вы́рвацца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; зак.

1. Вызваліцца ад таго, што ўтрымлівае. — Во дзівак! — Віцька ўхапіўся за маю руку, трымаў моцна, мабыць, баяўся, што я вырвуся і ўцяку. Асіпенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца непрымацаваным. У Валі зноў гузік у сукенцы вырваўся. Васілевіч.

2. Вызваліцца, пазбавіцца ад якога‑н. уціску, прыгнёту, абмежавання, уплыву. Не было на чым вельмі разгарнуцца, але рада была Аўдоля, што хоць з гэтага пекла вырвалася: «Сама сабе гаспадыня, што захачу, зраблю». Крапіва. Андрэй з начальнікам штаба і камандзірамі атрадаў павольна ішоў між стромкіх, светлабокіх соснаў і аглядваў тых, каму ўдалося вырвацца з блакады. Кулакоўскі. // Пакінуць што‑н., выйсці адкуль‑н. Вырвацца з дому. □ Памерці, вядома, .. [Цярэміна] не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю. Быкаў.

3. Апынуцца, аказацца далёка наперадзе. Калі не зловяць нас [салдат] сёння, то за ноч мы вырвемся далёка. С. Александровіч. // Апярэдзіць каго‑н. у спаборніцтве. Валілі лес, тралявалі на конях. Не лепш і не горш за іншых. Ілля ж адразу вырваўся наперад. Мяжэвіч.

4. Імгненна з’явіцца, выйсці на паверхню, з сілай прарвацца. Выбух. У цемру вырваўся сноп яркага святла. Шамякін. З брандспойта вырваўся моцны струмень вады. Васілёнак. // Паказацца нечакана адкуль‑н. З-за крайняй хаты раптам вырвалася парка коней. Асіпенка. // Міжвольна вылецець (пра словы, гукі і пад.). Сцёпку самому падабаліся гэтыя словы, і самае важнае тут тое, што вырваліся яны самі сабою, не надумана. Колас. — Ты [Малашкін] не поп, каб я табе спавядаўся, — вырвалася ўрэшце ў Чухноўскага. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прасунуцца ўнутр чаго‑н. Дзверы нясмела адчыніліся, і ў пакой усунулася кепачка з пакамечаным брылём, а потым худы хлапечы твар. Арабей. Мала, зусім мала часу спатрэбілася Крукаву на тое, каб праз адчыненыя дзверцы ўсунуцца ў топку, паставіць на сваё месца каласнік. Васілёнак. // Улезці, паказацца ў чым‑н. Час ад часу ў вокны ўсунецца твар, як крэйда, збялелы, паглядзіць і расплывецца дзесьці ў цемені камеры. Нікановіч.

2. Разм. Уваліцца, праваліцца куды‑н. Бацька сказаў, нібы адгадаўшы маю думку: — Мабыць, усунуўся нехта ў багну.. І чорт яго пагнаў, не праведаўшы дарогі!.. Кулакоўскі. // Трапіць, папасці ў што‑н. А Якава збракавалі!.. Па вачах не падышоў і руку некалі зламаў. .. Мабыць, у машыну ўсунуўся, калі ў дэпо рабіў. Чарнышэвіч. Міша сігануў праз канаву, усунуўся адным ботам у глыбокую гразь, потым ускраем балацявіны абагнуў Нятрэсеў хутар з тыльнага боку. Арочка. // Утапіцца. Было іх, рэчак, часамі на ноч і па дзве, і па тры. Але такой шырокай не было. І так яны, хлопцы, яшчэ не сядзелі. — Я паплыву прыганю [лодкі], — сказаў Алесь. — Усунешся яшчэ. Брыль.

3. Разм. Увайсці куды‑н. павольна, ледзь перастаўляючы ногі. У карчму не ўвайшоў, а неяк цішком, прыгнуўшыся, усунуўся Апанас Хмель. Пестрак. Рыпнулі дзверы, і ў адрыну ўсунуўся Мікіта, Ігнасёў аднагодак. Чарнышэвіч. З гэтымі словамі ў пакой усунулася.. мажная кабеціна, пудоў на дзесяць вагою. Дубоўка.

