адку́ль, прысл.

1. пытальнае. З якога месца? — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я. Скрыган. Баян замоўк. Да баяніста Падходзіць дзед. — Скажы, браток, Адкуль ты? Дзе твой край-куток? Колас. Выраз яўнага здзіўлення мільгануў на тварах: што гэта за чалавек, адкуль з’явіўся ён у такую пару... Лынькоў. // З якой крыніцы? ад каго? — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы! А. Астапенка. — Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага. Якімовіч. // Ужываецца ў клічна-пытальных сказах пры выказванні нязгоды, адмаўлення чаго‑н. [Суседка:] — А я казала свайму: не сёй у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль! Чарнышэвіч.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) для падпарадкавання даданых сказаў месца (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «там», «туды», «адтуль» у галоўным сказе). Крамарэвіч ускінуў руку, і граната разарвалася там, адкуль крычалі. Чорны. Маша хітра ўсміхнулася і глянула туды, адкуль усё мацней і мацней даносіўся стукат матацыкла. Кулакоўскі. [Лабановіч:] — Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Колас; б) для падпарадкавання даданых азначальных сказаў (часта ў адпаведнасці з суадносным словам «той» у галоўным сказе). Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася.. шорганне ног невядомага чалавека. Колас. Мы з бацькам стаім і глядзім у той бок, адкуль да нас ідзе, па лугавой дарозе чалавек. Брыль. Каця.. згладжвае крайкі зляжалае зямлі, адкуль толькі што выняла мадэлі. Скрыган; в) для падпарадкавання даданых дапаўняльных сказаў. [Дзед Бадыль:] Пакутуем, чалавеча. Проста гінем і не ведаем, адкуль паратунку чакаць. Крапіва. Адкуль у старой бяруцца сілы, цярплівасць, прывет — ніхто з нас не дзівіцца. Брыль.

•••

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дык, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў, якія указваюць на вывады або падводзяць вынікі таго, аб чым гаварылася раней. — Дык як, Іван Данілавіч, з гэтым чалавекам? — спытаў Галаўня і з ледзь прыкметнай усмешкай дадаў: — Я думаю, няхай застаецца ў тваёй брыгадзе. Гроднеў. — Дык вось. Вера ў партыю дапамагла народу правільна разабрацца ў тых падзеях. Шыцік. / У рэпліках, якія ўзнаўляюць пачатую гутарку ці вяртаюць яе да якой‑н. тэмы. — Ну, брат Грышка, дык я еду!.. Колас. — А пра галоўнае дык ты і не пытаешся, браток. Брыль.

2. Ужываецца ў пачатку сказаў, якія ўказваюць на вынік, што выцякае са зместу папярэдніх сказаў; адпавядае па значэнню: у такім выпадку, тады. — Дзе ён? — Няма. — Дык знайсці яго. // Ужываецца ў якасці суадноснага слова ў складаназалежных сказах з даданымі часу, умовы, мэты, уступальнымі. Калі вяртаўся Лёня дамоў, дык на вуліцы, на зялёных прысядзібных участках.. займаўся дзень. Кулакоўскі. [Лютынскі:] Як толькі змеркнецца, дык ты праз акно ды ў жыта. А там — сцежкі табе вядомыя. Крапіва. — Калі любіш, дык любі, А не любіш адкажы! Танк. — Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі. Зарэцкі. / У бяззлучнікавых умоўных сказах паміж аднолькавымі словамі. Працаваць, дык працаваць. Ну што ж, ісці, дык ісці.

3. Падкрэслівае наяўнасць выключных якасцей, асаблівасцей, уласцівых каму‑, чаму‑н. (звычайна пры паўтарэнні азначаемага слова). Вось будзе штука вам, дык штука! Колас. Вот зрабіў, дык зрабіў. Гартны.

4. Ужываецца пры проціпастаўленні або супастаўленні, каб вылучыць слова, якое проціпастаўляецца. — Машыне і той добры шафёр дае астыць трохі, а ты нават... — Дык то ж машына, а ты чалавек. Пальчэўскі. // Узмацняе слова або групу слоў, да якіх адносіцца. На Вайнера лічба не зрабіла ўражання, а вось перакладчык дык заікаўся, калі называў яе маёру на нямецкай мове. Шахавец. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва. Хто баіцца, Юрка Іванавіч, — гаворыць Шарэйка, — дык той заявы не пісаў. Брыль.

5. у значэнні выніковага злучніка. Ужываецца для сувязі сказаў з прычынна-выніковымі адносінамі. — У нас тут няма камуністаў, дык за ўсё павінны адказваць мы, камсамольская арганізацыя. Кулакоўскі. / Злучае сказы з умоўна-выніковымі адносінамі; дзеянне другой часткі такіх сказаў ажыццяўляецца пры ўмове, аб якой гаворыцца ў першай частцы. — Ты не панясеш, дык я занясу, — цвёрда сказала Ларыса. Кулакоўскі. [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва.

