Кашто́ўны ’які дорага каштуе, мае вялікую цану’, ’які мае важнае, істотнае значэнне; вельмі патрэбны’ (ТСБМ), кашто́ўнасць ’важнасць, значнасць чаго-н.’; ’каштоўная рэч’, ’з’ява, прадмет, якія маюць вялікае грамадскае значэнне’ (ТСБМ). Асноўным словам, ад якога ўтвораны шматлікія дэрываты, з’яўляецца кошт, вядомае ўжо ў ст.-бел. мове з XVI ст. Таксама з XVI ст. засведчаны (гл. Булыка, Запазыч., 174) і вытворныя каштовный, коштовность. Хоць гэтыя дэрываты чыста тэарэтычна маглі ўтварыцца ў ст.-бел. мове ад асноўнага слова кошт, верагодна лічыць, што і яны з’яўляюцца непасрэднымі паланізмамі (тым больш, што для іх ёсць дакладныя прататыпы ў польск. мове; параўн. польск. kosztowny, kosztowność).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашчу́нства ’адзін з відаў злачынства супраць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні’; ’зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць і інш.’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кощу́нство, укр. кощу́нство. Бел. слова, здаецца, не мае даўняй гісторыі, таму можна меркаваць, што яно запазычана з рус. мовы. Параўн. у ст.-рус. мове: кощуна, коштюна, косщуна ’забаронены грэх’ (XII ст.), ’блазенства, кпіны’ (XV ст.), рус. кощу́н ’хто блюзнерыць’ (Даль), укр. кощу́н. Параўн. Фасмер, 2, 362; Трубачоў, Эт. сл., 11, 187. Прасл. *koščunъ, *košcuna з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑junъ ад дзеяслова *kostiti ’лаяць, ганьбіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́бы толькі мн. л., экспр. ’добрае, святочнае адзенне’ (драг., З нар. сл.), параўн. ст.-бел. роубие альбо хоусты (XV ст., Карскі 2–3, 23). Рус. руб, ру́ба ’грубае адзенне, лахманы’, н.-луж. rub ’адзенне, саван’, серб.-харв. ру̏ба ’адзенне’, балг. ру́ба ’тс’. Усходне- і заходнеславянскія словы традыцыйна ўзводзяць да прасл. *rǫbъ, rǫbiti (Фасмер, 3, 510; Чарных, 2, 125), гл. руб. Балгарскае слова лічаць запазычаннем праз тур. ruba ’адзенне’ з іт. roba ’тс’, якое са ст.-в.-ням. і ст.-н.-ням. roub ’здабыча’, ням. Raub ’грабеж’. Адтуль жа і серб.-харв. ру̏ба ’адзенне’, рум. rubă ’лахман’, алб. rub ’ручнік’ (БЕР, 6, 331–332).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́гнуць ’прагнуць, жадаць’ (Ян.). Укр. регнути ’вельмі хацець’, польск. дыял. rechać się ’пра свінню: юраваць’, каш. reχac są ’тс’, палаб. ragni‑să ’рухаецца’. Прасл. *regnǫti звязана з дзеясловам *regotati. Тут значэнне ’смяяцца’ другаснае, першаснае — ’іржаць’. Цэлы шэраг дзеясловаў, якія абазначаюць роў жывёлаў, адначасова абазначаюць і працэс цечкі, гону, бо звычайна менавіта гэты перыяд характарызуецца ровам, параўн. рус. рёв ’час цечкі ў скаціны; роў’. Слова рэгнуць — відаць, першапачаткова азначала ’быць у перыядзе полавай актыўнасці’, а потым набыло больш адцягненае значэнне ’хацець, імкнуцца’. У плане семантыкі параўн. яшчэ в.-луж. rjut ’спешка, страснае жаданне’ < *rʼuti ’раўці’ (Мяркулава, Этимология–1974, 61).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Рэ́дчыкі, рэ́ччыкі ’бульбяны суп’ (івац., Нар. словатв.), рэ́ччыкі ’рэдкі суп’ (стаўб., Сл. ПЗБ). Відавочна, ад рэдкі (гл.), параўн. яшчэ назвы бульбянага супу рэ́дкія (маг., Нар. словатв.), рэ́дкая картошка (бяроз., глус., акц., ЛА, 4). Таму неапраўдана параўноўваць фанетычны запіс беларускага слова, дзе [‑чч‑] < ‑дч‑, з рускім речи́ки, речеги ’дробныя часткі, аскепкі, чарапкі’, і суадносіць яго з чэшскім proráčit ’праламіце, літоўскім ràkti ’калоць вострым прадметам’, матывуючы тым, што ’бульбяны суп’ — гэта ’суп з пакрышанай, рэзанай бульбы’ (Гарачава, Этимология–1985, 65–66), тым больш што існуюць і такія назвы бульбянога супу, як кры́шанка (гл. крышыць, крыха), рэ́занкі (гл. рэзанка, рэзаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сан ’званне, звязанае з пачэсным становішчам, з высокай пасадай у дарэвалюцыйнай Расіі’ (ТСБМ). Стараж.-рус. сань, ст.