4. Разм. Умяшацца, ублытацца ў што‑н. Справа магла наблізіцца да нейкага кампрамісу, але ў аркестроўку ўсунуўся Ядловец і.. перарваў дыспут. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́ўкі1 (пла́вкый) ’пакаты, спадзісты’ (драг., Клім.; в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), ’пакаты (аб страсе)’ (ЛА, 4), укр. плавки́й, рус. арханг., кур. пла́вкий ’плаўны’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суф. ‑к‑i са значэннем ’мае ў сабе тое, што названа ўтваральным словам’ ад *plavъ, параўн. польск. pław — пра цякучую ваду. Спачатку прыметнік меў суф. ‑ьn‑ъ*plavьnъ: пла́ўны ’пакаты (аб страсе)’ (полац., чэш., круп., чавус., ЛА, 4), плы́ўны ’тс’ (барыс., тамсама), пла́ўны ’павольны, без ветру (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), пазней у некаторых дыялектах адбылася мена суф. ‑ьn‑ъ на больш характэрны ‑ъk‑ъ, як у гнуткі, грузкі, даўкі, коўзкі, мулкі.

Пла́ўкі2 мн. л. ’паплаўкі (з бярозавай кары)’ (рас., навагр., Сл. ПЗБ), рус. прыбалт. плавки́ ’змацаваныя паміж сабой дзве вязкі саломы ці чароту, на якіх дзеці вучацца плаваць’. Семантычнае ўтварэнне ад плаваць, гл. плыць, або з польск. pław, pławik ’паплавок’, ’кавалкі кары, коркі, дрэва, прымацаваныя да аднаго края рыбацкай сеткі’, параўн. аднак яшчэ ст.-рус. плавокъ ’паплавок’ (1608 г.).

Пла́ўкі3 ’кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы для плавання’ (ТСБМ). З рус. пла́вки ’тс’.

Пла́ўкі4 ’тлустае сала, якое выдзяляе шмат тлушчу’ (пін., стол., ЛА, 4), пло́вкэ (сало) ’тс’ (стол., тамсама), пла́ўкі ’багаты тлушчам’ (ТС), ’слізкі’, ’слабкі (нітка, вяроўка)’ (Сл. ПЗБ); плаўкі́ ’слізкі, гладкі’ (саліг., Нар. словатв.), пла́вко ’гладка, лёгка’ (ТС). Укр. плавки́й ’роўны, гладкі, слізкі’, рус. валаг. пла́вкий ’які лёгка плыве’. Да пла́віць, якое з плыць, плы́сці (гл.). Семантыка развівалася ў напрамку: ’здольны плавіцца’ > ’багаты тлушчам’ > ’слізкі, гладкі’.

Пла́ўкі5 ’жоўты плывунец, Utricularia L. (?)’ (Сцяшк. Сл.). Да пла́ваць < плыць, плы́сці (гл.). Расліны не маюць каранёў і нібыта “плаваюць” у стаячых водах зарослых вадаёмаў і балот.

