́йны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Швейная майстэрня.

Швейная машына.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

*На́вад, на́вод ’вышыўка’ (ТС). Ад водзіцьвышываць’ (ТС), што, відаць, адлюстроўвае спецыфічны спосаб вышыўкі, параўн. водзіць водзікі ’тс’ («сінодзікі водзілі на сороццы»); параўн., аднак, балг. дыял. навод ’працягванне нітак асновы праз бёрда і нічальніцы для ткання’, навотки ’тканне ў некалькі нічальніц («у фігуры»)’, нъвдтки ’тонкае палатно з узорамі па ім’, чэш. ηάυοά ’спосаб пратыкання, працягвання нітак асновы праз бёрда’, што ўтвораны ад праслав. *navestif navedę, якое ў шэрагу слав. моў ужываецца і ў якасці ткацкага тэрміна (Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1, 48–49).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

страчы́ць, страчу, строчыш, строчыць; незак., што.

1. Шыць, вышываць суцэльным швом. Страчыць рукаў. Страчыць сукенку. // і без дап. Разм. Шыць на швейнай машыне. Шкуркі белыя дастаў, Ніткі і машыну: Шые, строчыць... Хутка стаў І краўцом хлапчына. Бялевіч.

2. перан.; і без дап. Разм. Хутка, паспешна пісаць. Пытаюць анкеты: калі я і дзе нарадзіўся? Калі я вучыўся? І з кім і калі ажаніўся?.. І строчым адказы... Старанна!.. Кірэенка. // Хутка гаварыць. Жанчына трухае побач, строчыць несупынна, звягліва. Савіцкі.

3. без дап. Страляць (пра частую стрэльбу з аўтаматычнай зброі). Бесперапынна сакаталі два ручныя партызанскія кулямёты, страчылі аўтаматы. Васілеўская. Каля чыгуначнага моста .. чуваць рэдкія чэргі. Гэта на правым флангу .. строчыць Яша Шакурка. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сако́лка1 ’трыкатажная майка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), ’мужчынская безрукаўка, камізэлька’ (Янк.), сако́лачка ’майка’ (Сл. ПЗБ). Не вельмі ясна, у суседніх славянскіх мовах не адзначана. Назва ўтворана, відаць, ад назвы спартыўна-гімнастычнага таварыства “Сокал” у Чэхіі і іншых славянскіх краінах. Ва ўсялякім выпадку, адзначаны рускія со́кол, соко́льский ’сакольская гімнастыка’. Такім чынам, гэта магла быць майка з сакольскай сімволікай. Параўн. чэш. sokolka ’сакольская шапка, кепка’.

Сако́лка2, сако́льчык ’мярэжка’, сакалі́цьвышываць мярэжкай’ (Мат. Гом.), ’рубіць з упрыгожваннем’ (сакаліць насавы платок) (Ян.). Не вельмі ясна. Суаднесенасць рус. мережка ’тып вышыўкі’, мярёжа ’рыбалоўная сетка’ наводзіць на думку, што слова ўзыходзіць да сак1 (гл.), ад якога першапачаткова быў утвораны дзеяслоў саколіць, потым ад дзеяслова — назоўнік. Але сак ’рыбалоўная сетка’ у гаворках сустракаецца даволі рэдка, гл. ЛА, 2; таму слова хутчэй ўтворана ад кораня ‑кол‑ (гл. калоць), параўн. рус. ско́лок ’узор, зняты сколкаю, дакладны знімак іглою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́чат1 ’аднастайнасць, падабенства; узор’: на почат гэтага здзелай, боты не адным початам пашыты (Нас.). Можна меркаваць, што мае тое ж паходжанне, што і рус. дыял. чи́тать ’лічыць’, ’рабіць тое, што патрабуе падлічэння: плесці сетку, вышываць, вязаць’, параўн. счёт ’падлік’, не счесть ’не злічыць’, польск. poczet ’лічба; колькасць; падлік; рахунак’ (XVI–XIX стст.), чэш. počet ’лічба, падлік, рахунак’, славац. počet ’лічба, мноства, колькасць’, якія ўзводзяць да *počьtъ з *po‑čisti ’пачытаць’ = *po‑čitati ’падлічыць’ > бел. чыта́ць ’успрымаць вачамі, вымаўляць няпісанае’), г. зн. класці прадметы (і літары) адзін за адным або адзін пад адным (Голуб-Копечны, 282; Трубачоў, Эт. сл., 4, 123; Банькоўскі 2, 651). Сюды ж, відаць, ст.-бел. почотъ ’світа, картэж’, г. зн. лік суправаджальных, тых, хто едзе адзін за адным.

