наплява́ць, ‑плюю, ‑плюеш, ‑плюе; ‑плюём, ‑плюяце; зак.

1. Плюнуць некалькі разоў куды‑н., на што‑н. Напляваць на падлогу.

2. чаго. Выкінуць з рота пляўкамі нейкую колькасць чаго‑н. Напляваць шкарлупін.

3. перан. Разм. Аднесціся нядбайна, раўнадушна або з пагардай да каго‑, чаго‑н. Напляваць на справу. Напляваць на работу. □ [Люба:] — Я трымала на руках дзіця і сказала старому, што гэта яго ўнук. Паверыў ён ці не паверыў, але прагнаў мяне. .. Больш я там ужо не была. Наплявала. Чорны.

4. толькі ў форме інф. напляваць у знач. вык., каму. Разм. Выказванне поўнай абыякавасці або пагарды. [Генадзь:] — Будыка не баіцца, што пра яго скажуць. Я так бачу: напляваць яму на вашу камісію. Шамякін. [Расказчык:] — Галосяць яны цяпер, небаракі, так, што, здаецца, каменнае сэрца не вытрымае. А пану і суддзям напляваць на чужое гора. Якімовіч.

•••

Напляваць у душу — вельмі абразіць, насмяяцца, пакрыўдзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пекану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

Разм.

1. каго, каму і без дап. Параніць, прычыніць боль чым‑н. распаленым, жыгучым. Пекануць агнём. Пекануць крапівой. □ Не паспеў я і вокам міргнуць, як адна аса пеканула мяне проста ў брыво. Якімовіч. // Абдаць жарам; прыпячы. У твар .. [Арсену] пеканула чырвань ці то ад злосці, ці то ад сораму. Сабаленка. // перан. Імгненна ўзрушыць чым‑н. Пекануць позіркам. □ [Леапольд Гушка] адвык думаць пра ватага чалавека, а цяпер гэтае аблічча пеканула яму ў сэрца. Чорны.

2. каго і без дап. Моцна выцяць, агрэць. Пекануць бізуном па спіне.

3. Востра, моцна пранізаць, адчуцца (пра боль). Паспрабаваў падняцца і не здолеў — у левай назе пекануў боль. Шамякін. // безас. Пра адчуванне вострага, нясцерпнага болю. — У левы локаць так пеканула, што думалася — рука адляцела. Алешка.

4. Выстраліць; пальнуць. Быццам па ваўках, дзед звыкла Пекануў з драбавіка. Астрэйка. Я спыніўся, паглядаючы на шарака і падумаў: а што калі зайсці з боку кустоў ды адтуль пекануць касому. Ляўданскі.

5. перан.; што і без дап. Сказаць рэзка, прама што‑н. непрыемнае, непажаданае; упікнуць; абразіць. — А захваліць мы не захвалім, старшыня. Заслужыце, і благое ў вочы пеканём. Пальчэўскі. А раўнаваў Косця Гену да справы. І гаварыў яму ў вочы, што думаў. Па праву партызанскай дэмакратыі. Сёння — там, у сямейным лагеры, — таксама пекануў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нанести́ сов.

1. в разн. знач. нане́сці, мног. панано́сіць, панано́шваць;

нанести́ книг нанесці́ (панано́сіць, панано́шваць) кніг;

ло́дку нанесло́ на мель ло́дку нане́сла на мель;

нанести́ на ка́рту нане́сці на ка́рту;

2. (причинить, сделать) нане́сці, прычыні́ць;

нанести́ ра́ну нане́сці ра́ну;

нанести́ уда́р нане́сці ўдар;

нанести́ уще́рб прычыні́ць (нане́сці) уро́н (шко́ду);

нанести́ убы́ток прычыні́ць стра́ту;

нанести́ оскорбле́ние абра́зіць (каго);

нанести́ бесче́стье знява́жыць го́нар (чый), знясла́віць (каго), аганьбава́ць (каго), зга́ньбіць (каго);

нанести́ пораже́ние нане́сці паражэ́нне;

нанести́ визи́т нане́сці візі́т (каму), наве́даць (каго).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

до́бры, ‑ая, ‑ае; дабёр, дабра.

1. Чулы да людзей; спагадлівы, сардэчны. Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. Благі абразіць, а добры разважыць ды яшчэ і парадзіць. З нар. // Які выражае чуласць, спагаду, прыхільнасць. Голас у .. [жанчыны] мяккі, пявучы, добры. Здавалася, што голас гэты гучыць там, дзе пануе шчасце. Чорны. Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар.. поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Лынькоў. // Ужываецца як сталы эпітэт пры словах «людзі», «чалавек». — Асвятленне ў вашых палацах такое, што добрага чалавека адразу і не пазнаеш. Лынькоў. / У зваротку. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер. — Дапамажы мне, добры чалавек, выбрацца адсюль. Якімовіч.

