ушы́цца 1, ушыецца; зак.

1. Звузіцца, укараціцца пасля шыцця.

2. Прышыцца, прымацавацца пры дапамозе шыцця. Нязграбна ўшыўся рукаў.

ушы́цца 2, ушыюся, ушыешся, ушыецца; зак.

Разм.

1. З цяжкасцю пранікнуць, уціснуцца куды‑н. Быў на гэтай вечарынцы і я. Ушыўся ў сенцах у натоўп большых, і мяне ледзь не на спінах перанеслі цераз парог. Кулакоўскі. Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады. Сяркоў. Мікодым не на жарт спалохаўся. Хацеў як ушыцца ў грамаду, каб ніхто яго не бачыў, каб не кідацца ў вочы пану каменданту. Сабаленка. // Залезці, схавацца ў чым‑н. [Міша] заўважыў у далёкім куце стадолы салому, ушыўся ў яе так, што яго зусім не відаць стала, і адразу спакойна заснуў. Чорны. Не раздумваючы больш ні секунды, .. [Крамнёў] зноў ухапіўся за стропы, напружыў апошнія сілы і мякка, нібы ў пярыну, ушыўся ў халодны вільготны мох. Шашкоў. // перан. Маскіруючы свае погляды, намеры, пралезці ў які‑н. калектыў, асяроддзе. [Галенчык:] — І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну! Мележ.

2. З’асяродзіцца, сканцэнтраваць увагу на чым‑н. [Камендант] зноў ушыўся ў свае паперы, да таго нецікавым яму быў гэты хлопец, якога і выклікаў ён проста так, на ўсякі выпадак. Лынькоў.

•••

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру — страціць сумленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.

1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.

2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.

3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.

•••

Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.

3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штат 1, ‑а, М штаце, м.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».

2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.

[Ад ням. Staat — дзяржава.]

штат 2, ‑у, М штаце, м.

1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.

2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.

3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.

•••

Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.

[Ням. Staat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

терпе́ть несов.

1. (безропотно переносить) цярпе́ць, трыва́ць;

терпе́ть боль цярпе́ць боль;

бы́ло о́чень бо́льно, но пришло́сь терпе́ть было́ ве́льмі балю́ча, але́ давяло́ся цярпе́ць (трыва́ць);

2. (мириться с кем, с чем) цярпе́ць; (сносить) зно́сіць; (выносить) выно́сіць; (переносить) перано́сіць;

он не те́рпит возраже́ний ён не выно́сіць (не перано́сіць) пярэ́чанняў;

3. (подвергаться чему-л.) не́сці, цярпе́ць, перажыва́ць;

терпе́ть убы́тки не́сці стра́ты;

терпе́ть пораже́ние цярпе́ць пара́зу;

терпе́ть неуда́чу цярпе́ць няўда́чу;

терпе́ть неприя́тности цярпе́ць (перажыва́ць) непрые́мнасці;

вре́мя те́рпит час яшчэ́ ёсць, час (яшчэ́) дазваля́е, ча́су (яшчэ́) хапа́е;

вре́мя не те́рпит ча́су ма́ла (няма́), час не чака́е;

де́ло не те́рпит (отлага́тельства) адкла́дваць (спра́вы) не́льга, спра́ва не чака́е;

бума́га всё те́рпит папе́ра ўсё вы́трымае;

