улаві́ць, улаўлю, уловіш, уловіць; зак.

1. каго-што. Разм. Схапіць, злавіць каго‑, што‑н. [Хлапчук] выйшаў, улавіў за лейцы каня і накіраваў зноў на палоску. Мурашка. Улавілі [казакі] і Максіма Цёмнай ночкай у бары. І павіслі на асіне Нашы хлопцы-бунтары. Машара.

2. перан.; што. Успрыняць органамі пачуццяў тое, што слаба праяўляецца, хутка знікае. Улавіць шолах лесу. Улавіць пах кветак. □ — Ручаюся! — прамовіў я, саромеючыся, і ўлавіў дакорлівы позірк Вольгі, якая, стоячы збоку, прыслухоўвалася да размовы. Карпюк. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома. Пташнікаў. Вавулін прыгледзеўся і ледзь улавіў цёмны цень фурманкі, што марудна рухалася насустрач. Лупсякоў. // Заўважыць, прыкмеціць, адчуць што‑н. У .. позірку [дзяўчыны] .. [Іван] улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў. Быкаў. Хутка Ніна прыйшла сапраўды, і яе паяўленне Юрка ўлавіў не вачыма, а адразу ўсёй істотай. Навуменка. // Зразумець, выявіць сутнасць, характэрныя рысы чаго‑н. Насця гаварыла, не павышаючы голасу, і Заранік напружваў слых, каб улавіць сэнс яе слоў. Хадкевіч. Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. // Запомніць, пераняць мелодыю, матыў і пад. Песня была новая, слоў .. [Жыгалка] не ведаў, але хутка ўлавіў матыў і цягнуў яе з натхненнем. Дуброўскі.

3. што. Сумець своечасова скарыстаць, выкарыстаць зручны час. Улавіўшы момант, калі сход можна было пачынаць, Карэцкі ўстаў з-за стала. Шахавец.

4. што. Выявіць і прыняць, зарэгістраваць якімі‑н. прыборамі. Улавіць радыёхвалю. Улавіць слабыя токі. □ Аўтаматы сейсмастанцыі ўлавілі ваганні планеты і ўключылі прыборы і асвятленне. Шыцік.

•••

Улавіць вухам — пачуць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́рты, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі настойлівы, паслядоўны ў ажыццяўленні чаго‑н. Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка. Будзь упарты і смелы ў жыцці, Перашкоды знішчай — не здавайся, За маланкаю ў неба ляці, А зямлі сваёй роднай трымайся. Хведаровіч. // Які ажыццяўляецца цвёрда і паслядоўна, з вялікай вытрымкай, стойкасцю. [Нэля] прачытала .. [словы]: «Моцная сіла волі — гэта вынік упартай трэніроўкі, упартай працы над самім сабою». Лупсякоў. Нялёгка давалася Карпу навука, і Варановіч дзівіўся яго ўпартай настойлівасці і неверагоднай уседлівасці. Дуброўскі. Міру хацелі мы, міру жадалі, Працаю ўпартай мы мір бераглі. Астрэйка.

2. Незгаворлівы, які імкнецца рабіць што‑н. толькі па-свойму, наперакор каму‑н. Маці пачала адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч. Юра гарачы, упарты. Часамі выкідвае такія «конікі», што пасля і сам не рад. Бяганская. — Ат, — махнуў.. [дзед] рукой. — І навошта гэта, не ведаю, быць такім упартым, як баран. Брыль. // Які дрэнна паддаецца прыручэнню (пра жывёл). З гадзіну біўся старшыня, Ніяк не мог злавіць упартага каня, — Уцякае ад яго Буланы. Корбан. // Які выражае ўпартасць. Марцін жорстка зірнуў ва ўпартыя вочы Насці. Мележ. // Які не прычэсваецца (пра валасы). Яўстрат сядзеў далёка ад вогнішча, на мяккіх грывах белага сіўцу — шчуплы, далёка ўжо не малады, без шапкі, хоць і ў ватоўцы, з упартым рыжым ёршыкам — і мудраваў над кашом. Ракітны.

3. перан. Зацяжны, непрымірымы. Будзе бой цяжкі і ўпарты, Але час адбыцца бою. Кірэенка. Перакіпеў упарты, жорсткі На вуліцах берлінскіх бой. Прануза. // Настойлівы, няспынны. Сярод насельнікаў гета ішла ўпартая чутка, што немцы ўзводзяць наўкола горада ўмацаваны. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упе́рад, прысл. і прыназ.

