эмо́цыя, ‑і, ж.

Пачуццё, перажыванне чалавека. Эмоцыя радасці. Эмоцыя гневу. □ — Вы разумееце, што ўсё гэта азначае? — Ці, як легкадумны хлапчук, вы, акрамя сваіх эмоцый, нічога ведаць не хочаце? — гаварыў Рымар. Арабей. І .. [салдату] хоць бы на гадзіну ў тыдзень-другі неабходна забыцца, перавесці свой зрок і слых на іншае, што выклікала б у яго больш прыемныя эмоцыі... Ракітны. // Разм. Знешняе праяўленне пачуццяў, перажыванняў. Чалавек эмоцый, Шыковіч не стрымаўся — і ўголас вылаяўся, калі прачытаў гэта. Шамякін.

[Фр. émotion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пы́хаць (пы́хаті) ’пырскаць, апырскваць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’часта, моцна дыхаць’ (Нас., Гарэц.), ’бухаць (пра агонь, полымя), абдаваць гарачынёй’ (Нас., ТСБМ), ’выяўляць моцнае пачуццё, гневацца’ (Нас., ТСБМ), пы́хнуць ’хутка знікнуць; пачырванець’ (Бяльк.), ’хутка узняцца’ (Ян.), пы́хнуті ’ўдарыць’ (беласт., Сл. ПЗБ), пых — выклічнік, імітуючы раптоўнае узгаранне, пачырваненне (Нас., мсцісл., Нар. лекс.), сюды ж пы́хаўка ’морда, мыса’ (ушац., Нар. лекс.), укр. пиха́ти ’пыхцець’, рус. пыха́ть, пы́хать ’гарэць, палаць; курыць’, н.-луж. pychaś ’цяжка дыхаць’, славен. píhati ’дуць, раздуваць агонь’, харв. чак. pȉhȁt ’цяжка дыхаць, сапці’, балг. пи́хам ’цяжка дыхаць’, ст.-слав. пыхати ’тс’. Прасл. *pyxati ’дуць, дыхаць’, ітэратыў да *pъxati, параўн. балг. пъ́хам ’храпець’ (гл. пхаць, піхаць), Бязлай, 3, 34; БЕР, 5, 268; чаргуецца з *puxati (гл. пухаць). Гл. таксама Фасмер, 3, 421; Шустар-Шэўц, 2, 1196–1197; Чарных, 2, 88 (рэканструюе старое значэнне ’надувацца; адчувацца’); Глухак, 511 (узводзіць да і.-е. *pū‑s‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; незак.

1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рулём і пад., рэгуляваць ход, рух каго-, чаго-н.

К. канём.

К. маторнай лодкай.

2. кім-чым. Быць на чале чаго-н.

К. краінай.

К. заводам.

3. кім-чым. Накіроўваць чыю-н. дзейнасць, быць кіраўніком каго-, чаго-н.

К. курсавой работай студэнта.

К. аркестрам.

4. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.; разм.).

Каровы кіруюць да стагоў.

5. перан. Быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго-н.

Мной кіравала пачуццё жалю.

6. У граматыцы: патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону.

|| наз. кірава́нне, -я, н. (да 1—3 знач.) і кіраўні́цтва, -а, н. (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чарвя́к, -а́, мн. -і́, -о́ў і чэ́рві, чарве́й, м.

1. Беспазваночны жывёльны арганізм з доўгім мяккім целам, без канечнасцей і ярка выражанай галавы.

2. перан. Пра нікчэмнага, агіднага чалавека (пагард.).

3. перан., чаго. Пра пачуццё або стан, які працяглы час турбуе, назаляе.

Яго мучыў ч. нуды.

4. Від шрубы для перадачы вярчэння ў некаторых механізмах (спец.).

Дажджавы чарвяк — чырвоны земляны чарвяк.

Раснічныя чэрві — клас плоскіх чарвей з целам, пакрытым раснічкамі.

Шаўкавічны чарвяк — вусень тутавага шаўкапрада.

Замарыць чарвяка (разм.) — злёгку перакусіць, прагнаць голад.

|| памянш. чарвячо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м. (у 1—3 знач.).

|| прым. чарвяко́вы, -ая, -ае (да 1 знач.) і чарвя́чны, -ая, -ае (да 4 знач.; спец.).

Чарвячная перадача.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

не́чысць, ‑і, ж., зб.

Разм.

1. Паводле забабонных уяўленняў — нячыстая сіла, чэрці, ведзьмы і пад. Загудзеў .. [парк] нечуванымі галасамі, .. закруцілася пажоўклае лісце — нібы нечысць уся пазляталася з усіх бакоў. Лынькоў.

