сцюдзёны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае нізкую ці адносна нізкую тэмпературу; халодны (пра паветра, вецер і пад.). Вада ў .. [рэчцы] сцюдзёная, крынічная, чыстая, як крышталь. Новікаў. Хвілін праз сорак, у дадатак да ўсіх нашых няшчасцяў, мы [лётчыкі] трапілі ў густы сцюдзёны туман. Шамякін. Пуста і холадна цяпер там [на месцы сустрэчы], вербы атрасаюць апошняе лісце, сцюдзёны вецер вее ад ракі. Чарнышэвіч. / Пра цела, часткі цела. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч. [Ногі] былі дужа азызлыя, нібы падпухлыя, і дужа сцюдзёныя. Быкаў. // Які характарызуецца нізкай тэмпературай (пра пагоду, пару і пад.). У верасні ночы бываюць сцюдзёныя. Галавач. Іх [сяброў] прывялі за дрот зімой сцюдзёнай. Аўрамчык. У сцюдзёную зімовую пару аўтаматчыкі станавіліся на лыжы і рабілі рэйды ў тыл ворага. «Звязда». // Які не ацяпляецца; не ўцеплены (пра памяшканне). У доўгай, бы пуня, сцюдзёнай будыніне, апрача залы са сцэнай, былі два пакойчыкі. Мядзёлка. // Пазбаўлены цеплыні (пра рэчывы, прадметы, з’явы). Калючым сцюдзёным снегам гарэзна сыпле ў твар [вецер], сячэ, як шротам. Якімовіч. Сцюдзёная раса абмывае ногі, аж ломіць у суставах. Гамолка. // Ахалоджаны. Сцюдзёны квас.

2. Звязаны з адчуваннем холаду, з уяўленнем аб холадзе. Сцюдзёнае неба. / Пра цемень, сінь і пад. Ранак сустрэў Свету сцюдзёным блакітам чыстага неба. Гарбук. [Вочы старога рыбака] наглядзеліся за век і на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе, і на сцюдзёную чорную цемрадзь. Брыль. // перан. Які нагадвае па колеру лёд, глыбіню вады, паветраную прастору. Калі адцвітае яна — пяшчотна сіняя сцюдзёная краска — тады жыццё адкрывае ўсе вокны. Лынькоў.

3. Які не вылучае цяпла; не выклікае адчування цяпла (пра месяц, зоркі). А там, на радзіме, марозам убраны У сцюдзёныя зоры стары медны бор. Танк. / Пра зару, святло і пад. Калі ж разліўся ў роднай шыры Сцюдзёным сполахам усход, Ужо над пожнямі у вырай Вандроўнік-жораў вёў свой род. Кірэенка. / у вобразным ужыв. Гарэла каліна ў сцюдзёным агні. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. — Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увабра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Галаўны ўбор, звычайна цёплы і мяккі.

2. перан. Тое, што мае форму купала. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Чым далей у лес, тым гусцей дрэвы, тым вышэй магутныя снегавыя шапкі. Лынькоў.

3. Верхняя, расшыраная частка чаго‑н., што мае стрыжань, ножку і пад. Толькі грыбы вылазяць, падымаючы на сваіх шапках пласт лясной прэлі. Чарнышэвіч. А грыбы сядзелі ціха, Так схаваўшыся ў мох, Што не толькі белых ног — Не відаць было і шапак. Глебка. // Верхняя круглая насенная частка сланечніку. Дзіўна. Адкуль у жыце мог з’явіцца сланечнік?! Ну так, сланечнік. Жоўтая шапка яго тоне ў налітых зернем каласах жыта. Дуброўскі. Не злазячы з сядла, Сяргей разгледзеў і малюнак: хлопчык і дзяўчынка палівалі сланечнік з вялікай залатой шапкай. Хомчанка.

4. перан.; чаго. Пра густыя, пышныя валасы. [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах, дужы ў руках, з пышнай шапкай светлых валасоў. Кавалёў.

