кармі́ць, кармлю, корміш, корміць; незак., каго-што.

1. чым і без дап. Даваць корм, ежу. Святланка і карміла, і паіла, і гладзіла казулю. Юрэвіч. Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою. Прыказка. // Уводзіць ежу ў рот (таму, хто не можа есці самастойна). Карміць хворага. □ [Арлоўскага] ўсё яшчэ былі вымушаны карміць, як малое дзіця, з лыжачкі!.. Апранаць, абуваць!.. Паслядовіч. // Выкормліваць дзіця сваім малаком. Карміць грудным малаком. □ [Таццяна] хутка ўзяла дзіця да сябе і сказала: — Я... я не кармлю яго... Шамякін. // Адкормліваць на забой. Карміць кабана на сала.

2. перан. Забяспечваць сродкамі да жыцця; мець каго‑н. на сваім утрыманні. Карміць старых бацькоў. □ — Хлопец працуе на заводзе, корміць усю сям’ю! Ваданосаў. Цяпер па просьбе Андрэя Драчуна [Яўхім] жыў у яго жонкі. Памагаў засяваць ёй шнуры і карміць дзяцей... Чарот. // Служыць сродкам для пражыцця, крыніцай даходу. Засталася там ніва, Што адмалку карміла, Засталася крыніца, Што вадою паіла. Броўка. Ваўка ногі кормяць. Прымаўка. Летні дзень год корміць. Прымаўка.

•••

Карміць абяцаннямі — даваць абяцанні зрабіць што‑н., але не выконваць іх.

Карміць блох (клапоў, вошай) — знаходзіцца ў такіх умовах, пры якіх даводзіцца пакутаваць ад насякомых-паразітаў.

Карміць хлебам — забяспечваць сродкамі для існавання.

Карміць чарвей — быць забітым, гнісці ў зямлі.

Паіць і карміць гл. паіць.

Хлебам не кармі каго — нічога не трэба каму‑н., толькі дай яму магчымасць зрабіць тое, да чаго ён мае вялікую схільнасць, ахвоту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Таўпі́ць ’звальваць у адно месца; запіхваць у натоўп’ (Нас.), то́ўпіць ’змяшчаць, месціць’ (Ласт.), таўпі́цца ’змяшчацца; пхацца ў натоўп’ (Нас.), ’ствараць натоўп’, то́ўпіцца ’змяшчацца, збірацца; ісці клубамі (пра дым)’ (Сл. ПЗБ), ’нацягваць (пра хмары)’ (Пятк. 2), тоўпі́цца ’змяшчацца; гуртавацца’ (ТС), товпі́тісе ’збірацца’ (Вруб.). Параўн. укр. дыял. то́впити ’націскаць, натоптваць, напіхваць’, товпи́тися ’ўціскацца, упіхвацца’, рус. толпи́ться ’ствараць натоўп’, польск. дыял. tłopić, tłupić ’тс’, балг. тълпя́ се ’збірацца ў натоўп, глуміцца’. Прасл. *tъlpiti (sę)/*tьlpiti (sę), роднаснае літ. tilpti ’даваць месца, змяшчаць’, лат. tìlpt ’змяшчацца’, ірл. tallaim ’знаходжу месца’. Меркаванне пра запазычанне то́ўпіцца (параўн. і стоўпіцца ’змясціцца’, утоўпіцца ’тс’) з літ. talpìnti(s) ’змяшчацца’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73) без дадатковых аргументаў цяжка прыняць; параўн. талопіцца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

выда́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаецца сярод іншых, славуты; шырока вядомы. Выдатны дзеяч навукі. □ На сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячаў. Колас.

2. Незвычайны, выключны. Выдатны розум. Выдатныя здольнасці. □ Рысы.. твару [Аксёна Каля] строгія, нават халодныя. Вочы ўдумлівыя, і ўся сухарлявая і моцная постаць выкрывае ў ім чалавека выдатнага. Колас. // Знамянальны. Выдатныя старонкі летапісу партызанскай барацьбы.

3. Вельмі добры. Выдатная ацэнка. Выдатны матэрыял. Выдатная вучоба. □ [Валодзя:] — Мая брыгада будзе і далей даваць толькі выдатную прадукцыю. Крапіва. Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карце́ць, ‑ціць; незак.

1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.

2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

муці́ць, мучу, муціш, муціць; незак., каго-што.

1. Рабіць мутным (у 1 знач.), каламуціць. Мільгалі лускою шчупакі. Здавалася часам, што гэта яны муцілі халодную паводкавую ваду. Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Не даваць спакою, непакоіць, трывожыць. Увечары зноў за сцяною гучала песня, зноў муціў мяне непазбыўны сум. Дуброўскі. І душу муціць неспакой, А кожны грук і др[ы]гаценне У сэрцы болем аддаюць. Колас.

3. пераважна безас. Цягнуць на рвоту, быць у стане млосці. Яго муціла ад курэння. □ Назаўтра мяне так муціў голад, што я не ведаў, дзе мне дзецца. Сачанка.

•••

Муціць ваду — тое, што і каламуціць ваду (гл. каламуціць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.

1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.

2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.

раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.

Збіраць у рой. Раіць пчол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго-што.

