спадаро́жнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які ідзе або едзе разам з кім‑н., знаходзіцца разам у дарозе. За кінатэатрам Ніна Міхайлаўна сустрэла суседа. — Ну, цяпер у мяне ўжо ёсць спадарожнік да самага дома. Капусцін. У будзень .. спадарожнікаў не было і, вяртаючыся, Лёня стаяў у кузаве трохтонкі адзін. Брыль. Прахожыя азіраюцца на майго вельмі гаваркога спадарожніка і ўсміхаюцца. Каршукоў. // Той, хто разам з кім‑н. ідзе жыццёвай дарогай. А тыдзень назад .. [будаўнікі] не ведалі, што недзе жывуць такія цудоўныя іх равеснікі, што яны стануць неразлучнымі сябрамі, а можа і спадарожнікамі на ўсё жыццё. Грахоўскі. Прызнацца гэтаму чалавеку, які добра ведаў Юзіка, што яна [Люба] ўжо знайшла сабе новага спадарожніка, у яе не хапіла мужнасці. Васілевіч. // Тое, што пастаянна неабходна каму‑н. Кніга! Яна ўваходзіць у жыццё чалавека яшчэ ў маленстве і назаўсёды становіцца яго верным сябрам і надзейным спадарожнікам. Рунец.

2. Тое, што неразрыўна звязана з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. Баявая, бунтарская песня стала пастаянным спадарожнікам Ільіча. «ЛіМ». Рашучасць і валявая вытрымка заўсёды былі спадарожнікамі гераізму. Кулакоўскі. Імя, імя па бацьку, прозвішча — гэта сталыя спадарожнікі чалавека на працягу ўсяго жыцця. Бірыла. // Тое, што расце разам з чым‑н., знаходзіцца каля чаго‑н., сустракаецца разам з нечым. Кукуруза — спадарожнік іншых збожжавых у севазвароце. Спадарожнік нафты — прыродны газ.

3. перан. Той, хто часова і толькі знешне далучаецца да якога‑н. грамадска-палітычнага руху.

4. Нябеснае цела, якое рухаецца вакол планеты, зоркі. Спадарожнік Зямлі — Месяц.

•••

Карабель-спадарожнік гл. карабель.

Штучны спадарожнік — аўтаматычная касмічная станцыя або касмічны карабель, ці якое‑н. іншае штучнае касмічнае цела, якое круціцца вакол нябесных цел Сонечнай сістэмы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адначасова, адначасна, адным часам, у адзін час, у той жа час, разам, разам з тым, зараз, адразу, заадно, за адным; заразом (абл.) □ за адным заходам, адным махам, за адзін мах

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

бо́лей, прысл.

Тое, што і больш. Хай будзе сотня і болей Разам ляжаць плашчаніц, Мы перад імі на доле Не распластаемся ніц. Крапіва. Нідзе мяжы не згледзіш болей, І зніклі быльнік і палын. Колас. Злегла хворая Люба І ўжо болей не ўстала. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Уласцівы брату (у 1 знач.), родны. Братняя любоў да сястры.

2. Таварыскі, сяброўскі. Мы — беларусы з братняю Руссю Разам шукалі к шчасцю дарог. Клімковіч. Колькі ёсць поглядаў свежых, Братніх працягнутых рук. Танк.

3. Тое, што і братаў. Братнія дзеці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гудзе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гусці і гудзець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Рыгор адхіліўся ад акна; разам з гэтым змоўкла гудзенне аэраплана. Гартны. Раптам да вёскі пачалі далятаць нейкія нячутныя дагэтуль гукі, — ні то гудзенне жука, ні то малатарні. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́дзеўбці, ‑бу, ‑беш, ‑бе; пр. выдзеўб, ‑ла; заг. выдзеўбі; зак., што.

1. Дзеўбучы, зрабіць паглыбленне, адтуліну або вырабіць якую‑н. рэч. Разам з дзедам выдзеўблі яшчэ тры калоды, усцяглі на сосны. Мележ.

2. Вышчыпаць, выдраць што‑н. Крумкач крумкачу вока не выдзеўбе. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асо́бна, прысл.

Убаку ад іншых, паасобку. Дзяўчаты і падлеткі ішлі асобна. Мележ. Пакуль вернемся, каб усё гэта перабраў: мак асобна, пясок — асобна. Якімовіч. // Толькі аднаму, без іншых. [Фёдар Мікалаевіч:] — Ну, я яму [Шугаеву] асобна выкажу падзяку. Крапіва. // Паасобку, разлучыўшыся, у адзіноце. Разам — цесна, асобна — моташна. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заахво́ціцца, ‑вочуся, ‑воцішся, ‑воціцца; зак.

Адчуць жаданне, ахвоту да чаго‑н.; падахвоціцца. [Янка] яшчэ болей павесялеў, калі Лабановіч раптам заахвоціўся прайсціся разам да мястэчка Стаўбуны. Колас. [Ірынка] усё гаварыла, як дарослая, і, як дарослая, пачынала рабіць усё ў доме. Заахвоцілася нават раз мыць падлогу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паасо́бку, прысл.

1. Па адным, не разам. Гаварыць з кожным паасобку. □ Скончыўшы гаварыць, Лясніцкі саскочыў з воза і пайшоў у натоўп, вітаючыся паасобку з добра знаёмымі калгаснікамі. Шамякін.

2. Асобна, разлучыўшыся. — Ну што, можа і праўда нам лепш жыць паасобку, — згадзілася Раечка. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазлуча́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Злучыць, змацаваць усё, многае. Пазлучаць правады.

2. Устанавіць сувязь паміж усім, многім. Пазлучаць берагі мастамі.

3. Сабраць разам усё, многае.

пазлуча́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Злучыць для палавога акта ўсіх, многіх (пра жывёлу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)