невіду́шчы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў зрок; сляпы. Навошта рэкі і моры, Навошта хмары і зоры, Навошта палі і пушчы, Калі чалавек невідушчы? Дайнека. Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на доўгі кій і праводзячы цягнік невідушчымі вачыма. Хадкевіч. / у знач. наз. невіду́шчы, ‑ага, м.; невіду́шчая, ‑ай, ж. Нязручна было ісці невідушчаму: здавалася, вось-вось за што-небудзь зачэпішся і пляснешся. Марціновіч. // Які не заўважае, не бачыць таго, што адбываецца навокал. — Табе добра так гаварыць! — адкінулася на спінку крэсла Лёдзя і ўтаропіла перад сабою невідушчы позірк. Карпаў. Дзед Павел рынуўся ў гушчар, чапляючыся за карчы, налягаючы невідушчымі ад страху вачамі на кусты. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раска́т, ‑у, М ‑каце, м.

Доўгі, перарывіста гул, грукатанне (грому, кананады і пад.). Дзесьці далёка за лесам бліскалі зарніцы, і адтуль чутны былі глухія раскаты грому. Сачанка. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсе большую і большую імклівасць, .. ён ператвараецца ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху, абуджаючы грамавымі раскатамі даліны і горы. Лынькоў. Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Чарнышэвіч. // Перарывістыя моцныя гукі (чалавечага голасу, музыкі і пад.). — Мат! Гага-га... — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху. Быкаў. Раскатамі грымеў, сатрасаючы паветра, нізкі, хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзіны хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расцягнуць.

2. у знач. прым. Які падоўжылі, расцягнулі. На расцягнутых калёсах валаклі дубы. Мележ. // Рэдкі, з прамежкамі. Расцягнутая вёска. Расцягнутая шарэнга. □ Я выцягнуў адтуль добры дзесятак лістоў са знаёмым мне дробненькім расцягнутым почыркам Валерыі Андрэеўны. Дуброўскі. // Пашкоджавы моцным напружаннем, ударам. Цела азябла, баліць расцягнутая нага. Навуменка. // Які стаў вельмі вялікім ці шырокім, свабодным у выніку нацягвання. Расцягнутая сукенка. □ Крывыя, пагнутыя жалезныя пруткі былі падобны на расцягнутую старую вяроўку. Пташнікаў.

3. перан.; у знач. прым. Залішне працяглы, доўгі. [Міхасёвы] тлумачэнні былі расцягнутыя і незразумелыя. Краўчанка. У «Звяздзе» — поспех для пачаткоўца — была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рубе́ль 1, ‑бля, м.

1. Грашовая адзінка ў Расіі і СССР, роўная 100 капейкам.

2. Банкнот і манета такой вартасці. Настаўнік дастаў кашалёк, выняў срэбраны рубель і аддаў яго Лявону. Колас. Кандуктарка схапіла сторублёўку і не спяшаючыся пачала выцягваць са свае сумкі рублі, траячкі, пяцёркі. Васілёнак. Мы працавалі горача, каб ты стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Панчанка.

•••

Гнацца за доўгім рублём гл. гнацца.

Доўгі рубель — пра лёгкі і вялікі заробак.

рубе́ль 2, ‑бля, м.

Тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы, салому і пад. З поля прабеглі дзве палутаркі, везучы прыціснутыя пад рубель снапы сухога жыта. Краўчанка. Міша і Валодзька наклалі снапы на другую фурманку, затым падалі ездавому рубель. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траха́, прысл.

Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.

•••

Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.

Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сма́глы1 ‘смуглы’ (ТС), сма́ґлы, смя́ґлы, шма́ґлы ‘перасохлы (пра губы)’, ‘загарэлы’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. смаглі́й ‘смуглы чалавек’, сма́глий ‘цемнаватага колеру, загарэлы; даспяваючы’, рус.-ц.-слав. смаглыи ‘смуглы, цёмны’, польск. smagły ‘са скурай цёмнага колеру, загарэлы’, н.-луж. smagły ‘загарэлы’. Прасл. *smaglъ(jь), вытворнае ад прасл. *smagnoti, гл. смага1; Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326; Борысь, 561; Шустар-Шэўц, 1317.

