заслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак., што.

1. Дзейнасцю, паводзінамі выклікаць пэўныя адносіны да сябе; стаць вартым чаго‑н. Заслужыць любоў. Заслужыць павагу. □ Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас.

2. Набыць права на што‑н. службай, працай; атрымаць за службу, працу. Заслужыць права на адпачынак. Заслужыць медаль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго.

Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., выклікаць страх у каго‑н. — О-ё-ёй! Дзедачы, не буду! — нарокам спужаўся Алесь, ведаючы, што Агей толькі страшыць. Крапіва. Саборы збуд[а]ваны хітра і з толкам: І ловяць, і страшаць, і глушаць цябе... Панчанка. Сціхлі грымоты сярдзітыя, Сэрца не страшыць іх водгулле. Трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Выклікаць у кім‑н. трывогу, страх. Нечаканы прыезд няпрошаных гасцей устрывожыў гаспадароў хутара. Якімовіч. Масавыя ўцёкі з лагера ўстрывожылі фашыстаў. Мяжэвіч. // Парушыць спакой. Не бойся, любая, не бойся, Я не ўстрывожу твой спакой. Пысін. — Да рання далёка яшчэ, — устрывожыў сусед маўчанку і бліжэй прысунуўся да вогнішча. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калаці́ць, калачу, калоціш, калоціць; незак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне чаго‑н.; хістаць, трэсці. Вецер з поўначы дзьме зухавата І калоціць дубы навакол. Астрэйка. Мікола ішоў па вуліцах шпаркімі крокамі, ён не прыслухоўваўся да тых выбухаў, якія ўжо калацілі горад. Якімовіч. / у безас. ужыв. Лінейку моцна трэсла і калаціла па разбітым бруку, і Іліко трымаўся за жалезную парэнчу з усяе моцы. Самуйлёнак. // Трасучы дрэва, выклікаць ападанне пладоў. Калаціць яблыкі.

2. Выклікаць дрыжыкі, азноб (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Салдаты бялелі ад страху, у спякотны летні дзень многіх пачала калаціць ліхаманка. Шамякін. Барыс адступае, і ўраз холад і гарачыня пачынае калаціць яго цела. Мікуліч. / у безас. ужыв. [Надзю] калаціла і ад холаду, і ад жудасці, і ад нецярплівасці. Бураўкін. // перан. Пазбаўляць ранейшага спакою, выклікаць змены. Рэвалюцыйныя буры калоцяць вёску, усё — і маёмасць, і жыццё — ставіць селянін на карту, абы здабыць волю. Кучар.

3. Разм. Рабіць вобыск, допыты, выклікаючы страх, трывогу. Расказала [бабка] і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас.

4. Разм. Узмахваючы, трасучы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. Калаціць палавікі. // Атрасаць салому на кулі. На хляве пачала аплываць страха — трэба калаціць кулі, папраўляць. Скрыган.

5. Разм. Гатаваць якую‑н. страву, размешваючы калатоўкай. Калаціць зацірку.

6. і без дап. Разм. Часта і моцна стукаць, удараць. [Дзверы] ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Лынькоў. // Наносіць удары, біць. Надзя з прытворнай злосцю накінулася на .. [Юру], пачала калаціць кулачкамі па спіне. Бураўкін.

•••

Калаціць кішэні — тое, што і трэсці кішэні (гл. трэсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Прывесці (прыводзіць) у стан паралічу, выклікаць (выклікаць) параліч. У яго паралізавана рука. / у безас. ужыв. У выніку кантузіі яму паралізавала ногі. // перан. Прывесці (прыводзіць) у аняменне, нерухомасць. Відаць страх, які адразу паралізаваў дыверсанта, быў ужо пераадолены ім. Гамолка. / у безас. ужыв. Я адчуў, як ад страху агортвае мяне хваля холаду і здранцвення. Мне спачатку паралізавала ногі, потым зайшлося сэрца, запякло ў скронях. Карпюк.

