ру́хнуть сов.

1. павалі́цца; (обрушиться) абвалі́цца, абру́шыцца, абуры́цца; (упасть) упа́сці; (без сил) звалі́цца;

стена́ ру́хнула сцяна́ абвалі́лася (упа́ла);

2. перен. па́сці, правалі́цца, пайсці́ ма́рна; (погибнуть) загі́нуць;

ру́сское самодержа́вие ру́хнуло ру́скае самадзяржа́ўе па́ла;

все пла́ны врага́ ру́хнули усе́ пла́ны во́рага правалі́ліся;

наде́жды ру́хнули надзе́і пайшлі́ ма́рна (не збылі́ся);

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.

2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.

3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.

4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.

5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Упасці ў якую‑н. яму. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. // Упасці куды‑н., праламаўшы паверхню ўласным цяжарам. Лёд праламаўся, .. [Міхал Тварыцкі] праваліўся па пояс у ваду. Чорны.

2. Абрушыцца, абваліцца; праламацца пад цяжарам. На ганку правалілася масніца... Мележ. У пасялкоўца Цімоха Бабуры здарылася бяда ў хаце: у печы правалілася чарано. Колас.

3. Стаць упалымі, уваліцца (пра вочы, шчокі). У пакой зайшоў Мяснікоў. Стомлены, — відаць, ён увесь час недасыпаў — праваліліся вочы, пахудзеў. Гурскі.

4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу ў якой‑н. справе. Планы праваліліся. // Быць раскрытым (пра падпольшчыкаў, падпольную арганізацыю). [Бачароў:] — Вядома, гарантыі даць не магу, але з палкоўнікам многія трымаюць сувязь і ніхто яшчэ не праваліўся. Новікаў. // Атрымаць нездавальняючую адзнаку на экзамене. Неўзабаве пасля вайны Вера паступала ў медыцынскі інстытут і правалілася на ўступных экзаменах. Дуброўскі.

•••

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатовы.

Праваліцца мне скрозь зямлю — клятвеннае запэўненне ў чым‑н.

Як скрозь зямлю праваліўся — нечакана, бясследна знік, прапаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змыць, змыю, змыеш, змые; зак., каго-што.

1. Мыццём ліквідаваць, зняць (звычайна пра тое, што забруджвае, робіць нячыстым). Змыць смалу з рук. □ Марыйка разарвала кашулю на параненым, змыла кроў, якая запяклася кругом раны. Гурскі. Пасля дзённых спраў, турбот Добра змыць на тварах пот! Дзеружынскі. // Мыццём ачысціць што‑н. Змыць лаўку. // перан. Пазбавіцца, ачысціцца (ад таго, што ганьбіць, няславіць). — Прашу я вас: на полі бою Сваю віну дазвольце змыць крывёю. Бачыла.

2. Знесці (вадой, цячэннем). Здаецца, .. усё мора, узнятае невядомай сілай да неба, абваліцца на зямлю .. і змые адным махам і гэтыя маленькія домікі, і сіратліва-ўбогія дрэўцы, і пачарнелыя ад дажджу слупы. Шамякін. Паміж голых яблынь яшчэ прыкметны грады — восеньскія дажджы не паспелі змыць, зраўняць межы. Чыгрынаў. / у безас. ужыв. Выцягнулі з вады лодку, убілі ў гліністы грунт калок, прывязалі яе, каб не змыла часам. Хадкевіч.

•••

Як вадой змыла — пра раптоўнае, бясследнае знікненне каго‑, чаго‑н. Жука і Барадатага як вадой змыла — уцяклі ў кусты ад пчол. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упасці, апасці, выпасці, паваліцца, зваліцца, абваліцца, вываліцца, скінуцца / коцячыся: скаціцца; рынуць, рухнуць, бухнуць, бухнуцца, гопнуцца, гэпнуцца, гакнуцца, грукнуцца, бразнуцца, грымнуць, грымнуцца, грохнуцца, шлёпнуцца, ляпнуцца, пляснуцца, чмякнуцца, шухнуць (разм.); паляцець, зляцець (перан.) □ зляцець з ног, зарыць носам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

завали́ться

1. в разн. знач. завалі́цца, мног. пазава́львацца;

кни́га завали́лась за шкаф кні́га завалі́лася за ша́фу;

он завали́лся спать ён завалі́ўся спаць;

2. (запрокинуться) разг. закі́нуцца, мног. пазакіда́цца, пазакі́двацца, адкі́нуцца, мног. паадкіда́цца, паадкі́двацца;

одна́ рука́ его́ беспо́мощно завали́лась наза́д адна́ рука́ яго́ бездапамо́жна закі́нулася (адкі́нулася) наза́д;

3. (обрушиться) разг. абвалі́цца, мног. паабва́львацца, абуры́цца, абру́шыцца;

плете́нь завали́лся пляце́нь абвалі́ўся (абуры́ўся, абру́шыўся);

4. (потерпеть неудачу, провалиться) прост. правалі́цца, мног. паправа́львацца;

завали́ться на экза́мене правалі́цца на экза́мене;

хоть завали́сь хоць завалі́ся;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

увалі́цца 1, увалюся, увалішся, уваліцца; зак.

