паве́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад павесіць.
2. у знач. наз. паве́шаны, ‑ага, м.; паве́шаная, ‑ай, ж. Той, каго пакаралі смерцю цераз павешанне. Вецер, халодны асенні вецер пагойдваў целы павешаных і вяроўкі на трох шыбеніцах. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
церусі́ць, церушу, цярусіш, цярусіць; незак.
Разм. Тое, што і церушыць. Пачынаў церусіць дробны дожджык. Гартны. Церусіў дробны асенні дожджык, далеч была заслана імгою, дзьмуў пранізлівы халодны вецер. Сачанка. Лета мінула, І ліст пажаўцелы Восень цярусіць на дол. Васілёк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уво́сень, прысл.
У асенні час, восенню. Чаго толькі няма ў тым буданчыку! Тут і раскладныя лесвіцы, з дапамогай якіх увосень збіраюць яблыкі, і няскончаны рамачны вулей,.. і розны інструмент. Даніленка. Увосень слаўна чакаць першага снегу, а зімой — першай травы. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Асяні́на ’асенні збор для царквы’ (Нас., Янк. I). Ст.-рус. осенина ’тс’ з XII ст. (Філін, Происх., 599–600). Ад восень (гл.) з суфіксам ‑іна, як і ў іншых назвах падаткаў, а таксама свят. Ад гэтага ж кораня асянчук ’народжанае восенню цяля, ягня і інш’. (Сцяц.) з суфіксам ‑чук, які выкарыстоўваецца наогул для пазначэння сына ці ўнука.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
турава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Спец. Выконваць другую партыю пры спяванні або ігры на музычным інструменце; уторыць.
2. каму-чаму. Паўтараць чые‑н. словы, якія-н гукі. Манатонна гудуць тэлефонныя правады. Ім туруюць камары. Масарэнка. Вечар... Вечар асенні, хмуры... Дожджык цалуе шыбы. Вецер пяе — туруе. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацямне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пацямнеў, стаў цёмным. Моўчкі, нібы запамінаючы, .. [Алесь] сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме. Караткевіч. У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Колас. Яго крыху пацямнелыя за восень і зіму валасы рассыпаліся на два бакі і падалі на лоб. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завалачы́ і (радзей) завалакчы́ ‑ку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. завалок, ‑лакла, ‑ло; заг. завалачы; каго-што.
1. Разм. Валочучы, цягнучы, даставіць куды‑н. Продка завалаклі ў маёнтак і як мае быць адлупцавалі на стайні. Лупсякоў. Міхал так-сяк завалок ..[сынма] ў хату. Чарнышэвіч.
2. Закрыць, заслаць, зацягнуць (пра хмары, туман і пад.). Цяжкія алавяныя хмары завалаклі далягляд і сеюць-сеюць, як на частае сіта, дробны асенні дождж. Сабаленка. Сіні змрок Гусцеў над рэчкай, бераг завалок. З. Астапенка. / у безас. ужыв., чым. У вачах успыхнулі і патухлі цікаўныя агеньчыкі, іх адразу завалакло туманам. Лупсякоў. Рыжым цагляным пылам завалакло вуліцу. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каму-чаму.
1. Стварыць спрыяльныя ўмовы для паспяховага здзяйснення чаго‑н. Хоць раней і думкі не было ніколі шукаць яго [дзядзьку], дык цяпер выпадак паспрыяў гэтаму спатканню. Чорны. Халодны асенні дождж і вецер не вельмі паспрыялі адпачынку пасля тыдня напружанай працы. Паслядовіч. Сам факт паездкі на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасць. Дуброўскі.
2. Добразычліва аднесціся да каго‑, чаго‑н., паспагадаць каму‑, чаму‑н.; дапамагчы. [Патапчык:] — Я да цябе па-добраму прыйшоў. Сябравалі мы з табой у маладосці, у суседстве жывём, як людзі. Таму і хачу паспрыяць табе, паставіць цябе на ногі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
*Вясе́лік 1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік 2, вяселік 3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).
Вясе́лік 2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха 5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.
*Вясе́лік 3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка 1, весялу́ха 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
се́яцца, сеецца; незак.
1. Ісці, падаць (пра дробны снег, дождж). Асенні дождж, нібы праз рэшата, сеяўся па гразкай вуліцы. Лынькоў. Бралася на зіму. Сеяўся мокры снег. Новікаў. // Рассявацца, ападаць (пра змрок). Паміж дрэў ужо сеяўся і астойваўся вячэрні змрок. Паслядовіч.
2. Разм. Сыпацца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Зерне сеецца і сеецца з мяшка. □ Ціха сеецца пясок. І не трэба ўжо шоргаць у адтуліне трэскай. Ваданосаў.
3. Разм. Засявацца стыхійна. Высякалі бярэзнік і ніцую лазу, што сеяліся і раслі тут на балоце разам з травой рабінкай. Пташнікаў. [Мак] цвіце вельмі прыгожымі кветкамі, каб прывабіць сяго-таго, а то і сам сеецца. Сачанка.
4. Зал. да сеяць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)