падкараву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Разм. Падсцерагчы, высачыць каго‑, што‑н. [Балук:] — І Саўка прывядзе сюды паліцыю ці салдат. Вось тут і трэба падкаравуліць і сустрэць іх так, каб ніхто з іх не вярнуўся з лесу. Колас. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

Пакрыцца, прыкрыцца чым‑н. зверху; захутацца. Каб не кусалі камары, Ігнат накрыўся посцілкай і спаў. Капыловіч. Лёг, накрыўся з галавой і крыху наплакаў. Чарнышэвіч. Маці, не дачакаўшыся, пакуль спыніцца снег, накрылася вялікай хусткай і пайшла ў Сасновічы па мёд. Брыль.

•••

Хвастом накрыцца (неадабр.) — знікнуць, учыніўшы што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Змочваць слінай. Увесь час, пакуль яны былі ў хаце, Люда — сарамлівы, чорнавалосы падлетак у лапціках — цікавала на Толю з-за прасніцы і вельмі старанна слініла .. кудзелю, і вельмі старанна выводзіла доўгую нітку. Брыль. Клопікаў усё слініў і слініў агрызачак алоўка, старанна запаўняючы чыстыя старонкі сваёй кніжкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шля́цца, шляюся, шляешся, шляецца; незак.

Разм. неадабр. Швэндацца, валачыцца. Ваўкі па сцежках шляюцца І ночкаю, і днём. Купала. — Не будзе нам веры ў тое, што зямля наша, гэта наша зямля, пакуль будуць шляцца па зямлі буржуі ды генералы розныя. Галавач. [Дзядзька Яўмен:] — Аўхім толькі адзін і астаўся... Вось ён і шляўся, валачыўся тут... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпаклява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

Замазваць спецыяльным саставам шчыліны і няроўнасці на якой‑н. паверхні, падрыхтоўваючы яе для наступнай апрацоўкі (паліроўкі, фарбавання і пад.). У сярэдзіне школы яшчэ стукалі сантэхмантажнікі, маляры шпаклявалі дзверы. Грахоўскі. Пакуль дзед шпаклюе дно лодкі, я пераціраю трайнікі і гляджу на возера, залітае водбліскам вячэрняй зары. Шашкоў.

[Ад ням. spachteln.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́цемна, прысл.

1. Да світання, пакуль яшчэ цёмна. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Галя мала і бачылася з Вадзімкам: зацемна бегла на ферму і вярталася таксама прыцемкам ужо. Сабаленка.

2. Разм. Пасля змяркання; прыцемкам. Улетку зацемна вернешся з поля, не паспееш павячэраць, як песні клічуць цябе з хаты. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адлютава́ць, ‑туе; зак.

Перастаць лютаваць (звычайна пра мароз). Адлютавалі маразы. Цвет абляцеў духмяны з вішні. Зарыцкі. // перан. Аб спыненні вайны, разгулу рэакцыі. Родная вінтоўка! Ты прыйшла са мной у Сарочы лес, і не выпушчу цябе з рук, пакуль не адлютуе вайна і зямля не ачысціцца ад бруду, а над галавой не засвеціць чыстае неба. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абма́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Махаючы чым‑н., абдаваць сябе струменем паветра (звычайна для ахаладжэння). Пасажыры паадчынялі вокны, абмахваліся хустачкамі. Мяжэвіч. // Узмахамі адганяць ад сябе (мух, камароў і пад.). Пакуль цётка хадзіла ў хату па вядро, [карова] стаяла каля студні, над карытам з зялёным машком на дне, абмахвалася ад заедзі і, памыкваючы, прасіла піць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патае́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць патаемнага. Стагоддзі зямля маўчала, і людзі хадзілі па ёй і звыкліся з яе патаемнасцю. «Звязда». // Тайна, сакрэт. І бацюшка знарок ездзіў у Вільню, хадзіў там аж тры дні, пакуль знайшоў патрэбнае. Вось толькі не мог дадумаць, каму б .. даверыць тую патаемнасць. Прыглядваўся бацюшка да палешукоў, прыкідваў, хто б не падвёў. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакрышы́ць, ‑крышу, ‑крышыш, ‑крышыць; зак., што.

1. і чаго. Раскрышыць нейкую колькасць чаго‑н. або ўсё, многае. Пакрышыць пячэнне. Пакрышыць птушкам хлеба. // Нарэзаць дробнымі кавалачкамі што‑н. Пакрышыць бульбу на скрылікі.

2. Паламаць на дробныя часткі што‑н. Хлопец адбіваўся, пакуль не пакрышыў прыклад нямецкага карабіна. Шахавец. Калі.. [слана] не затрымаць, ён пакрышыць усе клеткі. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)