1. Забаўляць, пацяшаць. [Невядома] каго елка больш цешыла: дзяцей ці дарослых! Таўлай.

2. Прыносіць асалоду, задавальненне; радаваць. Настрой быў ва ўсіх узняты, і гэта цешыла членаў камітэта. Пестрак. // Песціць (зрок, слых і пад.). Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Маўр. [Тапурыя:] — Няхай жыве ўсё жывое і прыгожае, што чалавечае сэрца цешыць! Самуйлёнак.

3. Суцяшаць, супакойваць; абнадзейваць. Што з таго — слязой скупой Цешыць смутак над магілай брата. Кірэенка. Мінуў тыдзень, другі, і я ўсё цешыў сябе надзеяй, што Мухтару не спадабаецца там, сярод тых прышлых людзей. Васілёнак.

•••

Цешыць (пацяшаць) вока — радаваць, даваць асалоду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лю́стра 1 ’адшліфаваная паверхня шкла, металу, здольная даваць адбіткі прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю’, ’паверхня, плошча чаго-небудзь’ (Нас., Грыг., Гарэц., Бяльк., Касп., Растарг., ТСБМ, Яруш.; маг. КЭС), лю́стро ’тс’ (ТС), лустэрка, люстэрка, люстэрак, лю́страчка, лістэрка (Сл. ПЗБ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Сцяшк.; КЭС, лаг.; капыл. Жыв. сл.). Запазычана з польск. lustro ’тс’, якое з італ. lustro ’бляск, водбліск’ (Слаўскі, 4, 385; Кюнэ, 73; Арашонкава, БЛ, 12, 49). Сюды ж люстрава́цца, люстрава́ць ’блішчэць, адсвечваць’, ’адлюстроўвацца’, люстра́ны ’з бліскучай паверхняй’ > люстраніць (ТСБМ; Васілеўскі, БЛ, 10, 17). Гл. таксама ю́стра, ю́стро.

Лю́стра 2 ’падвесны, асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла’ (ТСБМ). З рус. лю́стра ’тс’, якое праз ням. Lüster або непасрэдна з франц. lustre ’тс’ < лац. lustrāre ’асвятляць’ (Фасмер, 2, 546; Крукоўскі, Уплыў, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ну́дзіць ’прымушаць’ (Гарэц.), ’прымушаць; сумаваць; муціць’ (Нас.), ’цягнуць на ваніты, ныць’ (ТС), ’муціць; ныць, балець’ (Сл. ПЗБ), ’муціць, называць на ванітаванне’ (Бяльк.), ’занядбаць цела; цягнуць на ваніты’ (Нік. Очерки), нудзіць ’цягнуць на ваніты’ (Касп., Шат.), ну́дыты ’цягнуць на ваніты; сумаваць, маркоціць’ (Клім.), ну́дзяць ’сумаваць, маркоціцца’ (Чэрн.), укр. ну́дити ’мучыць, таміць; прымушаць; наводзіць сум; цягнуць на ваніты’, рус. нуди́ть ’прымушаць; турбаваць; мучыць; сумаваць; цягнуць на ваніты’, польск. nudzić ’не весяліць; ныць; марудзіць; маркоціць; муціць’, чэш. nuditi ’наводзіць нуду, маркоту’, славац. nudiť ’тс’, славен. nuditi ’прымушаць, прапанаваць, даваць’, серб.-харв. ну̏дити ’прапанаваць; частаваць’, макед. нуди ’тс’, балг. нудя ’прымушаць’. Прасл. *nuditi, паводле Махэка₂ (402), мела першапачатковае значэнне ’рабіць націск, прымушаць, прыгнятаць’; параўн. таксама Фасмер, 3, 88 (*nuditi < *nuda); Бязлай, 2, 229; Слаўскі, SOr, 18, 265; Жураўлёў, Этимология–1967, 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́каць ’хавацца ў кутках, схіляць галаву’ (Нас.), ’шукаючы, заглядваць усюды’ (круп., Нар. сл.; Касп.), ’выглядваць; хадзіць сюды-туды’ (Мат. Гом., Ян.), ’прыглядацца’ (Сл. ПЗБ), ’сланяцца па кутках, хадзіць без мэты’ (Шатал.), ’заглядаць, куды не просяць’ (Янк. 3.), ’сноўдацца без справы’ (Пал.), сюды ж нік ’зірк’ (Янк. 3.), укр. ника́ти ’хадзіць, бадзяцца, сноўдацца, усюды заглядваючы’, рус. ни́кать ’даваць нырца; хадзіць без справы, без мэты’, славен. nikati ’адмаўляць; нахіляцца’. Прасл. *nikati з першапачатковым значэннем ’схіляць галаву да зямлі, нахіляцца’ (Махэк₂, 399), роднаснае літ. nỹkti ’слабець, панікаць’, прус. neikaut ’бадзяцца, сноўдацца’ і інш. Мяркуецца, што трэба адрозніваць разгледжанае *nikati 1 ад nikati 2, прадстаўленага ў дзеясловах тыпу ўнікаць, рус. проникать і пад., роднаснага літ. įnikti ’горача ўзяцца за што-небудзь’ (Фасмер, 3, 74; Махэк₂, 399; Бязлай, 2, 223).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)