напячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. напёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. напячы; зак.

1. чаго. Спячы нейкую колькасць чаго‑н. Напячы булак. Напячы бліноў. □ Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. Колас. // Спячы на патэльні, на агні, наскварыць. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль.

2. што. Разм. Моцна нагрэць, перагрэць на сонцы, печы і пад. Напячы бок ля вогнішча. Напячы спіну на пляжы.

3. каго-што. Разм. Апячы крапівой; наджаліць (пра насякомых). Напяклі жывёлу авадні. // перан. Набіць, нахвастаць да раздражнення скуры. [Камлюк:] — Вось кадраў венікам ногі, напёк — адразу палягчэла, быццам, і не было ў іх праклятага раматусу... М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.

1. Абпальваючы агнём, знішчыць поўсць, шчацінне і пад.; апаліць, асмаліць. Пасмаліць курыцу.

2. Асмаліць усё, многае або ўсіх, многіх.

3. і без дап. Смаліць, курыць некаторы час. [Сяргей:] А мужыкі збяруцца да каго-небудзь у хату вечарам, пашэпчуцца.. пасмаляць самасадам і зноў у свае норы. Машара.

4. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апячы. Пасмаліць пальцы.

пасмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак., што.

Пакрыць смалой паверхню чаго‑н.; прасмаліць. Стары Банэдык згадзіўся даць ім [хлопчыкам] човен, нават заканапаціў яго і пасмаліў. Чарнышэвіч.

пасмалі́ць 3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Хутка пайсці, пабегчы куды‑н. [Стралец:] — Ну, яны [козы] і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спалі́ць, спалю, спаліш, спаліць; зак.

1. каго-што. Знішчыць агнём што‑н. Пахла дымам — гаркаватым, быццам толькі што тут спалілі анучку. Савіцкі. З будынкаў, што немцы спалілі, Астаўся адзін катушок. Колас. // Зрасходаваць на асвятленне, ацяпленне, у якасці паліва. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. [Міхась] спаліў гаручага значна больш, чым патрэбна было для зробленай колькасці рэйсаў. Кавалёў. // перан. Пагоршыць стан здароўя, сапсаваць настрой, расстроіць (пра хваробу і пад.). Якраз цяпер крызісны стан, і калі не збіць тэмпературы, дык яна б магла .. [Максімку] спаліць. Сабаленка. Гэтая вестка ўжо спаліла яе [Хадосі] нутро. Гроднеў.

2. што. Знішчыць, высушыць спёкай (расліны). — Як там у вас сенажаць? — Травы спаліла засуха. Танк. Чорны град не пасыпле на поле, І не спаліць жыты сухавей. Прыходзька.

3. каго-што. Разм. Атрымаць апёкі ад агню або чаго‑н. гарачага, едкага; апячы. Спаліць руку кіслатой. // Апячы што‑н., загараючы. Паўлік тады моцна спаліў спіну. Скура лупілася цэлымі палосамі. Беразняк. // перан. Пра дзеянне холаду, марозу. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Шамякін.

4. што. Сапсаваць, моцна перагрэўшы, прывесці ў непрыгоднасць для карыстання. — Я давай праверу, — Кажа Петрусёк, — А то разам з кашай Спалім кацялок. Муравейка.

5. перан.; каго-што. Загубіць (пра моцнае пачуццё, каханне). Развітальная хвіля найгоршая, яна можа і сэрца спаліць. Дубоўка.

•••

Спаліць масты (за сабой) — зрабіць немагчымым вяртанне да мінулага, парваць з ім.

Спаліць свае караблі — рашуча парваць з мінулым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стры́каць ‘утвараць нажніцамі гук стрыгання’, ‘рабіць рэзкія папрокі’, ‘рабіць непрыемныя выхадкі, дабівацца чаго-небудзь’ (Нас.), ‘пстрыкаць’ (ТС), стры́кнуць ‘стрыгануць, выцяць; зрабіць рэзкі папрок’ (Нас.), стрык ‘пстрычка’ (Нас.). Борысь (584) адрознівае прасл. *strěkati ‘калоць; пячы крапівою’ (гл. стрыка́ць) і прасл. дыял. *strikati, якое працягваюць укр. дыял. стри́кати ‘скакаць; пырскаць’, польск. strzykać ‘выцякаць; цячы перарывістым моцным струменем, пырскаць’, в.-луж. třikać ‘кідаць’, чэш. střikat ‘пырскаць’, славац. дыял. strihac ‘балець з перапынкамі; торгаць’, а таксама, відаць, серб.-харв. stȑcati, štrcati ‘пырскаць’, балг. щра́кам ‘пстрыкаць, стукаць’, макед. штрака ‘шчоўкаць’; сюды ж ён уключае і беларускае стры́каць (гл.). Далей этымалогія няясная. Стры́кнуць, магчыма, звязана з стры́гнуць (гл.) як “глухі” варыянт з гукапераймальнай (імітацыйнай) асновай.

Стрыка́ць ‘апякаць крапівою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. 3.), ‘кусаць, джыгаць’ (Нас.), стрыкну́цьапячы крапівою, джыгнуць; узбудзіць, падбухторыць’ (Нас., Гарэц.), стрыка́цца ‘пячыся (аб крапіве)’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Укр. стрика́ти, рус. стрека́ть, стараж.-рус. стрѣкати ‘калоць, джаліць’, ц.-слав. стрѣкаты ‘калоць’, польск. strzykać ‘калоць’, серб. дыял. стре́кнути ‘укалоць’, макед. штрекне ‘кальнуць’, ст.-слав. стрѣкати ‘калоць, джаліць’. Прасл. *strěkati; звязана чаргаваннем галосных з страка́, стро́кі (Траўтман, 289; Фасмер, 3, 773). Адносна фанетыкі беларускіх слоў (ы < е) гл. Карскі, 1, 188. Бязлай (3, 326) аб’ядноўвае папярэдні дзеяслоў і *strěkati у адной праформе *strḗk‑ і адносіць да і.-е. базы *ster‑k‑ ‘зацвярдзець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.

1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.

2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.

3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.

4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ‑ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)