2. Заснаваны на жаданні дабра, прыхільнасці да людзей. Успомніць добрым словам. Зрабіць добрую справу. □ [Надзя:] За два тыдні добрага слова ад вас не пачула. Крапіва.

3. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць; шчаслівы, прыемны. Добрая прымета. Добрая адзнака. Добрая навіна. □ Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў. // Які вызначаецца бесклапотнасцю, весялосцю (пра настрой, гумор і пад.). Гэта здарэнне з Галасам крыху парушыла той добры настрой, у якім быў я, выходзячы з дому. Колас. / У пажаданнях, прывітаннях і пад. Добры дзень. Добры вечар. Добрай ночы. Добрага здароўя. У добры час.

4. Такі, якім павінен быць; з дадатнымі якасцямі або ўласцівасцямі; проціл. дрэнны. Добрая зямля. Добры тавар. Добрыя ўмовы. Добры апетыт. Добры слых. Добрая кніжка. □ Коні ў вусатага добрыя. У момант праскочыць ён з мястэчка на хутар. Чорны. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. Якімовіч. І яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую.. салдацкую стрэльбу. Колас. // Які адпавядае прынятым маральным нормам; варты пераймання. Добрыя традыцыі. Добры густ. Добры тон. □ Абедалі .. [Маеўскія] па-дамашняму — усе разам, паважна, не спяшаючыся, без лішніх размоў, як і належыць у добрай сялянскай сям’і. Шамякін. // Прыгодны для ужывання, карыстання. Добрыя яшчэ боты. Добры грыб.

5. Умелы, старанны ў рабоце; здольны, дбайны. Добры майстар. Добры выкладчык: Добры рабочы. □ — Добры гаспадар заўсёды загадзя пра тое думае, што наперадзе перад ім стаіць. Чорны. Бяда старога, што ён не мае добрага памочніка, які мог бы заўсёды сказаць праўду ў вочы. Гурскі.

6. у знач. наз. до́брае, ‑ага, н. Тое, што мае дадатныя ўласцівасці або якасці, заслугоўвае адабрэння. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае. Бядуля. — Не трэба думаць.. пра тое, што было і больш не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

7. Звязаны ўзаемнай сімпатыяй з кім‑н., блізкі. Гэта быў мой добры знаёмы, сын аднавяскоўца Мірона. Якімовіч. // Заснаваны на ўзаемнай прыхільнасці. [Карнейчык:] Нашы пачуцці не абмяжоўваюцца ні спальняй, ні сям’ёй, ні добрым суседствам. Крапіва.

8. Чысты, слаўны, не зганьбаваны. Пакінуць пра сябе добрую памяць. Аб ім ідзе добрая слава. Ганьбіць добрае імя.

9. Разм. Дастаткова вялікі, значны па колькасці, велічыні. Добры заработак. □ — Я пайду ў матросы, там, людзі мне казалі, можна лёгка зарабіць добрыя грошы. Самуйлёнак. // Вялікі, здаровы, ладны. Санька забег у хату і вынес некалькі бульбін і добрую лусту хлеба. Ваданосаў. Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу. Лынькоў. // Моцны, значны, дастаткова адчувальны. Добры мароз. □ Шынель быў заляпаны граззю, запылены, відаць, трапіў пан камендант у добрую перапалку ноччу. Лынькоў.

10. Разм. Цэлы, поўны, з лішкам (пра колькасць, велічыню). Ісці было з добрыя тры кіламетры. Дуброўскі. — Войска, брат, ёсць. Узвод — не узвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль. // Сапраўдны; глыбокі. Праз колькі часу, ужо ў добрую восень, у хмурны сівер, мы, дзеці, убачылі .. парабчышынага сына. Чорны.

•••

Бюро добрых паслуг гл. бюро.

Дзень добры!; Добры дзень! гл. дзень.

Добрага здароўя гл. здароўе.

Добрая ласка гл. ласка.

Добры вечар гл. вечар.

Добры геній гл. геній.

Людзі добрай волі гл. людзі.

На добры лад гл. лад.

На добры розум; пры добрым розуме гл. розум.

Не ад добрага жыцця гл. жыццё.

Па добрай волі гл. воля.

Па-добраму — мірна, без сваркі.

У добры час гл. час.

