зне́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца, размяшчаецца звонку, за межамі чаго‑н.; проціл. унутраны (у 1 знач.). Знешняе асяроддзе. □ Знешнія шыбы пакрыты тоўстым пластом шызага інею. Шамякін. // Які дзейнічае звонку. Знешнія ўплывы. // Звернуты вонкі; вонкавы. Свайму знешняму выгляду рэдактар надаваў не малое значэнне. Колас.

2. Які праяўляецца толькі са знешняга боку, не закранаючы асновы, сутнасці чаго‑н. Знешнія змены. Знешні спакой. □ Можа, пры ўсёй сваёй знешняй няўклюднасці — сухасці, строгасці, рэзкасці — Леўкін у душы ўсё ж някепскі чалавек? Дадзіёмаў. // перан. Паказны, паверхневы, пазбаўлены глыбіні. Савецкага чалавека не можа асляпіць знешні бляск. «ЛіМ».

3. Які адносіцца да зносін з замежнымі дзяржавамі; проціл. унутраны (у 4 знач.). Знешні гандаль. Знешняя палітыка. // Які існуе, дзейнічае за межамі данай дзяржавы; замежны. Знешнія і ўнутраныя цэны. Знешнія і ўнутраныя ворагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імкне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.

2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.

1. Схавацца, прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Хлопцы затаіліся ў засені кустоў бэзу і сачылі адтуль за малымі. Шыловіч. Маленькі краб, выкінуты хвалямі на бераг, затаіўся пад каменем, дзе засталося крыху вільгаці, і пагражальна варушыць чорнымі клюшнямі. Бяганская. // перан. Разм. Імкнучыся застацца нявыяўленым, часова спыніць сваю дзейнасць. — Нам неабходна ўстанавіць пастаянны нагляд за Грыбоўскім і дзедам Гаўрылам. Толькі дзейнічаць трэба вельмі асцярожна. Пачнём ім мазоліць вочы, яны адразу здагадаюцца, затояцца... Курто. Белыя затаіліся, чакаюць большых сіл. Галавач.

2. перан. Скрыць, утаіць ад іншых свае думкі, пачуцці. Затаіцца ў сабе. □ Магла б тады ў крыўдзе затаіцца, Замкнуць давер’я дзверы на ключы І з пуцявіны выбранае збіцца, Навобмацак уперад ідучы, Калі б не дзядзька той мяне суцешыў. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.

1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.

2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.

3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.

•••

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.

Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).

Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.

Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыліп, ‑ла; зак.

1. Моцна прыстаць да чаго‑н. (пра што‑н. ліпкае, клейкае, мокрае або да чаго‑н. ліпкага, клейкага, мокрага і пад.). Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты. Бядуля. // перан. Шчыльна прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Кулямётчык] .. здаваўся адным целам з кулямётам, да таго ён прыліп да яго, зблізіўся з ім. Лынькоў. Пад плотам, у прагным чаканні, прыліп да зямлі худы рабы кот. Савіцкі. Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, а з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына. Брыль. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Прыліпла мянушка да .. [Асмалоўскага] — Адвакат. Сіўцоў. Механік быў зусім малы; Мянушка некалі — Малеча — К яму прыліпла горш смалы. Калачынскі.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. На шчасце, прыліп да .. [Ігната] добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Мележ. У гэтыя першыя трывожныя дні да .. [Домны і Раечкі] неяк прыліп Андрушка Шэмет. Лобан. // Перадацца каму‑н. (пра хваробу, пра што‑н. дрэннае). Ліхая хвароба падсачыла .. [бацьку], прыліпла к нядошламу целу, улезла ў яго нутро. Гартны. Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Грахоўскі. // Прыстаць з распытваннямі, папрокамі, парадамі і пад. — Ну, што ты да яе прыліп? — сказала маці і з дакорам паглядзела на Валодзю. — Вырасце такая, як ты, таксама не будзе баяцца. Васілеўская.

3. перан. Разм. Моцна захапіўшыся, старацца не разлучыцца з чым‑н. [Бацька] прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. Шамякін. Маці .. здзівілася: што з .. [Віцем] сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́іць 1, строю, строіш, строіць; заг. строй; незак.

1. што. Разм. Рабіць, майстраваць. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю — ялінаю, апрацоўваючы яе на рубель, хто строіў кассё, хто майстраваў да парога ці да калодкі бабку. Гартны.

