прытачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Выточваючы, абточваючы, прыгнаць, прыладзіць да чаго‑н. Прытачыць дэталь.

прытачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. У кравецкай і шавецкай справе — прышыць дадаткова, надтачыць.

2. Разм. Дадаць частку, кавалак, паласу і пад., каб пабольшыць, нарасціць што‑н. І хочацца сенажаці, і няма яе, дзе ўзяць, адкуль прытачыць паласу, другую. Барашка. Прырода патрабуе ад таго, хто ўзяўся яе папраўляць, каб ён рабіў гэта з толкам, каб, як кажуць, у адным месцы адрэзаў, а ў другім прытачыў... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́ленькі, ‑ая, ‑ае.

1. Прыемны на выгляд, прыгожанькі. Міленькая дзяўчынка. Міленькае дзіця.

2. Дарагі, любімы. Толькі міленькае імя назавуць — Белы тварык разгараецца. Багдановіч. // у знач. наз. мі́ленькі, ‑ага, м., мі́ленькая, ‑ай, ж. Любы, каханы чалавек.

3. Ласкавы або фамільярны зварот. [Вольга Віктараўна:] — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе? Колас. [Блазан:] — Што б то вы хацелі, людцы мае міленькія? Барашка.

•••

Як міленькі — без пярэчанняў, адгаворак; абавязкова. — Шчасце тваё, што ты з партызанаў, — сказаў .. [Яшу] дырэктар, — ды я цябе паважаю. А то пайшоў бы ты ў мяне дровы калоць як міленькі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злосць, ‑і, ж.

1. Пачуццё варожасці, нядобразычлівасці ў адносінах да каго‑н.; жаданне прычыняць зло. Прыгадвалася, як Аніс накінуўся на яго, але злосці ў Макара на Аніса не было. Дуброўскі. У поглядзе Карнейчыка адчувалася ўнутраная злосць да гэтага чалавека. Барашка.

2. Пачуццё гневу, незадаволенасці, раздражнення. Іншы раз Рамана брала злосць, але не надоўга. Так было, калі ён аднойчы прыехаў з лесу стомлены і знямоглы. Чарнышэвіч. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць і намагаўся задушыць яе. Шамякін.

•••

Лопнуць ад злосці гл. лопнуць.

На злосць каму — тое, што і на зло (гл. зло).

Як на злосць — тое, што і як на зло (гл. зло).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.

1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.

2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варо́чацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да вярнуцца ​1.

варо́чацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Паварочвацца, пераварочвацца з боку на бок. Доўга не мог [Мікіта] заснуць, усёварочаўся з боку на бок, скідаючы з сябе коўдру. Галавач. // Разм. Рухацца, варушыцца. Тыя, хто ведаў, што ў зале вось-вось павінна паявіцца дэлегацыя сялян, неспакойна варочаліся, аглядаліся і гэтым парушалі цішыню. Барашка.

2. Круціцца, вярцецца. Магчыма, там грыміць пярун? Ці дзе варочаюцца жорны? Дубоўка. Хвалі злосна штурхалі нязграбную лодку, яна цяжка варочалася на адным месцы, увесь час памыкаючыся стаць бокам пад вецер. Зарэцкі.

3. Хіліцца, нахіляцца на бок. Марцін ішоў з аднаго боку, Гілёрык — з другога і дзяржалі вулей, каб ён не варочаўся. Колас.

4. Зал. да варочаць ​2 (у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зады́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пачаць цяжка і часта дыхаць, стаміўшыся ад вялікай фізічнай нагрузкі. Падбег бацька. Задыхаўся і ў першую хвіліну не мог вымавіць слова. Навуменка. [Казік] задыхаўся, пакуль узлез на ганак. Чарнышэвіч.

задыха́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Адчуваць цяжкасць у дыханні з-за недахопу паветра; траціць магчымасць свабодна дыхаць па якой‑н. прычыне. Язэп скінуў гімнасцёрку — проста згараў, задыхаўся ад духаты. Асіпенка. Абраза балюча пякла сэрца. Дзяўчына задыхалася ад гневу і сораму. Шамякін. // перан. З цяжкасцю вытрымліваць што‑н. Рэспубліка задыхаецца ад франтоў, голаду і холаду. Барашка. Беларускае сялянства задыхалася ад беззямелля і малазямелля, ад памешчыцкай і кулацкай навалы. Івашын.

2. Паміраць ад недахопу паветра, ад дыму, удушлівых газаў. Заціснутая ў мураваны склеп ахвяра паступова задыхалася. «Работніца і сялянка». Марынчук не перапытваў. Нам і так было відаць, што яму цяжка дыхаць, не хапае паветра, ён проста задыхаецца. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. што. Праткнуць наскрозь, навылет чым‑н. вострым, колючым. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку. Пташнікаў. Вастраверхія елкі імкнуліся ўгару, нібы хацелі пракалоць блакітнае неба. Чарнышэвіч. // Колючы, пранікнуць куды‑н. або даць выйсце чаму‑н. Пракалоць пухір. // Утварыць (адтуліну) пры дапамозе чаго‑н. вострага, колючага. Хітры Зорах .. непрыкметна пракалоў сцізорыкам дзірку ў мяшку. Бядуля.

