упіса́цца, упішуся, упішашся, упішацца; зак.

1. Запісацца куды‑н. Калгас у сяле арганізаваўся зімой яшчэ. Туды ўпісалася гаспадароў сорак. Навуменка.

2. Разм. Умясціцца на якой‑н. прасторы, у межах чаго‑н. Вока набліжалася да акуляра прыцэла. Сілуэт бамбардзіроўшчыка ўпісаўся ўжо ў першы бліскучы круг, потым у другі і нарэшце стаў на перакрыжаванне. Алешка.

3. перан. Арганічна ўвайсці ў акаляючае асяроддзе, структуру чаго‑н., не парушыць гармоніі з чым‑н. [Металічныя вышкі] неяк адразу прывычна ўпісаліся ў зялёны палескі пейзаж. Кірэйчык. У прывычны пейзаж утульных катэджаў, спартыўных залаў, манежаў ўпісаліся стрэлы вежавых кранаў. «Звязда». Паглядзіце, як па-свойску і арганічна ўпісаліся ў яго [Барадуліна] «Блакаду» народныя замовы, загадкі, прымаўкі: «На моры на Кіяні, на быстрым буяні стаіць ліпавы куст...» «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́ктар, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Момант, істотныя абставіны ў якім‑н. працэсе, з’яве. Кожная сцэна служыць асноўнай задачы: яна дапамагае раскрыць унутраны, маральны фактар бітвы праз псіхалогію воінаў. Дзюбайла. [Палкоўнік:] — Нечаканасць — вельмі важны фактар у баі. Новікаў.

2. ‑а. Уст. Пасрэднік, камісіянер. Аканомам хлопца прызначаць было рана, і таму пан зрабіў яго чымсьці накшталт фактара і перакупшчыка, з пенсіяй трыццаць рублёў месячныя ды яшчэ з панскім жыллём, вопраткай і ежай. Караткевіч.

3. ‑а. Уст. Кіраўнік тэхнічнай часткі друкарні, які ажыццяўляе сувязь друкарні з яе кліентамі. Калі выдавец увайшоў у друкарню, дык наборшчыкі пачалі пырскаць і фыркаць. Фактар растлумачыў іх весялосць, прызнаўшыся яму, што наборшчыкі паміралі са смеху, набіраючы яго кнігу. Клімковіч.

[Лац. factor — які робіць, стварае што‑н.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фу́тра, ‑а, н.

1. Валасяное покрыва на целе жывёл; шэрсць. Заглянуў Мароз у дупло, а там вавёрка ў шэрым футры спіць ды яшчэ хвосцікам, быццам коўдрай, накрылася, — добра ёй! П. Ткачоў.

2. Вырабленая шкура пушнога звера. Нарушэвіч пакорпаўся ў клумку і дастаў адтуль пышнае футра выдры. Машара. // Гэтыя шкуры як прадмет гандлю, вытворчасці. Лес, футра, бярозавы дзёгаць, шкіпінар ішлі ў многія краіны. «Звязда». Каштоўнае футра гэтага звера [бабра] скуплівалі замежныя камерсанты — яны плацілі чыстым золатам. Масарэнка.

3. Зімовая вопратка з вырабленых шкур пушнога звера. Казік памог.. [Мікалаю Мікалаевічу] ўздзець вялікае футра, падаў шапку. Грахоўскі. Вось па вуліцы ідзе дама ў кароткім футры з шэрага каракулю. Новікаў. / у перан. ужыв. Разам з хмарамі, якія віселі.. футрамі над зямлёй, завандравалі вятры. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш.-ласк. да хата; невялікая хата. Глядзіць [Янка] — стаіць пры моры маленькая рыбацкая хатка. Якімовіч. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. Свая хатка — як родная матка. Прыказка.

2. Жыллё бабра і некаторых іншых вадзяных жывёл з галінак, сцёблаў трыснягу і пад. Мінуўшы стройныя бары, Прайшлі б па мокрых кладках І паглядзелі б, як бабры Майструюць дружна хаткі. Свірка. // Гняздо птушкі. А побач з ім, на галінцы клёну, цвіркае верабей, яшчэ ўсё не пакідаючы надзеі выпрасіць у шпака яго новую хатку. Брыль.

•••

Астаткі з хаткі — усё, што ёсць, што засталося.

Хатка на курыных ножках (лапках) — невялікая, старая хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цалкі́, ‑оў; адз. няма.

Абл.

1. Яечня, у якой жаўткі не змешваюцца з бялкамі. Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала І надта ж добра частавала: Спячэ «цалкоў» на скавародцы, І так, бывала, наясіся, Што хоць на пупіку круціся. Колас. Неўзабаве мы сядзелі за круглым сталом — яна глядзела на мяне сваімі мр[о]йнымі вачамі і карміла: падала яешню з цалкоў, тварог на сподку і шклянку салодкага малака. Чыгрынаў.

