падо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае падабенства з кім‑, чым‑н., нагадвае каго‑, што‑н. Падобныя з твару, браты шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго. Шамякін. На парозе з’явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што іх можна было адрозніць толькі па прычосках. Грахоўскі. Перасыльная біржа была вельмі падобнай на лагер ваеннапалонных, толькі меншая намерам. Якімовіч.
2. Такі, як гэты (пра які ідзе гаворка). Другі падобны выпадак здарыўся ў курортным горадзе Дуброўніку, дзе мы жылі некалькі дзён. Брыль.
3. У геаметрыі — які мае падобнасць (у 2 знач.). Падобныя многавугольнікі. Падобныя конусы.
•••
І падобнае (скарочана: і пад.) — ужываецца ў канцы пералічэння, паказваючы на тое, што яно можа быць прадоўжана.
Нічога падобнага гл. нішто 1.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
спажы́ва, ‑ы, ж.
1. Тое, чым можна пажывіцца; лёгкая нажыва. [Канвойныя] трасуць кішэні, складкі Адзення з ног да галавы, А да спажывы яны падкі, Ты ж стой ні мёртвы, ні жывы. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас. [Волф] даўно ўжо звык да лёгкай спажывы. Мележ.
2. Здабыча, харч; ежа. Ліса шукае сабе спажывы пад дрэвамі і кустамі, а на верхніх паверхах лесу гаспадарыць куніца, найзлейшы вораг вавёркі. В. Вольскі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачамі смакуе ўжо сваю багатую спажыву. Колас. Разам з тым прачнуўся голад, і.. [людзі] зноў пайшлі шукаць спажывы. Маўр.
3. перан. Матэрыял для мыслення, разважанняў, для разумовай дзейнасці і пад. Спажыва для розуму.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.
1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.
2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
сугу́чча, ‑а, н.
1. Адначасовае спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні.
2. Спец. Паўтарэнне ў вершы падобных галосных гукаў, а таксама падобнае гучанне канцоў радкоў у ім; рыфма. Для фіксацыі .. [карціны] трэба слова. І яно не прыходзіць само, чакае рытмічнага штуршка, удалага сугучча, асновы, на якую наніжуцца радкі. Лужанін. Вядома, само па сабе абнаўленне рыфмы за кошт шырокага ўжывання прыблізных сугуччаў узбагачала фармальныя, выяўленчыя магчымасці верша. Бугаёў.
3. Унутраная адпаведнасці адзінства. У .. старанна адшліфаваных вершах не адчуваецца «павеву духу жывога», усе яны прыгожыя, але халодныя. І ў гэтай рысе мы зноў сустракаемся з сугуччам талентаў аўтара і перакладчыка. Бярозкін. / Пра колеры, фарбы. Што ж датычыць каляровага сугучча, то гэтае пачуццё моцна развіта ва ўсіх паляшучак. «Маладосць».
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
супраціўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. супраціўляцца (у 1 знач.).
2. Уласцівасць. здольнасць целаў супрацьдзейнічаць якім‑н. зменам, уздзеянням. Электрычнае супраціўленне. □ У медзі супраціўленне крыху большае, у жалеза яно ўзрастае ўжо ў некалькі разоў. Чаркасаў.
3. Спец. Элемент электрычнага ланцуга, які дазваляе рэгуляваць сілу току ў ланцугу. У першыя дні ляснога жыцця не раз бывала, што не толькі радавыя партызаны, але і камандзіры з пакутным непакоем паглядалі на раскіданыя па сасновым стале дэталі, лямпы і гнёзды, кандэнсатары і супраціўленні. Паслядовіч.
•••
Пастаяннае супраціўленне (уст.) — рэзістар.
Супраціўленне матэрыялаў — а) здольнасць матэрыялаў супрацьдзейнічаць змене іх формы; б) навука пра трываласць і віды дэфармацыі матэрыялаў і элемента канструкцый машын і збудаванняў.
Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
хлябта́ць, хлябчу, хлебчаш, хлебча; незак., што.
