вы́думка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Тое, што прыдумана, вынайдзена. У Сашы заняло дух .. ад гэтай новай выдумкі і прапановы. Шамякін. // Вымысел, фантазія. Паэтычная выдумка. □ Сон пераблытаў усё: праўду з выдумкай, мінулае шчасце з сучасным. Васілевіч.
2. Здольнасць выдумляць. А ты з выдумкай, стары, з гумарам! Лынькоў.
3. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці; хлусня; плётка. Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. [Туляга:] Усё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я палкоўнікам ніколі не быў. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выпіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да выперці.
2. Выдавацца на паверхню, выпінацца. Твар.. [танкіста] быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Чорны. Вера бачыла яго чорныя ўскудлачаныя валасы і вострыя лапаткі, што выпіралі з-пад бэзавай тэніскі. Асіпенка. // перан. Разм. Яскрава выяўляцца, прарывацца. У рысах майго твару не было той лагоднай сіметрыі, якая, мне тады здавалася, так падабаецца дзяўчатам; выпірала нейкая вуглаватасць, а шэрыя з жаўцізной вочы глядзелі пранікліва. Карпюк. Праз гэтую ціхую фразу так і выпірала наверх злосць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.
Разм.
1. Захапіць што‑н. сабе; уварваць. Уваходзіць госць неспадзяваны.. Той самы Богут, што без жалю Гатоў зарваць чужы кусок І высмактаць з цябе ўвесь сок. Колас.
2. Абарваць так, што нельга знайсці канца (пра нітку). Зарваць нітку ў матку.
3. Раптоўна спыніць, перарваць. Калі стануць каровы на стойла, дык адразу і малако зарвуць. Чарнышэвіч. / безас. Аднаму зарвала, і другі ў рот вады набраў. Пташнікаў.
•••
Каб табе зарвала — ужываецца як праклён таму, хто моцна крычыць, гучна гаворыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяры́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да звера (у 1 знач.). Звярыныя сляды. Звярыны рык. □ А воўк, як бы насміхаецца з мяне, стаіць, пазірае, зачароўвае мяне сваім звярыным поглядам. Колас. // Такі, як у звера, уласцівы зверу. Твар яго быў жудасны: скрыўлены, зубы сціснутыя, у вачах — нейкія звярыныя іскры. Шамякін.
2. перан. Жорсткі, бязлітасны. Звярыная сутнасць фашызму. □ — Я добра ведаю, што да той пары, пакуль ты вырасцеш, не будзе на свеце звярынай улады багатых і ты шчасліва і спакойна пражывеш свой век. Самуйлёнак. // Надзвычай моцны. Звярыны страх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Рабіць што‑н. вельмі павольна, доўга не пачынаць якой‑н. справы. — Ідзі да брыгадзіра, запражы каня ды толькі не марудзь. Гроднеў. Каб паправіць становішча, трэба было хутчэй укараняць усе прапановы рабочых. А Булай чамусьці зноў марудзіў. Шыцік. // перан. Выказваць нерашучасць, быць нерашучым; муляцца. — Ёсць у мяне і больш складаная работа, але вельмі небяспечная. — сказаў Былінскі. — Якая? — Спецыяльная, — марудзіў з адказам Былінскі. — Рызыкаваць трэба. Гурскі. — Адчыняйце [веснічкі], дзядзька Іван, — падганяў Богдан Бобрыка, калі той марудзіў, пераступаючы з нагі на нагу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́тад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Спосаб пазнання з’яў прыроды і грамадскага жыцця. Марксісцкі метад. Дыялектычны метад.
2. Прыём, сістэма прыёмаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Пасеў рашылі правесці гнездавым метадам. Кулакоўскі. // Спосаб дзеяння, паводзін. Прыгледзеўшыся калісьці да Дразда, як той лёгка з дзяўчатамі жартуе, паспрабаваў гэтак зрабіць і Косця. На дзіва, ад яго слоў ніхто не смяяўся.. Ён паспрабаваў яшчэ раз — другі, кінуў гэты метад і адмежаваўся ад дзяўчат. Карпюк.
•••
Метад замяшчэння (спец.) — метад вымярэння шляхам замены пэўнай велічыні ўжо вядомай роўнавялікай велічынёй.
[Грэч. methodos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́рага, прысл.
1. Прысл. да дарагі (у 1 і 3 знач.). Хоць заплаціць прыходзіцца дорага, затое ж ехаць будзе выгодна. Колас. — Колькі? — спытаў Сімон. — Сто жоўценькіх, — коратка адказаў Гунава. — Дорага! — яшчэ карацей сказаў Сімон. Самуйлёнак. Хто калі перажываў расстанне з роднымі мясцінамі, той ведае, як радасна і дорага ўбачыць іх зноў. Навуменка.
2. перан. Цаной вялікіх намаганняў, цяжкасцей, ахвяр. Хачу я, каб .. [нашчадкі] не забывалі, Што нам свабода дасталася дорага. Свірка. [Фон Адлер] спыніў атакі — надта дорага яны каштавалі. Шамякін.
•••
Дорага б даў (заплаціў) гл. даць.
Дорага заплаціць гл. заплаціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назіра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прызначаны для назірання. Назіральны пункт. Назіральная вышка. □ Партызаны спрабавалі пайсці ў атаку, але частыя кулямётныя чэргі прыціскалі іх да зямлі. З супрацьтанкавага ружжа білі ўвесь час па назіральнай шчыліне, і нарэшце бранявік застыў на месцы. Шахавец.
2. Той, хто валодае назіральнасцю, умее назіраць (у 1 знач.). Назіральны чалавек. Назіральны мастак. □ Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, .. [Аляксей] адчуваў нядобрае. Мележ. Каб Адам быў больш назіральны, то ён бы ўбачыў у затуманеным позірку прыгожых жончыных вачэй нешта падобнае на вінаватасць і папрок. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́жны 1, ножан; адз. няма.
Футарал для шаблі, кінжала і пад. Бразгаючы ножнамі шабляў, з шумам увайшлі салдаты. Самуйлёнак. У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножан шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан.
но́жны 2, ‑аў; адз. няма.
1. Вялікія нажніцы. Садовыя ножны. □ Вострымі кравецкімі ножнамі я лёгка выразаў дзве столкі лямцу па велічыні гатовай падкладкі. Якімовіч. [Маці] увайшла ў двор якраз у той час, калі я нагнуўся з ножнамі над ліліяй. Хадановіч.
2. Спец. Машына для рэзання чаго‑н. з дапамогай пары вялікіх нажоў. Дыскавыя ножны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о́пера, ‑ы, ж.
1. Музычна-драматычны твор, у якім выканаўцы спяваюць у суправаджэнні аркестра. Оперы С. Манюшкі. Оперы П. І. Чайкоўскага. Оперы Ю. Семянякі. // Такі твор, пастаўлены на сцэне. Скончыўся другі акт оперы, абвясцілі перапынак. Шамякін.
2. Тэатр, дзе выконваюць такія творы. Пайсці ў оперу. □ У канцы.. інфармацыі паведамлялася, што сёння ў тэатры Оперы ў гонар гасцей адбудзецца ўрачысты канцэрт. Самуйлёнак. // Оперная трупа. Міланская опера.
•••
З другой (не з той) оперы (жарт. або іран.) — аб тым, што не мае дачынення да справы або размовы.
[Іт. opera.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)