Насоў ’нешта, падобнае дла кашулі з палатна, якое сяляне апранаюць на адзенне для аховы яго летам ад дажджу, а зімой ад снегу’ (Нас.), ’белы палатняны балахон, які беларусы носяць летам, від летняга паліто’ (Мядзв.), ’балахон паверх сарочкі і спадніцы ў жанчын; ён мае невялікія выемкі па баках і на грудзях’ (Даўгарукаў), ’беларускі палатняны каптан’ (Багд.), ’доўгі балахон у талію з белага палатна, спецыяльна вытканага’ (Шн. 3), ’палатняны халат’ (Анім.), ’доўгая верхняя мужчынская вопратка без падклала’ (расон., Шатал.), ’верхняе адзенне з даматканай тканіны’ (Сл. ПЗБ), ’пояс ці рамень’ (Анік.), насоўка ’адзенне з суровага палатна, якое служыла для захавання кажуха ці бурноса ад дажджу’ (карэл., Нар. словатв.), ’вопратка ў выглядзе плашча, якая надзяваецца на кажух’ (Жд. 1), рус. насов, насовец ’сарочка, від мяшка з даматканага палатна, з прарэхамі ўверсе і з рукавамі, для цяпла, паверх сарафана, або для працы’ (Даль), ст.-рус. насовьць ’частка аблачэння святара, нарукаўнікі’ з 1300 г. (Сразн.). Паводле БелСЭ, асноўны арэал назвы і рэаліі — Віцебшчына, паўночныя раёны Міншчыны і Магілёўшчыны. Ад насу́нуць ’нацягнуць’, насоўваць ’нацягваць, накладаць зверху’; да соваць, с́унуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зака́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Запэцкаць каплямі чаго‑н.; абкапаць. Закапаць сукенку чарнілам.

2. Ка́паючы, увесці куды‑н. (лякарства). Ідучы на работу, мама загадала мне: — Вова, у дванаццаць гадзін закапаеш Наташы вочы. Васілевіч.

зака́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць капаць.

закапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.

1. Паклаўшы ў паглыбленне, засыпаць, закідаць чым‑н. зверху. Асноўную сваю маёмасць перад ад’ездам у лес закапалі ў зямлю. Залескі. — А дзе ж вы падзелі грошы? — Закапалі, бацюшка, у стайні, каля другога стойла. Якімовіч.

2. перан. Разм. Паклёпамі, даносамі падвесці пад абвінавачванне. — Ах, паслугач панскі, глядзі ты — чалавека хацеў закапаць... Але вось сам няхай цяпер гэтага хлеба паспытае. Чарот.

3. Засыпаць, зараўнаваць што‑н. Закапаць яму. Закапаць роў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрысція́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хрысціянства. Хрысціянская вера. Хрысціянская царква. □ Хрысціянскаму псеўдагуманізму.. Горкі проціставіў рэвалюцыйны гуманізм, непакорлівасць і непрымірымасць у барацьбе за вызваленне чалавека і чалавецтва. Івашын. // Які прызнае хрысціянскае веравызнанне. Хрысціянскі народ. // Які прапаведуе хрысціянства. Хрысціянскія місіянеры.

2. Які мае адносіны да хрысціяніна, належыць яму. Засыпалі.. [труны], і на беразе Віліі вырас курган. На ім, зверху, царкоўныя ўлады паставілі крыж з распяццем. Як-ніяк — хрысціянскі прах ляжыць пад курганам. Арабей. // Уласцівы хрысціяніну. З хрысціянскаю пакорлівасцю.. [Ціт] гатоў быў цяпер памаліцца за бязбожнікаў. Колас. // Які адбываецца ў адпаведнасці з абрадамі хрысціянства. [Рыгоравіч:] — Пахаваем з пашанай па нашым хрысціянскім звычаі. Няхай. // Разм. Праваслаўны, простанародны. Зірнуў дзед, напнуў лейцы, .. пачаў ціханька тпрукаць, але дзе ты згаворышся з гэтай [жывёлай], якая не разумее хрысціянскай каманды. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Накіроўваў позірк куды‑н., на каго‑, што‑н.; глядзець. Студэнт курыў папяроску і задумёна пазіраў на шызы дымок. Бядуля. Людзі наўкола смяюцца, а.. [Паўлюк] усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае. Быкаў. // Выглядваць з-за чаго‑н., адкуль‑н. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Чорны // Разм. Наглядаць за кім‑, чым‑н. — Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні, — адказалі хлопцы. Грахоўскі.