Плаўкі́ ’раска, Lemna minor L.’ (лельч., ЛА, 1). Да пла́ваць < плыць, плысці (гл.). Матывацыя: плоскія лісткі “плаваюць” — знаходзяцца на паверхні стаячых ці павольна плывучых вод. Параўн. іншыя роднасныя назвы раскі: в.-дзв. плаў, бабр. пла́ўня, саліг. плавунец, слон. плаву́чка, плаву́шка, круп. пуплаве́нь (тамсама). Знаходжанне раскі на паверхні вады атаясамлівае яе з паплаўком — гл. пла́ўкі2. Значэнне ’майнік’ (ТС), відаць, вызначана недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тупы́ ‘недастаткова навостраны, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць, нявостры’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Ян., ТС, Сл. ПЗБ): хочацца хлеба, ды нож туп (Юрч. Крыл.), ‘шырокі, круглы (пра галаву, морду)’, ‘які прыйшоў у стан атупення, абыякавы, бяссэнсавы’, ‘не востры, глухі, ныючы (пра боль)’, ‘глухі, не звонкі (пра гукі)’ (ТСБМ), ‘нячуйны (пра сабаку)’ (Ян.), ‘някемлівы, разумова абмежаваны, неразвіты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ, Нас., Вруб., Байк. і Некр.), ‘павольны, гультаяваты’ (паст., лід., брасл., Сл. ПЗБ), тупу́ ‘лянівы, ціхі’ (ТС), ст.-бел. тупый ‘якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць’, ‘разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы’, ‘бяссэнсавы (пра погляд, твар)’ (ГСБМ). Укр. тупи́й, рус. тупо́й, стараж.-рус. тупъ, польск. tępy, н.-, в.-луж. tupy, чэш., славац. tupý, славен. tȍp, харв. tûp, серб. ту̂п, балг. тъп, макед. тап. Прасл. tǫpъ ‘нявостры, вышчарблены’, відаць, развілося з і.-е. *tompo‑, параўн. літ. tampýti ‘цягнуць, расцягваць’, tem̃pti ‘тс’, лат. tiept ‘нацягваць, рабіць тугім’, ст.-ісл. þambr ‘тоўсты, надуты’, ‘нацягнуты (пра цеціву)’, ст.-грэч. τέμνω ‘рэжу’ ўзыходзіць да і.-е. асновы *ste(m)p‑/*ste(m)b‑ і роднаснага і.-е. *stm̥bo‑ ці *(s)tomp‑, *stomb‑ (Фасмер, 4, 122), рэалізаванага ў ст.-в.-ням., ням. stumpf ‘тупы’, ‘без бляску’, ‘някемлівы’; і.-е. *stm̥bo‑ першапачаткова абазначала ‘пакалечыць, урэзаць, вышчарбіць, укараціць, пабіць, прыціснуць’ (Сной₂, 772) і адлюстравалася яшчэ ў ст.-грэч. στέμβω ‘б’ю, таўку, цісну’, ст.-в.-ням. stampf ‘таўкач’, ст.-в.-ням. stumbal ‘абрубак, абрэзак’. Мяркуецца, што значэнні ‘нявостры’ і ‘няздольны, дурны’ ўзыходзяць да праславянскага перыяду (Якубовіч, Drogi słów, 295). Гл. яшчэ Брукнер, 570; Махэк₂, 661; Скок, 3, 524; ЕСУМ, 5, 677; Арол, 4, 117. Сюды ж ту́папавольна’ (гл.), тупава́то ‘туга, дрэнна’ (Зайка Кос.), тупі́ца ‘тупая (затупленая) сякера, каса’ (гл.), тупы́ця ‘тс’ (кам., ЛА, 2), тупі́чка ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тупі́ць ‘рабіць тупым’ (ТСБМ, Байк. і Некр.); ту́пянькі ‘тупы (носік у яйку)’ (маладз., Сл. ПЗБ), тупава́ты ‘не зусім востры’ (лід., там жа), тупʼё ‘тупая частка нажа’ (шчуч., там жа), тупі́ла ‘тупы нож, сякера’ (Юрч. Вытв.), ‘тупы, няздольны чалавек’ (там жа; слонім., Сл. рэг. лекс.), тупе́нь ‘няздатны да навукі’ (Нас., Байк. і Некр.), тупа́к ‘тс’ (маладз., Янк. Мат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

радавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звычайны, просты, які нічым не вылучаецца сярод іншых. Радавы выпадак. Радавы чытач. □ Камандзір «Міцька» — гэта быў радавы савецкі чалавек, камсамолец з кубанскай станіцы. Брыль. [Асташонак:] — Жыццё ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх — мільёны! Знатных жа — адзінкі. Ваданосаў. // Такі, які не займаецца кіруючай работай. Гаварылі стары майстар, інжынер, радавыя рабочыя. Кавалёў. / у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Партыя. Я — адзін з яе радавых. Танк.