5. Загаловак буйным шрыфтам, агульны для некалькіх артыкулаў у газеце, часопісе і пад. Усяго адразу не прачытаеш, таму пачаў праглядваць «шапкі» і ілюстрацыі. Кулакоўскі.

6. Верхні брус над дзвярамі, акном для мацавання іх. Вароты, як у людзей. Двайныя, з шапкай на шуллі, каб не пакрывіліся. Ермаловіч.

•••

Аж шапка паднялася на галаве — пра вялікі страх.

Аршын з шапкай гл. аршын.

Даць па шапцы гл. даць.

Закідаць шапкамі гл. закідаць.

Заламаць шапку гл. заламаць.

Зняць шапку гл. зняць.

Ламаць шапку гл. ламаць.

На злодзеі шапка гарыць — пра таго, хто міжвольна або выпадкова сам паказвае, выдае тое, што больш за ўсё хоча схаваць.

На разбор шапак гл. разбор.

Па Сеньку (і) шапка — варты не больш таго, што мае.

Спаць у шапку гл. спаць.

Шапка валіцца — вельмі высока. А ўгару зірнеш — Шапка валіцца. Колас.

Шапка-невідзімка — у казках — шапка, якая мае чарадзейную ўласцівасць рабіць нябачным таго, хто яе надзявае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. бага́ты, ‑ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́сці, ем, ясі, есць; ядзім, ясце, ядуць; пр. еў, ела; заг. еш; незак., каго-што.

1. і без дап. Прымаць ежу, перажоўваючы яе і глытаючы. Есці булку з маслам. Хацець есці. □ Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў. // Ужываць у якасці ежы, для ежы. Не есці мяснога. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. Прыказка. // Харчавацца. Прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі, — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса з гаспадаром елі. Якімовіч.

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясл.). Ежа, харч. Варыць есці. □ Нясе жонка [аратаму] есці Цэлы спарышок. Купала.

3. Кусаць, грызці (пра насякомых, грызуноў). Моль есць футра. □ Ядуць вас мухі з камарамі. З нар.

4. Раз’ядаць, разбураць хімічна. Іржа на вышках есць парог. Купала. // Раздражняць, раз’ядаць (пра дым). Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва. Пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

5. перан. Разм. Не даваць спакою, мучыць; грызці (пра сумленне, боль і пад.). Магло здавацца, што .. [Стафанковіча] есць з сярэдзіны нейкі боль. Чорны. Згрызае, есць яго нуда. Адзін ён тут у волкім змроку. Колас.

6. перан. Разм. Даймаць каго‑н. сваркамі, папрокамі, назаляць, не даваць спакою. Адразу пачаў гаварыць Апанас Сегень пра адвечную вясковую песню: за кавалак гнілой вяроўкі ўвесь век ядуць адно аднаго. Чорны.

•••

Дарэмна хлеб есці — гультаяваць, не прыносіць ніякай карысці.

Есці вачамі — пільна ўглядацца, не адводзячы позірку; упівацца вачамі.

Есці не просіць гл. прасіць.

Есці просяць гл. прасіць.

Есці чужы хлеб — жыць за чый‑н. кошт, знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

Есць чарвяк каго гл. чарвяк.

Еш не хачу — усякай яды ўволю, з лішкам.

Мала кашы еў (з’еў) — яшчэ малады, нявопытны, каб брацца за сур’ёзную справу.

Пасаліўшы, есці можна — пра што‑н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці — бесперастанку мучыць папрокамі.

Хлеб есці з чаго — мець карысць, даход з якога‑н. занятку.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся. Паслядовіч.

2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму. Арабей. Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца. Радкевіч.

3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме. Машара. // Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам. Крапіва.

4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Колас. // Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон. // Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі. Брыль. [Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. Ваданосаў.

5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від. Ермаловіч. — А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча. Краўчанка.

6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе. Крапіва.