1. Упасці, праваліцца куды‑н. Каб не ўваліцца ўпоцемках у якую-небудзь яму, Пераход увесь час глядзеў сабе пад ногі. Кулакоўскі. Зімою, у самыя маразы .. гусак у калодзеж уваліўся. Лобан. // Укуліцца, з ходу сесці (у вазок, калёсы, кузаў машыны і пад.). Калі .. [Сотнікаў] неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Быкаў. [Вугальнік] адразу, выйшаўшы ад дырэктара, уваліўся ў сані .. і пагнаў каня. Пташнікаў.

2. Стаць упалым. Уваліліся грудзі. У казы бакі ўваліліся. □ Вочы [палкоўніка] пачырванелі ад бяссонных начэй, шчокі ўваліліся. Шамякін. І Нюра вельмі пахудзела, пахудзела і пастарэла. Шчокі ўваліліся, каля губ маршчыны. Вочы сумныя. Арабей. Рыгор Данілавіч пахудзеў, вочы глыбока ўваліліся, на твары .. жоўтыя плямы. Хведаровіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Праваліцца, абваліцца; абрушыцца ўнутр чаго‑н. Увалілася страха гумна на ток. // Асесці. [Загароўская:] — Увесну сорак пятага года я з дзецьмі прыйшла, каб прыбраць магілу салдата. За зіму магіла ўвалілася. Я сказала, што трэба падсыпаць зямлі, а сама з групай дзяцей пайшла ў лес, каб зрабіць вянок. Гурскі.

4. Разм. Цяжка, з шумам, грукатам увайсці куды‑н.; уварвацца няпрошаным. Тое, што столькі мужчын увалілася адразу ў хату, мусіць, спалохала гаспадыню. Сабаленка. Многія пачалі развітаецца з маладажонамі, і тады ў залу ўваліўся Ігар Раеўскі. Даніленка. // перан. Нечакана ўзнікнуць; укінуцца. У вёску ўваліўся тыфус, перахварэлі ім усе і ў нашай сям’і. Хадкевіч. Быў выпадак, калі ўзвод напаткала вельмі цяжкая бяда — уваліўся сыпняк. Кулакоўскі.

увалі́цца 2, уваліцца; зак.

Стаць цвёрдым, ушчыльніцца ў працэсе валення (пра сукно, шэрсць). Сукно добра ўвалілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Упасці за што‑н. Кніга завалілася за шафу. □ Адзін пялёстак сарваўся з агністай кветкі, упаў Яську ў правы лапаць і заваліўся за анучу. С. Александровіч. // Згубіцца, упаўшы за што‑н., куды‑н. [Любка] то шукала яшчэ аднаго нажа, які недзе заваліўся, то дасыпала солі на сподак. Дамашэвіч. // Абл. Зваліцца, уваліцца куды‑н. У рашучы момант конь.. недалужна згайдануўся, нырнуў і заваліўся пярэднімі нагамі ў яму, прысыпаную снегам. Колас.

2. Паваліцца, абваліцца, абрушыцца. — Гнілое ты не падпірай, яно заваліцца ўсё роўна. Дубоўка. — Мама, — пераконвала Марына, — заваліцца яшчэ столь і нас з табой прыцісне. Б. Стральцоў. А цяпер яна, студня тая, завалілася. Дрэва хоць і камянее ў сырой зямлі, а ўсё роўна гніе памаленьку. Пташнікаў. / Разм. Упасці, не ўстояўшы на нагах. Азін немец.. піхнуў [маці] карабінам у грудзі так, што яна аж завалілася. Гарэцкі.

3. Разм. Улегчыся, залегчы. — Тут, пан мой, паненкі адны сядзяць, а ён спаць заваліўся, — адчытваў Лабановіча вясёлы падлоўчы. Колас. Сымон заваліўся на ложак і праспаў да самага вечара. Чарнышэвіч.

4. Разм. Бесцырымонна зайсці, заявіццца куды‑н. Калі Бешчат.. памкнуўся зашторваць акно, да яго ў бар нечакана заваліўся пан Томчак. Бажко.

5. чым. Разм. Атрымаць многа чаго‑н. Паходню няма чаго бунтаваць. Яны сёлета заваляцца хлебам. Хадкевіч.

6. Аказацца заваленым, загрувашчаным чым‑н. І ўжо ніколі не зарасце гэтая сцежка мохам ці травою, не заваліцца ламаччам. Кулакоўскі.

•••

Хоць заваліся — пра поўны дастатак, мноства чаго‑н. — Лёгка цяпер вучыцца дзецям. Кніжак — колькі хочаш, паперы і сшыткаў — хоць заваліся, настаўнікі — усе з вышэйшай адукацыяй. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)