картатэ́ка, ‑і, ДМ ‑тацы; Р мн. ‑так; ж.
1. Сістэматызаваны збор картак аднолькавага памеру з якой‑н. даведачнай ці ўліковай інфармацыяй. Бібліятэчная картатэка. □ Каб даць каму-небудзь характарыстыку, .. [Іван Іванавіч] звяртаўся да сваёй картатэкі, дзе былі сабраны біяграфічныя [даныя] на кожнага супрацоўніка. Карпюк.
2. Скрынкі з такімі карткамі. З невялікай картатэкі, прымайстраванай да стала, Собіч дастаў картку. Скрыган.
[Ад слова карта і грэч. thēke — скрынка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
журы́ць, журу́, жу́рыш, жу́рыць; незак., каго і без дап.
Злёгку дакараць, сварыцца на што‑н., павучаючы. Косця, вядома, быў нямала сканфужаны такой ацэнкай яго работы, але ён бачыў, што дзед журыць яго так сабе, не па злосці. Якімовіч. Няёмка быць там, дзе цябе лаюць і жураць, ды і каму гэта прыемна адчуваць сябе горшым сярод другіх. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Пярэдняя частка галавы ў жывёлы. Падабраў [Марцін] з-пад конскай морды ў абярэмак сена і, паклаўшы на калёсы, стаў запрагаць каня. Мележ. Цялушка .. трасе галавою і выцягвае морду. Колас.
2. Груб. Твар чалавека. [Дзед:] — Па мордзе, голубе, відаць — шкадлівы ты чалавек. Бажко. // Ужываецца як лаянка. — Пашавельвайся хутчэй, бандыцкая морда! — крыкнуў .. [чырвонаармеец], нарэшце. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навічо́к, ‑чка, м.
Чалавек, які ўпершыню з’явіўся дзе‑н. Аднойчы ў дзіцячы дом прывялі навічка. Васілевіч. Вярнуліся з канікул усе вучні з далёкіх вёсак, прыйшлі навічкі. Пальчэўскі. // Чалавек, які ўпершыню пачаў займацца якой‑н. справай. Андрэй не быў навічком, якога аглушае шум станкоў. Шахавец. Тры месяцы мінула, як.. [Алесь] працуе на заводзе, але адчувае сябе па-ранейшаму навічком. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нату́жлівы, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца або робіцца з натугай. Натужлівы голас. Натужлівы кашаль. □ Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Караткевіч. / у перан. ужыв. З боку вёскі, дзе слаба ружавее нешырокая палоска неба, даносяцца натужлівае пыхканне паравіка на электрастанцыі і вясёлая музыка. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наты́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
1. Уваткнуць што‑н. у якой‑н. колькасці. Натыкаць іголак у падушку.
2. Разм. Расставіць, размясціць дзе‑н.
3. і што. Разм. Накалоць. Натыкаць слівы перад варкай.
натыка́ць 1, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да натыкаць.
натыка́ць 2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да наткнуць.
натыка́ць 3, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да наткаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нечапа́ны і нячэ́паны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не чапалі, да якога не дакраналіся. Нечапанай стаіць на стале вячэра. А. Вольскі. Купала запаліў электрычнасць, запрасіў пасунуцца да стала, дзе ад самага пачатку размовы так і стаяла нячэпанай бутэлька цынандалі. Лужанін. [Стэфка] брыла па сінім гладкім нечапаным снезе. Бядуля. // перан. Нявінны, цнатлівы. Эй, яблынька, Спей, румяная. Я дзевачка Нечапаная... А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нябо́жчык, ‑а, м.
Мёртвы чалавек; мярцвяк. У пакоі, дзе стаяла труна з нябожчыкам, было поўна аўтазаводцаў. Карпаў. // (звычайна ў дадатку). Ужываецца для таго, каб паказаць, што той, аб кім гавораць, не жыве. [Дзед:] — Мой бацька нябожчык на сваіх плячах з лесу сенцы вынасіў. Скрыган. [Палікар:] — Нябожчык Іван усё жыццё марыў аб шчасці, ды не дачакаўся, памёр, небарака. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога цяжка злавіць, застаць дзе‑н. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську — гаспадара з-пад Вільні. С. Александровіч.
2. Ледзь прыкметны; няясны. Няўлоўны рух. □ [Ермакоў] пачуў няясны, няўлоўны тонкі гул, які то ўзнікаў, то прападаў. Мележ. Цеплыня, але нейкі няўлоўны подых восені чуецца навокал. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажа́ць, ‑жну, ‑жнеш, ‑жне; ‑жнём, ‑жняце; зак., што.
1. Зжаць усё, многае. Зямля ўся жоўтая ад ячменю.. Толькі там, дзе яго пажалі ля дарогі, зямля здалёку здаецца белай, што іней. Пташнікаў.
2. перан. Атрымаць здабытак ад чаго‑н. зробленага; заслужыць. Хто агонь тут пасеяў, — Смяротны пажне тут пажар... Куляшоў.
3. і без дап. Жаць нейкі час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)