пушы́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты мяккім пухам або шэрсцю. Пушысты кот. Пушысты хвост. □ [Дзядзька Гэмаль] паказаў нам шкуркі пясцоў і лісаў. Якія яны былі прыгожыя, пушыстыя! Бяганская.
2. Лёгкі, вельмі мяккі. Пасмачка пушыстых Тоніных валасоў выбілася з-пад заляпанай мелам касынкі. Даніленка. Дарога ў пушыстым снезе, сонечная, іскрыстая, усё глыбей вяла Андрэя ў лес. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашаламі́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго.
1. Задурыць галаву. [Старая:] — Ашаломяць .. [вучні] цябе, дзеткі, за ўвесь дзень. Брыль. Ганна тройчы прыгубіла І чарку ўсю перакуліла. — Ой, буду п’яна — ашаломіць. Колас.
2. Аглушыць моцным ударам па галаве.
3. Зрабіць моцнае ўражанне, здзівіць; збянтэжыць. Тэлеграма аб смерці маці..[Веру] зусім ашаламіла. Дамашэвіч. Выпадак з арыштам зусім ашаламіў Андрэя. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.
1. Едучы, аддаліцца на нейкую адлегласць. Ад’ехаць на некалькі крокаў. Ад’ехаць хат за дзесяць. Ад’ехаць ад сяла кіламетраў пяць. Далёка ад’ехаць.
2. Паехаць куды‑н., пакінуць дом (сяло, горад). Ад’ехала Вольга, і на сэрцы Андрэя зрабілася цяжка. Пестрак.
3. Разм. Перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н., адысці. Дзверы ад’ехалі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асвяці́цца, асвеціцца; зак.
Стаць бачным, светлым; напоўніцца святлом. На ўзбярэжнай успыхнулі ліхтары, асвяціліся мачты парахода і ілюмінатары. Лупсякоў. Калі Зазвінела першая скаварада і родны твар асвяціўся гарачым подыхам полымя, — я не вытрымаў больш, азваўся: — Добрай раніцы, Мама. Брыль. // перан. Ажывіцца, прасвятлець пад уплывам якога‑н. пачуцця, думкі і пад. Твар Андрэя асвяціўся радасцю. Скрыпка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хмылі́цца, хмылюся, хмылішся, хмыліцца; незак.
1. Хітра, злосна ўхмыляцца.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Касавурыць вочы, прыціскаць вушы (пра коней). Пачуўшы Андрэя, [коні] сталі хмыліцца і круціцца ў праварынах — не падыходзь... Пташнікаў. Дэраш — так звалі мы [каня] — даволі-такі сцёр зубы, часта наравіўся, хмыліўся не толькі на чужых, а і на мяне самога. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гніля́к, ‑а, м.
1. Кусок гнілога, спарахнелага дрэва. Пень трэба .. узяць на падпалку: сухі гніляк і бяроста стануць гарэць, як смаляк. Пташнікаў. Старыя хрыплівыя ўздыханні напамінаюць гуд пілы, якая рэжа мяккі гніляк. Бядуля.
2. перан. Пра хваравітага, слабага чалавека. Не падобна гэта на Андрэя — даць па зубах, тым больш таму старому гніляку, пра якога ён збіраецца расказаць. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недаўме́нне, ‑я, н.
Здзіўленне, сумненне, стан нерашучасці як вынік неразумення чаго‑н., няяснасці ў чым‑н. Незнаёмы ўлавіў недаўменне на твары Андрэя і спахапіўся, што ў сумятлівасці сваёй забыў адрэкамендавацца. Дуброўскі. Грушка паціснуў плячыма ў нейкім.. недаўменні і з грымасаю на твары паглядзеў у акно. Пестрак. Садовіч стаяў у недаўменні і не ведаў, што будзе далей. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’е́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. пад’еў, ‑ела; заг. пад’еш; зак.
Разм.
1. Наталіць голад, наесціся. [Маці] паклікала Андрэя снедаць. Дзядзька Марцін і Якуб у хату не пайшлі, спаслаўшыся на тое, што яны нядаўна добра пад’елі. Колас. // Паесці. Хіба спакойна пад’ясі, калі цябе чакае цэлая кампанія? Гамолка.
2. што. Аб’есці, абгрызці знізу; сапсаваць. Пад’есці дрэва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праламле́нне, ‑я, н.
1. Спец. Адхіленне, змяненне напрамку (радыёхваль, светлавых, гукавых і інш. хваль) пры пераходзе з аднаго асяроддзя ў другое. Праламленне святла. Праламленне радыёхваль.
2. перан. Суб’ектыўнае асэнсаванне якога‑н. факта, якое мяняе яго сэнс, змест. Андрэй, слухаючы Грышу, адчуваў, што ў ім, у Грышы, паўтараецца ў нейкім сваім праламленні яго, Андрэя, палітычная маладосць. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыты́м, злучнік далучальны (звычайна ў спалучэнні са злучнікамі і, ды, а).
Да таго ж, акрамя таго. Так у Малінаўцы з’явіўся новы гаспадар, і прытым не абы-які. Чарнышэвіч. [Валодзя:] — Ведаць .. [Кастуся] я ведаю, але думаю, што вопыту ў яго мала. [Максім:] — У Андрэя вопыту не больш, прытым і характарам ён мяккаваты. Машара. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)