Усяго добрага — развітальнае нежаданне.

Чаго добрага (у знач. пабочн.) — бадай, магчыма (пры чаканні чаго‑н. непрыемнага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

честь ж.

1. го́нар, -ру м.;

де́ло че́сти спра́ва го́нару;

заде́ть чью́-л. честь закрану́ць (абра́зіць) чый-не́будзь го́нар;

2. (самое драгоценное) го́нар, -ру м.; (гордость) го́рдасць, -ці ж.;

э́тот студе́нт — честь на́шего институ́та гэ́ты студэ́нт — го́нар (го́рдасць) на́шага інстыту́та;

3. (почёт, уважение) паша́на, -ны ж.; пава́га, -гі ж.; го́нар, -ру м.;

быть в чести́ быць у паша́не;

э́то больша́я честь для меня́ гэ́та вялі́кі го́нар (паша́на, пава́га) для мяне́;

4. воен. го́нар, -ру м., паша́на, ж.;

отдава́ть честь выка́зваць паша́ну;

во́инская честь вайско́вы го́нар;

в честь (кого-, чего-л.) у го́нар (каго-, чаго-небудзь);

вы́йти с че́стью вы́йсці з го́нарам;

де́лать (сде́лать) честь а) рабі́ць (зрабі́ць) го́нар; б) (оказывать, оказать уважение) рабі́ць (зрабі́ць) ла́ску;

име́ть честь уст. мець го́нар;

к че́сти (чьей-л.) на го́нар (каму-небудзь), на сла́ву (каму-небудзь);

пора́ и честь знать трэ́ба ме́ру ве́даць;

послу́шать че́стью паслу́хаць па-до́браму;

проси́ть че́стью прасі́ць па-до́браму;

по че́сти говоря́ пра́ўду (шчы́ра) ка́жучы;

счита́ть за честь мець за го́нар;

честь и ме́сто калі́ ла́ска, сяда́йце; паша́на і ме́сца;

честь че́стью як ма́е быць; як нале́жыць;

береги́ честь смо́лоду погов. шану́йся замалада́ — не напатка́е бяда́; шану́й сябе́, то й лю́дзі шанава́ць бу́дуць;

по труду́ и честь яка́я спра́ва, така́я і сла́ва; як дба́еш, то й пава́гу ма́еш.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. каго-што, у што, па чым і без дап. Нанесці ўдар, выцяць; стукнуць. Ударыць вартавога прыкладам. Ударыць кулаком па стале. □ Грыша не мог больш стрымаць свае злосці і з усяе сілы ўдарыў пана. Пальчэўскі. Рыпіць і грукае аб сцяну аканіца, што сарвалася з кручка, — ударыць, адскочыць і зноў калышацца. Каршукоў. Зашумелі хвалі, моцна і сярдзіта ўдарылі ў бераг. Шамякін. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў. // перан.; каго і ў што. Прычыніць каму‑н. боль, пакуты. Бяда звалілася раптоўна і балюча ўдарыла ў сэрца. Пянкрат. [Аржанец:] — Табе, брат, цяжка. Не ты адзін такі: многіх ударыла і многіх яшчэ ўдарыць вайна. Брыль. / у безас. ужыв. Ударыла токам. // перан. Пакрыўдзіць, абразіць каго‑н. Шабета знянацку ўдарыў [Васіля] пытаннем: — Даўно ў лесе б[ы]ў? Мележ.

2. каго-што. Пашкодзіць сябе ўдарам, выцяць. Сяргей устаў з тапчана і незнарок ударыў нагу. Федасеенка.

3. што, у што. Ударам утварыць гук. Ударыць у далоні. □ Ад плошчы даляцела новае салдацкае «Ура!». Дробна і часта ўдарылі ў барабаны. Грымнуў і доўга ўжо не змаўкаў марш. Карпаў. Звонка ўдарылі ў цынкавае вядро густыя струмені малака, зашумеў, запеніўся пахучы сырадой. Бялевіч. // Ударамі апавясціць, адзначыць што‑н. Ударыць трывогу. Ударыць у набатны звон. □ І толькі пасля таго як ударылі ў рэйку... аб’явіўшы канец работы,.. [Федзя] сарваў адну кветку і падышоў да варот. Хомчанка. / Пра бой гадзінніка. Гадзіннік стрэлкі ўгору падганяе, Ударыў поўнач звонкі малаток. А. Александровіч. // без дап. Раздацца, прагучаць. Ля станцыйнага будынка заварушыліся нешматлікія пасажыры, вось-вось павінен быў ударыць звон, да якога падыходзіў ужо чалавек у чырванаверхай шапцы. Хадкевіч. Ударыў гром, і поруч з гэтым Пабег Ручай, за ім другі. Лужанін.

