шумлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае шум (у 1 знач.). Горы падпіраюць небасхілы, І шумлівых вадаспадаў мчыцца рой. Хведаровіч. Тоненькія, далікатныя, у модных шумлівых плашчыках — абедзвюм год па семнаццаць. Ракітны. Андрэй крыху памаўчаў, задумліва пазіраючы на шумлівую збажыну. Краўчанка.

2. Які любіць шумець, многа, гучна гаварыць, крычаць; шумны ​1 (у 2 знач.). І стол тым часам накрываюць, Гасцей шумлівых запрашаюць. Колас. Шчырыя, шумлівыя, шчасліва дзеці смехам гэткім заліліся, што пачуўся на далёкіх нівах ветлы шолах маладога лісця. Вялюгін. Ганна была дзяўчына шумлівая і сварлівая. Шамякін.

3. Які суправаджаецца шумам, ажыўленнем, мітуснёй. Шумлівая гульня. □ Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Напоўнены шумам, мітуснёй. Шумлівая вуліца. □ Чэрвеньскі рынак быў шумлівым, бойкім месцам. Грамовіч. [Зыбін:] — Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ.

шумлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.

Які дае пену; пеністы. Шумлівы напітак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нкадзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

наблі́зіцца, ‑бліжуся, ‑блізішся, ‑блізіцца; зак.

1. да каго-чаго і без дап. Рухаючыся, перамясціцца на больш блізкую адлегласць у адносінах да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да стала. Наблізіцца да будынка. □ Камендант наблізіўся да Арцёма, расшпіліў кабуру. Бажко. Хутка атрад наблізіўся да.. штаба брыгады. Сіняўскі. Усе прытаіліся і, калі паляўнічыя наблізіліся, хлапчукі пачулі голае Лёні. Ваданосаў. // без дап. Стаць больш блізкім у прасторавых адносінах. Станцыя наблізілася зусім нечакана. Гамолка.

2. Стаць больш блізкім па часу. Пакуль [Дубіцкія] павялі парадак у хаце, наблізіўся вечар. Чарнышэвіч. Праз два дні наблізіліся баі. Грахоўскі. Наблізілася старасць — захацелася адпачынку. Пестрак.

3. Стаць больш чутным. Лёгкія крокі неўзабаве наблізіліся да дзвярэй, у якія выйшла дзяўчына. Мурашка. Трэск галля наблізіўся, і Тоня крыкнула: — Стой! Хто ідзе?.. Шчарбатаў.

4. Стаць блізкім або бліжэй да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да народных мас.

5. Стаць падобным на каго‑, што‑н. Наблізіцца да ідэалу. Наблізіцца да сусветных стандартаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, наблізіцца. Да ног Каваля падкацілася пустое вядро, ён адкінуў яго. Савіцкі. // Закаціцца куды‑н., пад што‑н. Мячык падкаціўся пад ганак.

2. перан. Разм. Хутка падысці, падбегчы да каго‑, чаго‑н. Макар, я ўжо ўзяў білеты, — падкаціўся да мяне круглячок Шаевіч. Сабаленка. Да.. [Шыковіча] падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар. Шамякін.

3. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У дзеда Талаша задрыжалі рукі і ногі, і востры боль падкаціўся к самаму сэрцу. Колас. Слёзы бяссілля падкаціліся да горла. Шахавец.

4. перан. Разм. Лісліва звярнуцца да каго-небудзь, дамагаючыся чаго‑н. Злодзей і ашуканец, чалавек без сумлення і сораму, .. [Халуста] хутка і так спрытна падкаціўся да пана, што стаў яго першым дарадчыкам. Чарнышэвіч. // Падлашчыцца да жанчыны. [Матушка:] — [Панна Людміла] цяпер тут, у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Колас.

•••

Ком падкаціўся да горла гл. ком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыві́ць, скрыўлю, скрывіш, скрывіць; зак., каго-што.

Зрабіць крывым; перакасіць, выгнуць. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ». [Маша] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. І сама галаву неяк скрывіць. Брыль. / у безас. ужыв. Яго скрывіла ад скразняку. // Збіць набок, стаптаць. Скрывіць туфлі. // Адхіліць ад пэўнага кірунку; пайсці не прама. Навёў [Платон] .. [паркан] ад хлявоў, як ён і стаяў, цэлячыся на дзічку. Вёў, вёў яго і раптам — хваць! — скрывіў. Укапаў шулку так, што груша апынулася на яго баку. Ракітны. І, як на злосць, яму [Мікіту] адну Валы скрывілі баразну. Купала. // Надаць ненатуральны выраз (рысам твару); перакасіць. Дзяўчына нездаволена скрывіла губкі. Зарэцкі. Вакула паціснуў плячамі і скрывіў рот: што, маўляў, чэпішся да мяне брыгадзір. Радкевіч. Тут д’ябальская ўсмешка скрывіла Ясеў твар. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. У спраўніка твар аж скрывіла ад злосці. Лобан. // Пачаць дзейнічаць насуперак устаноўкам, рашэнням, дырэктывам. Скрывіць лінію партыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улюбёны, ‑ая, ‑ае.

