сма́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад уздзеяннем тэмпературы, агню рабіцца гатовым да ўжывання як ежа. Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры. Колас. Там на вясёлым полымі даўно ўжо смажыліся грыбы ў смятане і яечня з вяндлінай, а на моцным дубовым стале чакалі нас сыр, агуркі, мёд, духмяны хлеб з кменам і вялікі збан кіслага малака. В. Вольскі.

2. перан. Разм. Пячыся па сонцы; знаходзіцца ў гарачым месцы. — Нашы людзі пылу не баяцца, — уставіла сваё мачыха. — Нашы людзі на сонцы смажацца, на дажджы купаюцца і пылам прычашчаюцца, дык ім нічога не абыходзіць. Сабаленка. А Віктар, бачыш ты,.. прымусіў сядзець тут і смажыцца на сонцы. Гамолка.

3. Зал. да смажыць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дані́на, ‑ы, ж.

1. Натуральны або грашовы падатак, які ў старажытныя і сярэднія вякі збіраўся князем, феадалам і пад. са сваіх падданых або пераможцам з пераможанага народа. Абкласці данінай. Збіраць даніну. □ Як аднаму з буйнейшых гарадоў старажытнай Русі, у свой час, па дагавору, выплачваў даніну Полацку нават сам Царград. Васілевіч.

2. Ахвяраванне, дар каму‑, чаму‑н. Нік цярпліва чакае. Потым знімае кепку і абыходзіць усіх, прымаючы даніну. Лынькоў. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Колас. // перан. Тое, што неабходна аддаць як належнае, заслужанае. Даніна павагі. □ Поля добра разумее, што.. ўзнагарода — даніна вялікай бацькавай рабоце, яго прафесарскай годнасці. Мікуліч. Я ў сэрца прагнае ўбіраю Даніну удзячнасці людской Майму спагадліваму краю, Маёй Радзіме дарагой. Гілевіч. // Вымушаная або мімавольная ўступка чаму‑н. Даніна модзе. Даніна часу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. беды, бед; ж.

1. Няшчасце, нядоля, гора. Па рыбацкаму звычаю лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе іх засцігне апошняя бяда. Брыль. Ды зноў бяда: праз год вясною Згарэла хата з варыўнёю. Колас. // Непрыемнасці, клопат. Але сёння здарылася з цыркуляркай бяда — сапсаваўся па нейкай прычыне матор. Гамолка. Трэба, думае [мужык], хоць яйкі ратаваць, бо як астынуць, дык і кураняты не выведуцца: бяда будзе ад жонкі... Якімовіч.

2. Галеча, нястача, недахоп сродкаў для жыцця. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. Вечная ў хаце бяда — Ніва, як палец, вузкая, У хлебе цвіла лебяда. Танк. [Дзед:] — Дзе ж ты [Сымонка] дзенешся зімою? Хто табе прытулак дасць? Эх, спазнаешся з бядою! Эх, шырока яе пасць! Колас.

3. у знач. вык. Дрэнна, нядобра; непрыемнасць. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Колас. [Камандзір:] — Пяхоце шукай, дзе вузей, ды дрэвы валяй цераз ваду. З фурманкамі — таксама бяда. Брыль. // (з адмоўем). Неістотна, не мае значэння. Стараватая будзе жонка? Не бяда! Ён [Беразоўскі] і сам не малады. Чарнышэвіч.

•••

Бяда вялікая — не мае значэння, няважна.

Бяда малая — не датычыцца каго‑н. [Шчырэц:] — Ты [Валошын] — гарадскі, табе бяда малая: Тваіх палёў жаўнеры не патопчуць. Глебка.

Бядой латаны гл. латаны.

Далей ад бяды гл. далей.

Дапамагчы бядзе гл. дапамагчы.

Лезці ў бяду гл. лезці.

Не твая (мая, яго і г. д.) бяда — не твая (мая, яго і г. д.) справа, што табе (мне, яму і г. д.) абыходзіць.

Такой бяды; толькі (той) бяды — не мае значэння; ну дык што ж!