2. Час ад часу глядзець на каго‑, што‑н., куды‑н. Хлопцы штохвілінна пазіралі на гадзіннікі і адзін на аднаго, недаўменна паціскалі плячыма. Новікаў.

3. Адносіцца нейкім чынам да каго‑, чаго‑н. Косця снедаў, а пані Ванда стаяла збоку і са спагадаю на яго пазірала. Арабей. Стары певень пазіраў з пагардай на вераб’іную мітусню. Лынькоў.

4. перан. Быць скіраваным на каго‑, што‑н., у які‑н. бок. Пазірае ў клуб лагодна Месяц праз акно. Журба. Хата стаіць у лесе, вокнамі пазірае на поле. Дамашэвіч.

5. перан. Разм. Мець нейкі выгляд; выглядаць. Стары човен, як карыта, Пазірае горка. Купала. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны [елкі] найбольш адны стаялі, І так маркотна пазіралі Іх задуменныя галовы! Колас.

•••

Воўкам пазіраць — тое, што і воўкам глядзець (гл. глядзець).

Зверху ўніз пазіраць на каго — тое, што і зверху ўніз глядзець на каго (гл. глядзець).

Не ў той бок пазіраць — тое, што і не ў той бок глядзець (гл. глядзець).

Пазіраць зверам — тое, што і глядзець зверам (гл. глядзець).

Пазіраць коса (скоса) — тое, што і глядзець коса (скоса) (гл. глядзець).

Пазіраць у кусты — тое, што і глядзець у кусты (гл. глядзець).

Пазіраць у лес — тое, што і глядзець у лес (гл. глядзець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., што.

1. Мыючы, ачысціць ад чаго‑н.; вымыць. Я толькі цяпер заўважаю на Міхайлавых далонях чорныя крапінкі. Іх не адмылі ні вада, ні час. Даніленка. А маці цэлы экзамен учынілі [жандары], загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. // Мыццём зняць, вывесці (плямы, пахі і пад.). Адмыць чарнільныя плямы. □ Рукі пахнуць травой — лебядой, Сырадоем і кропам. Гэтых пахаў ніякай вадой Не адмыеш ні троху. Гілевіч. // перан. Зняць віну, ганьбу, грэх, вярнуць гонар. [Змітрок:] — Бруд, калі ён зверху, адмываецца, а вось калі душа чорная, яе ніколі не адмыеш! Ваданосаў. Нікому, нават Кастусю, ніколі.. [Толя] аб гэтым не гаварыў. Нічым, здавалася яму, нават тысячай забітых ім фашыстаў, нельга будзе хоць трохі адмыць з яго страшную ганьбу. Брыль.

2. Размываючы плынню, патокам, аддзяліць. Рака адмыла частку берага.

3. Спец. Аддзяліць, ачысціць ад прымесей прамываннем. Адмыць залаты пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абсы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Пасыпаць, пакрыць каго‑, што‑н. зверху чым‑н. сыпкім. Пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч. // Сыплючыся, раскідваючыся, пакрыць паверхню чаго‑н. Пялёсткі яблынь, збітыя начным цёплым дажджом, густа, амаль набела абсыпалі бераг. Хомчанка. // Пакрыць з усіх бакоў што‑н. Пушысты іней абсыпаў кожную галінку, кожную іголачку елак. Жычка. Вочы.. [жанчыны] былі шэрыя, строгія, валасы абсыпала сівізна. Новікаў. // безас. Пакрыць высыпкай. Губы абсыпала. // Уцяпліць што‑н., абкідаўшы зямлёю. Абсыпаць хату.