2. Які не належыць да каманднага саставу; не з’яўляецца камандным (пра ваеннаслужачых). Радавы салдат. □ Між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан! Колас. // у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Салдат. [Васіль] прайшоў праз усю вайну. Вырас з радавога да капітана, камандзіра роты. Шамякін. Для ўсіх — і радавых і генералаў — Нялёгкім быў той першы год вайны. Прыходзька.

радавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і радковы. Радавая пасадка бульбы. Радавая веялка.

радавы́ 3, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да роду (у 2 знач.). Спраўляць радавы абрад.

2. Які пераходзіць у адным родзе з пакалення ў пакаленне; спадчынны; родавы. Радавая маёмасць. Радавая прафесія. Радавая спадчына. □ Пальцы [Луцкевіча] ўпрыгожвалі два масіўныя пярсцёнкі: адзін з пячаткай, на якой быў радавы шляхецкі герб «Навіна», на другім — масонскі знак. Машара. Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. Караткевіч.

радавы́ 4, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з грубай ільняной пражы; зрэбны. Радавая тканіна. // Звязаны з апрацоўкай такой пражы і вырабам тканіны з яе. На сход прыйшлі былі Цімох з Лявонам; зайшла Макрына да Атрахіміхі — адносіла пазычанае радавое бёрда ў адзінаццаць з палавінаю пасмаў. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калыва́ць ’вагаць, хістаць’ (БРС; зах.-бел., Весці), калывацца (БРС, ТСБМ, Бір.; Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Федар.). Магчыма, сюды і ашм. калыта́цца ’ківацца’ (зуб… калытайацца), калі гэта не з калатацца ’калаціцца, трэсціцца — ківацца’. Фанетычна дакладная паралель ва ўкр. коливати ’хістаць, калываць’, ’ісці павольна, хістаючыся’, што неабходна разглядаць як бел.-укр. інавацыю на базе больш архаічнага *kolybati (рэканструкцыю дазваляюць зрабіць зафіксаваныя ў рус. і каш. арэалах лексемы, статус укр. колибати, якое прыводзіць Фасмер, 2, 299, няясны). Паводле Трубачова, Эт. сл. 10, 164, да шырока вядомага прасл. kolěbati. Звяртаецца ўвага (там жа, 130), што ‑y‑ ў *kolybati хутчэй за ўсё дыфтангічнага паходжання, калі гэта сапраўды ў адносінах ‑ě‑, ‑oi‑ ў kolěbati. Той факт, што ад *kolybati утвораны інтэнсівы kolysati/kolyxati (больш шырока вядомыя ў славянскіх мовах), безумоўна, сведчыць на карысць вялікай архаічнасці формы *kolybati. З даўніх прапаноў спробы знайсці і.-е. адпаведнікі (Патабня, Цупіца) падтрымкі не знайшлі, як і меркаванні Міклашыча, а пазней Бернекера аб сувязі з kolo. Слаўскі (2, 347) не выключае магчымай сувязі з гукапераймальнымі ўтварэннямі (аналагічныя думкі яшчэ ў Бернекера і Скока) тыпу польск. дыял. klebotać, chlebotać ’калываць, хістаць, муціць’, рус. хлебать і асабліва дыял. хлебестать ’калывацца, хістацца і да т. п.’; БЕР (2, 550) дапускае і.-е. праформу *k​ol‑ што вельмі няпэўна; спосаб утварэння няясны. Трубачоў (Эт. сл., 10, 130, 395) прымае як найбольш верагодную версію, якая была распрацавана Голубам–Копечным (176) і Махэкам₂ (268), дзе kolěbati разглядаецца як прэфіксальнае. Пры гэтым пярэчанні датычаць у першую чаргу самога факта такога рашэння, паколькі ў дэталях этымалогія Махэка дастаткова абгрунтаваная. Сапраўды, падобныя прэфіксальныя ўтварэнні (тыпу ўкр. ковертати) сустракаюцца сярод дзеясловаў руху, другая частка злажэння добра параўноўваецца Махэкам з літ. láibas ’тонкі, высокі’, лат. laībs ’тонкі, слабы’, што з семантычнага пункту погляду таксама сумненняў не выклікае. Трубачоў (Эт. сл., 10, 164) адзначае, што, калі тлумачыць *ko‑lěb‑ < *loib‑, як Махэк₂, 268, фанетыку кораня *lyb можна разумець як экспрэсіўную трансфармацыю *loib‑ > *lŭb‑ > *lyb‑, а гэта знаходзіць аналогію ў літ. мове, дзе, магчыма, роднаснае láibas мае экспрэсіўны варыянт lùiba, luibà; аб адносінах ui/аі (< і.-е. оі) гл. Буга, Rink., 1, 459; 2, 263; а lùiba спецыяльна 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апусці́цца, апушчуся, апусцішся, апусціцца; зак.