7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старана́, ы́; мн. сто́раны (з ліч. 2, 3, 4 стараны́), старо́н; ж.

1. Тое, што і бок (у 1–3 і 7 знач.). У свеце чатыры Усяго стараны. Хто добры і шчыры — Не цесны яны. Гаўрусёў. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. Убачыўшы чалавека са сваёй стараны,.. [Кандрат] заварушыўся, рвануўся да яго і адразу сыпануў словамі. Чорны. О, колькі ў нашай ціхай старане Магіл салдат, яшчэ ўсё невядомых!.. Мая зямля ім стала родным домам, Ім, смерцю храбрых паўшым на вайне. Рудкоўскі. Абедзве стараны згадзіліся памірыцца. Скрыган.

2. Абл. Палавіна гумна ад току да сцяны; бок гумна. [Зоська:] — Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Чорны. Другую старану [у гумне] цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Мележ.

3. Прамая лінія, якая абмяжоўвае геаметрычную фігуру. Старана квадрата. Стараны вугла.

4. у знач. прысл. стараной (‑ою). У абход, ідучы на пэўнай адлегласці ад чаго‑н. Гаспадары не любілі чужых вачэй. Людзі ведалі гэта і аб’язджалі хутар стараною. Пальчэўскі. Сонца сумысля знізіцца, пройдзе недзе стараной, каб быць незаўважаным, на крайку небасхілу. Ермаловіч. // Між іншым. Ды тут замецім стараною: Ці не з’яўляецца маною — Прашу прабачыць мне за слова — Уся гэта райская размова? Колас. // перан. Не непасрэдна, з іншых крыніц. [Валі] не падабаецца, што .. [Сашка] зусім забыўся на свайго бацьку, раз у гады два даведаецца стараной, што той працуе і жыве добра. Чорны.

•••

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана гл. справа.

На старане — не ў сябе, не дома, у чужым месцы (працаваць, служыць і пад.). Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане. Колас. Думаў [Юзік] спачатку на старане дзе-небудзь шукаць [грошы] у чужых людзей, у суседзей, ды не было ў каго вельмі прасіць. Крапіва.

На старану — куды-небудзь у іншае месца, не па прызначэнню (збываць, прадаваць і пад.).

У старане — а) на некаторай адлегласці, воддаль. Лёгкі вецер шолахам Траў не калыхне, Недзе цені-сполахі Спяць у старане. Бачыла; б) не разам з усімі, асобна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Стварыць трэск. Моцна трэснула сухая галінка і зашасталі хваёвыя лапкі .. З хвойніку выходзіў невысокі чалавек у доўгім новым шынялі. Крапіва. // Гулка раздацца (пра гукі выбухаў, выстралаў, удараў і пад.). Калона ўжо мінула царкву, калі са званіцы трэснулі стрэлы. Хомчанка. У кутку рынку, зусім побач, бахнулі пісталетныя стрэлы. Потым каротка трэснула аўтаматная чарга і абарвалася, бы захліпнулася. Савіцкі. Хмара раскалолася і так трэснуў пярун, што аж зямля закалацілася. Сабаленка. / у безас. ужыв. Паблізу моцна трэснула. Тугая хваля паветра шуганула над галовамі. М. Ткачоў.

2. З трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. З шумам трэснула камера пярэдняга кола, матацыкл рэзка закінула, і Мікола ледзь не зваліўся ў кювет. Краўчанка. Слуп з майго боку трэснуў ад гарачыні, трэшчына была ўжо даволі глыбокая. Васілёнак. // З трэскам парвацца, разарвацца. Расшпіліла [Назарыха] гузікі на кофце, у спешцы так тузанула нацельны крыжык, што шнурок трэснуў, а зеленаваты кавалачак медзі застаўся ў руцэ. Ат, некалі з ім важдацца. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Гнілыя ніткі, якія даўней маглі б крыху яшчэ трымаць Рыгораву сям’ю, трэснулі. Чорны. / Пра губы, скуру і пад. [Мірончык:] — Або вось прыходзіць чалавек, кажа: «Доктар, у мяне ўжо даўно трэснула губа і ніяк не зажывае». Карпюк. // перан. Даць трэшчыну, сапсавацца. У нашым калектыве, заўсёды здаровым, недзе нешта трэснула. Ермаловіч. І вось сёння штосьці перайначылася, штосьці трэснула ў душы. Асіпенка.