2. Абтрэсці што‑н. з чаго‑н. [Мікіта] стаяў, як ук[о]паны, каб не варухнуць нагою, каб не абсыпаць з ботаў на падлогу.. гразь. Галавач.

3. перан.; чым. Шчодра абдаць каго‑н. чым‑н. Абсыпаць падарункамі. Абсыпаць кампліментамі. Абсыпаць пацалункамі.

абсыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.

1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.

2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.

3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.

4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.

5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што чым.

Кідаючы што‑н., запоўніць (адтуліну, яму і пад.) або пакрыць, засыпаць зверху. Закідаць яму ламаччам. Закідаць разору зямлёй. □ Калі дома скідалі сена ў адрынку, [Юзік] не ўцярпеў, набраў велізарны ахапак і, быццам незнарок, закідаў ім Шуру, збіўшы з ног. Крапіва. // Кінуць у вялікай колькасці на каго‑, што‑н. Закідаць артыста кветкамі. Закідаць танкі гранатамі. // перан. Накіраваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці. Закідаць прамоўцу пытаннямі.

•••

Закідаць граззю каго — несправядліва абвінаваціць; абняславіць, ачарніць.

Закідаць каменнем каго — асудзіўшы за што‑н., не прызнаць сваім, адвергнуць.

Закідаць шапкамі — лёгка і хутка перамагчы, падолець каго‑н.

закіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.

1. Незак. да закінуць.

2. перан. Разм. Намякаць на што‑н. [Кацярына:] Не ўгаварвай, я ведаю, куды ты закідаеш. Крапіва.

•••

Закідаць вуду куды — тое, што і закідаць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Закрыць, пакрыць сябе чым‑н.; накрыцца, прыкрыцца. Закрыцца каўняром ад ветру. Закрыцца далонямі. □ Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заслацца, завалачыся, засланіцца. На світанні неба закрылася хмарамі, пасыпаліся дробныя ледзяныя крупкі. Кірэенка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спыніць сваю дзейнасць, існаванне (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Выстаўка закрылася. □ Мясцовая фабрыка зноў была закрылася. Лынькоў. // Скончыцца (пра сход і пад.). Нарада закрылася.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загойваючыся, сцягнуцца, зрасціся краямі (пра рану). Рана закрылася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скласціся, згарнуцца (пра што‑н. раскрытае, разгорнутае). Парасон закрыўся. // Заплюшчыцца. Павекі закрыліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Паказацца падобным на каго‑, што‑н. Косця ў гэты момант нагадаў Веры пакрыўджанае дзіцё, і ёй захацелася зрабіць яму што-небудзь прыемнае. Шыцік. Раптам, аднекуль зверху, данёсся жалобны пералівісты звон, які нагадваў звон маленькага ляснога вадаспада. Аляхновіч.

2. што, пра што, аб чым, з дадан. сказам і без дап. Напомніць каму‑н. пра што‑н., выклікаць успамін. Заспявалі пеўні, як гарністы, Нагадалі, што ўставаць пара. Скарынкін. У кішэньках астаткі махоркі Нагадалі мне восені пах. Хведаровіч. Помнік, што ўзняўся да зор, Парой нагадае былое... Кляўко.

3. што і без дап. Разм. Успомніць. У аповесці ёсць час — другая палова дваццатых гадоў, ёсць тапаграфія мясцовасці, ёсць добра выпісаны пейзаж. Варта нагадаць хоць бы ваколіцы Зялёнай Дубровы. Шкраба. Часамі, калі ў думках нагадаеш тую раннюю пару, уяўляюцца ласкавыя рукі маці. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)