папра́ўка, ‑і, ДМ ‑праўцы; Р мн. ‑правак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паправіць.
2. Стан паводле дзеясл. паправіцца (у 1, 2 знач.). Мінуў тыдзень, другі. Здароўе Сафроненкі не ішло на папраўку, нават пагоршылася. Жычка. Пад вечар надвор’е пайшло напапраўку: разагнаўшы хмары, вецер сціх, а неба паяснела і пацяплела. Карамазаў.
3. Змена, дадатак, якія папраўляюць што‑н. Сяргей Міронавіч перагортвае ноты. Ніны дзе-нідзе пярэсцяць ад паправак каляровым алоўкам. Бядуля. [Язэп:] — План людзі складалі, і людзі могуць унесці ў яго папраўкі. Асіпенка.
4. Спец. Велічыня, якая дабаўляецца да паказанняў вымяральных прылад з мэтай удакладнення іх. Папраўка на радыяцыю. □ Хвалюючыся, .. [снайпер] дастаў памятую паперку, яшчэ раз праверыў разлікі розных паправак — у снайперскай справе ён быў надзвычай тонкі матэматык. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасмяя́цца, ‑смяюся, ‑смяешся, ‑смяецца; ‑смяёмся, ‑смеяцеся; зак.
1. Смяяцца некаторы час. Крыху пасядзеўшы, пагаманіўшы, пасмяяўшыся, Базыль звярнуўся да гаспадара, да «валачобнікаў», запрашаючы ўсіх да сябе. Колас. [Антось:] — Рабіць цэлы дзень і не пасмяяцца, не пажартаваць! Чарнышэвіч.
2. з каго-чаго. Выказаць смехам адносіны да каго‑, чаго‑н. Іван Сцяпанавіч і Наталля Аляксееўна пасмяяліся яшчэ з тых успамінаў і з той прыемнай яе дружбы і пайшлі далей. Васілевіч. [Пятрок] жыве з сваёй жонкай Ульянай і па-ранейшаму памагае Алімпе, якая з усяе тае заварухі толькі пасмяялася. Ракітны. // Аднесціся да каго‑, чаго‑н. з насмешкай; пажартаваць з каго‑, чаго‑н. «А што, калі ён з мяне пасмяяўся», — з смуткам падумала .. [Зося] пра пастушка. Чорны. Хлопчык думаў, што Сцёпка непісьменны, пасмяяцца хацеў з яго. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.
1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.
2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачу́цца, ‑чуецца; зак.
1. Стаць чутным; загучаць. Недзе празвінела піла, пачуўся стук малаткоў, залязгалі гусеніцы крана. Гурскі. Быццам па сігналу, пачаў сціхаць людскі гоман, і ў цішыні раптам пачулася вуркатанне матора. Карпаў.
2. Разм. Адчуць сябе. Настаўнікі з вялікаю прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа, асвяжыліся і пачуліся як не трэба лепей. Колас. А ці ёсць гарады, Каб зайшоў і адразу пачуўся, Быццам жыў тут заўжды, А сягоння з дарогі вярнуўся? Лужанін.
3. Разм. Адчуцца, успрыняцца органамі пачуццяў. Нейкая недабрата пачулася яшчэ з вясны: Марына часам злёгку тэмпературыла, слабела, яе адольвала стома. Марціновіч. І сцэна ажыла, — лісты затрапяталі, і ветрык зашумеў у бэзавых кустах, пачуўся нават ружаў пах. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць скрыпучыя гукі; рыпець. Падлога скрыпіць. □ Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны. В. Вольскі. Суха скрыпіць снег пад нагамі. Пянкрат. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі. Бядуля. // чым. Рабіць скрып чым‑н. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі. Мележ. Бок балеў так, што Вісарыён скрыпеў зубамі, абмацваючы яго. Самуйлёнак. // Утвараць рэзкі гук, падобны на скрып (пра птушак). Пад ваколіцай голасна кукавалі зязюлі, паблізу, у травяністых нізоўях, скрыпелі дзеркачы. Кірэйчык. // Разм. Гаварыць рэзкім, скрыпучым голасам; бурчаць. [Жанчыны] паклікалі афіцыянтку да сябе і доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Брыль.