2. перан. Жывёлы, насякомыя, якія выклікаюць агідлівае пачуццё. [Дзядзька:] — Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. В. Вольскі.

3. перан. Аб ганебных людзях, якія ўвасабляюць сабою ўсё варожае, цёмнае. Фашысцкая нечысць. □ [Яшчын:] — Тут пра жыццё думаць трэба, а не слёзы ліць, калі нечысць прагналі са сваёй зямлі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́хкаць, ‑ае; незак.

Разм.

1. Стукаць. Тахкае і прарэзліва шуміць за Грынямі на рацэ калгасная лесапілка. Пташнікаў. / Пра часткі механізмаў, што працуюць. Непадалёк .. аднастайна тахкаў рухавічок перасовачнай электрастанцыі. Броўка. / Пра аўтаматычную зброю. Тахкае кулямёт.

2. Рытмічна пульсаваць, моцна біцца, стукаць (пра сэрца). Моцна-моцна тахкае .. сэрца, нібы хочучы вырвацца, паляцець з грудзей. Лынькоў. Сэрца ў .. [Цімоха] тахкала так моцна, што, мабыць, пачуў і .. [Сымон]. Навуменка. // безас. Пра пачуццё шуму, удараў (у галаве, вушах і пад.). Тахкае і баліць у галаве. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэмбр, ‑у, м.

1. У музыцы — якасць гуку (яго афарбоўка), якая дазваляе адрозніваць гукі аднолькавай вышыні пры выкананні на розных інструментах або рознымі галасамі. М. Ворвулеў шчасліва спалучае ў сабе прыемны па тэмбру голас, адменную музычнасць і пачуццё сцэны. «Беларусь». Галасы ўсё больш скрыжоўваюцца, пераплятаюцца, узбагачаюць напеў тэмбрамі, робяць яго ўсё больш імклівым і рэльефным. «Полымя». // перан. Аб афарбаванасці, настроенасці чаго‑н. Мяккі тэмбр душы.

2. У фанетыцы — афарбоўка гука, якая вызначаецца становішчам фармант у частотным спектры гука.

[Фр. timbre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удзя́чнасць, ‑і, ж.

Пачуццё, якое ўзнікае ў адказ за зробленае дабро (увагу, паслугу, дапамогу і пад.); падзяка. Я шчырае слова Удзячнасці братняй Пакінуць у кнізе хачу. Гілевіч. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган. — Давай твой чамадан. Я вынесу, — прамовіў Федзя, — а вы, хлопцы, чакайце тат... — Ну добра, — сказала Наташа і з удзячнасцю зірнула яму ў вочы. Каваль. Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту-ту-ту1 — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896), ‘падзыўныя для курэй’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. ту‑ту, тю‑тю — падзыўныя для курэй, куранят, рус. ту‑ту‑ту, тю‑тю‑тю ‘тс’, польск. tiu‑tiu‑tiu ‘тс’, чэш. мар. tu‑tu ‘тс’, tuťа ‘курыца’, славац. ťu‑ťu‑ťu — падзыўныя для курэй. Адносяцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, якія служаць для выражэння жадання, волі (Смаль-Стоцкі, Приміт., 115), паходжанне якіх цяжка высветліць; звычайна трактуюцца як анаматапеічныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 134; Махэк₂, 662; ЕСУМ, 5, 674).

Ту-ту-ту2 — выражанае пачуццё палёгкі: Ой, ту‑ту‑ту! Добра, што ўсё так кончылася (чашн., Рэг. сл. Віц.), выражае настойлівасць, просьбу (?): Братавая золвы на ноч просіць, ту‑ту‑ту (Куп. і пятр. песні, 326), ту‑ту — выражае захапленне (?): Ту‑ту! Што ў мяне была за свякровачка (круп., там жа). Відаць, узмоцненыя (падвоеныя ці патроеныя) экспрэсіўныя словы — інтэр’екцыі, гл. ту1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абавя́зак, ‑зку, м.

Тое, што хто‑н. павінен выконваць у адпаведнасці з грамадскімі або асабістымі патрабаваннямі. Усеагульны воінскі абавязак. Пачэсны абавязак. Пачуццё абавязку. Правы і абавязкі грамадзян. □ Воінская служба ў радах Узброеных Сіл СССР — ганаровы абавязак савецкіх грамадзян. Канстытуцыя СССР. [Жлукта:] Прыбыўшы ў ваш горад, я палічыў абавязкам засведчыць вам сваю пашану. Крапіва. // звычайна мн. (абавя́зкі, ‑аў). Сукупнасць спраў або даручэнняў, ускладзеных на каго‑н. і абавязковых для выканання. Выконваць абавязкі. Ускласці абавязкі. □ Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч.

•••

Несці абавязкі гл. несці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)