Прысціба́й ’прыхвасцень’ (Бяльк.). Пранікненне з рускай тэрыторыі, параўн. рус. кур. пристеба́й ’тс’; семантыка яшчэ выводзіцца са значэння дзеяслова пристебаться, які, паміж іншым, азначае ’прычапіцца, прывязацца’. Бел. прысцёбваць ’сцёбаць, хвастаць злёгку час ад часу’ такой семантыкі не мае. Зрэшты, магчыма, утворана ад іншага значэння гэтага дзеяслова — ’часта выпіваць’ (Нас.), відаць, за чужы кошт. Далей гл. сцяба́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́ся ’дрэнны чалавек’ (хоцім., Мат. Маг.). Няясна; магчыма, звязана з літ. pusė ’палавіна’, pusėtinas ’звычайны, пасрэдны’, да семантыкі параўн. нічогі ’ніякі, дрэнны’ (гл.); параўн. таксама рус. дыял. пу́тя ’разгублены чалавек’, што, магчыма, звязана з пу́тька ’індык’, параўн. драг. пу́тя (дзіцячае) ’курыца’ (тады пу́ся < пу́ця, як кося ’конік’ і інш. дзіцячыя словы са “спешчанай” палаталізацыяй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разгу́жываць (разгу́живать) ’неадабральна адзывацца аб чым-небудзь; адкладваць, адмяняць’ (Нас.), разгу́живанне ’пярэчанне супраць добрай парады’ (Нас. Доп.), разгуджаць: коли Богъ судзиць, ни якій чортъ не разгудзиць (Нас. Сб.). Да гу́дзіць ’асуджаць, ганіць’ (Нас.), што ўзводзіцца да прасл. *gǫditi/*gǫděti значэнне ’ганіць’ развілося са значэння ’гудзець, выдаваць гук’ (Трубачоў, ЭССЯ, 7, 80; Фасмер, 1, 470–471).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́ссып, россыпам ’лес, які сплаўляецца асобнымі бярвёнамі, а не плытамі; неўпарадкаваны плыт’, ’што-небудзь рассыпанае ў вялікай колькасці’, ’каменныя глыбы з выветранымі горнымі пародамі’ (ТСБМ; віц., Нар. лекс.; светлаг., Мат. Гом.). Да раз‑/рос‑ (са значэннем ’перамяшчэнне ў розныя пункты з аднаго’) і сы́паць (гл.). Апошняе ’каменныя глыбы’ запазычана з рус. россыпь ’кучы камянёў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рошт ’рыштаванне’, ’вышкі, насціл’, ’рашотка, часовая падлога’, ’кладкі на высокіх калках, калодках, па якіх ходзяць у паводку’, ’памост на дрэве для борці’, ’падмосткі з яловых галін для спання на зямлі’ (ТС, ПСл), роштоваць ’падымаць на памост, падмошчваць’ (ТС). Ст.-бел. роштъ ’каласнік’ (1593 г.) — са ст.-польск. roszt < ням. Rost (Булыка, Лекс. запазыч., 93).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сля́сіць экспр. ‘украсці’ (Сцяшк.). Рус. дыял. сля́сить ‘тс’, сля́мзить ‘тс’, сля́бзить, сля́пзить ‘тс’ і інш. Фасмер (3, 681) параўноўвае з рус. дыял. ля́мза ‘злодзей, зладзюжка’, ля́мзить ‘красці’. Апошняе не мае пэўнай этымалогіі (Фасмер, 2, 551). Сувязь з польск. łamzak ‘махляр’, чаш. lamzak ‘тс’ з ням. Lappsack Фасмер (там жа, са спасылкай на Карловіча) лічыць сумніўнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Султа́н ’манарх у некаторых мусульманскіх краінах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. султанъ (салтанъ, зоптанъ, сзолданъ, солтанъ, солданъ) ’султан’ (XV ст.), якое са ст.-рус. султанъ, салтанъ (XV ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 27), укр., рус. султа́н ’тс’. Магчыма, праз візант.-грэч. σολδάνος ’тс’ (ЕСУМ, 5, 472). З араб.-тур. sulṭân ’тс’ (Фасмер, 3, 801).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Сухаве́іца, сухове́іца ’пясчанае поле’ (Лекс. Бел. Палесся). Відаць, да наступнага (’поле, дзе дуе сухі вецер’). Параўн. Выгонная (Бел.-укр. ізал., 20) са спасылкай на Талстога (Геогр., 129), які лічыў двухкамплектныя спалучэнні з *suxo не характэрнымі сучасным заходне- і паўднёваславянскім мовам, аднак раней прадуктыўнымі, у прыватнасці, у славенскай, і бачыць у слове палескае спецыфічнае семантычнае ўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыго́дзень ‘тыдзень’ (ашм., Сцяшк. Сл.), параўн. старое польск. падляш. tygoʒ́ ‘тс’ (Рэмбішэўска, Dynamika, 153). Паводле Борыся (657), адлюстроўвае гістарычнае спалучэнне са скланяльнымі формамі *tegoje dьne Р. скл. ад *tъjь dьnь ‘тыдзень’ (*tъ‑jь ‘той’ і *dьnь ‘дзень’); захавалася ў суч. польск. tegodnia, каш. tigodńa Р. скл. з пераафармленнем канца слова па ўзоры tydzień, гл. тыдзень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыя́ра ‘галаўны ўбор старажытных усходніх цароў; мітра Рымскага Папы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Праз ст.-рус., царк.-слав. тиара (з XI ст.) запазычана са ст.-грэч. τιάρα ‘галаўны ўбор персідскіх цароў, чалма’, куды трапіла з персідскай мовы (Фасмер, 4, 55; ЕСУМ, 5, 577; Голуб-Ліер, 462). Для беларускай назвы магчыма пасрэдніцтва лац. tiāra ‘мітра’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)