2. Цэлая бульба, вараная ў лупінах. Ціт наліў пляменніку кубак першаку і паказаў на закусь, якую тут жа разгарнуў на складзеным у некалькі столак абрусе. То былі хлеб, сала цыбуля, бульбяныя, яшчэ цёплыя, цалкі. Кавалёў.

3. Зерні канапель, якія застаюцца цэлымі нястоўчанымі. Канапляныя цалкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́ха,

1. Прысл. да ціхі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.

3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.

4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

1. Накіроўваць стрэл, удар у каго‑, што‑н. Бяры, мілы, Трохлінейку, два падсумкі, патранташ, Цэлься ворагу ў сэрца, не прамаж. Крапіва. Анісім доўга і пільна цэліўся і стрэліў дуплетам. Сачанка. Ён [дзядзька] прымасціўся бачком на валун, Біў па зубілу, як быццам не цэліўся. Лужанін. // Імкнуцца зрабіць што‑н., накіроўвацца на пэўнае дзеянне. Галасок ужо зноў трымаў у руцэ чарку,.. цэліўся чокнуцца з Клаўдзяй. Савіцкі. Лістам сцелецца, а ўкусіць цэліцца. Прымаўка.

2. перан. Мець на ўвазе каго‑, што‑н.; мець намер завалодаць чым‑н., заняць якое‑н. становішча. Сынок Станіслава Крукоўскага Роберт яшчэ пры .. Пілсудскім усё маё золата ў Варшаве праглынуў і цяпер, кажуць, ужо на фальварак цэліцца. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

юрыды́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з заканадаўствам, прававымі нормамі і іх практычным прымяненнем. Юрыдычнае пытанне. Юрыдычны доказ. Юрыдычная практыка. □ Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. // Звязаны з вывучэннем і навуковай распрацоўкай правазнаўства, юрыспрудэнцыі. Юрыдычная адукацыя. Юрыдычны факультэт. Юрыдычная тэрміналогія.

2. Такі, які мае афіцыйнае, фармальнае права на што‑н. Юрыдычны ўладальнік.

3. Які мае адносіны да юрыста, складаецца з юрыстаў. Юрыдычная грамадскасць.

•••

Юрыдычная асоба гл. асоба.

Юрыдычная кансультацыя — установа з калегіі адвакатаў для аказання юрыдычнай дапамогі насельніцтву і растлумачэння дзеючага заканадаўства.

Юрыдычны акт — рашэнне дзяржаўнага органа, якое ўстанаўлівае пэўныя правы і абавязкі грамадзян, калектываў, арганізацый, ажыццяўленне якіх забяспечваецца дзейнасцю дзяржаўнага апарату і судоў.

[Ад лац. juridicus — судовы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае. Мы гаварылі, і наша мінулае ажывала, ядналася з нашым сучасным. Вышынскі. Стаіць.. [вёска] на лясной паляне, што толькі з аднаго боку яднаецца з яшчэ большай, узгорыстай палянай. Навуменка. І смутак, і радасць ядналіся разам. Чорны.

2. Аб’ядноўвацца, згуртоўвацца для дружных агульных дзеянняў. Сучасны сусветны рэвалюцыйны працэс развіваецца пад лозунгам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Звязда». Паэт сваім перакладам [«Слова аб палку Ігаравым»] быццам сцвярджаў, што ворагаў рэвалюцыі можна перамагчы толькі тады, калі народы былой царскай Расіі будуць яднацца ў сваіх баявых і працоўных намаганнях. Палітыка.

3. Уступаць у блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць сувязь з кім‑н. Сусед яднаецца з суседам, Каб даць прастор сваім палям. Глебка.

4. Зал. да яднаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Барана́. Рус., укр. борона́, польск. brona, чэш. brána (brány), в.-луж. bróna, н.-луж. brona, балг. бра́на́, серб.-харв. бра́на, славен. brána і г. д. Прасл. borna (bor‑na) ад асновы *bor‑ (параўн. bor‑zda ’баразна’). Параўноўваюць з лац. forāre ’свярліць’, ст.-в.-ням. borōn ’тс’, грэч. φαρόω ’ару’, φάρω ’расколваю’, лат. beȓzt церці, чысціць’ і да т. п. Гл. Бернекер, 74; Праабражэнскі, 1, 38; Фасмер, 1, 196–197; Брукнер, 41; Слаўскі, 1, 43; Махэк₂, 64; БЕР, 1, 74. Параўн. яшчэ Машынкі, Pierw., 74 (спецыфічная сувязь слав. і ст.-грэч. моў). Вельмі няпэўнай (з пункту погляду фанетыкі) з’яўляецца версія Аткупшчыкова, ЭИРЯ, IV, 87–96 (*borna < *bhorgná або *bhorgsná, да лац. frangere разбіваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)