По́чат2 ’павага, пашана’ (Бяльк.). Хутчэй за ўсё, архаізм, звязаны з папярэднім словам, параўн. укр. по́чет, рус. почёт, балг. по́чет, по́чит, макед. почит ’тс’, ст.-слав. почьтениѥ ’павага, пашана’ і пад. Усе да *počisti, *‑čьtǫ, гл. почтаваць, пачцівы. Гл. таксама пачо́т, хутчэй за ўсё, з рус. почет.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шыць, шыю, шыеш, шые; незак.

1. што і без дап. Змацоўваць, злучаць ніткай краі тканіны, скуры і пад. пры вырабе адзення, абутку і пад.; вырабляць што‑н. такім чынам. Шыць на машыне. □ Таня .. сядзела каля акна, шыла сарочку. Шамякін. [Гірня] ўмеў цяслярыць, сталярыць, трохі слясарыць і нават шыць боты. Кулакоўскі. // Займацца вырабам адзення, абутку і пад. як прафесіяй, рамяством. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца .. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль. // Спец. Змацоўваючы лісты паперы дротам, ніткамі і пад., вырабляць што‑н. Шыць сшыткі. Шыць кнігу.

2. Разм. Заказваць, вырабляць адзенне ў каго‑н., дзе‑н. Шыць у атэлье. □ [Варанец:] — Шылі мы раз вунь аж у Міждуб’і. Крапіва.

3. Вышываць, расшываць. Шыць гладдзю. Шыць шоўкам.

4. што. Спец. Прымацоўваючы рэйкі да шпал, пракладваць чыгунку. Шыць чыгунку.

5. што. Спец. Прымацоўваць, змацоўваць дошкі цвікамі, шпонамі і пад. Шыць плыты.

•••

Шыць на жывую нітку — а) ненадзейна, не замацоўваючы ніткі, шыць, сшываць і пад. што‑н.; б) наспех, як папала.

Шыць нападрост — шыць з запасам, з разлікам на рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Строк1 ‘авадзень’ (Маш., Дразд., Сцяц. Сл., Скарбы; кіраў., Нар. сл.), ‘здрок, Gasterophilidae’ (Федар. 4, Сцяшк. Сл.; брэсц., гродз., шчуч., ЛА, 1), строк, стрэк ‘авадзень’ (гродз., свісл., шчуч., баран., асіп., пін., гарад., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), страк, стрэк ‘страказа’ (дзятл., шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. строка́, стрёк ‘авадзень, сляпень’, ц.-слав. стръкъ, чэш. streček, славац. streček, н.-луж. stśak, в.-луж. ćělčk, серб.-харв. штр̑к ‘тс’, балг. щръ́клица. Прасл. *strěkъ (рэканструкцыя Махэка₂, 585). Вытворнае ад *strěkati, гл. стрыка́ць. Шустар-Шэўц (1367–1368) як праславянскае ўзнаўляе *strečьkъ. Арашонкава і інш. (Весці, 1969, 4, 129) бел. строк параўноўваюць з літ. straglỹs//straklys ‘страказа’, stràkas ‘бойкае дзіця’, strakùs ‘здольны высока падскочыць’, straksėti ‘падскокваць’, што, магчыма, датычыць толькі значэння ‘страказа’, гл. Астрэйка, АКД, 8. Фасмер (там жа), прынамсі параўнанне з strakùs лічыць ненадзейным, а Махэк₂ (там жа) у якасці паралелі прыводзіць ням. stechen ‘калоць’ з ‑к‑ замест g і ўстаўкай ‑r‑.

Строк2 ‘тэрмін’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС; беласт., Сл. ПЗБ; Жд. 1, Ян.; в.-дзв., Шатал.). З рус. срок ‘тс’ з устаўным т (паходзіць ад *sъrekti ‘дамовіцца’, гл. рэкнуць).

Строк3 ‘від шва’ (Сл. рэг. лекс.), стро́чка ‘шво’ (Мат. Гом.). Узыходзіць да прасл. *strokъ ‘укол, пракол’, звязанага чаргаваннем з прасл. *strěkati ‘калоць’ (ЕСУМ, 5, 448). Адсюль страчы́ць ‘шыць, вышываць суцэльным швом’ (ТСБМ), ‘шыць уручную’ (мядз., Сл. ПЗБ). Параўн. страка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)