ка́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Апавядальны твор вуснай народнай творчасці або літаратурны твор аб выдуманых падзеях, нярэдка з удзелам чарадзейнай, фантастычнай сілы. Беларускія народныя казкі. Казкі Андэрсена. □ Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля. Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. З нар. // перан. Пра што‑н. незвычайнае, дзівоснае, цудоўнае. Ёсць тут сем хвой. Не хвоі — казка. Колас. Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог. Панчанка.
2. Што‑н. выдуманае, нерэальнае; байка 1 (у 2 знач.). Нагаварыць розных казак. □ [Гарлахвацкі] Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць. Крапіва.
•••
Бабскія казкі — тое, што і бабскія плёткі (гл. плётка 2).
Казаная казка — пра не раз чутае і не вартае ўвагі.
Казка пра белага бычка — пра бясконцае паўтарэнне аднаго і таго ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да ночы, уласцівы ёй. Даўно растаў у начным небе след апошняй ракеты, а людзі яшчэ і не думалі разыходзіцца. Гамолка.
2. Такі, які бывае ноччу. Праходжу моўчкі я начную плошчу, І ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Павярнулася [Ларыса] і знікла за маліннікам у гушчыні цёмнага начнога саду. Мурашка. // Які адбываецца ноччу. Начны паход. Начная праца. □ Ішоў.. вялікі начны бой, біла артылерыя, гарэлі вёскі. Шамякін. // Які працуе, дзейнічае ноччу. Вінавата і разгублена спрабаваў апраўдвацца начны вартаўнік Уладзімір Вашэсцік: — Людцы добрыя, хіба ж за ўсімі дагледзіш?.. Шчарбатаў. Начным цягніком, як гэта часта бывала, Кузьма Гартун вяртаўся з дальніх калгасаў у МТС. Дуброўскі. // Які прызначаны для выкарыстання ноччу. Начная кашуля. □ [У бакавым пакойчыку] стаяў чыста прыбраны ложак, начны столік і два крэслы. Новікаў.
3. Такі, актыўнасць якога прыпадае на ноч (аб некаторых жывёлах, насякомых, раслінах). Начны матыль. Начная фіялка. □ Начная птушка абзывалася нясмела. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзе́цца, ‑дзенуся, ‑дзенешся, ‑дзенецца; заг. падзенься; зак. (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды», а таксама з прысл. «нідзе», «нікуды» і адмоўем).
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знікнуць, прапасці. Куды падзеліся дзеці? □ — А Лысухі ўсё яшчэ няма, — загаварыў нарэшце дзядзька Ігналь. — І дзе яна магла падзецца — проста дзіва. Сіняўскі. І куды падзелася .. [Адамава] шчырасць! Дамашэвіч.
2. (звычайна з адмоўем). Знайсці для сябе месца, прытулак. Насоўвалася ноч, а Базыль з Марусяй усё стаялі і стаялі на вуліцы, не ведаючы, дзе ім падзецца. Сачанка. Нахваліцца не мог Сцёпка гэтым домам, бо дзе ж бы ён падзеўся ў незнаёмым горадзе? Колас. // Схавацца, уцячы. Куды ж, куды падзецца Ад чорнае бяды? Панчанка. Думкі... Куды ад іх падзецца, калі яны не даюць спакою ні днём, ні ўначы. «Звязда».
•••
Куды (дзе) падзенешся — аб немагчымасці зрабіць што‑н. інакш.
Не ведаць, куды (дзе) падзецца — тое, што і не ведаць, куды (дзе) дзецца (гл. ведаць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пле́мя, племя і племені, Д племю і племені, В племя, Т племем і племенем, М (аб) племі і племені; мн. плямёны, плямён і плямёнаў; н.
1. Аб’яднанне некалькіх родаў у дакласавым грамадстве, звязаных агульнасцю мовы і тэрыторыі.
2. Група народнасцей, звязаная агульным паходжаннем і блізкасцю мовы. Перад тым, як распачаць дэбаты па дакладу лорда, трэба было выслухаць гэтага чалавека, прадстаўніка афрыканскага племені з Танганьікі. Лынькоў.
3. Уст. Пакаленне, патомства, род. — Маё шанаванне маладому племені, — усміхаецца Палянскі. «Звязда».
4. толькі адз. Разм. Група людзей, аб’яднаных агульнымі прыкметамі, прыналежнасцю да пэўнага сацыяльнага асяроддзя. Я не магу адплыць у шлях далёкі, Пакуль душой не прынаду ізноў Да тых крыніц, да тых святых вытокаў, Што успаілі племя змагароў. Панчанка. Я твайго неспакойнага племені, Партыя. Бураўкін. // Аб жывёле, птушках, аб’яднаных якой‑н. агульнай прыкметай. Племя вераб’інае! Ты знаеш І зімой таксама хараство. Броўка.
•••
Арлінае племя — пра гордых і смелых людзей.
На племя — для атрымання патомства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапра́ўдны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адпавядае рэчаіснасці, існуе сапраўды; рэальны. — Мусіць, зіма сапраўдная ляжа, — з выглядам знаўцы сказаў Коля. Якімовіч. // Аўтэнтычны, праўдзівы, не фальшывы. Нікому, нават самым блізкім сябрам сваім,.. [Іван] не гаварыў сапраўднага імя і прозвішча. Новікаў. Да руля быў прымацаваны званок, самы сапраўдны званок! Арабей.