3. каго-што, каму і без дап. Разм. Моцна стукнуць, ударыць. Перш-наперш трэснуў .. [пан] кулаком фурману ў спіну, вылаяўся на ўсё балота і пусціў у ход усю машыну. Колас. Рагочучы,.. [Васіль] злавіў хлопчыка, і пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве. Брыль.

•••

Трэснуць ад злосці (зайздрасці) — тое, што і лопнуць ад злое ці (зайздрасці) (гл. лопнуць).

Хоць трэсні — пра дарэмныя намаганні, старанні. А ў крэсле тым — Я зімнім днём і веснім, А песні туга пішуцца, Хоць трэсні, — Ці я Пегаса Слаба закілзаў?! Скурко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. сказам. Атрымаць, сабраць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. Дарэчы, аб смерці мне прыйшлося ўведаць на наступны вечар. Даніленка. — Мама, як вы можаце так гаварыць, не ўведаўшы чалавека? — А ты глядзі мне, а то ўведаеш, ды позна будзе... Паўлаў. — Што ўведалі новае пра Паддубнага? — спытаў .. [Злобіч], заглянуўшы ў палатку начальніка штаба. М. Ткачоў. [Тодзік:] — Мой бацька .. узрадаваўся, калі ўведаў, што мы згаварыліся пажаніцца. Чорны. // Выведаць што‑н. Ушыўся [Пракапчук] у гурт людзей, каб што-небудзь пачуць пра поезд. Але нічога пэўнага не ўведаў. Сабаленка. Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам і не ўведала! Мележ. // Дазнацца. [Іванчанка:] Люба!.. Клянуся табе, мы знойдзем спосаб уведаць, дзе гэтыя дзеці. Кучар. [Уладзімір Андрэевіч:] — Пазней колькі ні спрабаваў дазнацца, як склаўся ягоны [Цярэнція] лёс, але нічога не ўведаў. Кухараў.

2. і з дадан. сказам. Набыць веды адносна чаго‑н.; пазнаць што‑н. Афіцыйная навука, ды яшчэ — семінарская,.. не магла .. даць [Адаму Ягоравічу] і дзесятай долі таго, што ён уведаў, што ўзяў ад кнігі. М. Стральцоў. За кароткі час хлапчук уведаў амаль усе гатункі яблынь, груш. Пальчэўскі. Усё, што ні стрэнецца дзеду, Уведаць яму так цікава. Колас. // Атрымаць належнае ўяўленне аб кім‑, чым‑н.; выявіць сутнасць чаго‑н. Будзе час таму-сяму навучыцца [Галі] ў старога брыгадзіра, падумаць, уведаць людзей, убачыць брыгадную гаспадарку. Ермаловіч. [Антанюк:] — Каб ты сама стала маці, То ведала б цану жыцця. Яна ведала, маці твая. І я ведаю. А ты не паспела ўведаць. Шамякін.

3. Праверыць, зведаць на ўласным вопыце; зазнаць, перажыць. А Вера ўжо адчула, уведала смак нялюбай работы. Дуброўскі. Пасля, пад націскам ворага .. [хлопец з Дона] адступаў, уведаў бяздонную горыч разгрому і палону. Брыль. // і з дадан. сказам. У форме буд. часу ўжываецца пры выказванні пагрозы. [Аня:] — Ты яшчэ ўведаеш, якая я! Карпюк.

4. каго. Убачыць каго‑н., пазнаёміцца з кім‑н. Не ўведаў Іван свайго сына, што ўжо нарадзіўся без яго... Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)