1. Піць, зачэрпваючы вадкасць языком (пра некаторых жывёлін). Тады Слава падштурхнуў шчаня да сподачка. Нахіліў галоўку. Толькі пасля гэтага яно і пачало прагна хлябтаць, распырскваючы на падлозе драбнюткія кропелькі малака. Шыловіч.
2. Прагна піць. Ды Дзед Мароз ужо хлебча з конаўкі ваду, выцірае бараду і глядзіць, ладкуецца, дзе б гэта аблюбаваць месца на шырокім палку прылегчы. Кухараў. [Апенька] хлябтаў на поўны рот, пакуль не спаражніў пасудзіны. Навуменка.
3. Разм. груб. Піць (віно, спіртныя напіткі) у вялікай колькасці. — Мала мы з табою, ты [Халімон], нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі?! — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць. Караткевіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
цэ́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца, зроблены з аднаго рэчыва, з аднаго куска; суцэльны. Вырабляюцца.. [вудзільны] з цэльнага і колатага бамбуку, сталёвых трубак. Матрунёнак. Калоны [будынка] — з цэльных ствалоў дрэў, якія стаяць на каменных падкладках. «Помнікі».
2. Неразбаўлены, натуральны. Цэльнае малако.
3. перан. Які валодае ўнутраным адзінствам, прасякнуты ім. Каханне пачынаецца не ў дваццаць сем, а ў семнаццаць, яно самае моцнае, цэльнае, гэтае першае каханне... Навуменка. // Адзіны, непадзельны. Цэльнае ўражанне. □ Творчасць Кузьмы Чорнага не варта разбіваць на «раннюю» і «сталую». Яна цэльная і ў цэласці дае ўяўленне пра жыццё беларускага народа. Лужанін. // Закончаны, даведзены да канца. Па глыбіні псіхалагічнай характарыстыкі вобраз Данілы можна паставіць побач з вобразам Мірашнічэнкі. Ён такі ж цэльны, завершаны ва ўсіх сваіх рысах. «Полымя».
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
А́ркуш 1 ’ліст паперы, шкла, бляхі’ (БРС), аркгушъ, аргушъ (Нас.). Укр. а́ркуш, рус. дыял. арку́ш, польск. arkusz ’тс’. Ст.-бел., ст.-укр. аркушъ з XVI ст., як і польскае. Канчатковая крыніца лац. arcus ’дуга’, адкуль — ’сагнуты ліст’ (Вясноў, Бел. лекс., 35) праз польскую ў беларускую. Памылкова сцвярджэнне, быццам аркуш увайшло ў беларускую мову ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 259) не толькі таму, што слова ўстойліва адзначаецца ў старабеларускай мове і дыялектах, але і таму, што яно фіксуецца ў слоўніках XIX ст. (Шпіл., Мядзв.); ніякіх падстаў для паўторнага запазычання гэтага слова не было.
А́ркуш 2 ’пасхальны артас’, г. зн. ’пасвячоны хлеб’ (Мядзв.). Укр. дыял. а́ркуш ’тс’. Форма аркуш вынікла як скажэнне артус (гл.), магчыма, не без уплыву аркуш 1. Гл. артус.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Вы́я ’шыя’ (Інстр. I). Гэтага слова няма ў іншых лексічных крыніцах, таму можна лічыць, што яно ўнесена ў «Інструкцыю» ў якасці пробнага. Аднак мэтазгодным будзе ўсё ж такі прывесці яго этымалогію. Гэта слова вядома ў ст.-рус. і ст.-слав. мовах (выꙗ) і ў палаб. (våijo). Паводле Фасмера, 1, 373, цёмнае слова, ён не прымае параўнанне з авест. uyamnas ’deficiens’ (так Лёвэнталь, ZfslPh, 8, 129) і сувязь з вить, viti (так Гараеў, 60). Але, як думае Шанскі (1, В, 239–240), у рус. мове вы́я запазычана са ст.-слав. (так ужо лічыў Сразнеўскі). Шанскі (там жа) лічыць, што *vyja ўтворана ад дзеяслова *vyti ’быць’. Магчыма, што гэта і так; прынамсі, гэта этымалогія здаецца лепшай, чым тып, што былі вылучаны раней.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Галу́шка 1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.
Галу́шка 2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка 1.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)