ідэа́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Вышэйшая мэта, да якой імкнуцца людзі і якая кіруе іх дзейнасцю. Агульначалавечы ідэал. Высокія грамадскія ідэалы. □ [Нявідны] ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. Колас.
2. ‑у; чаго або які. Дасканалы ўзор чаго‑н. Ідэал шчасця. Ідэал прыгожага.
3. ‑а; чый. Пра таго, хто з’яўляецца для каго‑н. вышэйшым ўвасабленнем якіх‑н. якасцей, узорам годнасці. З прачытанай літаратуры Кася вынесла вобраз свайго ідэала — рыцара, князя, аб якім марыць. Карпюк.
[Фр. idéal.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іне́рцыя, ‑і, ж.
1. Уласцівасць цел захоўваць стан спакою або руху, пакуль якая‑н. знешняя сіла не прымусіць іх змяніць гэты стан. Набраўшы разгон, ракета ляцела па інерцыі, як камета або звычайны астэроід. Гамолка. Кола разгайдалася, яно ўжо само далучыла сілу інерцыі да сілы мускулаў рук і круцілася лёгка. Колас.
2. перан. Бяздзейнасць, пасіўнасць, коснасць. Інерцыя мыслення. Інерцыя ўстарэлых звычак.
•••
Па інерцыі — па прывычцы, бессвядома, машынальна. — Прывык ты з часоў партызаншчыны думаць і вырашаць за ўсіх падначаленых, робіш так па інерцыі і дагэтуль. Хадкевіч.
[Ад лац. inertia — бяздзейнасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кавале́р, ‑а, м.
1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.
2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.
3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.
[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́ведаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і з дадан. сказам.
1. Выпытаць, вызнаць што‑н. такое, што трымаецца ў тайне. Выведаць тайну. Выведаць намеры. □ Войту трэба прасачыць і выведаць, куды прапаў дзед Талаш. Колас. // Разм. Разведаць, высачыць. Неабходна было выведаць, дзе стаяць немцы і дзе іх няма, якімі дарожкамі і якімі сцежкамі трэба прабірацца, каб не наткнуцца на ворага. Кулакоўскі.
2. Разм. Спазнаць што‑н. асабіста, на ўласным вопыце; зазнаць, зведаць. У плач кінулася Насця. У слёзы гаспадыні, што выведала ўжо ў маладыя гады хатнюю таўкатню. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́думка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Тое, што прыдумана, вынайдзена. У Сашы заняло дух .. ад гэтай новай выдумкі і прапановы. Шамякін. // Вымысел, фантазія. Паэтычная выдумка. □ Сон пераблытаў усё: праўду з выдумкай, мінулае шчасце з сучасным. Васілевіч.
2. Здольнасць выдумляць. А ты з выдумкай, стары, з гумарам! Лынькоў.
3. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці; хлусня; плётка. Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. [Туляга:] Усё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я палкоўнікам ніколі не быў. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́трасці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; пр. вытрас, ‑сла; зак., што.
1. Трасучы, высылаць, выкінуць што‑н. Вытрасці траву з мяшка. □ Развязан куль. Тут гоман, смех, І рыбу вытраслі на снег. Колас. // Згубіць. [Марынчук:] — Кісет з махоркай прапаў. Ці я вытрас яго ўчора, ці ўкраў хто... С. Александровіч.
2. Трасучы, ачысціць ад чаго‑н. Вытрасці пыл з коўдры. Вытрасці дыван. / у перан. ужыв. [Каваль:] — Мы з табой заўтра пагаворым? Я з цябе гэтую чумакоўшчыну вытрасу! Савіцкі.
•••
Вытрасці душу (дух) — а) змучыць дарогай; б) надакучыць каму‑н. кпінамі, сваркай, скаргамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да адысці (у 1–6 знач.).
2. Адступаць, змяняць сваё месцазнаходжанне. Каналы збяруць стаячыя балотныя завадзі, .. будзе наступаць чалавек, .. будзе адыходзіць вялікае балота. Самуйлёнак. // Адгаліноўвацца, вылучацца з чаго‑н. агульнага, асноўнага. Дзедаў стажок, вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая бародка нізкарослага хмызу. Колас. Чатыры .. вуліцы, нібы пучок промняў, адыходзілі ад саду. Шамякін.
•••
Што яму (ён, ім) адыходзіць — гэта яму (ёй, ім) не цяжка, гэта для яго (яе, іх) самая дробязь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ажыві́цца, ажыўлюся, ажывішся, ажывіцца; зак.
1. Ажыць, прачнуцца. Прырода ажывілася.
2. Зрабіцца больш ажыўленым, вясёлым, жыццярадасным. Заўважыўшы людзей, Раман ажывіўся і значна павесялеў. Колас. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі.
3. Зрабіцца шумным, поўным руху, дзейнасці. Пасекі ажывіліся... Зусім новыя людзі насялілі іх. Чарот. Празвінеў лясны званок, І адразу ажывіўся, І на ўсе лады заліўся З краю ў край зялёны бор. Бачыла.
4. Зрабіцца больш актыўным; пайсці жывей, хутчэй. Работа гуртка адразу ажывілася, колькасць аматараў тэхнікі падвоілася. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акра́ец, ‑райца, м.
Кавалак хлеба, пірага, булкі, адрэзаны ад непачатага краю. Акраец хлеба. Адрэзаць (адкроіць) акраец. □ На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў далікатны абрус акраец хлеба. Колас. // Кавалак хлеба. Хоць ёсць у запасе ў нас леташні хлеб, Ды з новага ўраджаю Спяклі мы, і вось на вячэрнім стале Ляжыць перад намі акраец. Танк. // Паэт. Што‑н. падобнае на акраец хлеба. Акраец пачырванелага сонца ўжо ледзь віднеўся з-за эглайнаўскай вежы. Броўка.
•••
Свой акраец хлеба — хлеб, кавалак хлеба; хлеб як сродак існавання. Мець свой акраец хлеба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абвінава́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што ў чым і без дап. Лічыць каго‑н. вінаватым у чым‑н. А супярэчыў.. [Сцяпан Варанец], так сказаць, прынцыпова: не можна, бачыце, абвінавачваць чалавека, калі добра не ведаеш. Крапіва. // Устанаўліваць віну каго‑н. у судовым парадку; лічачы вінаватым у чым‑н., прыцягваць да судовага разбору. Думкі перабіў ураднік. — У чым жа вас абвінавачваюць? — запытаў ён. — За што судзяць? Колас. // Папракаць, асуджаць за што‑н. Абвінавачваць у неаб’ектыўнасці.
2. без дап. Выступаць у якасці судовага абвінаваўцы, пракурора. Малады пракурор абвінавачваў упершыню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)