Як на бяду — як назнарок, як на тое.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лу́чыць ’трапіць, пацэліць’ (ТСБМ, Шат.; КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ), ’трапіцца, надарыцца’ (дзярж., Нар. сл.), ’натрапіць, сустрэць’ (ТС; КЭС, лаг.). Укр. лу́чити ’цэліць, прыцэльвацца’, рус. дан., сіб. лучи́ть ’здарацца, дапускаць’, лука́ть ’кідаць што-небудзь’, ’кідаць каменне з прашчы’, уладз., сарат. ’трапляць у цэль’; у выразе: коли бог лучит ’як бог дасць’, ст.-рус. лучити ’дасягаць чаго-небудзь’, ’знаходзіць, сустракаць’, ’даць’; лучитися ’здарацца, адбывацца’, ’прыйсціся’, ст.-польск. łuczyć ’лучыць’, н.-луж. (nad)łucyś se ’здарацца’, чэш. lučiti ’кінуць’, славац. lúčiť ’тс’; славен. lučíti ’кідаць у цэль’, серб.-харв. lúčiti ’знаходзіць, атрымліваць; сустракаць што-небудзь’, макед. лучи ’кідае’, балг. луча ’намерваюся, цэлю, дапускаю, трапляю ў цэль’, ст.-слав. лоучити ’здарацца’. Прасл. lučiti ’цэліць, кідаць у цэль, трапіць’ > ’дасягаць, атрымліваць, сустракаць’ (Слаўскі, 5, 283–285). Да і.-е. *leuk‑ ’глядзець’ (як і *leuk‑ ’свяціць, блішчэць’). І.‑е. адпаведнікі: літ. láukti, lū́čioti ’чакаць’, suláukti ’дачакацца, атрымаць’, ст.-прус. laukīt ’шукаць’, лат. lũkât ’глядзець, спрабаваць’, nùolũkât ’азірацца, назіраць’, nùo‑lũks ’цэль’, ст.-інд. lókate ’назірае’, lokáyati ’бачыць, аглядае’, lōcanam ’вока’, кімр. go‑lwg ’твар’, llygad ’вока’ (< *lukato‑), ст.-грэч. λεύσσω ’бачу, прымячаю’. Асноўнае значэнне і.-е. *leuk‑ было ’глядзець’, якое ў славян змянілася ў ’глядзець вакол сябе’ > ’знаходзіць, дасягаць’, у балтаў — ’глядзець вакол сябе’ > ’чакаць’, ’шукаць’ (Скок, 2, 324–325; Фасмер, 2, 538; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 529–530; Шустар-Шэўц, 11, 784).

Лучы́ць1 ’яднаць, злучаць’ (ТСБМ), лу́чыць ’сябраваць’ (смарг., Сцяшк. Сл.), лучы́цца ’злучацца, далучацца, прыставаць да кампаніі’ (ТСБМ; КЭС, лаг.), ’сватацца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. лу́чи́ти, лучи́тися ’тс’, ст.-рус. лучиты ’аддзяляць, расшчапляць’, лучитися ’аддзяляцца; уцякаць, аддаляцца’; польск. łączyć ’злучаць, яднаць, кантактаваць’, ’злучацца ў пары’, каш. ląčëc ’тс’, ’сутыкацца’, łǫčënë ’заручыны’, з XV ст. з’яўляецца значэнне ’аддзяляць, раздзяляць’, сілез. ’развівацца, заставацца’; н.-луж. łucyś ’з’яднаць, звязваць’, łycyś se ’здарацца’, чэш. loučiti ’дзяліць, разлучаць’, loučiti se ’пакідаць’, славац. lúčiť ’аддзяляць’; славен. lǫčiti (se) ’тс’, ’адрознівацца’, ’раздвойвацца (аб дарозе)’, серб.-харв. лу́чити се ’аддзяляць, адлучаць (цяля)’, ’зганяць у адно месца, напр., свіней’; макед. лачам ’аддзяляю’, ’адлучаю дзіцё ад грудзей’, ’аддзяляць ад асадку’, балг. лъча́ ’тс’, лъча се ’аддзяляцца, быць збоку, пазбягаць людзей’, ст.-слав. лѫчити ’аддзяляць, раз’ядноўваць’. Прасл. lǫčiti ’гнуць, згінаць’ — гэта значэнне часткова захавалася ў чэш. lúčiti se ’згінацца, хіліцца’, славен. lǫ́čiti ’гнуцца’, а пасля ў слав. гаворках адбылося развіццё значэння ў двух процілеглых кірунках: ’аддзяляць, раздзяляць’ ⟷ ’злучаць’ (Слаўскі, 5, 77–79). Уплывалі на гэта і прэфіксы дзеяслова. З’яўляецца першасным ітэратывам да прасл. lękti ’гнуць, выгінаць, скрыўляць’. Адпавядаюць лексеме лучыць літ. lankýti ’наведваць’, ’згінаць, схіляць’, lánkiotiабыходзіць’, lankúoti ’гнуць, рабіць гнуткім’, лат. lùocît ’нахіляць, накіроўваць’ (Фасмер, 2, 537–538; Шустар-Шэўц, 11, 784; БЕР, 3, 565–566 з л-рай).

Лучы́ць2 ’калоць рыбу ноччу васцямі пры святле пучка лучыны’ (полац., З нар. сл.). Да луч3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)