Драсён ’расліна драсён’ (БРС, Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), дро́сень (Шат.), дро́сель, дро́сінь ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Назва гэта азначае расліну Polygonum L. і мае дакладныя адпаведнасці ва ўкр. дря́сен ’тс’ і серб.-харв. дресан. У іншых слав. мовах назвы фармальна адрозніваюцца: славац. rdesno, славен. rdésen і да т. п. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110–111) выстаўляе прасл. зыходную праформу *drěstьnъ і лічыць, што гэта ад’ектыўнае вытворнае ад іншай назвы — прасл. *drěstъ (параўн. Мяркулава, Очерки, 41–42). Шматлікасць бел. форм у дыялектах тлумачыцца тым, што тут адбыліся фанетычныя змены, у прыватнасці дысіміляцыі (ці асіміляцыі?) плаўных: р — н > р — л.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Друз ’шчэбень, друз’ (БРС), ’перабітая і засохлая камякамі зямля; смецце з зямлёй’ (Шат.), ’трэскі; смецце; кавалкі гліны, цэглы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. дыял. друз ’смецце’. Параўн. далей рус. друзга́ ’наогул усё рыхлае і сухое; смецце, сухое лісце і да т. п.’, друзг ’галлё’, ст.-рус. друскъ ’галлё’, польск. druzga ’асколкі і да т. п.’ Лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі прасл. характару (агляд форм гл. у Фасмера, 1, 543; падрабязна ў Трубачова, Эт. сл., 5, 133). Не выключаецца, аднак, што некаторыя формы могуць быць самастойнымі ўтварэннямі ў паасобных слав. мовах. Гл. дру́згаць, друзгата́ць. Сюды адносіцца і бел. дру́зачка ’трэска, кавалачак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́нкі ’свята ў гонар маладой, калі яна аказалася нявіннай’ (З—ч). Рус. арэнб. калинка, параўн.: «Пирушка на второй день свадьбы, когда присутствующим показывают свадебную сорочку новобрачной, свидетельствующую о ее невинности, а родителей новобрачной угощают калиновой настойкой» (СРНГ, 12, 356), варонеж. распивать калинку (пра абрад на трэці дзень вяселля) больш далёкае, аднак таксама звязана з калінай. Калину ломати — у вясельных песнях: ’губляць нявіннасць’, калину стратити ’згубіць нявіннасць’. Семантыка, відаць, усх.-слав., аднак што датычыць бел. калінкі і рус. паралелі, цяжка сцвярджаць, што тут утварэнне таго ж перыяду, хутчэй за ўсё інавацыя ў абмежаваным арэале з наступнай экспансіяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канча́р, канчу́р ’аддзелены канец чаго-небудзь’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц.; стаўбц. Прышч.; слонім., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.; навагр., Нар. словатв., стаўбц. З нар. сл.); ’сук, галіне дрэва, канцы галін’ (Сцяшк.), канчарэ́ ’кароткія бярвенні паміж вокнамі і на вуглах’ (гродз., Мат. АС); канча́рык ’капец градкі’ (гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.); канчуры ’наспісваныя алоўкі’ («Маладосць» 1969, I, 156); канча́р ’корч, куст’ (Сцяшк.), канчы́р ’няроўнасць на дарозе ад каранёў дрэў’. Бел. прасл. рэгіяналізм, утвораны ад прасл. konьcь ’капец’ пры дапамозе суф. ‑arʼь. Ад konьcь утвораны і дзятл. канча́к, шальч. канчу́к ’канец баразны’, паст., докш., віл. канчык, канчычок ’кончык’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́сцерка ’мяшок’ (Касп.). Тлумачэнне знаходзім у Даля: «Костерь ж. или костеря, костра, кострика, кострица, кострыга, костыга, костка, костица ж. Правильнее кастеря, кастрика «жесткая кора растений, годных для пряжи льна, конопли». Можна меркаваць, што касцерка ’мяшок’ — гэта ўтварэннесуфіксам -к(а) ад. бел. кастра ’кастрыца’, дзе суфікс выступае ў ролі ўтвараючага nomina attributiva і дзе нібы «аднаўляецца» ніколі тут не існаваўшы «ь». Гл. аб слове прасл. *kostra ў Трубамова, Эт. сл., 11, 158–160 (тут і аб складанасці рэканструкцыі). Першапачатковая семантыка слова — капцёрка «мяшок з канапель або льну — раслін, што даюць шмат кастры» (або «мяшок, зроблены з ільну або канапель, у якіх захавалася шмат кастры»).