1. на што і без дап. Перамясціцца ніжэй, знізіцца. Ніжэй апусцілася асенняе сонца. Шамякін. Торбачка з кнігамі і сшыткамі апусцілася амаль на цяглі. Брыль. Непрагляднае неба, здаецца, апусцілася на стрэхі хат. Пестрак.

2. на што і без дап. Знізіўшыся, сесці на што‑н. Пасля гадзіннага пералёту самалёт апусціўся на [адзін] з аэрадромаў горада. Лынькоў. Чапля апусцілася на вялікі сук каля гнязда. В. Вольскі.

3. Сесці або легчы на што‑н. Пярэднія байцы апусціліся на лёд і папаўзлі. Краўчанка. Анежка апусцілася на невялічкі курганок, навокал аброслы верасамі. Броўка. // Знізіцца, прыняўшы другую паставу. Апусціцца на калені.

4. на што і без дап. Наблізіўшыся да паверхні зямлі, ахінуць, ахутаць што‑н. Вячэрні змрок ужо апусціўся на горад. Хадкевіч. [Дзяўчына:] — А прыходзь, як пацямнее, Як апусцяцца туманы на зямлю. Русак. На двор павольна апусціўся На лёгкіх крылах сон. Корбан.

5. на (у) што. Сысці на ніжэйшае месца, на ніжэйшы паверх. Апусціцца ў вестыбюль.

6. Паглыбіцца ў што‑н., улезці ў сярэдзіну чаго‑н.; паглыбіўшыся, дасягнуць дна. [Андрэй] набраў як мага больш паветра ў лёгкія і апусціўся на дно. Скрыпка. Каршун апусціўся ў ваду аж па самае бруха. В. Вольскі. [Якавенка] падняўся на вежу, апусціўся ў люк. Мележ.

7. без дап. Спусціўшыся, перагарадзіць доступ куды‑н. Заслона апусцілася. Шлагбаум апусціўся. // Пахіліўшыся, звесіцца. Галава апусцілася. Апусцілася зламаная галінка.

8. перан.; без дап. Перастаць клапаціцца пра свой знешні выгляд. Пасля таго, як забралі бацьку, маці зусім апусцілася, ні сама не бралася за венік, ні Ліпачцы не загадвала. Сабаленка. // Дайсці да чаго‑н. непрыстойнага, няўхвальнага. Апусціцца да пошласці.

•••

Апусціцца на дно — аказацца сярод падонкаў грамадства.

Рукі апусціліся ў каго гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаўзці́ся, ‑паўзецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. распоўзся, ‑паўзлася, ‑лося; зак.