1. Закаханы ў каго‑н. Калі салдаты пайшлі, Лёдзя, улюбёная на той момант у Пракопа, з нейкім асаблівым уздымам узялася за работу. Карпаў. // у знач. наз. улюбёны, ‑ага, м.; улюбёная, ‑ай, ж. Той (тая), хто закаханы ў каго‑н. [Патуцька:] — А гэты... улюбёны твой што — таксама на семінар? — Улюбёны? — дзяўчына ўскінула бровы і ўсміхнулася: Які ўлюбёны? Ці вы жартуеце? Ракітны. // Ачараваны, захоплены кім‑, чым‑н. Валодзька па-дзіцячы быў улюбёны ў.. [Корзуна], як у добрага казачніка. Кірэйчык. [Сакратар:] — Вёсцы трэба не проста людзі, а здольныя людзі, здольныя арганізатары, людзі, улюбёныя ў зямлю. Гаўрылкін.

2. Такі, якому аддаецца перавага ў параўнанні з чым‑н. іншым; аблюбаваны. Улюбёная страва. □ Простыя людзі, радавыя працаўнікі сталі ўлюбёнымі героямі паэзіі Броўкі. «Полымя». Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку. Сіпакоў. Маральная і філасофская алегорыя была ў Я. Коласа адным з улюбёных сродкаў мастацкага абагульнення жыццёвых назіранняў. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.

1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.

2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.

3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая‑н. праца, работа. Прылады працы. Прылады вытворчасці. □ Калгаснікі складалі на павозкі розныя прылады, запрагалі коней і раз’язджаліся ў розныя бакі: адны ехалі араць папары, другія вазіць лес для новага кароўніка, трэція — на сенажаці. Якімовіч. Звычайны, груба завостраны аловак, крэслячы праект брамы, набыў у .. руцэ [маёра] значэнне актыўнай прылады стварэння. Брыль.

2. Спецыяльнае прыстасаванне, механізм, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння, вылічэння, кіравання і пад.); прыбор. Вымяральная прылада. Аптычная прылада. □ Шпаркасць .. прабегу [часу] нельга змераць самымі далікатнымі прыладамі. Крапіва.

3. часцей мн. (прыла́ды, ‑лад). Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбалоўныя прылады. Спартыўныя прылады. Сельскагаспадарчыя прылады. Пісьмовыя прылады. □ Пальцы .. [Алесевых] рук.. перабіралі алоўкі, цыркулі і ўсякія іншыя дробныя каморніцкія прылады на стале. Чорны. Стары закашляўся: нешта раптам вельмі сціснула яго горла. Потым дастаў з кішэні свае курэцкія прылады: капшук з тытунём, люльку і крэсіва. Якімовіч. Дзяўчына падышла да маленькага століка, на якім стаялі прылады дзявочага туалету. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абві́ць, абаўю, абаўеш, абаўе; пр. абвіў, ‑віла, ‑віло; зак., каго-што.

1. Абматаць што‑н. чым‑н. або што‑н. вакол чаго‑н. Абвіць провад ізаляцыйнай стужкай. // Апаясаць; акружыць. На галоўцы вянок з сініх васілёчкаў, А чырвон паясок Стан абвіў дзявочы. Купала. [Ручай] То заскочыць у гай, То курган абаўе, Дзе сярдзіта бубніць, Дзе лагодна пяе. Колас.

2. Размяшчаючыся вакол, па паверхні чаго‑н., заплесці, пакрыць сабой (пра расліны). Абвіла яго [сына] таполя Каранямі, Атуліла маладзенькімі Лістамі. Танк. На мужычым полі Цягнецца палоска... Зелле яе глушыць, Абвіла бярозка. Колас. // перан. Ахутаць, абвалачы, ахапіць з усіх бакоў (пра дым, туман і пад. Полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. Колас. // перан. Авалодаць, ахапіць, паланіць (пра пачуцці, перажыванні, жаданні і пад.). Ідзе жыццё чародкай казкай, Душу абвіў цудоўны чар, На свет глядзяць з вясёлай ласкай Дзяўчына, хлопец, мал і стар. Купала. Ты, рачулка, шнурочак Дняпра, Гэты лес ціхім смуткам абві. Пысін.

3. Абхапіць, абняць рукамі. Хлопчык абвіў бацькаву шыю і нечакана моцна сціснуў яе. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)