селядцо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да селядца, селядцоў. Селядцовы хвост. // Прызначаны для селядцоў. Селядцовая бочка. // Звязаны з промыслам і апрацоўкай селядцоў. Селядцовы промысел.
2. у знач. наз. селядцо́выя, ‑ых. Сямейства рыб, да якога адносяцца селядцы, кількі і пад. Ёсць гіганты сярод селядцовых. Гэта атлантычны тарпун. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́машні, ‑яя, ‑яе.
Разм. Які знаходзіцца, ёсць там, у тым месцы, у той мясцовасці, пра якую ідзе гаворка. У тамашніх следчых была думка шукаць грабежнікаў дзе-небудзь пад Двума Хатамі. Чорны. Як жа буду я спаць, Калі квецень духмяную, белую, На букеты ламаць Хлопцам тамашнім можна насмелую! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвале́бны, ‑ая, ‑ае.
У якім ёсць пахвала. Хвалебны водзыў. □ У «Чырвоны бор» часта наведваліся работнікі раённай газеты. Яны звычайна заходзілі да старшыні, гутарылі з ім, запісвалі з яго слоў тое, што ім трэба было, і пісалі хвалебныя артыкулы. Сабаленка. Пасля хору хвалебных рэцэнзій узнялася хваля крытыкі і разносаў. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які дае, утварае цень (пра расліны). Спакойна гамоняць Цяністыя вербы. Хведаровіч.
2. Такі, у якім шмат ценю, багаты ценем. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. // Які знаходзіцца ў цяні, заценены. У парку ёсць адна асабліва прыгожая цяністая дарожка. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бадзя́цца ’бадзяцца, цягацца, валачыцца; валяцца’ (Шат., Касп., Нас., Янк. Мат., Бір. Дзярж., Гарэц., Бяльк.), ’валяцца’ (Жд.: бадзялася скошаная трава). Слова няяснага паходжання. Параўн. рус. дыял. (зах.) бодя́ться ’тс’, польск. дыял. badziać się, bodziać się ’бадзяцца’ (Карловіч: z Litwy). Даль выказвае (з запытаннем) не вельмі пэўную думку аб паходжанні ад бода́ть ’калоць, біць рагамі’. Магчыма, што гэта дзеяслоў экспрэсіўнага паходжання. Не выключаецца, што ёсць сувязь з бадзя́ць ’неахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак); пэцкаць’ (гл.), укр. гуц. ба́дити (абба́дити) ’знайсці’ (*baditi < *ob‑vaditi да *vada ’перашкода’; першапачаткова ’знайсці, перамагаючы перашкоды’ → ’шукаць, хадзіць шукаючы’ → ’бадзяцца’). Параўн. і палес. бада́ццэ ’пераадольваць цяжкасці; перабівацца’ (Лысенка, ССП). Тады ў бадзя́цца — экспрэсіўная палатальнасць (замест бада́цца). Наўрад ці ёсць сувязь з польск. badać się ’дапытвацца, дашуквацца’. Сюды ж бадзя́га ’валацуга’ (Касп., Нас., Бяльк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прасто́ра, ‑ы, ж.
1. Неабмежаваная працягласць (ва ўсіх вымярэннях, напрамках). Бязмежная прастора. Паветраная прастора. // Спец. Адна з асноўных усеагульных аб’ектыўных форм існавання матэрыі, якая характарызуецца працягласцю і аб’ёмам. Асноўныя формы ўсякага быцця ёсць прастора і час; быццё па-за часам ёсць такая ж найвялікшая бяссэнсіца, як быццё па-за прасторай. Энгельс.
2. Свабодны прамежак паміж чым‑н. Калі круг рытма іх танца канчаўся і пачынаўся нанова, .. [падлеткі] былі ўжо ў іншым месцы, наколькі дазваляла прастора пакоя. Чорны. Ён [Вінцэсь] бы будаваў так, каб была прастора, многа паветра, каб вока цешылася. Мікуліч.
3. Вялікі ўчастак зямной або воднай паверхні. Навокал — неабсяжная прастора пад бяздоннай веліччу неба. Брыль. Над туманнай воднай прасторай таксама вісяць зоркі, не такія, праўда, яркія, як над гарамі, што відаць праз чыстае горнае паветра. Дуброўскі.
4. перан. Тое, што і прастор (у 2 знач.). Новая .. работа на курганах яму [Варонічу] вельмі па сэрцу: прастора, цішыня, а самае важнае — ніхто не перашкаджае... Ракітны. Я паклічу цябе ў свет прыгожае казкі, Дзе прастора для мар і задумам ёсць шыр. Чарнушэвіч.
•••
Мёртвая прастора — прастора, якая не прастрэльваецца франтавым агнём.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бае́ц. Рус. бое́ц, укр. боє́ць. Ёсць і ў іншых слав. мовах. Nom. agentis з суфіксам *‑ьcь ад слав. *bojь ’бой, барацьба’ (аблаутная форма да *biti *bьjǫ). Гл. Бернекер, 68. Іначай, але непераканаўча Шанскі, 1, Б, 152: ад бои ’баец, воін’ (тады бае́ц было б памяншальнай формай!). Таго ж паходжання і бае́ц ’бітка’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бараба́ншчык. Рус. бараба́нщик. Натуральна гэта слова можна лічыць вытворным ад бараба́н (гл.). Але ёсць думка, што гэта запазычанне з цюрк. *darabančy (ад daraban ’барабан’). Так Залеман (аб гэтым гл. ИОРЯС, 10, 2, 76). Сумняваецца Шанскі, 1, Б, 37 (лічыць, што тут утварэнне суфіксам ‑щик ад бараба́н). Цюрк. версію можа падтрымліваць укр. бараба́нчик ’барабаншчык’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Боці (мн.) ’рабро ў лодкі’ (КЭС, бых.). Можна параўнаць з укр. бо́тя частка борта лодкі’ (да геаграфіі параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 128). Але этымалогія слова застаецца цёмнай. Рудніцкі (184) лічыць яго няясным і мяркуе пра дэфармацыю слова борт. Няпэўна. Можа, ёсць сувязь з рус. бо́тник, ботня́, бот ’выдаўбаная з дрэва лодка’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гальця́па ’бедната, галота’ (Касп.). Падобнае слова ёсць і ў іншых усх.-слав. мовах. Параўн. рус. дыял. голтепа́ ’тс’ (СРНГ, 6, 349), укр. гольтіпа́, гольтяпа́ (Грынч.). Здаецца, усх.-слав. экспрэсіўнае ўтварэнне. Першая частка слова да *golъ ’голы; бедны’, другая, магчыма, да слав. *tep‑ ’біць’, усх.-слав. *тяпати (бел. ця́паць, укр. тя́пати, рус. тя́пать).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)