6. у значэнні супраціўнага злучніка. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў з узаемным выключэннем; па значэнню адпавядае злучнікам «але», «а». Была адна надзея, дык і тая сёння прапала. Пестрак. — Сцёпка, ведаю, не адмовіўся б, дык ён у лес ходзіць у заработкі. Крапіва. — Дай.. [каню] вады. — Даваў. Дык ён адно губы памачыў. Чорны. // Злучае сказы, змест адной часткі якіх не адпавядае таму, што павінна адбыцца з пункту погляду гаворачай асобы; па значэнню адпавядае злучнікам «аднак», «але». Пара б і вучыцца, Дык школы няма. Колас. Хацеў выспацца, дык не даюць. Чорны.

7. у значэнні далучальнага злучніка. Далучае сказы з нечаканымі або непрадбачанымі падзеямі. — Я прачнуўся — дык таты няма ў хаце. Чорны. // Далучае сказы, якія ўказваюць на вывад, заключэнне ў сувязі з выказанай раней думкай. Скрыпка — хлеб твой і апора, Дык шануй яе, мой сын! Колас. — Час зараз такі, што сакратара выбраць нельга, дык вось я цябе прызначаю сакратаром гэтай арганізацыі. Шамякін. // Разам з часціцай «яшчэ» далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі. — Мілы ты мой друг! Мала таго, што твая галава міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, — натхнёна прамовіў Лабановіч. Колас. // Далучае сказы з дадатковымі звесткамі, якія абмяжоўваюць папярэднія думкі. — Цяпер тут, значыцца, амбулаторыя? Дык нешта ж шыльды яшчэ не відаць. Брыль.

•••

А не дык гл. а ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; пр. даў, ‑ла́, ‑ло́; заг. дай; зак., каго-што, чаго і з інф.

1. Уручыць, перадаць з рук у рукі. Даць кнігу. □ Далі [братавыя] .. [дурню] бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле. Якімовіч. // Паднесці, падаць, прапанаваць. Даць есці. Даць закурыць. // Заплаціць якую‑н. суму за што‑н. За каня далі добрыя грошы.

2. Аддаць у карыстанне; забяспечыць чым‑н. Даць кватэру. Даць прытулак. // Паведаміць, перадаць. Даць адрас. // Уступіць, прапусціць уперад. Даць месца. Даць праход. Даць дарогу.

3. Надзяліць чым‑н. Даць права. Даць шчасце. Даць тэрмін. □ — Дам табе, галубок ты мой, работу, — сказаў дзед. Якімовіч. // Разм. Узнагародзіць чым‑н.; прысвоіць. Даць ордэн. Даць званне. // Разм. Вызначыць узрост. Андрэй даў .. [маладзіцы] год дваццаць пяць, але мела яна, напэўна, больш. Адамчык. // Разм. Надаць якую‑н. форму, выраз; паказаць, увасобіць. Часамі Самабыля нават займаюць думкі: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба сказаць наўперад, а што потым? .. Які выраз трэба даць твару? Колас. // Разм. Нанесці ўдар; набіць, адлупцаваць. Даць у зубы. □ — Дзе ж авечкі... Ой, блазнота.. Ну й дадуць табе, браток! Колас. // Разм. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. Арганізаваць, наладзіць (баль, абед і г. д.). А ёсць у нас аматары банкетаў. Прычыну ім падай — банкет яны дадуць. Корбан. // Выступіць перад публікай (са спектаклем, пастаноўкай і пад.). Даць канцэрт. Даць спектакль.

5. Прынесці як рэзультат чаго‑н. Даць добры ўраджай. Даць прыбытак. □ Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў. Бядуля. // Выпрацаваць што‑н. Палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны.

6. Выявіцца як вынік дзеяння, стану і пад. (пра з’яўленне чаго‑н. у чым‑н.). Даць перакос. Сцены далі асадку. Стрэльба дала асечку.

7. Стварыць умовы для чаго‑н.; дазволіць зрабіць што‑н., адбыцца чаму‑н. Даць паслухаць радыё. Даць зайсці ў хату. Не даць спаць. □ Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Юркевіч не даў .. [Юзіку] дадумаць да канца сваіх думак. Мурашка.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Даць абяцанне (паабяцаць). Даць згоду (згадзіцца). Даць параду (параіць). Даць указанне (указаць). Даць штраф (аштрафаваць). // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: зрабіць, здзейсніць. Даць залп. □ З папярэдняга танка далі яшчэ адзін гарматы стрэл. Чорны.

9. заг. дай. Разм. Абазначае прапанову зрабіць, выканаць што‑н. Дай я першы пайду. Дай я напішу.

10. заг. дай, у знач. пабудж. часціны. Разм. Выражае ўласную рашучасць што‑н. зрабіць. Дай, думаю, зайду да суседа.

•••

Без дай прычыны — беспадстаўна.

Бог дасць; як бог дасць гл. бог.