1. Папаўзці ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх насякомых, жывёл). Мурашкі распаўзліся. □ [Змеі], як відаць,.. вызваліліся і распаўзліся па караблі. Маўр. З учарашняга дня ваўчыца не вярнулася ў бярлогу, і галодныя ваўчаняты распаўзліся па кустах. Якімовіч. // Разм. Разысціся ў розныя бакі (пра людзей). — Вось што, хлопцы, — перавёў Лабановіч гутарку на іншае, — усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Колас. // Павольна разыходзячыся, захапіць вялікую прастору (пра хмары, дым, туман і пад.). Па небе распаўзлася шэрая хмара і схавала сонца. Гроднеў. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў у сярэдзіну. Маўр. // Рассунуцца, раз’ехацца. Яна засталася адна. Рукі яе апусціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасцірадле распаўзліся з-пад рук. Чорны. // Разм. Прасторна, шырока размясціцца. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым .. суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Караткевіч.

2. Расплыцца, расцячыся па паверхні чаго‑н. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі, па снезе распаўзлася рыжая, як вывернуты стары кажух, пляма. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ. // Страціць пэўныя, яскравыя абрысы, форму пад уздзеяннем вільгаці, вады і інш. Дзе папера ад поту прамокла, там літары распаўзліся, але пыталіся выразна. Грамовіч. На прыгрэве каля ляска заечыя сляды. Пад цёплымі промнямі веснавога сонца яны распаўзліся. Ігнаценка. // Размокнуць, раскіснуць (пра зямлю, дарогу). Дождж прайшоў сляпы, спорны. Дарога распаўзлася. Лукша.

3. Разм. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці. Алесь устаў. Можна выкруціць, выбіць аб руку пілотку. Выкруціў. Асцярожна, каб не распаўзлася. Брыль. [Крымянец] крыху паправіў падушку, якая даўно ўжо распаўзлася і з якой церушылася старая спарахнелая салома. Лынькоў. А тут новая бяда — чаравікі распаўзліся. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Пачаць рухацца больш павольна; спыніцца. Канвеер сцішыцца і стане, Парушыць сэрца сэрцаў строй. Чэрня. Кастусь не падганяў каня, і той сцішыўся зусім. Гаўрылкін.

2. Перастаць чуцца, стаць цішэйшым (пра гукі, шумы і пад.). Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы. Лынькоў. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, .. [Алесь] устаў і пачаў хадзіць па пакоі. Броўка. // Стаць бясшумным, сціхнуць. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, .. раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Колас. Усё сцішылася ў прадчуванні блізкай ночы. Даніленка.

3. Прыйсці ў стан спакою, перастаць хвалявацца; змоўкнуць. [Сынклета:] — А бацька нікуды не дзенецца, пабурчыць трохі ды сцішыцца. Гроднеў. Заплакала было дзіця на руках у жанчыны, але, быццам перадумаўшы, адразу і сцішылася. Васілёнак. — Рэкс, ціха, — сказаў па-нямецку оберст, і аўчарка сцішылася, нават, здаецца, паменшала ростам. Шахавец. // Перастаць крычаць, пачаць весці сябе ціха. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Ваданосаў. Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца. Шамякін. Глуха затрымцеў званок, і дзеці сцішыліся. Сабаленка. // Прыпыніцца, перастаць рухацца; заціхнуць. Арцыховіч апынуўся каля цёплай батарэі і, абняўшы яе закарчанелымі рукамі, сцішыўся. Алешка. Чалавек прабіраецца праз гушчарнікі. Паўзе па балоце. Прытаіўся, сцішыўся. Лужанін. — А хіба я заснула? Так сабе, толькі сцішылася, — пачуўся голас Верачкі. М. Ткачоў.

4. Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Пакуль дабег, дождж сцішыўся. Хомчанка. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела і неба зноў стала зырка-блакітнае. Васілёнак. // Суняцца (пра боль і пад.). Сцішыўся боль у патыліцы, і ў вачах [Сцяпана] стала ясней. Пестрак. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные правая рука. Мележ.

5. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Сцішыўся сурова Лес, як немы склеп. Колас. [Мора] пачало супакойвацца і хвіліны праз тры зусім сцішылася, як і не круціў толькі што ў ім магутны вір. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)