2. Які адпавядае нашым уяўленням пра каго‑, што‑н.: такі, які павінен быць; ідэальны. Не знайсці нічога ў свеце Прыгажэй сапраўднай дружбы. Ні адна не мае мова Слова лепшага, чым «друг». Панчанка. Зразу пайшоў на работу хлапчына. Ён працаваў як сапраўдны мужчына. Дубоўка. Няўжо.. [Лакота] не можа знайсці сабе — хай не зусім поўнага, хай палавіннага, але сапраўднага чалавечага шчасця? Зарэцкі. А месца там — сапраўдны курорт! Чарнышэвіч.
3. Такі самы, падобны на каго‑, што‑н. Трэба кнігу, сапраўдную кнігу стварыць, Трэба вывесці ў свет немаўля-чалавека. Свірка.
4. Які захоўвае сваю сілу, дзейнічае. Білет сапраўдны на трое сутак.
•••
Сапраўдны лік гл. лік 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́цце, ‑я, н.
1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.
2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.
3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.
•••
Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спако́й, ‑ю, м.
1. Адсутнасць шуму і руху; цішыня. Цішыня і спакой панавалі ў заснежаным лесе. В. Вольскі. Пасля рабочага дня, што заканчваўся звычайна ў гадзіну ночы, наступаў спакой. Шахавец. У перадвячэрнім спакоі рэзка вылучаецца маркотнае курлыканне жораваў. Крапіва. Вазы адскрыпелі ў нізіне І стаў аглушальны спакой. Панчанка. // Парадак; адсутнасць грамадскіх хваляванняў. Грамадскі спакой. // Лагода; мірнае жыццё. Вайна іх разлучыла, Разбіла іх спакой. Бялевіч. І елкі ў неба ўзнялі пікі, Абараняюць наш спакой. Астрэйка. Хто вам сказаў, што на зямлі зацішша, Што на зямлі пасля вайны спакой? Аўрамчык.
2. Ураўнаважанасць, фізічнае і душэўнае супакаенне. Нуда скончылася, уперадзе, зусім блізка была доўгачаканая мэта — канец усіх трывог і час прыемнага спакою. Мележ. // Поўны адпачынак, бяздзеянне. Хвораму, акрамя лекаў, патрэбен яшчэ і спакой. Чарнышэвіч.
•••
Вечны спакой — смерць.
Мёртвы спакой — абсалютная цішыня, нерухомасць.
На спакой — а) на заслужаны адпачынак, на пенсію па ўзросту (ісці, адпраўляцца і пад.); б) паміраць (пара, трэба і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́йбішча, ‑а, н.
1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.
2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.
3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узві́цца, узаўюся, узаўешся, узаўецца; узаўёмся, узаўяцеся; зак.
1. Наматацца. Ніткі ўзвіліся на шпульку.
2. Імкліва падняцца ўверх, узляцець увысь. Клубок агню ўзвіўся ўгору і на міг асвятліў зямлю. Няхай. Над горадам узвіліся рознакаляровыя ракеты. Дудо. Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узбіўся. Танк. Чарада галубоў пранеслася пад соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася да вышкі, дзе была галубятня, і... зноў узвілася ўгару. Шамякін. / Пра песні, гукі, галасы і пад. Узвілася песня за гарой высокай. Панчанка. Быццам хочучы спалохаць мяне, прарэзліва ўзвіўся гудок над сцішаным прасторам. Сабаленка. / Пра каня. Конь узвіўся на дыбкі. Кулакоўскі. / Пра сцягі, заслоны і пад., якія хутка ўзнімаюцца ўверх. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. Над галовамі людзей, якія сышліся ў адзін гурт, узвілося, затрапятала, як жывое, чырвонае палотнішча. Сабаленка.
3. перан. Прыйсці ў раздражнены стан; узбурыцца. «Як з ночы? — узвіўся Селязнёў. — Чаму не далажылі адразу?» А Пракапенка толькі цепае плячыма. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. Даставаць, набіраць чым‑н. знізу або з глыбіні, захопліваючы невялікімі часткамі што‑н. вадкае ці сыпкае. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас. Па полі шырокім ідзе хлебароб — у цяжкіх ботах, спаважнай хадой. Чэрпае жменяй адборнае зерне з сявенькі і сее спакойна, упэўнена. Брыль. Малашкін чэрпаў з талеркі бульбяны суп з вермішэллю і маўчаў. Пестрак. // У час руху па чым‑н. вадкім, сыпкім захопліваць, набіраць. Каменне падала густа, бляшанка падскоквала на хвалях, нахілялася, чэрпала ваду, але ўпарта не хацела ісці на дно. Савіцкі.
2. перан. Набываць, браць, запазычваць што‑н. адкуль‑н. Чэрпаць веды. Чэрпаць сілы. □ Кожны з нас прыпасае радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны. Панчанка. Беларуская савецкая літаратура чэрпае сваё натхненне ў рэвалюцыйным абнаўленні краіны. Пшыркоў.
•••
Чэрпаць (браць) каўшом — многа, празмерна браць, атрымліваць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)