1. прысл. У напрамку перад сабой; у напрамку паступальнага руху; проціл. назад. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў. Лынькоў. Машыніст насунуў рэгулятар уперад. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе. Васілёнак.

2. прысл. У напрамку далейшага развіцця, у будучыню. Блок камуністаў і беспартыйных .. увасабляе непарушнае яднанне Камуністычнай партыі, Савецкага ўрада і шырокіх народных мае, што з’яўляецца зарукай усіх нашых поспехаў, нашага пераможнага руху ўперад да камунізма. «Звязда». Цвёрдасць, рашучасць свая ўсё ж давалі глядзець уперад з нейкай надзеяй. Мележ.

3. прысл. Спярша, спачатку, раней. Уперад падумай, а потым гавары. □ Марыля абкружвала .. [руку] хусцінкай, уперад ад болю, а потым ад сораму. Брыль. Мне і ўперад, вядома, хацелася есці, але я не адчуваў так моцна голаду, не адчуваў так той хваравітай прагі да яды, якая цяпер не давала супакою. С. Александровіч. // Раней за каго‑, што‑н. А Сямён яшчэ ўперад за мяне ўправіўся са сваім [гітлераўцам]. Шуцько. // Некалі, калісьці; даўней. [Дзед:] — Я — быў дуж! Бывала, на ўсім сяле са мною ніхто не мог паборацца. У лесе шулы — адзін клаў .. — Уперад, кажуць, усе людзі былі дужыя, — пагаджаюся я. Скрыган.

4. прысл. Раней вызначанага тэрміну. Максім падзякаваў і папрасіў узяць грошы, колькі належыць, за месяц уперад. Машара.

5. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н., раней за каго‑н. [Матрос:] — Ды не лезь ты [Сцёпка] ўперад бацькі ў пекла... Хомчанка.

6. у знач. выкл. Ужываецца ў якасці загаду рухацца ў напрамку перад сабой. — За ўладу Саветаў, уперад! — пачулася каманда. Гурскі.

•••

Крок уперад — тое, што і крок наперад (гл. крок).

Ні ўзад ні ўперад гл. узад.

Узад і ўперад; узад-уперад гл. узад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усхо́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. З’яўленне над гарызонтам (нябеснага свяціла, зары). Не ноч, а дзень прыносіш нам, свяціла. Люблю ўсход твой ясны сустракаць... Пушча. Усход сонца афарбаваў акно ў спальні Крушынскага. Бядуля. // Час, калі сонца ўзыходзіць, падымаецца над лініяй гарызонта. Даніла ў гэты дзень устаў яшчэ да ўсходу сонца. Краўчанка. // Частка гарызонта, дзе ўзыходзіць сонца. Усе позіркі былі звернуты на ўсход. А там, на спакойным снегавым гарызонце, ледзь-ледзь, адным краёчкам, выглядала ярме сонца. Бяганская. Калі мы выязджалі з двара, на чыстым ясным усходзе ўжо зацяплілася неба. Якімовіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у тон час, калі ўзыходзіць сонца. Штодня глядзеў я, Безнадзейны, На ўсход і захад залаты. Колас.

2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы захаду. Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. Шамякін. // Напрамак, процілеглы захаду. [Жанчына:] — Учора двое сыноў у ваенкамат пайшлі: Платон і Гараська. Думала, на станцыі пабачуся з імі яшчэ разочак.. Але дзе там, на станцыі нікога. На ўсход усе падаліся... Кавалёў. Неўзабаве атрад Сахарава рушыў на ўсход. Грахоўскі.

3. Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку. Усход краіны за кароткі тэрмін быў ператвораны ў асноўную базу ваенна-прамысловай вытворчасці. «Звязда».

4. (з вялікай літары). Краіны, размешчаныя ў гэтым напрамку і супрацьпастаўленыя Заходняй Еўропе. Блізкі Усход. Сярэдні Усход. Далёкі Усход.