2. каго. Раніць каго‑н. колючай зброяй. Пракалоць штыком. □ Як толькі машыніст узяўся за рэгулятар і павярнуў, яго навылёт пракалоў клінок дзянікінца. Барашка. // што. Параніць, зрабіўшы пракол. [Палотны] рассцілалі на росным лузе ці на атаве, і па доўгай палатнянай дарожцы можна было бегчы ва ўвесь дух, не баючыся пракалоць аб іржэўнік ногі. Навуменка.

3. перан.; каго-што. Пранікнуць, прайсці наскрозь; пранізаць. На твары калючая ўсмешка, так і праколе, здаецца, навылет і Зэнку і гаспадара. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уяўле́нне, ‑я, н.

1. Стварэнне ў думках вобраза каго‑, чаго‑н.; узнаўленне ў свядомасці атрыманых раней успрыманняў. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любога чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган. У.. [Раманавым] уяўленні пачалі ўставаць малюнкі вайны, ён стараўся вызначыць тое месца, дзе грымелі гарматы, і пачаў вылічаць, калі да іх ціхага сяла дакоціцца хваля вайны. Колас. // Канкрэтны вобраз прадмета ці з’явы, які раней уздзейнічаў на органы пачуццяў, але ў гэты момант непасрэдна не ўспрымаецца свядомасцю. Зрокавыя ўяўленні. Слыхавыя ўяўленні.

2. Псіхічны працэс, які заключаецца ў стварэнні новых вобразаў на аснове ўжо наяўных шляхам іх пераўтварэння. // Творчая фантазія. Уяўленне мастака.

3. Разуменне, веданне чаго‑н., заснаванае на вопыце. Ужо да вечара, агледзеўшы гаспадарку, новы старшыня меў ўяўленне аб яе моцных і слабых баках. Барашка. Рост самасвядомасці героя адбываецца па меры таго, як ён настойліва пераасэнсоўвае свае ранейшыя ўяўленні аб грамадстве. Луфераў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагру́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. нагрузіць (у 1 знач.). Стрэлка манометра знізілася і Ціхон узяўся за нагрузку дроў. Барашка.

2. Колькасць нагружанага; груз. Бывае, што і жалеза не вытрымлівае лішняй нагрузкі. Няхай.

3. Колькасць работы, ступень занятасці якой‑н. работай. Не гонячыся за вялікай нагрузкай, .. [Дабрамыслаў] быў надзвычай акуратны ў сваёй педагагічнай рабоце. Лобан. // Абавязкі, даручэнні, звязаныя з грамадскай працай. [Карніцкі:] — Хіба Лазарэўская пачала горш вучыцца альбо дрэнна выконваць грамадскія нагрузкі? Паслядовіч. З гонарам партыйную пагрузку Даручылі сёння вы сынам. Хведаровіч.

4. Загружанасць работай якой‑н. установы, прадпрыемства, машыны, апарата. Нагрузка электрастанцыі. □ Выявілася праз некаторы час, што агрэгат слабавата вытрымлівае трохзменную пагрузку, пераграецца матор. Кулакоўскі. // Колькасць работы, якая прыпадае на арганізм або асобны орган. Нагрузка па сэрца. Фізічная нагрузка спартсмена.

5. Спец. Сукупнасць сіл, якія дзейнічаюць на якое‑н. цела (збудаванне, механізм, дэталь). Нагрузка на жалезную бэльку. Нагрузка на зубец.

6. перан. Ступень выразнасці, насычанасці чым‑н. (у дачыненні да літаратуры, мастацтва і пад.). Рыфма ў паэтычным творы.. нясе і сэнсавую пагрузку. «Полымя». Вобраз Галубовіча нясе вялікую ідэйна-мастацкую пагрузку ў творы [Я. Коласа «На ростанях»].

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Параніць чым‑н. вострым, абрэзаць. Адной рукой і галавой .. [Таццяна] ударыла ў раму, выбіла яе і выскачыла на вуліцу. Аб шкло парэзала лоб, руку і ногі. Шамякін. — Кінь гэтае шкло, твар парэжаш. — Дзяўчынка прытуліла шкло да грудзей. Чорны.

2. Нарэзаць, разрэзаць на часткі. Парэзаць хлеб. □ [Настаўніца] пароўну падзяляла цукеркі на ўсіх, парэзала торг на роўныя часткі, пачала наліваць чай. Няхай. // перан. Падзяліць, раздзяліць. Да апошняй ніткі абабраў ён [пан] вёску, Нават луг парэзаў, злыдзень, на палоскі, Каб садраць з прыгонных большыя аброкі. Бажко. // Папілаваць. [Грачова:] — З шафёрам Парэмчыкам цэлую машыну дроў яму парэзала. І ўсім у двары па ваду, дурненькая, бегае... Ракітны.

3. Зарэзаць, забіць усё, многае або ўсіх, многіх. Напрадвесні прыйшлі немцы. Хлеб увесь з магазінаў і свірнаў забралі, скаціну парэзалі. Жычка.

4. перан. Спаласаваць, зрэзаць, змаршчыніць. Відзён і калючы дрот белых, а за ім тры лініі акопаў парэзалі зямлю. Барашка. Ён быў немалады ўжо, гэты касманаўт — глыбокія маршчыны парэзалі твар і лоб. Шыцік.

5. перан. Намнога, у многіх месцах скараціць (пра артыкул, нарыс і пад.). Аднак што атрымалася? У другой карэктуры нарыс нехта — пакрамсаў і парэзаў. Нават не толькі парэзаў. Усе першыя абзацы... выкінуты. Грамовіч.

6. і без дап. Рэзаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)