Сма́глы2, сма́ґлы, шма́ґлы ‘сухарлявы, тонкі’, ‘сухі, пляскаты’, ‘схуднелы’ (Сл. ПЗБ), ‘тонкі, доўгі (пра дубец)’ (смарг., шчуч., Сл. ПЗБ). З польск. дыял. smagły ‘тонкі, гнуткі, стройны’, якое з польск. smagnąć ‘ударыць’; гл. Борысь, 561. Сма́глы, сма́ґлы ‘дужы, сільны, моцнага целаскладу’, ‘злы’, ‘вясёлы’ (ігн., ашм., Сл. ПЗБ), ‘цяжкі’ (ігн., Сл. ПЗБ), ‘нізкі і тоўсты’ (Федар. 4) пад уплывам літ. smagus ‘вясёлы, дужы, цяжкі’, з якім параўноўваюць аўтары Сл. ПЗБ (4, 497), гл. таксама Грынавяцкене, LKK, 30, 122.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.

2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капо́т 1, ‑а, М ‑поце, м.

1. Уст. Жаночае хатняе плацце шырокага пакрою з рукавамі і разрэзам спераду. На сляпой цяпер быў старамодны капот у доўгіх жоўтых палосах, на нагах — сандалі. Бядуля. // Доўгі кафтан. Абрам у доўгім чорным капоце, які блішчэў на грудзях ад заношанасці, стаяў сярод майстэрні і на пальцы сукаў суравую нітку. Пестрак.

2. Адкідная металічная накрыўка ў машынах, механізмах, якая ахоўвае іх ад пылу, вільгаці і інш. Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. [Лёнька] падышоў да сваёй паўтаратонкі, рэзка адкінуў капот і, нырнуўшы да матора з галавою, пачаў там нешта бразгаць гайкамі і ключамі. Краўчанка.

[Фр. capote.]

капо́т 2, ‑а, М ‑поце, м.

Тое, што і капатаж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Вузкі, доўгі або наогул невялікі кавалак тканіны, якім абвязваецца якая‑н. частка цела. Праз некалькі ўжо крокаў.. пакладзеныя Мішурыным павязкі аб’ехалі з .. пляча, і зноў пайшла кроў. Чорны. Пра тое, што перад намі франтавік, можна было здагадацца не толькі па ордэнах, — левае вока яго прыкрывала чорная павязка. Мележ. // Кавалак тканіны якога‑н. колеру, які носяць на рукаве як знак чаго‑н. Жалобная павязка. Белая павязка парламенцёра. □ Усе .. дні каралінцы бачылі Мікодыма з чырвонай павязкай на рукаве. Сабаленка. // Кавалак бінту або іншага матэрыялу, які дапамагае ўтрымліваць частку цела ў патрэбным становішчы або накладваецца на перавязачны матэрыял ці параненае месца. Гіпсавая павязка. □ Левая рука [вайскоўца] была забінтавана і трымалася на павязцы. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стано́ўчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае адабрэнне. Станоўчы водзыў. Станоўчая характарыстыка. // Які выражае згоду. Станоўчы адказ.

2. Які мае дадатныя ўласцівасці, якасці; які заслугоўвае адабрэння. Станоўчы прыклад. Станоўчыя вынікі. □ Граматыка В. А. Тарашкевіча адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні пачатковых ведаў па роднай мове і доўгі час служыла падставай для ўкладальнікаў пазнейшых школьных граматык. Суднік. Моўныя з’явы запазычваюцца ў выніку ўзрастаючых патрабаванняў да мовы, што з’яўляецца станоўчым фактам прагрэсіўнага развіцця. Жураўскі.

3. Які характарызуецца дадатнымі якасцямі. Станоўчы вобраз аповесці. □ Сам Лукаш быў чалавек станоўчы. Не курыў, піў у меру і пры выпадку. Чарнышэвіч. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)