-слав. санъ. У беларускай, відавочна, запазычанне з рус. сан (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 48), якое большасць даследчыкаў (Міклашыч, 288; Брукнер, ZfslPh, 4, 213) лічаць запазычаннем з дунайска-балг., параўн. тур., чагат. san ’вялікая колькасць, сан, слава’, паўн.-цюрк. sanamak ’цаніць’. З іншага боку, параўноўваюць таксама (Траўтман, 250; Праабражэнскі, 2, 250, Бернекер, AfslPh, 38, 263) са ст.-інд. sā́nu сяр. р. ’вяршыня, вышыня, вастрыё’. Гл. таксама Фасмер, 3, 555. Трубачоў, Этимология–1965, 22 супраць супастаўлення з іранскім, лічачы слова чыстым цюркізмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сваво́ля ‘гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць’, ‘свавольныя ўчынкі, паводзіны’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Мал., Янк. БП), ‘неразважныя дзеянні’ (Варл.), сюды ж сваво́ліць ‘гарэзнічаць’ (Нас., Шымк. Собр., Сержп., Варл.), свово́ліць ‘тс’ (ТС), свавольнік ‘гарэза; неслух’ (Нас., Бяльк., Ласт.), сваво́льства ‘непаслушэнства’ (Нас., Бяльк.), ст.-бел. своволенство ‘тс’. Ад свой і воля; Карскі (2–3, 89) бачыў тут, як ва ўкраінскай і польскай, “слитие слов”. У гэтай форме, мабыць, запазычанне з польск. swawola ‘тс’. Махэк₂ (596) польскае слова і чэш. svávůle, дыял. svávoľa ‘сваволя’ лічыць спалучэннем або састаўным словам і адрознівае іх ад складаных слоў тыпу рус. своеволье, своеволить, параўн. сваяволіць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сверб ‘адчуванне казытлівага нервовага раздражнення, якое выклікае пачухванне’, ‘нецярплівае жаданне, турбота’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сьверб ‘раздражненне скуры’ (Касп., Бяльк.), свербёта ‘тс’ (Нас.). Укр. сверб, свербо́та, свербля́чка, рус. сверб, польск. świerzb, каш. sverb ‘тс’. Аддзеяслоўны дэрыват ад свярбець (гл.), больш позняе, з прычыны таго ж галоснага ў корані, чым слова з аблаутам: укр. дыял. сво́ріб ‘кароста’, рус. дыял. сво́роб, серб.-харв. свра̑б, балг. свраб ‘кароста’, ст.-слав. сврабъ. Прасл. *svorbъ; гл. Фасмер, 3, 573; Махэк₂, 598, Мяркулава, Этимология–1970, 169. Падрабязна аб *svьrběti, *svorbъ і сверб Младэнава, Этимология–1988–1990, 49–50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́тлы ‘які ярка свеціць’, ‘добра асветлены’, ‘не цёмнага колеру’, ‘чысты, празрысты (аб вадкасці)’ (ТСБМ, Нас.). Укр. сві́тлий, рус. све́тлый, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтьлъ, польск. światły, в.-луж., н.-луж. swětły, чэш. světlý, славац. svetlý, серб.-харв. сви̏јетао, свијѐтла, свијѐтло, славен. svétel, балг. све́тъл, макед. светол. Прасл. *světьlъ, дэрыват ад *světъ (гл.) з суф. ‑ьlъ (Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 595). Інакш Сной₁ (622), які разглядае слова як дзеепрыметнік на ‑l‑ ад прасл. дзеясл. *svěsti, svísti ‘свяціць’, якія потым былі выцеснены новым дзеясловам *světiti (гл. свяціць), што, мабыць, залішне. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1387; БЕР, 6, 543–544; Борысь, 621; Мартынаў, Лекс. взаим., 169.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́дзілка, се́дзелка, се́дзялка ‘сядзенне ў прасніцы’ (паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘стойка для дзяцей’ (круп., Сл. ПЗБ), ‘сядзенне ў прыстасаванні для пад’ёму бортніка’ (рагач., Сл. ПЗБ), седа́лка ‘крэсла для малога дзіцяці’ (ТС), се́дзелко ‘услончык, месца для сядзення’ (ТС), се́дзела, се́дзелка ‘частка прасніцы, на якой сядзяць’ (віл., Шатал.). Славен. sedélo, балг. седело. Прасл. *sědědlo, паводле Варбат (Морфон., 213), дэрыват ад прасл. *sěděti ‘сядзець’. Лаўчутэ (Балтизмы, 131) адносіць слова да балтызмаў, параўн. лат. sêdela ‘крэсла, сядзенне’, дыял. sêdelis ‘сядзенне ў ільномялцы’, што не мае падстаў; хутчэй, запазычанне з беларускай мовы, параўн. макед. седил ‘верхняя частка сядла’, седало ‘сядзенне’, балг. седа́лка ‘тс’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)