прахадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.
1. Хадзіць некаторы час. Паўдня прахадзілі мы дарэмна па лесе, так і не сустрэўшы ніводнага птушынага следу. Ігнаценка. Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу і ў летняй, не бяда! Барадулін. Як пойдзеш нацянькі, дык праходзіш тры дзянькі. Прыказка.
2. што. Разм. Доўга ходзячы, страціць што‑н. Неўзабаве вярнуліся дзяўчаты. — О, ды мы, здаецца, прахадзілі свае месцы! Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыма́льны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Такі, які можна прыняць, з якім можна пагадзіцца; прыдатны. Прымальная прапанова. Прымальны рэжым работы. □ [Кандаковіч:] — Нас, рэвалюцыйна настроеных людзей, сабралася тут не так многа, а такой бясспрэчнай, для ўсіх яснай і прымальнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як адзін чалавек, няма. Колас. Андрэйка складаў найбольш прымальны варыянт доказу, хто ён і адкуль, што робіць. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыш, ‑а, м.
Разм.
1. Тое, што і кукіш. Заробіш чын, здабудзеш крыж, А смерць пакажа табе шыш. Колас.
2. перан. Нічога; поўная адсутнасць чаго‑н. — Бо як стануць панскую зямлю дзяліць, — кажуць яны [вяскоўцы], — дык нам шыш застанецца. Машара.
•••
Ні шыша — нічога. — То ў які бок цягнуць [антэну]? — Так бы і спытаўся адразу! А то бярэцца яшчэ, ні шыша не разумеючы! Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́нечнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сонечнага (у 2, 3 знач.); сонечнае асвятленне, асветленасць. На Поўначы не адчуваеш паветра так, як у нашай, лічы, паўднёвай паласе: у ім няма той насычанасці фарбаў, той густой, залацістай сонечнасці, тых чаргаванняў святла і ценю, якія ў нас розныя ў розную пару дня. М. Стральцоў. Шыбіны ў вокнах нагрэтыя, і праз іх у вагоны не сочыцца, а льецца вясняная сонечнасць. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паго́ршаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стаць, зрабіцца горшым; тое, што і пагоршыцца. Хвядосіха паглядзела на [рахункавода] так, як глядзяць на чалавека, без якога ўсякая справа не толькі што не пагоршае, а стане яшчэ нават лепшай. Кулакоўскі. [Даміра] — Дык што, я, выходзіць, пасля вайны пагоршаў, а не палепшаў. Нават крыўдна. Асіпенка. // безас. Стаць, зрабіцца горш. Хвораму пагоршала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., каго-што.
1. Прыкусіць (пра вусны). Вяршкоў падкусіў верхнюю губу. Чыгрынаў.
2. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, непрыемнае. [Данкоў:] — [Поле] насення патрабуе. І поле, браце, не ўпросіш пачакаць. Сагрэлася зямля — сёй. Як радзіць усё роўна .. — Ха! Мабыць, часта ты той справаю займаўся, калі так добра ўсё ведаеш, — падкусіў Антон. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разме́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размячаць — размеціць.
2. Знак, паметка, метка, пастаўленыя з мэтай абазначэння чаго‑н., указання на што‑н. Віталь уважліва прыглядаецца да кожнага вагона, чытаючы крэйдавую разметку на сценках. Васілёнак. // Знакі ў тэксце, якія паказваюць, як павінен быць набраны тэкст. Набор па разметцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свінча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Злітак свінцу, які выкарыстоўваецца ў бітах, або як зброя ў кулачнай бойцы. Ён [Рагуля] адным ударам выбіў пісталет з рукі, а другім захаванай у руцэ свінчаткай моцна выцяў Галембу ў скронь. Асіпенка.
2. Свінцовае грузіла на рыбалоўнай сетцы.
3. Нагайка з уплеценым куском свінцу на канцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
называ́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мець якое‑н. імя, прозвішча, якую‑н. назву. [Казановіч:] — Калі я не памыляюся, Чорным называецца толькі адно возера. Шашкоў. Сто гадоў прайшло, і блізка наша мэта, Да якое з барацьбою мы ішлі, Хутка будуць называцца — знаю гэта — Камуністамі ўсе людзі на зямлі. Куляшоў.
2. Разм. Узяць на сябе выкананне якіх‑н. абавязкаў, якой‑н. справы. — Хто закладае банк? — спытаў сядзелец. Звычайна ніхто першым не называўся. Колас.
3. у знач. пабочн. Зрабіць не так, як трэба, як хацелася б, як неабходна. Прыгледзеўшыся, жанчына здзіўлена ўскрыкнула, потым заплакала і выйшла з кухні. — Называецца, прывіталася! — спагадліва ўсміхнуўся Тэафіл. Самуйлёнак.
4. Незак. да назвацца.
5. Зал. да называць.
•••
Што называецца (у знач. пабочн.) — як кажуць, як прынята гаварыць. За сорак год валацужання з сякерай .. [дзед] вывучыў пушчу, што называецца, назубок. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. з кім і без дап. Расстацца, перастаць быць разам (пра блізкіх, сяброў). Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з Лідачкай разлучыцца. Брыль. // Перастаць жыць разам (пра мужа і жонку); разысціся. [Агата:] — Няма Хведара. — [Антось:] — А дзе? — Другі год няма ўжо... Разлучылася я з ім. Чорны. // перан. Пакінуць што‑н. дарагое, блізкае, адмовіцца ад чаго‑н. звычнага. Цяжка раптоўна разлучыцца з думкай аб шчасці. Дамашэвіч. Лявон Лук’янавіч Кулакоўскі не па сваёй ахвоце разлучыўся з пасадай дырэктара школы. «Вожык».
2. Перастаць быць злучаным з чым‑н.; аддзяліцца. Канцы правадоў разлучыліся.
3. Падзяліцца, раздзяліцца. [Руневіч] памятаў, як прыходзілі хлопцы, паасобку і групамі, як абрастаў іх атрад, як разлучыўся на два, як да двух прырос трэці, чацвёрты. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)