павяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.
1. Склаўшы разам, звязаць усё, многае. Жонка павязала ў клумкі вопратку, бялізну, абеду не гатавала. Навуменка. // Злучыць, перавязаўшы якія‑н. прадметы. Як толькі вада ў рэчцы паднімецца, з бярвенняў людзі павяжуць плыты і пагоняць іх на будоўлі. Карпюк.
2. Звязаць рукі і ногі ўсім, многім. Перад тым, як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой, абяззброілі .. і павязалі яго. Лынькоў.
3. Надзеўшы на што‑н., завязаць. Крыху саромеючыся, [Лёдзя] распранулася, туга, каб не замачыць валасоў, павявала галаву хусткай і паклала адзенне ў .. шафачку. Карпаў. Дземідзенка адзеўся, павязаў гальштук. Асіпенка.
4. і без дап. Вязаць (кручком, пруткамі) некаторы час. [Ганна] шкадавала, што не ўзяла нітак: магла б таксама не марнаваць часу, павязаць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нара́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Вуснае або пісьмовае распараджэнне на выкананне якой‑н. работы. Атрымаць нарад. Даць нарад. □ — Нарады брыгадзіры атрымалі ўчора вечарам. Шахавец. Яшчэ ўчора брыгадзір даў нарад акучваць бульбу на загуменні. Пташнікаў. // Дакумент з распараджэннем аб выкананні якой‑н. работы, а таксама на выдачу або атрыманне чаго‑н. Нарад на лес. □ [Міхал:] — Грошай трэба многа і на ўгнаенні, і на сеялку нарад ужо ёсць... Васілевіч.
2. Спец. Якая‑н. работа або заданне (пераважна для ваеннаслужачых). Быць у нарадзе. Нечарговы нарад. □ Аднойчы .. [Павел і Саша] трапілі ў нарад на кухню. Васілёнак.
3. Спец. Група ваеннаслужачых, якія выконваюць такое заданне. Нарад пагранічнікаў. // Наогул група людзей, што выконваюць якую‑н. работу або якія‑н. абавязкі. Чарговы нарад грузчыкаў займаўся ў гэты час упарадкаваннем складаў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недасту́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога нельга наблізіцца, падысці; непрыступны. Белы хорам стаяў недаступнай сцяной, Грозна, думна глядзеў на прыволле. Купала. А сопкі — без дрэў і без траў, А сеткі — амаль недаступныя. Пысін.
2. Такі, да якога цяжка прыступіцца; ганарысты, фанабэрысты. — Зрэшты, .. [Грышка] можа не такі ўжо недаступны, як ты думаеш, — дыпламатычна намякнула Вольга Карпаўна. Вірня. Недаступны да таго таможнік яшчэ з якую хвіліну глядзеў на нас, нібы вырашаў якую складаную праблему. Лынькоў. // Які выказвае ганарыстасць, фанабэрыстасць. Недаступны выгляд. // Строгай натуры (пра жанчын). Дзяўчына перастала засцілаць ложак, выпрасталася, упартая, недаступная. Мележ.
3. Недасяжны з прычыны якіх‑н. абставін, умоў. Недаступнае .. агню, які сцелецца па зямлі, таксама і галлё сасны, бо яно знаходзіцца высока на ствале. Гавеман. // Цяжкі для разумення. Гэта кніга яшчэ недаступная для дзяцей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.
1. што і цераз што. Праехаць цераз што‑н., на другі бок чаго‑н. Пераехаць цераз мост. Пераехаць гасцінец. □ Пераехалі [сябры] сухі луг і спыніліся начаваць. Якімовіч.
2. каго. Наехаўшы, задушыць, пакалечыць калёсамі, гусеніцамі. — Сцеражыся, дзядзечка, а то пераеду! Васілевіч. Другое дзіця, таксама хлопчыка, пераехаў цягнік. Навуменка.
3. Перамяніць месцапрабыванне; перасяліцца, перабрацца. Рагуля паведаміў Філістовічу, што ён можа пераехаць у Лувен і там скончыць універсітэт. Паслядовіч. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман, знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.
4. Разм. Праехаць — пра ўсіх, многіх. Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло і пераехала шмат народу. Колас.
5. каго-што. Заехаць далей, чым патрэбна, мінуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжыш, ‑лежыце і перале́жаць, ‑лежу, ‑лежыш, ‑лежыць; зак.
1. Праляжаць вельмі доўга, даўжэй, чым трэба. Пераляжаць на сонцы. // Сапсавацца ад доўгага ляжання. Агуркі пераляжалі. □ Лён, які тут добра радзіў, таксама не кожны раз даводзіўся да ладу — то перастаіць у загоне, то пералежыць на сцелішчы. Машара.
2. што і без дап. Лежачы, перачакаць што‑н. Пераляжаць бамбёжку. □ [Кандрат:] — Мне лепш пераляжаць дзень у разоры, а там з вечара нешта трэба будзе прыдумаць. Лобан. [Шура] ужо намерыўся шуснуць у вулачку, на агароды, каб пераляжаць дзень дзе-небудзь у кіяшніку. Навуменка. Не знаю, Як доўгую ноч пералежаць: Так цягне прайсціся па золкай расе! Свірка.