2. Разм. Жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы. Хворы яшчэ скрыпіць. / у перан. ужыв. Работа не ішла, а скрыпела. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скры́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрыць.
2. у знач. прым. Схаваны ад чыіх‑н. вачэй; нябачны. Сяргееў хацеў ісці скрытымі мясцінамі, па лазняку. □ Валодзя ведаў карацейшую дарогу. Федасеенка. // Замаскіраваны, тайны. Скрытая барацьба. Скрытыя падкопы ворагаў.
3. у знач. прым. Без характэрных знешніх прыкмет; унутраны. Скрытая форма хваробы. // Які не выяўляецца яскрава, скрываецца (пра пачуцці, адчуванні і пад.). Тонкія, таксама падфарбаваныя вусны нервова ўздрыгвалі, вялікія сінія вочы глядзелі журботна, з вялікім скрытым болем. Шашкоў.
4. у знач. прым. Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але яшчэ не выявіўся або знешне незаўважальны. Скрытыя сілы. □ Адам Міцкевіч, чытаючы лекцыі ў парыжскім Калеж дэ Франс, гаварыў .. аб скрытых, патэнцыяльных магчымасцях беларускай мовы. Мальдзіс.
•••
Скрытая камера гл. камера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смарка́ч, ‑а, м.
1. толькі мн. (смаркачы́, ‑оў). Слізь, якая выцякае з носа, збіраецца ў носе. — Смаркачы яшчэ з носа цякуць, а збіраюцца свет перайначыць... Божа ты мой, божа! от дачакаліся! — гаротна выгукваў дзед Піліп. Колас. — Смаркачы вытры! — злосна сказала сакратарка і рушыла назад у пакой. Навуменка.
2. Адна кропля гэтай слізі. Смаркач пад носам.
3. Разм. зневаж. Пра дзіця. Гэтак ішлі гады за гадамі. З смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнага дзецюка. Ядвігін Ш. // Пра маладога нявопытнага ў справах чалавека. [Глушак:] «Зноў гэты смаркач [Сцяпан] утыкае нос свой куды не трэба!» Мележ. — Хо! Р-работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Ну, скажы ты мне, смаркач! — загарлапаніў .. [шафёр], паглядваючы то на застаўку, то на мяне. Вышынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.
1. што. Прымусіць заплаціць, атрымаць ад каго‑н. прымусова. Спагнаць доўг. Спагнаць штраф. □ [Павал:] — Я яшчэ з .. [папа] спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне здзёр. Чорны. Мільганула думка, што Адэлька з’явілася, каб спагнаць аліменты. Асіпенка.
2. што. Атрымаць задавальненне, выліўшы свой гнеў, дрэнны настрой на каго‑н. Ляснік дагнаў нас на кані і злосць спагнаў на нявінным чалавеку. Прокша. Сонным хадзіў [Лаўрэн] і не знаходзіў, на кім нуду сваю спагнаць. Баранавых. // Наогул атрымаць задавальненне ад чаго‑н. дасягнутага. Малое голад свой спагнала І спаць не хоча а-ні-ні. Колас.
3. без дап. Адпомсціць за крыўду, прычыненае зло і пад. За вялікую крыўду і чорт спагоніць. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.
1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.
2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́раду, прысл. і прыназ.
1. прысл. З пярэдняга боку; проціл. ззаду. Зашпіліў [Андрэй] на ўсе гузікі паддзёўку — яна была мокрая спераду і пачынала лубянець. Пташнікаў. Потым [Ніна] паглядзела на сябе спераду, наслініла пальцы і зрабіла імі тоненькія бровы. Лобан. // На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н.; паперадзе. Вось спераду размашыста крочыць высокая і худая, з рашучым тварам, брыгадзірава жонка Настасся. Ракітны. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «спераду» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на месца паперадзе чаго‑н. Ісці спераду калоны. □ Хацяноўскі саступіў з дарогі і амаль адразу ўбачыў, што спераду кожнага матацыкла тырчыць руля. Здагадаўся: немцы! Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)