терпе́ть не могу́ цярпе́ць не магу́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Кало́шы1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калашма́ціць ’шматаць, кудлачыць, тармасіць’ (ТСБМ), ’моцна тузаць, цягаць, стараючыся разадраць, пашматаць’ (ТСБМ), ’біць, калаціць’ (ТСБМ), калышмаціць ’растрасаць; лахмаціць; валтузіць’ (Яўс.), колошмаціць ’лупцаваць (чым-н.) цвёрдым па тулаву і галаве’ (жытк., Нар. словатв.). Статус слова не вельмі ясны: лінгвагеаграфія ўказвае як быццам на пагранічны да рус. гаворак арэал. Паводле нашых звестак, слова вядома прынамсі ў Мінскай вобласці, што разам з жытк. прыкладам знімае неабходнасць меркаваць аб уплыве рус. гаворак. З адпаведнікаў да бел. слова можна прывесці рус. колошматить ’несці лухту’, што дазваляе меркаваць аб бесперапынным характары распаўсюджання слова ў гэтай зоне. У іншых слав. мовах адпаведнікі да гэтых лексем як быццам адсутнічаюць; што датычыць формы, у рус. мове адзначаны яшчэ колошмачить ’біць, калаціць, калашмаціць’, колошмятить ’тс’. Адносна ўкр. матэрыялу нічога пэўнага сказаць нельга, па гэтай прычыне ўтварэнне можна разглядаць як рэгіянальную рус.-бел. інавацыю. Этымалагічна слова можа ўзыходзіць да колотить, аднак цяжка вытлумачыць наяўную устаўку, якая не нагадвае экспрэсіўныя структуры (экспрэсіўную суфіксацыю, інфіксацыю). Паводле семантычнага крытэрыю цяжка думаць аб суаднесенасці гэтага слова і адзначанага толькі ў бел. мове калашман, калашматы (гл. вышэй). Магчыма, калашмаціць неабходна разглядаць як складанае слова, у якім другую частку можна суаднесці са шматаць. Першая частка можа разглядацца як экспрэсіўны кампанент (аб паходжанні гл. меркаванні пад каламуціць, калатырыць), узмацняючы семантыку зыходнага слова. Аднак поўнаму прыняццю гэтай версіі перашкаджаюць некаторыя недакладнасці словаўтварэння. Рус. наўг. коломшить і валаг. коламяшить семантыка адпавядае бел. калашмаціць. Не выключана, што гэтыя прыклады сведчаць аб магчымасці іншай этымалогіі другой часткі і розных як фармальных (метатэза, збліжэнне з іншымі словамі), так і семантычных працэсах. На жаль, наяўны матэрыял не дазваляе меркаваць аб гэтым з упэўненасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́глы ’раптоўны, нечаканы’ (Сл. паўн.-зах., З нар. сл.), ’круты’, ’злосны, люты’ (слонім., Сцяшк. Сл.), ’вялікі, высокі’ (ТС; лельч., Нар. лекс.; мазыр., З нар. сл.; ельск., жытк., петрык., Мат. Гом.), ’нахабны’ (уздз., Жд. 1; рэч., Мат. Гом.; ТС), укр. наглий ’хуткі; раптоўны, нечаканы’, рус. наглый ’дзёрзкі, нахабны’, польск. nagły ’раптоўны, нечаканы, пільны, неадкладны; хуткі, жвавы’, чэш., славац. náhlý ’раптоўны, нечаканы, круты’, в.-луж. nahty ’круты, рэзкі; хуткі, раптоўны; запальчывы’, н.-луж. nagty ’тс’, славен. nagel ’тс’, серб.-харв. nȃgao ’хуткі, паспешны; мітуслівы, неабачлівы’, балг. на́гъл ’нахабны’, макед. нагол ’тс’. Прасл. *nagъlъ (або *naglъ), поўная форма *naglъjь, збліжаюць з санскр. añjas, añjasā ’жвавы, раптоўны’, гоц. anaks ’раптоўны, хуткі’ (Фасмер, 3, 36; Скок, 2, 498; Бязлай, 2, 212; Шустар-Шэўц, 2, 982), з лат. naguot ’спяшацца’, nagtiês ’хутка рабіць’ (Махэк₂, 388); сумніцельнай здаецца спроба вывесці прасл. *naglъ з *na‑lьg‑lъ < ležati (Тэдэска, Language, 27, 151, 28–33). Варбат рэканструюе першасную семантыку слова як ’хуткі, паспешны, раптоўны’, з якой выводзяцца іншыя пераважна экспрэсіўныя значэнні, і звязвае яго з прасл. *snaga ад дзеяслова з коранем *(s)nag‑, страчанага ў славянскіх мовах, якому адпавядае літ. nogė́tis ’жадаць, хацець’ (Варбат, Этимология–1964, 27–30). Літ. nõglas ’раптоўны, хуткі, імклівы’ запазычана з бел. або польск. (Фрэнкель, 1, 506). Цікавыя беларускія семантычныя інавацыі; палес. ’вялікі, высокі’ на базе значэння ’рэзкі, круты’ («наглы берэг», ТС), параўн. таксама на́гліквельмі высокая асоба’ (ТС), на́гліца ’велікан’ (саліг., Нар. сл.) і ’скупы, прагны, хцівы’ на бел.-літ. паграніччы, параўн. таксама нагле́ц ’той, хто скупы’, відаць, пад уплывам літоўскай мовы, параўн. літ. nogė́tis ’жадаць, хацець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́мец1 ’нямко, нямы чалавек’ (ТС), не́мяц ’глухі, глуханямы’ (Мал.), не́міцвельмі маўклівы’ (міёр., З нар. сл.), рус. не́мец ’нямы чалавек; чалавек, які невыразна, незразумела гаворыць’, славен. némec ’нямко’, серб.-харв. дыял. немь́ц «онај ко је нем, без моћи говора» (СДЗб., 29, 147), балг. не́мец ’нямы чалавек’. Прасл. *němьcь, утворана ад němъ, гл. нямы.