•••

Паўднёвы ўсход — а) напрамак паміж поўднем і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Паўночны ўсход — а) напрамак паміж поўначчу і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

усхо́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Верхняя больш высокая частка ступні; пад’ём. Боты ціснуць на ўсходзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. у каго-што, па кім-чым. Накіроўваць стрэл, удар у пэўную цэль. Паліцай цаляў у Андрыяна, але папаў у яго таварыша. Марціновіч. Спачатку немцы спрабавалі агрызацца, цалялі па самалётах з зенітак. Сачанка. // у што. Імкнуцца папасці (рукой, нагой і пад.) куды‑н., у што‑н. Усе яшчэ спалі, толькі Вара, пазяхаючы, цаляла рукой у рукаў ватоўкі і ніяк не магла патрапіць. Сабаленка. Не адставай, сынок, не адставай, — раз-пораз падахвочваў тата мяне. — Ты ў мае сляды цаляй — лягчэй будзе ісці. Пальчэўскі. // перан.; у каго-што. Разм. Мець каго‑н. на ўвазе. Каб не было памылкі, у каго ён цаляе, Чорны зрабіў сугучнымі прозвішчы прататыпа і героя. Лужанін. // да каго-чаго, на каго-што. Разм. Ісці, кіравацца ў пэўным напрамку. Адзін цаляў да Валодзі, другі накіраваўся да Івана. Новікаў.

2. Пападаць, трапляць. Кулі сыпаліся градам, а .. [Андрэй] не адчуваў, не заўважаў, куды яны цалялі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, месца. Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед. Колас. — Эге, весела сёння ў народнай! — гукнуў ад парога Мальчэўскі. — Хто тут сёння ў завадатары цаляе? Васілёнак. // з інф. Імкнуцца зрабіць што‑н. пэўным чынам, у пэўны час або ў пэўным месцы. [Валодзя], відаць, цаляў выходзіць з дому і прыходзіць так, каб не трапляцца мне на вочы. Сабаленка. Як толькі малыя з заняткаў, дык.. [жанчыны] ў школу. І ўсё цаляюць заходзіць па адной. Кавалёў.

•••

Зуб на зуб не цаляе — тое, што і зуб на зуб не пападае (гл. зуб).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цара, належыць яму. Царская карона. Царскі тытул. // Звязаны роднаснымі адносінамі з царом. Тут паказвалі на князёўну царскай крыві — на ёй была дыядэма. Самуйлёнак.

2. Які адносіцца да палітычнага рэжыму на чале з царом. Царскае самадзяржаўе. Царскі рэжым. □ Царскае самаўладства не лічылася з духоўнымі запатрабаваннямі народа і ўсяляк перашкаджала развіццю беларускай культуры, друкаванню кніг на роднай мове, не прызнавала нават і існавання самой мовы беларусаў. Суднік. Калісьці даўняю часінай, Пад царскім гнётам і ярмом Мая цудоўная краіна Была магілай і турмой. Глебка. // Звязаны з перыядам царызму. А ён [Сяргей Карага], па праўдзе сказаць, яшчэ і не жыў. То бадзянні па астрогах у царскія часы, то работа ў падполлі, то гэтая вайна... Колас. // Які мае такі палітычны рэжым. Была Расія царскіх дзён, А дні былі, як ночы; Душыў бязлітасны прыгон. Купала. // Пра грошы царскіх часоў. Пакуль Міхась корпаўся, завязваючы ў клунак сваю цывільную вопратку, да яго падышоў Крываручка і ціхачом дастаў з кішэні дзве царскія сторублёўкі, усунуў яму ў кішэню. — Гэта ад мяне перадай. Машара.

3. перан. Вельмі багаты, раскошны; як у цара. — Ідзі запрагай каня, — сказаў Ян, — і прыязджай забіраць лён. — У гэтым годзе, брат, лён у цябе царскі. Чарнышэвіч. [Бацька:] — Сёння ў нас, маці, царская вячэра! Гамолка. І вінаграднік, ветрам абласканы, Спяліў пад небам царскія плады. Чэрня. / у жарт. ужыв. [Коля:] — Трэба зрабіць палаці, нацягаць туды травы, густа выкласці, і пасцеля, брат, будзе царская. Спі і радуйся. Ставер. — Вядома, работа не царская, — пажартаваў .. [Сцяпан], з крэктам узнімаючы рыдлёўку, — але грашавітая. Савіцкі.

•••

Царская гарэлка гл. гарэлка.

Царскія дзверы гл. дзверы.

Царскі абед гл. абед.