4. Разм. Выстраліць, распачаць стрэльбу. Справа з хмызняка ўдарыла раз, другі гармата. Мележ. З зямлі ўдарылі і змоўклі зеніткі. Асіпенка. Ударылі кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, пачалі біць мінамёты. Гурскі.

5. па кім-чым. Разм. Імкліва і рашуча нанесці ўдар ворагу і атакаваць. Партызаны дружна ўдарылі па немцах. Сіняўскі. Асноўныя сілы атрада зайшлі ў тыл ворага і нечакана ўдарылі па карніках. Шчарбатаў. [Палкоўнік:] — З меншымі сіламі можна адолець ворага, калі ўдарыць знянацку. Новікаў. Па акупантах так ударым, што не далічацца касцей. Таўлай.

6. перан.; па кім-чым. Спыніць чые‑н. адмоўныя, шкодныя дзеянні; знішчыць што‑н. шкоднае, адмоўнае. Ударыць па бюракратах. Ударыць па недахопах. □ Пашоргаўшы косы мянташкамі, чатыры хлопцы, як месяц назад на сенажаці, размахнуліся на ўсё плячо, ударылі па пустазеллю. Шахавец. // Разм. Панесці ўрон, шкоду каму‑, чаму‑н. Моцна ўдарыла вайна па ўсіх планах аканома. Чарнышэвіч.

7. у што, па чым. Трапіць куды‑н. Куля ўдарыла ў сцяну. □ Маланка ўдарыла ў старую бярэзіну, паляцелі долу галіны. Гурскі. // перан. Імкліва пранікнуць куды‑н. Першы стрэл балюча ўдарыў у вушы. Шамякін. Гарачыня ўдарыла ў твар Смірыну. Алешка. Хвошч падняў маснічыну, і ў нос ударыла сырым пахам бульбяных парасткаў. Лупсякоў. Лукер’я Мінаўна пстрыкнула ўключальнікам, святло ўдарыла па вачах. Місько.

8. перан.; у што. Уздзейнічаць на што‑н. (свядомасць, здольнасць рухацца і пад.). Віно ўдарыла ў галаву. □ Язэп адчуў, як у галаву, нібы хмель, ударыла злосць. Асіпенка. // без дап. Пачаць дзейнічаць з вялікім напорам; забіць. Нафтавы фантан ударыў восенню, у пахмурны, імглісты дзень. Навуменка. Пад правым крылом самалёта ўдарыў магутны фантан агню. Новікаў. Спярша са шчыліны ўдарыў газ. Кірэйчык.

9. што і без дап. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н. (іграць, бегчы і пад.). Аркестры ўдарылі Радасны марш. Глебка. Пасля добрай вячэры музыканты павесялелі, ажывіліся. Ударылі вальс, пасля абэрак. Дамашэвіч. [Пятро:] Выскачыў я з ружжом, босы,.. а яны [воўк і сабака] ужо вуліцу праскочылі, махнулі цераз плот і ўдарылі па гароду — толькі снег віхурай павіс. Ракітны. // чым. Пачаць энергічна дзейнічаць чым‑н. Матросы ўдарылі вёсламі, шлюпка слізганула па вадзе, за кармой закіпеў белы струмень. Хомчанка.

10. перан.; без дап. Наступіць, здарыцца раптоўна, пачацца з вялікай сілай (звычайна пра з’явы прыроды). Ударыў дождж. □ Не ў пару ўдарылі першыя асеннія замаразкі. Сяргейчык. Ударыў вецер з Фінскае затокі. Звонак. А ячмень і зусім яшчэ ад зямлі не адрос, як пусціў каласкі. Ударыла сухмень — ён так і сеў. Сяркоў.

11. безас. Раптоўна ахапіць (пра стан чалавека). На вуліцы, пад каштанамі, Кірыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклі раўчакі за каўнер, залівала вочы. Шамякін.

•••

Кроў ударыла ў твар каму гл. кроў.

Не ўдарыць (не ўпасці, не пляснуцца) тварам у гразь — паказаць сябе як мага лепш, не асарамаціцца, выканаць што‑н. найлепшым чынам.

Палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (не стукнуць) — зусім нічога не зрабіць, звычайна для дасягнення якой‑н. мэты.

Ударыць па кішэні — увесці ў вялікія выдаткі.

Ударыць па руках — прыйсці да пагаднення з кім‑н.; заключыць здзелку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)