абаро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Поўны круг, зроблены пры вярчэнні. Кола робіць дзесяць абаротаў за секунду. Працаваць на малых абаротах. // Спец. Перавернуты пласт. Апрацоўка глебы з абаротам пласта.
2. Спец. Сукупнасць работ, аперацый, якія складаюць поўны цыкл у выкарыстанні чаго‑н., а таксама час, неабходны для гэтага. Абарот вагонаў.
3. Абарачэнне грашовых сродкаў і тавараў, гандлёва-прамысловыя аперацыі на ўзнаўленне і атрыманне прыбытку. Пусціць грошы ў абарот. □ За свае дзесяткі або сотні рублёў, якія маленькія людзі кладуць у банкі або ашчадныя касы, яны атрымліваюць працэнты тры або чатыры капейкі на рубель, а багачы складаюць з гэтых дзесяткаў — мільёны, расшыраюць на гэтыя мільёны свой абарот і нажываюць па дзесяць і дваццаць капеек на рубель. Ленін. // Сродкі, тавары, якія знаходзяцца ў абарачэнні. Гадавы абарот. Гандлёвы абарот.
•••
Браць (узяць) у абарот гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кана́л, ‑а, м.
1. Напоўненае вадой штучнае рэчышча, прызначанае для суднаходнай сувязі паміж асобнымі вадаёмамі, а таксама для водазабеспячэння, арашэння, асушэння балот і інш. Асушальны канал. Беламорска-Балтыйскі канал. Абвадняльны канал. □ Машына стаяла сярод алешніку, на беразе роўнага, як страла, калектарнага канала, які ўразаўся ў глыб балота. Краўчанка.
2. Вузкая поласць у выглядзе трубы, трубкі ўнутры чаго‑н. Канал ствала гарматы. Кабельны канал.
3. У арганізме жывёлы і чалавека — звілістая трубка, праз якую праходзяць тыя ці іншыя рэчывы. Кішэчны канал. Мочаспускальны канал.
4. Спец. Лінія сувязі, камунікацыі. Перадача вядзецца па трох каналах.
5. толькі мн. (кана́лы, ‑аў); перан. Шляхі пранікнення, пашырэння чаго‑н.; сродкі для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычныя каналы. □ Шырокія і трывалыя гандлёвыя сувязі горада з Масквой, Ноўгарадам, Смаленскам .. служылі разам з тым і каналамі культурных сувязей. Алексютовіч.
[Ад лац. canalis — труба.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карыкату́ра, ‑ы, ж.
1. Малюнак, на якім хто‑н. або што‑н. намаляваны ў скажоным выглядзе для высмейвання. Моладзь тоўпілася перад газетай, жартавала з трапных карыкатур на Івана Гомана, на Радніка, на Гольдзіна. Шамякін. Пад карыкатурай, на якой быў намаляваны дзябёлы хлопец і каля яго малы, худзенькі юнак, стаяў подпіс: «Адгукнуўся на заклік». Арабей. // Пра сатырычны наказ з’яў рэчаіснасці ў іншых відах мастацтва, а таксама аб творах такога характару. Залішняя схільнасць да пераўвелічэння нарадзіла тут гратэск, які часам даходзіць аж да карыкатуры. Кучар.
2. перан. Смешнае, недасканалае падабенства да каго‑, чаго‑н. Можна і трэба даваць партыі тактычныя ўказанні і на выпадак перамогі, і на выпадак паражэння паўстання, і на выпадак склікання сапраўды ўстаноўчага схода рэвалюцыйным шляхам, і на выпадак склікання царом якой-небудзь карыкатуры на народнае прадстаўніцтва. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́руш, ‑у, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ‑ы, ДМ ‑ы, Т ‑шшу, ж.
Што‑н. некранутае (нявораная зямля, дзікі лес, грыбное месца і пад.). Сам гаспадар таксама меў свае абходы, выпраўляўся ў лес па грыбы, хоць трапіць на такі неруш і на такое мноства баравікоў, як давялося яму нядаўна, больш не здаралася. Колас. Дзядзька Мікола поўзаў на каленях, збіраў рыжыкі і гаварыў, што такую неруш сустрэў у жыцці ўпершыню. Хомчанка. // Некранутая паверхня чаго‑н. Мы ідзём у Кветчу, дзе жыве стары. Крочым вузенькай горкай сцежкаю, ад якой у абодва бакі разлягаюцца прасцягі снегавой нерушы. Карамазаў. // перан. Вобласць дзейнасці, у якой амаль нічога не зроблена. Чорны стварыў эпічную мову, натуральную ў вуснах кожнага чалавека .. Здабыўшы такі інструмент, Чорны пачаў працаваць заложна. Перад ім была неаглядная неруш. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяшо́к, ‑шка, м.
1. Тое, што і мех 1 (у 1 знач.). Мяшкоў не хапіла, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч. // Невялікі мех. Рэчавы мяшок. Парашутны мяшок.
2. Тое, што і мех 1 (у 2 знач.). Прывезлі [парабкі] з млына воз мліва пудоў з дваццаць — чатыры мяшкі. Бядуля.
3. перан. Разм. Аб непаваротлівым, нязграбным або някемлівым чалавеку.
4. Спец. Поўнае акружэнне войска праціўніка. Праз некалькі дзён немцы блакіравалі ўвесь раён. У мяшку апынулася ўся брыгада Стронгіна. Гурскі.
5. Спец. Прыстасаванне ў жывёл і раслін для змяшчэння чаго‑н. Паветраны мяшок. Зародкавы мяшок.
•••
Залаты мяшок — пра вельмі багатага чалавека.