3. каго. Разм. Праляжаць даўжэй за каго‑н. Пераляжаць усіх на пляжы.
4. што. Адлежаць да здранцвення. Пераляжаць руку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́фас, ‑у, м.
1. Уздым, запал, а таксама знешняе іх праяўленне. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас. Вейс адчуваў, як знікае ўвесь пафас, увесь уздым, з якім гаварыў ён сваю прамову. Лынькоў. Гаварыў Мілоўскі прыўзнята, з пафасам, і з пафасам скончыў сваю прамову. Галавач.
2. чаго або які. Уздым, натхненне, энтузіязм, выкліканыя якой‑н. высокай ідэяй. Рэвалюцыйны пафас. □ Пафас працы ў паэзіі маладога Купалы зліваецца з пафасам рэвалюцыі, з абуджэннем і ўздымам народнай самасвядомасці. Івашын.
3. Сутнасць, асноўная ідэя, накіраванасць чаго‑н. Царскія чыноўнікі адразу ўлавілі сацыяльны пафас і рэвалюцыйную накіраванасць паэзіі Ф. Багушэвіча. С. Александровіч. Акалічнасць гэта абумовіла асноўны пафас аповесці — рэвалюцыйнае адмаўленне старога і ваяўнічае сцвярджэнне новага, сацыялістычнага. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дчына, ‑ы, ж.
Унясенне грошай, прадуктаў і пад. удзельнікамі якой‑н. агульнай справы, а таксама грошы, прадукты і пад., сабраныя такім чынам. На шафе пастукваў будзільнік, што купілі ў складчыну. Даніленка. Праз агароджу, якая ставілася ў складчыну ўсімі гаспадарамі, каб не псаваць выгляду, [дом] пазіраў на вуліцу дзевяццю аднолькавымі вокнамі і гэтым быў падобны на звычайны барак. Ракітны. Калі каго-небудзь пазбаўлялі стыпендыі, усе класы рабілі складчыну і давалі яму неабходныя грошы да таго часу, пакуль ён зноў яе не атрымліваў. Сяргейчык. // Вечарынка, бяседа, якія робяцца на сабраныя такім чынам грошы, прадукты і пад. [Юрка] прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, танцаваў, пакуль хапала сілы. Карпаў. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго .. на тую складчыну. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́йка, ‑і, ДМ спайцы; Р мн. спаек; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спайвацца — спаяцца. Вось Федзя ўжо ў музычнай школе, Развучвае дыезы ды бемолі, Хаця жадання ў хлопчыка няма. Ён у кішэнях носіць гайкі І марыць аб майстэрстве спайкі, Але дарма. Корбан.
2. Месца спайвання, злучэння частак чаго‑н. Мы саставілі замкнуты ланцуг розных металічных дратоў, і адну спайку награвалі, а другую ахалоджвалі. «Беларусь».
3. перан. Яднанне, калектывізм, цесная сувязь. Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскае арганізацыі, спайкі. Навуменка.
4. Від злучэння розных органаў і тканак, а таксама месца гэтага злучэння. Спайка паўшар’яў галаўнога мозга. // Паталагічнае злучэнне тканак у выніку запаленчага працэсу. Утварэнне спаек у страўніку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стогн, ‑у, м.
1. Жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам; выражэнне пакуты, адчаю. [Гжэцкі] не пачуў майго стогну, калі паласавалі і калечылі цела, бо нават стогн быў бы таксама яго перамогай. Скрыган. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Віці] нічога больш, апроч нейкага стогну. Брыль. Гарпіна павяла Ніну ў другі пакой і там пачала аперацыю. Адтуль чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач. // перан. Працяглы гук, шум, гул і пад. Раптам грымнула, нібы стрэл гарматы — «ггу-уухх», і цяжкім стогнам аддалося ва ўсіх канцах лесу. Дуброўскі. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Бядуля.
2. перан. Скарга, нараканне. Перад кім, ой, кім Расчыню душу? Стогн бяды, нуды У думках заглушу? Купала. З кожных вуснаў людскіх Хоча вырвацца крык, Стогн збалелай душы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суддзя́, ‑і; мн. суддзі, ‑яў; м.
1. Службовая асоба ў органах суда, якая выносіць прыгавор па судовай справе. Народны суддзя. Міравы суддзя. □ Чыкілевіч успомніў адно здарэнне па судзе, паставіў сябе на месца таго падсуднага, якога асудзіў суддзя. Колас. Джыавані не ведаў, што дні праз тры пасля яго суда тую дзяўчыну таксама прывялі ў суд, праўда, не да таго суддзі, які судзіў Джыавані. Лынькоў.
2. У спорце — той, хто судзіць якое‑н. спаборніцтва, гульню. Сам суддзя аслупянеў — Вырашыць не можа: Гол ці не? Гілевіч.
3. Чалавек, які выказвае якое‑н. суджэнне, думку, вывад пра што‑н. або дае ацэнку каму‑, чаму‑н. Лёдзя не раз заўважала, як людзі чамусьці тушуюцца перад бацькам і, калі спрачаюцца між сабою, звычайна бяруць яго за суддзю. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)