Бог розуму не даў гл. бог.

Бог шчасця не даў гл. бог.

Дай (не дай) бог (божа) — пры пажаданні (непажаданні) чаго‑н.

Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль‑н.

Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.

Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.

Даць аб сабе знаць — прыслаць вестку; абазвацца.

Даць бой — рашуча выступіць у абарону сваіх правоў, прынцыпаў, поглядаў і пад.

Даць бярозавай кашы каму — пакараць, набіць розгамі.

Даць вестку — тое, што і падаць вестку (гл. падаць).

Даць волю каму-чаму — перастаць стрымліваць чые‑н. дзеянні, пачуцці. Даць волю пачуццям. Даць волю фантазіі. Даць волю языку.

Даць волю рукам — біць каго‑н., біцца.

Даць выхад чаму — даць магчымасць праявіцца.

Даць газ(у) — паскорыць рух, павялічыць наступленне гаручага.

Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) — паручыцца сваім жыццём.

Даць (уступіць) дарогу каму — забяспечыць свабоду дзеяння.

Даць (задаць) дзёру (драла, драпака, лататы) — пусціцца наўцёкі; уцячы.

Даць дразда — а) разысціся, разбушавацца, даць жару (у працы, танцы, гульні і пад.). «Чакайце! Я пачаў не з той нагі! Вось зараз разыдуся і дам дразда!» — упіраецца Фама. Корбан; б) тое, што і даць дзёру.

Даць дуба — памерці.

Даць (падвесці, паказаць) дулю — нічога не даць.

Даць (задаць) дыхту каму — насварыцца, расправіцца.

Даць (задаць) жару — а) моцна насварыцца, прабраць, расправіцца з кім‑н. — Ну, што ж? Натрапіў на такога; А каб наскочыў на другога, Сказаць, хоць бы і на Пшавару: Задаў бы ён там пану жару! — Гавака важна адазваўся. Колас; б) хутка выканаць, зрабіць што‑н. Пачалі працаваць і далі жару.

Даць жаху каму — моцна напалохаць каго‑н.

Даць жыццё каму — нарадзіць, пусціць на свет.

Даць задні ход — адмовіцца ад сваіх думак, намераў, імкненняў.

Даць зевака — упусціць спрыяльны выпадак, момант; празяваць.

Даць знаць — паведаміць.

Даць зразумець — намякнуўшы на што‑н., даць магчымасць здагадацца аб чым‑н.

Даць круг — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.

Даць лад — прывесці ў парадак, наладзіць што‑н.

Даць (задаць) лазню каму — даць наганяй, строгую вымову.

Даць лазы каму — пакараць, набіць лазовым дубцом.

Даць лупцоўку (бубна) каму — адлупцаваць.

Даць маху — дапусціць памылку.

Даць пачатак чаму — з’явіцца крыніцай, адпраўным пунктам чаго‑н.

Даць па шапцы (шыі, карку, загрыўку) — выгнаць, зняць з работы.

Даць (задаць) перцу каму — насварыцца, даць наганяй.

Даць (задаць) пытлю каму — усыпаць, адлупцаваць; даць наганяй.

Даць раду(ы) каму-чаму — а) парадзіць, параіць. [Вясна:] Табе раду я дам, Як бяду ашукаць. Купала; б) адолець, управіцца з кім‑, чым‑н. Кабанам цяжка было даць рады, яны раўлі, як звяры, і не хацелі ці не маглі падняцца. Чорны.

Даць слова — а) дазволіць каму‑н. выступіць на сходзе. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка; б) цвёрда паабяцаць каму‑н. што‑н. [Валодзя] кажа: — Я даў чэснае слова і... стрымаю. Рунец.

Даць сябе адчуць — выявіцца на кім‑, чым‑н., падзейнічаць на каго‑, што‑н.

Даць у косці — насварыцца, пабіць, пакараць каго‑н.

Даць (сунуць) у руку (лапу) — даць хабар, падкупіць каго‑н.

Даць фору — пераўзысці, апярэдзіць каго‑н. у чым‑н.

Даць ход — пусціць у дзела.

Даць (задаць) храпака — моцна заснуўшы, пачаць храпець.

Даць цягу — уцячы.

Даць (задаць) чосу каму — прабраць каго‑н. за што‑н.

Дорага б даў (заплаціў) — пра моцнае жаданне дамагчыся чаго‑н.

Не дай гасподзь — няхай не будзе гэтага.

(Не) даць дыхнуць каму — прымусіць працаваць бесперапынна.

Не даць спуску каму — не зрабіць уступак, строга запатрабаваць.

Не даць у крыўду каго — заступіцца, абараніць.

Не даць ходу каму — перашкодзіць каму‑н. выявіць свае здольнасці.

Як піць даць — а) напэўна, абавязкова; б) неўзабаве, вельмі хутка. Да прыцемку.. [Галя] праедзе Сялібу, а там, як піць даць, і Закуцце. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)