Царскі стол гл. стол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шмыгнуць, пабегчы, кінуцца куды‑н. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Лобан. Сымон.. шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай. Караткевіч. // Хутка залезці куды‑н., схавацца пад чым‑н., дзе‑н. Шуснуць у ложак. □ Тут якраз за дзвярыма пачуўся дзедаў голас, і Косцік шуснуў назад пад дзяружку. С. Александровіч.

2. Саскочыць, зваліцца адкуль‑н. — Я зноў скачу першым! — крыкнуў Юзік і шуснуў уніз. Даніленка. Бондар не бачыў, як шуснула ў адхон Надзя, як упаў, зрашэчаны кулямі, машыніст. Навуменка.

3. Нечакана, імгненна праваліцца, упасці куды‑н. Кінуў я сваю вуду і бягом на выручку. Але пакуль дабег, мой сябар спатыкнуўся і шуснуў амаль па самыя пахі ў ваду. Ляўданскі. Лёд праламаўся, і я шуснуў пад яго. Скрыган.

4. Хутка, з сілай выліць што‑н. вадкае. Ухапіў [Віктар] у сенцах вядро халоднае вадзіцы, выскачыў на двор, азірнуўся і шуснуў на сябе. Сташэўскі. // Раптам паліцца, выліцца, пасыпацца. У тую ж секунду на .. [Віцю] шуснула гарачая вада. Яна заліла нос, вушы, вочы. Нядзведскі. Шуснуў дождж, серабро ручаінаў Зазвінела на сотні ладоў. Лойка.

5. Імкліва, хутка ўзняцца, падняцца; узляцець уверх. Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук і пакацілася гамана. Грахоўскі.

6. Утварыць лёгкі шум, шолах. Раз толькі, далёка недзе, шуснулі галіны, быццам нехта аступіўся. Караткевіч. У гэты момант нешта шуснула ў каноплях і над самымі галовамі Бегуна і Хацяноўскага празвінела важкая і замашная жалезіна. Кулакоўскі.

7. што. З размаху, з сілай высыпаць што‑н. [Галя] набрала ў лапату пяску і, як толькі вогненны коўш апусціўся, шуснула ў яго пясок. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Які ахвотна дзеліцца з другімі грашыма, маёмасцю; не скупы. Вера адразу прыкінула ў галаве, што яе пакупніца шчодрая жанчына і, выпіўшы, папрасіла яшчэ шклянку. Пальчэўскі. Мне гэты цуд без слоў гаворыць: Які ён шчодры, мой народ, Калі сябрам ад сэрца дорыць Не толькі дом — і сонца ўсход! Лось. // перан.; на што. Які лёгка, з ахвотай аддае, раздае што‑н., надзяляе чым‑н. Напэўна, па гэтай прычыне.. [К. Чорны] быў шчодры на пахвалу. Мележ. — Наш старшыня шчодры на пачастункі, госця так не выпусціць з хаты... Хадкевіч. Праўда, .. [Таня] і дагэтуль не вельмі шчодрая была на пісьмы. Гроднеў. // перан. Добры на натуры, па характару. Шчодрая душа. Шчодрае сэрца.

2. Вялікі па памерах, вялікі, значны па каштоўнасці. Закрасуе ў нашым полі Ураджай багаты І парадуе калгас наш Шчодраю аплатай. Журба. А ён [грыбнік] збірае, хітры чараўнік, З лясной аблогі шчодрую даніну. Грачанікаў. — Шырэй вароты, добры гаспадар! Упершыню натруджаныя рукі За мазалі свае — Прымаюць шчодры дар. А. Александровіч. Гэты шчодры слоўнікавы матэрыял дасканала выкарыстоўваецца пісьменнікам для стварэння адпаведных вобразаў. Шакун.

3. Багаты (пра прыроду, жыццё і пад.). Дружны, ураджайны, Проста небывала Шчодры выпаў год! Корбан. Непаўторная гэта пара Песню самую шчырую просіць, Ураджай па калгасных дварах Наша шчодрая восень развозіць. І. Калеснік. У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар, Прынёс у хату поўны кошык — Ад шчодрых яблынь першы дар. Непачаловіч. // Бурны, моцны, інтэнсіўны ў сваім дзеянні, выяўленні. Трэба было б ганіць яшчэ пана, але не пашэнціла яму на гэтую ўцеху: сканаў заўчасна ад шчодрага бою дужых рамеснікаў. Шынклер. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін.

