Век ’жыццё, вечнасць, час і да т. п.’ Ст.-рус. вѣкъ ’тс’, рус. век, укр. вік, польск. wiek, чэш. věk, ст.-слав. вѣкъ, балг. век, серб. ве̑к і г. д. Прасл. *věkъ ’век, жыццё, вечнасць і г. д.’ (з даўняга *voi̯kos, а гэта аблаутная форма да і.-е. *u̯ei̯k‑ ’сіла, выяўляць сілу’, літ. viẽkas ’сіла, жывучасць, жыццё’, veĩkti ’штосьці рабіць, працаваць’, véikus ’хуткі’, vỹkis ’жыццё, жывасць’, vikrùs ’бадзёры’, лац. vincere ’перамагаць’, ст.-ісл. veig ’сіла, моцнасць’, vīg ’барацьба’, гоц. weihan, ст.-в.-ням. wīgan ’змагацца’. Сюды прасл. *věčьnъвечны’ (ст.-рус. вѣчьныи, бел. ве́чны, рус. ве́чный, укр. ві́чний, польск. wieczny, чэш. věčný, ст.-слав. вѣчьнъ, балг. ве́чен, серб. ве̏чан і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 286.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

батра́к, ‑а, м.

Сельскагаспадарчы рабочы, якога памешчык або кулак наймаў для працы ў сваёй гаспадарцы; парабак. Абеззямеленае сялянства вымушана было ісці да памешчыка і кулака ў батракі або шукаць работу на старане. «Прырода Беларусі». Дзед мой быў вечны парабак-батрак, бацька таксама, і я парабкаваў ды батрачыў. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няспы́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што адбываецца бесперастанку, без перарыву; які не спыняецца. Няспынныя грымоты разлягаліся над горадам... Якімовіч. Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск. Прануза.

2. Які рухаецца суцэльнай паласой. Няспыннаю ракою цёк па-святочнаму ўбраны натоўп. Паслядовіч. Калона ўсё лілася, Няспынны быў паток. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закля́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, на якога накладзена закляцце; пракляты. Многа было апавяданняў і пра заклятыя грошы. Чорны. Міхал ідзе адзін, пануры, І сам ён хмур, і думкі хмуры, Як гэты лес, снягамі сцяты Як замоўлены, закляты. Колас.

2. Непрымірымы, вечны (пра ворага, праціўніка). Шмат пакуль у смерці памагатых, Ворагаў жыцця заклятых. Зарыцкі. — Хай заклятыя паны На галлі асін пятрэюць! Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́балка ‘мясцовая, карэнная жыхарка’: вона ту́балка, а я на́волоч (лельч.; Цыхун, уласн. зал.), ту́болка, ту́боліца ‘тс’ (ТС), ту́болец: ве́чны ту́болец ‘карэнны жыхар’ (там жа), ту́балец ‘тс’ (маз., ГЧ, Скарбы), ту́бельнік ‘старажыл’ (Зайка Кос.), ту́бальцы ‘мясцовыя жыхары’ (слуц., Сержп. Казкі), сюды ж tubòleczny ‘тутэйшы’ (Арх. Федар.) і семантычна пашыранае ту́бальніца ‘ўласніца маёмасці, валадарка’ (каліны., Сл. ПЗБ). Вынік трансфармацыі дээтымалагізаваных тубылка, тубы́лец (гл.), параўн. таксама фанетычна дэфармаваныя тулубка (з метатэзай) і ту́палец (з аглушэннем б > п) (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

моцны, трывалы, нязносны, магутны; волатаўскі (паэт.); вечны, жалезны, сталёвы (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

гістары́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гісторыі (у 1–4 знач.). Гістарычны працэс. Гістарычныя помнікі. Гістарычная навука. Гістарычнае даследаванне.

2. Які рэальна існаваў, не выдуманы. Гістарычны факт. Гістарычны персанаж рамана.

3. Важны для гісторыі; знамянальны. Гістарычная дата. Гістарычныя рашэнні XXV з’езда КПСС.

4. Які апісвае людзей або падзеі мінулага. Гістарычны раман. Гістарычная аповесць. Гістарычныя песні.

5. Які апіраецца на гісторыю як на метад пазнання, даследавання. Гістарычнае абгрунтаванне фактаў сучаснай мовы.

6. Які вывучае з’явы ў іх паслядоўным развіцці. Гістарычная граматыка беларускай мовы.

7. Звязаны з пэўным этапам у развіцці грамадства; не вечны, пераходны. Гістарычная катэгорыя.

8. Які адносіцца да часу, ад якога захаваліся рэчавыя помнікі; проціл. дагістарычны. Гістарычная пара жыцця народа.

•••

Гістарычны матэрыялізм гл. матэрыялізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тач, ‑а, м.

1. Уст. Тое, што і дзед ​3. Датлела ў светачы лучына, Памалу вочы жмурыць сон. Танк. Здавалася тады, што ў хаце ля стала гарыць у светачы смаляны агарак. Пташнікаў.