Не́мец2 ’немец’ (ТСБМ, ТС), не́мяц ’тс’ (Мал., Жд. 1, Цых.), укр. ні́мець, рус. не́мец, польск. Niemiec, чэш. Němec, славац. Nemecy в.-луж. Němc, н.-луж. Nimc, славен. Némec, серб.-харв. Не́мац, мак. Немец, балг. не́мец. Прасл. тэрмін, фіксуецца ў візантыйскі перыяд (1088) як Νεμίτζοι. Паходжанне этноніма застаецца канчаткова нявысветленым, найбольш верагодныя дзве версіі. Згодна з першай версіяй, ад немец1 (гл.) з развіццём семантыкі ’чалавек, што гаворыць няясна, невыразна’ да ’чужаземец’ (з канкрэтызацыяй ’немец’), гл. Брукнер, 360; Фасмер, 3, 62; Шустар-Шэўц, 13, 998; Мартынаў, Лекс. взаим., 102–104 і інш. Паводле другой версіі, што ўзыходзіць да Шафарыка, з кельцкай назвы германскага племені Nemetes, адзначанай рымскімі аўтарамі, што звязваецца з кельц. nomet ’свяшчэнны, знатны’, гл. Шахматаў. К вопросу о древн. слав.-кельт. отношениях. Казань, 1912, 37. Аднак абедзве версіі сустракаюць пярэчанні, параўн. Ковалев Г. Ф. Общеславянский этноним немец. Мат. по русско-слав. языкознанию. Воронеж, 1977, 41–45. Форма Не́мцы ’Германія’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Немцы: оутечеть оу Немци и Прꙋсы (XVII ст., Карскі 2–3, 329) з польск. Niemcy ’тс’, звычайна Няме́ччына (Немеччына) (Нас.).

Не́мец3 ’гульня’ (Бяльк.), ’пасаж у гульні’ (ТС), не́мчык ’тс’ (ТС). Няясна, хутчэй за ўсё да не́мец2 аднак матывацыя застаецца нявысветленай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́тка1 ’маці, мама’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ’мачаха’ (Яшк., Назвы), ма́тачка ’маці’ (Шат., Растарг.), ’самка некаторых жывёл, птушак і насякомых (пчол)’ (ТСБМ, Бес., Нас., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ма́тка, рус. ма́тка ’тс’, пск. ’сястра жаніха, нявесты’, пецярб. ’хрышчоная маці’, ярасл. матка старенькая ’бабуля’ (тое ж славац. stará matka); польск. matka ’маці’, ’пчаліная матка’, ст.-польск. matka ’цётка’, ’мамка’; чэш., славац. matka ’матка’; на паўд.-слав. тэрыторыі і Паноніі калісьці таксама было matka, якое пазней выцесніла majka/майка, matica (параўн. венг. mátka ’нявеста’, алб. mëtkë ’пчаліная матка’). Прасл. matъka — дэмінутыў да mati > ма́ці (гл.). Значэнне ’пчаліная матка’ ў лексемы matъka таксама вельмі старое; аналагічнае назіраецца ў англасаксаў. У іншых і.-е. народаў ужываюцца словы мужчынскага роду: rēx, βασιλέυς, König і да т. п. (Reallexicon, 1, 278). Сюды ж матка‑і‑мачаха ’падбел, Tussilago farfara’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Барысава (Бел.-рус. ізал., 9) мяркуе, што матка ў смал. гаворках было запазычана з польск. мовы.

Ма́тка2 унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл’ (ТСБМ), ’сцябло ніжняй часткі хмелю’ (акц., Мат. Гом.). Да ма́тка1. Аналагічна яшчэ лац. mātermātrīx.

Ма́тка3, ма́ткы, маткы́ ’спарыння ў жыце, Claviceps purpurea Tul.’ (пін., Шатал.; драг., Нар. лекс.), зах.-укр. ма́тка ’тс’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 19). Да ма́тка2. Спарыння выкарыстоўваецца ў гінекалогіі.

Ма́тка4 — адзін з капітанаў дзвюх каманд, выбраны перад пачаткам дзялення на каманды’ (гродз., Нар. словатв.). Рус. алан., арханг., валаг., перм., наўг., пенз. матка ’тс’, чэш. matka, máma. Відавочна, да матка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)