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касы́нка, ’касынка, хустачка’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк.). Слова, вядомае толькі ва ўсх.-слав. мовах. Акрамя бел. мовы, гэта лексема ёсць у рус. і ўкр. Параўн. рус. косы́нка ’хустачка трохвугольнай формы на галаву, па шыю’ (зафіксавана ўжо ў Ганчарова, Ляскова і іншых пісьменнікаў). Укр. коси́нка, якое прыводзіць Шанскі без указання крыніц, можа быць русізмам. Паводле Бернекера, I, 585, звязана з прыметнікам *kosъ ’косы’. Шанскі (2, К, 356) удакладняе, што касы́нка — гэта непасрэднае вытворнае ад іменніка рус. косыня ’касынка, хустачка’, якое яшчэ сустракаецца ў дыялектах і з’яўляецца дэрыватам ад прыметніка косой суфіксам ‑ын‑я. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 11, 179–180.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касі́р ’касір’ (ТСБМ). Рус. касси́р, укр. каси́р. Бел. і ўкр. лексемы, здаецца, запазычаны з рус. мовы. У рус. мове гэта слова было запазычана з ням. у Пятроўскую эпоху. Гл. Фасмер, 2, 207; Шанскі, 2, К, 86. Зыходнай ням. формай было спачатку Kassierer, адкуль узята рус. касирер (у паперах Пятра I). Сучасная форма касси́р упершыню ў рус. мове фіксуецца ў Слоўніку Нордстэта 1780 г. (Шанскі, там жа). Усё ж такі не вельмі ясным, у высвятленні Шанскага, застаецца пытанне аб узаемадзеянні форм ням. і італ. паходжання. Паводле Шанскага атрымліваецца, што ням. Kassier (< італ. cassiere) не адлюстроўваецца ў старых рус. паперах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катле́та ’катлета’ (ТСБМ, БРС). Рус. котле́та, укр. котле́та. Можна меркаваць, што непасрэднай крыніцай запазычання для бел. было рус. котле́та. У такой форме яно адзначаецца ўжо ў 1803 г. Запазычанне з франц. côtelette (ад côte ’рабро’). У канцы XVIII ст. рус. слова з’яўляецца ў крыніцах у форме, блізкай да франц. напісання (котелеты ’адбіўныя з мяса з рэбернай часткі’). Гл. Шанскі, 2, К, 359. Франц. пашырылася ў еўрапейскіх мовах (у прыватнасці, у ням.; параўн. ням. Kotelett, запазычанае да 1715 г.). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 352 (вельмі коратка). Лінгвістычная гісторыя слова і далейшыя этымалагічныя сувязі гл. у Клюге, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́фля ’керамічны выраб для абліцоўкі сцен і печаў у выглядзе пліткі, вугла, часткі карніза’ (ТСБМ, БРС), ка́фля, ка́хля (Сл. паўн.-зах.), ка́хля ’кафля’ (Сцяшк. МГ, Нас., Бяльк., Касп., Шат.). Ужо ў ст.-бел. мове назіралася варыянтнасць форм гэтага слова. Гл. у Булыкі, Запазыч., 144: кафель, кафля, кахель, кахля ’кафля’. Параўн. рус. ка́хля, ка́фля (Фасмер, 2, 212). Непасрэднай крыніцай запазычання для слав. слоў з’яўляецца польск. kafel, kachel, kafla, kachla < ням. Kachel (далей крыніцай ням. слова было лац. *caccalus ’гаршчок’). Гл. Фасмер, 2, 212, Кюнэ, Poln., 61; Слаўскі, 2, 20, Шанскі, 2, К, 101–102; Булыка, Запазыч., 144.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́чар ’самец качкі’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.), таксама ка́чур. Зафіксавалі ўжо ў ст.-бел. мове ў форме качоръ (XVI ст.); гл. Булыка, Запазыч., 144. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы. Зыходным з’яўляецца польск. kaczor ’самец качкі’, вядомае ў помніках з XV ст. З польск. крыніцы ўзяты таксама рус. дыял. качу́р, укр. качур. У аснове ляжыць мяркуемае зах.-слав. *kača ’качка’, расшыранае суфіксам ‑erъ (параўн. прасл. *goserъ). Гл. Слаўскі, 2, 15; Кюнэ, Poln., 61, Фасмер, 2, 214 (Фасмер адзначае, што зах.-слав. слова ўтворана ад памяшнальнай формы ўласнага польск. імя Katarzyna); Брукнер, 216; Бернекер, 1, 465.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)