2. перан. Пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды, культуры і пад. Як магутная сіла сусветнай сацыялістычнай садружнасці, як несакрушальная цытадэль міжнароднай салідарнасці, як светач міру і сацыяльнага прагрэсу ўзвышаецца сёння наша вялікая Радзіма — правобраз будучага сусветнага брацтва працоўных. Машэраў. О радзіма! мой светач цудоўны, адзіны, Явар мой, мой агністы снягір на сасне. Караткевіч.

3. перан. Пра таго, хто нясе з сабою ісціну, асвету, свабоду і пад. На разняволенай зямлі Шлях асвятліў нам светач вечны: І Правадыр, і Чалавек, І мудры, і сардэчны. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вячы́сты (БРС, КТС, Нас., Яруш.), вячыстасць ’вечнасць, спадчыннае ўладанне’ (КТС, Нас.), вѣчисто ’на вякі, вечна; моцна’ (Нас.). Укр. вічистий (лем., Грынч., СУМ), ст.-рус. вѣчистый (зах.-укр. тэр.; з граматы Юрыя Холмскага, 1376 г.). Польск. wieczysty, wieczyście, wieczystośćвечны, на вякі, вечнасць і г. д.’, памор. ečəstï, чэш. věčitost ’тс’. Думку адносна запазычання з польскай мовы (Булыка, Запазыч., 61; Гіст. лекс., 94) падтрымліваюць ст.-бел. форма вечисте і адсутнасць слова ва ўсх.-бел. гістарычных помніках. Што датычыцца зах.-укр. і ст.-рус. слоў, то, мяркуючы па храналогіі і геаграфіі, неабавязкова разглядаць іх як польскія запазычанні, гэта хутчэй агульная з’ява. Неабходна адзначыць, што як для ўсх.-слав. моў, так і для польскай суфіксацыя ‑іст‑ у дадзеным выпадку не з’яўляецца натуральнай; гл. Gr. hist., 226 і наст. З паралельнай суфіксацыяй ‑it‑ аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: чэш. večitý, славац. večitý, балг. вечи́т, макед. вечит, вечито, серб.-харв. вѐчит, вѐчито ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

век, ‑у; мн. вякі, ‑оў; м.

1. Стагоддзе. Дваццаты век. Мінулы век. □ Збуцвеўшы лад былых вякоў З магілы не паўстане. Колас. Аж праз дзевяць вякоў [Мінск] Раптам стаў — Мільянерам! Барадулін.

2. Жыццё, перыяд існавання каго‑, чаго‑н. Пастарэлі, пакрыліся мохам будынкі. Усё дажывае свой век. Грамовіч. У хлусні кароткі век. Прыказка. // Узрост. Чалавек сярэдняга веку. □ Сярод нас былі людзі рознага веку — і старэйшыя, і маладзейшыя, і зусім маладыя. Лынькоў.

3. Перыяд, характэрны чым‑н.; эпоха. Каменны век. Касмічны век. Век тэхнікі.

4. Вельмі доўгі час, усё жыццё. Захаваць успаміны на век.

5. у знач. прысл. Заўсёды, вечна. Век вас буду слухаць. □ [Максіму Астаповічу] здалося, што ён век ведаў гэтыя рысы. Чорны. Ды не век я тут гарую, Дачакаю волі. Колас.

•••

Ад веку да веку — усё жыццё, вечна.

Век веку падасць — пра нешта вельмі моцнае, трывалае, носкае.

Век да веку — усё жыццё, да апошніх дзён жыцця.

Век звекаваць гл. звекаваць.

Век цэлы — усё жыццё, вельмі доўга.

Век-вяком; векі вечныя; век вечны — а) заўсёды, з самых даўніх часоў, спрадвеку. У падхалімаў так вядзецца век-вяком! Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком», Дык знойдуцца заўсёды Івановы, Што памахаць яму гатовы. Крапіва. — Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дык ахвоты не было нікому да яе! Мележ; б) ніколі. Не забудзеш век-вяком Ты ў бары вячэру! Гілевіч.

Да (канца) веку — да апошніх дзён жыцця.

Дажываць (свой) век — а) жыць, існаваць апошнія дні; б) рабіцца няздатным, непрыгодным.

З век вякоў — з далёкіх часоў, заўсёды.

З векам упоплеч — не адставаць ад жыцця.

З веку (ад веку) ў век — пастаянна, на працягу доўгага часу.

З вякоў вечных — спрадвеку.

Залаты век — час росквіту навукі, мастацтва ў гісторыі якога‑н. народа.

Зжываць (свой) век — траціць сваё ранейшае значэнне.

Малады век — юнацкія, маладыя гады жыцця.

На век — назаўсёды, на доўгі час.

На векі вечныя (на век вечны); на векі вякоў; на ўсе вякі — назаўсёды.

На маім вяку — у час майго жыцця, за маю памяць.

На сваім вяку — на працягу свайго жыцця.

Напроці (свайго) веку (стаяць) — быць у маладым узросце.

Не першага веку — не першай маладосці, сярэдняга ўзросту.

Па век вякоў (веку) — да скону дзён, назаўсёды.

Праз (увесь) век — на працягу ўсяго жыцця, праз усё жыццё.

Праз вякі (век) — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.

Спакон вякоў (веку) — з самага даўняга часу, спрадвеку.

У вякі — назаўсёды.

У глыбіню вякоў — у глыбіню гісторыі, у старажытнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)