•••

Шчодрай рукой — не шкадуючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́раг, ‑а, м.

1. Сукупнасць аднародных прадметаў, размешчаных адно за другім, у адну лінію. Замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал. Маўр. Месцамі стаялі густымі шэрагамі тонкія .. дубочкі. Бядуля. Куды дзяваліся яго [рынку] былое ажыўленне, святочны гул натоўпу, шэрагі вазоў. Лынькоў. Млечны шлях выплывае з імглы, Азараючы шэраг зямлянак. Танк. // Строй людзей у адну лінію; шарэнга. Скаваныя камандай «смірна», яны моўчкі глядзелі на нас — два шэрагі па дзевяць чалавек. Брыль. / Пра людзей, якія знаходзяцца ў такім страі. Бягом, з карабінкаю напагатове, [Ганна] ўрэзалася ў шэрагі белапалякаў. Нікановіч.

2. Сукупнасць чаго‑н., што ідзе адно за другім у пэўным парадку. Апавяданне распадаецца на шэраг эпізодаў. «Полымя». Па кампазіцыі «Вясна» К. Чорнага — гэта як бы шэраг асобных замалёвак, звязаных задумай расказаць, што за людзі «ў нас на вёсцы». Адамовіч. Беларускі паэт [А. Абуховіч] увёў у свой тэкст шэраг новых мастацкіх дэталей і жыццёвых падрабязнасцей. Казека.

3. Пэўная, звычайна невялікая колькасць чаго‑н. Зараз .. [Дзіму] непакоіў цэлы шэраг іншых пытанняў, звязаных з перасяленнем. Васілевіч. Поспеху [карціны] перашкаджала не толькі прафесіянальная неспрактыкаванасць, але і шэраг іншых прычын. Бракавала звычайнага іканаграфічнага матэрыялу. Ліс. / Пра пэўную колькасць якіх‑н. асоб. Шэраг паэтаў. □ Аўтар [П. Пестрак] паказвае жыццё глухой палескай вёскі Запалянкі, побыт рамеснікаў горада Глушэц, уводзіць шэраг персанажаў. Хромчанка.

4. Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, ідэямі, якой‑н. арганізацыяй. Рады быў Селіханаў, сустрэўшы Антося ў шэрагах Чырвонай гвардыі. Чарнышэвіч. І я сваё жыццё прынёс У тыя шэрагі, дзе б’юцца За долю лепшую — свой лёс. Хведаровіч. Ці шмат баявых адзінак улілося або ўліваецца ў шэрагі тых, чыёй зброяй з’яўляецца слова?.. Гілевіч.

•••

У першых шэрагах — у ліку самых лепшых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́драны, ‑ая, ‑ае.

1. З буйным спелым ядром. У старых хвоях ёсць такія ўтульныя дуплы, што можна назапасіць сухіх ядраных арэхаў на дзве зімы. Кандрусевіч.

2. Буйны, пруткі, сакавіты (пра зелень, плады і пад.). Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным. Бядуля. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

3. Здаровы, моцны, мажны (пра чалавека). Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Гартны.

4. Свежы, халаднаваты, падбадзёрлівы (пра паветра, надвор’е). У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня. Васілёнак. / Пра ноч, раніцу і пад. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва. Лынькоў. А жнівеньскія ночы былі ўжо ядраныя, асабліва пад раніцу. Сабаленка.

5. Грубаваты, але яркі і выразны; салёны (пра слова, мову і пад.). Лаянка яго [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп. Колас. Лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з .. [дзедавых] вуснаў. Бядуля. // Чысты, гучны (пра голас, гукі і пад.). — Во, во, — ядраным смехам падхапіў Мяжэнны. Гроднеў. У гэтым месцы і днём і вечарам было рэха — ядранае і чыстае. Пташнікаў.

6. Вельмі моцны, надзвычайны (па ступені праяўлення сваіх якасцей). Вось паволі ўсплывала ў памяці аблітая месячным святлом таполя, а вось нібыта Марына схілілася да Васіля, і такі яркі за вуліцай выган у маладым і ядраным бляску. М. Стральцоў. Яму прыемна было тут гэтак, як некалі, піць ядранае пітво, мелькам праглядаць газету. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)