2. што. У думках ствараць, намячаць, накідваць (планы, здагадкі і пад.). Каля Гнілога балота пастануць часамі дзядзькі, глядзяць, мяркуюць, праекты строяць. Колас. Вечарамі іншы раз, сабраўшыся сям’ёй за чаем,.. [Кудзіны] строілі планы на будучае, і ў гэтых планах цэнтральнае месца належала ёй, Марынцы. Хадкевіч. / у паэт. ужыв. Да працы ўсе, хто чуе сілу, Пад сцяг Чырвоны, Вольны сцяг! Капайце ворагам магілу, К Камуне стройце вольны шлях. Чарот. // Ладзіць, рабіць (прычоску). Марыйка ўзнімае галаву, падхоплівае рассыпаныя па плячах кучаравыя валасы, падыходзіць да люстэрка і пачынае строіць мудрагелістую прычоску. Ус.

3. што. Разм. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. І .. [бродаўцы] ўсе ў адзін мах: — Яўгена!!! — Не трэба хітрыкаў строіць. Баранавых. Над ёю [Марысяй] схілілася і строіла вясёлыя грымасы Ліна. Хомчанка.

4. каго-што. Ставіць у строй (у 1 знач.). Строіць полк.

•••

Смешкі строіць — насміхацца, смяяцца з каго‑н.

Строіць вочкі каму — какетліва паглядваць на каго‑н.

Строіць дурня — прыкідвацца дурнем.

Строіць дурня з каго — выстаўляць каго‑н. дурнем.

Строіць жарты (жарцікі) — жартаваць з каго‑н., насміхацца над кім‑н.

Строіць з сябе каго — прыкідвацца кім‑н., імкнуцца выдаць сябе за каго‑н., кім‑н.

Строіць камедыю — тое, што і ламаць камедыю (гл. ламаць).

Строіць кепікі (кпіны) — смяяцца, пакепліваць з каго.

Строіць міну — тое, што і рабіць міну (гл. рабіць).

стро́іць 2, строю, строіш, строіць; зак., каго-што.

Зрабіць трайным, размясціць, злучыць па тры, у тры разы, у тры столкі. Строіць рады. Строіць ніці. □ [Бадзягін:] — Заўтра ўсе як адзін павінны выйсці на ўборку. Здвоіць, строіць коней і працаваць на жняярках. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кулі́са1 ’плоскія часткі тэатральнай дэкарацыі, размешчаныя па баках сцэны адна за другой’ (ТСБМ). Запазычанне з франц. coulisse ’тс’ праз рус. кулиса ’тс’.

Кулі́са2 ’бор, парослы мохам і папараццю’ (Сцяшк. Сл.), ’прасека ў лесе’ (Бяльк., Яшк.), ’заезджаная паласа як сродак захавання глебы’, ’паласа лесу паміж дзялянкамі’ (ТСБМ). Магчыма, недакладна вызначана першае значэнне: «Сʼонʼна ў кулисʼе, мабыцʼ, шмат грыбоў нарасло, дажджы прайшлʼи». Ілюстрацыя можа адпавядаць другому значэнню. Да куліса1?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Будво́рыца ’выган за вёскай’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. будво́рицы ’месца, дзе канчаецца сяло, вёска і пачынаецца поле, луг, лес’. Можна меркаваць, што слова таго ж тыпу, што і буго́ня (гл.), г. зн. паходзіць ад *абудво́рыца, якое складаецца з *обы‑ ’абодва’ і двор (суф. ‑іца). Першапачаткова *’месца абапал двароў’. Таксама можна думаць і пра зыходнае *абадво́рыца, дзе *аба‑ (> бу‑) — прэфікс *ob(ъ). Тады першапачаткова *’месца навокал двароў’. Краўчук, БЛ, 1974, 5, 64.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бы́стры (БРС, Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. бы́стрый, укр. би́стрий, польск. bystry, чэш. bystrý, ст.-слав. быстръ і г. д. Прасл. *bystrъ ’хуткі, быстры, ясны, бадзёры і да т. п.’ Этымалогія слова няясная, ёсць шмат версій. Хутчэй за ўсё слав. *bystrъ звязана з герм. словамі: ст.-ісл. bysia ’імкліва выцякаць’, швед. busa ’кідацца ўперад’, фрыз. bûsen ’бушаваць, шумець’, būsterig ’бурны і г. д.’ Агляд гл. у Фасмера, 1, 259–260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́нды ’аборкі ў шырокіх рукавах’ (Гарэц.), ’абрыўкі на абрубцы, аблямоўцы вопраткі, на падоле’ (КЭС), бры́нда, бры́нджа ’аборка’ (Касп.), бры́нды ’шырокія фалды, складкі’, бры́нджы, бры́нжы, брындзю́лька (Бяльк.). Рус. дыял. (зах.) брынды ’шырокія рукавы сялянскага святочнага адзення’. Этымалогія Фасмера, 1, 222–223 (услед за Бернекерам, 93), зусім не пераконвае (гл. бры́ндаць). Лепш Брукнер, 43, які зыходзіў з ст.-польск. bryndy ’дарагая жаночая вопратка’, bryndować się ’прыгожа апранацца’, але першакрыніца слоў застаецца невядомай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)