Каменны мяшок — цесная нізкая турэмная камера, у якой цяжка выцягнуцца на ўвесь рост, а таксама турма наогул.
Купіць ката ў мяшку гл. купіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што і чаго.
1. Навіць, наматаць на што‑н. Накруціць нітак на шпульку. □ [Саньку] чамусьці то хацелася накруціць на палец і выскубнуць з галавы пасму сваіх саламяных валасоў, то адарваць сабе чырвонае вуха. Сяркоў.
2. Навінціць на што‑н. Накруціць гайку на болт.
3. Насвідраваць адтулін, дзірак.
4. перан. Разм. Вельмі ўскладніць што‑н., нарабіць чаго‑н. лішняга, непатрэбнага. Накруцілі калідораў — Навасельцам проста гора: У пакой пакуль прабіўся — Разоў восем заблудзіўся. Гілевіч. Тут, адным словам, вельмі трэба падумаць .., бо ў гарачцы такога можна накруціць, што потым.. ніякае рады не дасі. Савіцкі.
5. Разм. Прывесці ў дзеянне спружыну якога‑н. механізма. Ігнась накруціў гадзіннік, навёў званок, каб не праспаць, і таксама лёг. Пальчэўскі.
•••
Накруціць вушы — пакараць каго‑н., пацягаўшы за вушы.
Накруціць хвост — даць наганяй, прабраць каго‑н. за што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
права́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. праваліцца (у 2 знач.).
2. Месца, якое правалілася. Вось ужо відаць шырокі чорны правал ля падножжа гары. Арабей. Нягледзячы на тое, што правал у лежаку пагражаў пажарам, санітар і вухам не вёў: ёсць гаспадар, пан Тарбецкі, — няхай ён і правіць. Колас.
3. Тое, што і праём. Дамы ашчэрваліся чорнымі праваламі вокан. Асіпенка. [Рыгорка] знікаў у правале расчыненых дзвярэй. Дуброўскі.
4. перан. Поўная няўдача ў якой‑н. справе. Шкода не толькі волі, жыцця, а шкода і правалу той работы, якую даручыла яму партыя. Колас. // Раскрыццё (падпольнай арганізацыі). Пасля правалу арганізацыі бацьку майму прыйшлося доўга хавацца. Гарэцкі. // Нездавальняючая адзнака на экзамене.
5. перан. Адсутнасць яснага ўспрымання ўсяго, што акружае (пры некаторых хваробах, моцным ап’яненні). Як фарсіравалі рэчку — помніць [Баталаў], як абганялі абоз на шашы — таксама. А далей — правал. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыдба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што і чаго. Набыць, займець што‑н.; нажыць. [Алесь] трымаў каня і цешыўся з таго, што прыдбаў уласную гаспадарку, прыдбаў яе, столькі выцерпеўшы і вызнаўшы. Адамчык. У хаце іх было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі. Шамякін. У часе вайны загінула ўся дзядзькава сям’я. Новай ён не прыдбаў... Сачанка.
2. што і чаго. Атрымаць што‑н., авалодаць чым‑н. Прыдбаць вопыт. Прыдбаць пашану. □ Цягаў ён [бацька] гліну, цэглу і каменне, Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць. Звонак. Цяпер прыдбалі лепшай славы жыццём адноўленым Паставы: народ сваёй паставіў працай патомкам і сабе палацы! Дубоўка. Рыбак з гэтага самага Івана не вельмі што, за ўсё сваё жыццё ён, можа, і злавіў паўдзесятка шчупакоў, але ўсё ж славу сабе прыдбаў шырокую і ведаюць аб ім многія. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлі́ў, ‑ліву, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.).
2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разлівацца — разліцца (у 2, 3 і 4 знач.). І ў гэтым разліве пяшчоты, дзіцячай ласкі .. [Галя] адчула, што ўжо не можа быць без яго, без хлопчыка, які ёй стаў такі родны. Сабаленка.
3. Выхад з берагоў ракі, возера; паводка. Мне не часта даводзілася бачыць Дняпро ў час яго разліву, ды яшчэ ў такую слаўную ранішнюю пару... Ракітны. // Веснавая вада, а таксама прастора, залітая вадой. [Раўбіч:] — Паколькі пачнём вясной, а разліў .. часам дасягае шасці вёрст ушыркі — гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Караткевіч. Пешаходы сцішалі свае таропкія крокі, спыняліся на мосце і, любуючыся шырокім разлівам, прыслухоўваліся: ні то гэта шуміць веснавая вада, ні то тое новае, што ідзе разам з вясной. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́рчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скурчыць.
2. у знач. прым. Які згорбіўся, сціснуўся. За бортам чоўна, у глыбі вады, нерухома стаяла вялізнае барвовае полымя, а злева за ім — скурчаная постаць Васіля. Савіцкі. Насустрач нам ідзе скурчаны дзядок з сівою бародкаю, з кійком у руцэ. Арабей. — Трубі пад’ём! — параіў адзін з разведчыкаў і таксама спыніўся каля скурчанага, з нагамі і галавой захутанага ў шынель чалавека. Кулакоўскі.
3. у знач. прым. Сагнуты, падагнуты, пакалечаны. Скурчаныя пальцы.. [Пракопа] болей не разагнуцца. Вітка. Сотнікаў пераскочыў цераз яго [лейтэнанта] цела, ледзь не наступіўшы на яго сутаргава скурчаную руку, з якой.. выпаў у пясок маленькі, з палец, ножык. Быкаў.
4. у знач. прым. Які зрабіўся няроўным, пагнутым; скручаны. Вецер гоніць лісцік, Скурчаны, счарнелы. Галіноўская. У іхняй [на радзіме Манга] старонцы былі толькі рэдкія скурчаныя дрэвы. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)