спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў. Броўка. Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару. Лужанін. Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Мележ.

2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць. Шахавец. «Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..» Аўрамчык.

3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Брыль.

4. Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі́; -ве́дзены; зак.

1. каго-што. Ведучы (гл. весці ў 1 і 3 знач.), наблізіць да каго-, чаго-н., даставіць куды-н.

П. таварыша да знаёмых.

П. войскі да пераправы.

П. дарогу да новабудоўлі.

2. што пад што. Пакласці, уладкаваць пад што-н.

П. хату пад кроквы (давесці будаўніцтва да крокваў). П. фундамент.

3. перан., што пад што. Знайсці патрэбныя доказы для абгрунтавання чаго-н. (кніжн.).

П. тэарэтычную базу пад свае выказванні.

4. што пад што. Падагнаць пад што-н., падпарадкаваць чаму-н.

П. злачынства пад артыкул крымінальнага кодэкса.

5. што. Зрабіць агульны вывад з чаго-н.

П. вынікі.

П. баланс.

6. каго (што) пад што. Зрабіць сваімі дзеяннямі непрыемнасць каму-н. (разм.).

П. суседа пад штраф.

7. перан., каго (што). Не апраўдаць чыіх-н. надзей, спадзяванняў, паставіць у няёмкае становішча (разм.).

П. знаёмага.

8. што. Падмаляваць пры дапамозе касметычных сродкаў.

П. бровы.

|| незак. падво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. падвядзе́нне, -я, н. (да 1—5 і 8 знач.) і падво́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 2 знач.).

|| прым. падвадны́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.; спец.).

Падвадныя трубы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

на́ціск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. націскаць — націснуць (у 1 знач.).

2. Моцны напор. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог, — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. І непакорна Стаіць пад гулкім націскам вятроў. Кірэенка.

3. Рашучае, энергічнае дзеянне, імклівы папад на каго‑, што‑н. Перад будынкам суда.. сабраўся велізарны натоўп. Паліцэйскія ледзь стрымлівалі яго націск. Машара. Брыгада несла цяжкія страты пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін. // перан. Моцнае ўздзеянне на каго‑н. Над націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго. У. Калеснік.

4. Патаўшчэнне штрыха пры пісьме пяром. Пісаць з націскам.

5. Вылучэнне складу ў слове сілай голасу або павышэннем тону, а таксама значок над літарай, які паказвае яе вылучэнне. — Між іншым, — сказаў настаўнік, — мясцовыя людзі вымаўляюць назву нашага горада не «Лунінец», як гаворыце вы і наогул усе прыезджыя, а «Лунінец» з націскам на першым складзе. В. Вольскі. // Вылучэнне голасам слова ў размове для таго, каб падкрэсліць яго лагічную значнасць. Лагічны націск. □ [Кірыл:] — Цяпер я не злачынец, як мяне тут доўга лічылі. Цяпер я проста рабочы чалавек. Ён зрабіў націск на слове «рабочы». Кавалёў.

6. перан. Вылучэнне чаго‑н. у якасці асноўнага. [Дзімін:] — Нам на культуру і эканамічнасць вытворчасці націск рабіць ужо трэба... Карпаў. Ніхто не будзе распытваць, колькі там было таго зерня. Юхневіч згнаіў збожжа. Вось на чым зробяць націск, вось пра што будуць казаць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. падвёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. падвядзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; даставіць куды‑н. Падвесці таварыша да знаёмых. □ Што тут робіцца? — недаўменна запытаў Лабановіч. Пісар узяў настаўніка за руку і падвёў да дзвярэй пакойчыка. Колас. Міколку і дзеда старанна абшукалі.. Абодвух падвялі да палкоўніка. Лынькоў. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Наблізіць адзін прадмет да другога. Падвёў [Змітрок] разец да дэталі і з-пад яго закучаравілася сталёвая стружка. Ваданосаў. // Дапамагчы ісці, дайсці каму‑н. Падвесці сляпога па дарозе.

2. Давесці пабудову чаго‑н. да патрэбнага месца, узроўню; падключыць да чаго‑н. Пачалі будаваць.. [майстэрню] на згоне зімы, падвялі пад кроквы і бадай кончаць да лета. Пташнікаў. [Газ] пакуль што прывозяць звадкаваны, у балонах, але з цягам часу падвядуць прыродны. Ермаловіч.

3. Падкласці, падставіць пад што‑н. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці гадваліны, перабраць сцены. Мележ. Скранулася махавое кола, Мікола з Хведарам падвялі пад яго пас, пакінулі, ён зачапіўся, папоўз, правісаючы пасярэдзіне. Кудравец. // Пабудаваць, размясціць пад чым‑н. Падвесці фундамент.

4. перан. Даць тэарэтычнае абгрунтаванне, падшукаць доказы. Што значыць даць «азначэнне»? Гэта значыць перш за ўсё падвесці данае паняцце пад іншае, больш шырокае. Ленін. // Накіраваць гутарку на патрэбную тэму; прывесці да разумення чаго‑н. Падвесці да самастойнага вываду. □ Павел Паўлавіч пачаў, праўда, крыху здалёк, але падвёў да галоўнага ўдала, умела. Шамякін. // Падагнаць пад што‑н., падпарадкаваць чаму‑н. Што і казаць, умеў Казік падвесці пад усякую дробязь «вялікую палітыку». Сачанка.

5. Разм. Сваімі дзеяннямі, словамі нанесці шкоду каму‑н., паставіць у няёмкае становішча; абмануць каго‑н. [Крушынін:] Я веру і Ваяводзіну і Сасноўскаму. Гатоў з імі ісці ў любы бой, не падвядуць. Гурскі. Было вельмі балюча, што хлопец не стрымаў слова, падвёў. Сапрыка. // Не апраўдаць чыіх‑н. надзей, спадзяванняў. [Рыгор Андрэевіч:] — Машына падвяла трохі. Узялі напракат, а яна сапсавалася на паўдарозе. Пальчэўскі. Мікалая [у авіяшколу] не прынялі. Не прынялі! І на будучыню не было ніякай надзеі. Падвяло сэрца. Мележ. // Сваімі дзеяннямі дабіцца чаго‑н. непрыемнага, дрэннага для каго‑н. Падвесці суседа пад суд.

6. Абагуліўшы, зрабіць вывады; падлічыць. — Зразумела, — падвёў вынік Гарачун. — Ідэя ўсім падабаецца. Шахавец. Трэба было падвесці вынікі барацьбы і падумаць аб заўтрашнім дні. Пестрак.

7. Падмаляваць, зрабіць больш яркім, выразным. Падвесці бровы.

•••

Жывот падвяло — тое, што і жывот падцягнула (гл. падцягнуць).

Падвесці вочы — тое, што і закаціць вочы (гл. закаціць).

Падвесці пад абух каго — загубіць.

Падвесці пад манастыр каго — паставіць у вельмі непрыемнае, цяжкае становішча; падмануць.

Падвесці рысу — закончыць, спыніць што‑н., падсумаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)