2. перан. Пазбавіць (пазбаўляць) здольнасці, магчымасці дзейнічаць; паслабіць (паслабляць) сілу, дзеянне чаго‑н. — Трэба паралізаваць нямецкія дывізіі яшчэ хаця б на некалькі тыдняў, хаця б да зімы. Шашкоў. Першая наша задача — паралізаваць чыгунку. Новікаў. Я заўсёды адчуваю старонкі позірк, ён перашкаджае, паралізуе мяне. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каму.

1. Выклікаць пачуццё сімпатыі да сябе. Валерыю Урублеўскаму дзядзька Рыгор спадабаўся з першага знаёмства. Якімовіч. Неабходна было абавязкова спадабацца гаспадару, паказаць сябе з найлепшага боку. Гамолка. // Выклікаць схільнасць (у асоб іншага полу). Учора Шэвель казаў мне, што пляменніку яго ты спадабалася больш ад усіх дзяўчат. Лынькоў. Ужо другі год, як Зоська спадабалася Макару. Бядуля.

2. Прыйсціся па густу каму‑н. Жанчына збоку наглядала за сваім госцем, шчаслівая, што яму абед спадабаўся. Гурскі. Афіцэру спадабалася Вайтовічава прапанова. Пальчэўскі. Прафесія фотакарэспандэнта .. [Мельнікаву] вельмі спадабалася. Васілёнак. // Пакінуць добрае ўражанне. Можа якраз не заганарыцца, падыдзе і спытае, ці спадабалася яго песня? Гроднеў. // безас., з інф. Атрымаць задавальненне ад чаго‑н. Маладому вераб’ю, што не меў яшчэ і года, спадабалася начаваць у ластаўчыным гняздзе. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчужанасць, рабіць далёкім каму‑н.; аддаляць. Поўнач у нейкай ступені робіць чалавека ідэалістам, але калі і адчужае яго ад людзей, дык затым толькі, каб зноў прылучыць да іх. М. Стральцоў.

2. Спец. Адбіраць на падставе закону ў каго‑н. якую‑н. маёмасць у карысць дзяржавы або грамадскіх арганізацыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́гія, ‑і, ж.

1. Сукупнасць прыёмаў, здольных, паводле забабонных уяўленняў, выклікаць звышнатуральныя з’явы; чараўніцтва, чары.

2. перан.; чаго. Вялікая сіла ўздзеяння на каго‑н. Магіл мастацкага слова. □ Я зноў зялёнай магіі дарог Душою падарожніка прадаўся. Бураўкін.

•••

Белая магія — паводле сярэдневяковых забабонных уяўленняў — чараўніцтва пры дапамозе нябесных сіл.

Чорная магія — паводле сярэдневяковых забабонных уяўленняў — чараўніцтва пры дапамозе пякельных сіл.

[Лац. magia ад грэч. magéia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заахво́ціць, ‑вочу, ‑воціш, ‑воціць; зак., каго-што.

Выклікаць ахвоту да чаго‑н., жаданне займацца чым‑н. Я сеў на парозе і з цікавасцю пачаў слухаць гаваркую бабулю, час ад часу ўстаўляючы толькі асобныя словы, каб заахвоціць яе да размовы. Няхай. Каб заахвоціць чырвонаармейцаў да вучобы, я пачаў чытаць ім урыўкі з класічных твораў Гогаля, Л. Талстога, Чэхава, Горкага. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надлама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць трэшчыну або дзірку, не зламаўшы зусім. Надламаць сук. Надламаць скрынку.

2. перан. Выклікаць аслабленне фізічных або душэўных сіл. Напружаная праца і гэтае нечаканае няшчасце надламалі.. [Лідзіна] здароўе. Шамякін. Пазіраў я на гэтага рослага шыракаплечага чалавека .. і думаў, што сем месяцаў палону надламалі ў яго нейкую жыццёвую струнку. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)