Дабы́так ’пажыткі, дабро’. Агульнаславянскае слова. Параўн. ст.-рус. добытъкъ ’маёмасць’, ’здабыча’, ст.-укр. добытокъ ’жывёла’, укр. доби́ток ’рабунак, здабыванне’, добито́к ’буйная рагатая жывёла’, добуто́к ’набытак’, добу́тки ’ягняты, цяляты і да т. п.’, ст.-чэш. dobytek ’свойская жывёла’, ’скаціна, дабро’, чэш. dobytek, славац. dobytok, польск. dobytek ’маёмасць’, ’свойская жывёла’, ’прыбытак, выгада’, балг. доби́тък ’свойская жывёла; скаціна’, макед. добиток ’жывёла’, серб.-харв. доби́так ’прыбытак; выгада’. Прасл. *dobytъkъ — вытворнае з суф. ‑ъkъ ад дзеепрым. прош. ч. *dobytъ (ад дзеяслова *dobyti). Для слоў гэтай групы прымаюць развіццё семантыкі: ’маёмасць’ > ’скаціна’. Падрабязны агляд у Трубачова, Эт. сл., 5, 49. Цікава, што ў рус. мове гэта слова вядома толькі ў старых помніках; у сучаснай мове, паводле Трубачова, няма. Але параўн. у СРНГ, 8, 82: добы́ток ’дзіця’ (кастр.), магчыма, іранічнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́я ’шыя’ (Інстр. I). Гэтага слова няма ў іншых лексічных крыніцах, таму можна лічыць, што яно ўнесена ў «Інструкцыю» ў якасці пробнага. Аднак мэтазгодным будзе ўсё ж такі прывесці яго этымалогію. Гэта слова вядома ў ст.-рус. і ст.-слав. мовах (выꙗ) і ў палаб. (våijo). Паводле Фасмера, 1, 373, цёмнае слова, ён не прымае параўнанне з авест. uyamnas ’deficiens’ (так Лёвэнталь, ZfslPh, 8, 129) і сувязь з вить, viti (так Гараеў, 60). Але, як думае Шанскі (1, В, 239–240), у рус. мове вы́я запазычана са ст.-слав. (так ужо лічыў Сразнеўскі). Шанскі (там жа) лічыць, што *vyja ўтворана ад дзеяслова *vyti ’быць’. Магчыма, што гэта і так; прынамсі, гэта этымалогія здаецца лепшай, чым тып, што былі вылучаны раней.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бацькі́1 ’parentes’ (Нас., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Бяльк., БРС, Гарэц.), укр. батьки́ ’тс’ (да геаграфіі ўкр. слова гл. Бурачок, Назви, 24–25, карта). У рус. мове няма (параўн. толькі батьки́ ’бацькі’ з гаворак у Літве). Ужыванне мн. ліку ад ба́цька (гл.) з новай семантыкай (’бацька і маці’). Такое словаўжыванне вядома і ў іншых і.-е. мовах (параўн. Гуер, LF, 42, 421–433, Přispěvky, 63–74). Крымскі (Тюрки, II, 208–209) вылучыў неверагодную ідэю растлумачыць значэнне слова бацькі калькіраваннем з араб. мовы (праз цюрк. пасрэдніцтва). Крытыку гл. Бялецкі, Принципы, 214–219.

Бацькі2 ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (цэнтр.-палес.; Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што гэта назва, як і іншыя назвы раслін, herba sacra, дзе выкарыстоўваюцца тэрміны роднасці, абумоўлена яе папераджаючай зло функцыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скіпе́ць1 ‘ускіпець, адкіпець, сплысці пры кіпенні, зварыцца (пра малако)’ (Бяльк., Сцяц., Сл. ПЗБ; мядз., Нар. словатв., Федар. 4; драг., Ск. нар. мовы; Юрч. Вытв.). Да кіпе́ць (гл.).

Скіпе́ць2 ‘згарэць яркім полымем’ (ТСБМ, Юрч. Вытв., Сл. ПЗБ), ‘разнервавацца, абурыцца’ (ТСБМ, Арх. Федар., Бяльк.), ‘зайсціся ад плачу’ (Бяльк., Юрч. Вытв.), ‘прапасці, згінуць’ (ТС), ‘раптоўна памерці, хутка скончыцца (пра жывёлу)’ (Сцяц. 2, Сцяшк. Сл.), скіпець на нажы ‘загінуць ад нажа, ад нажавой раны, вакол якой спяклася кроў’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв., Нар. Гом., ТС). Да скіпець1; спецыфічнае значэнне ў выразе скіпець на нажы вядома ва ўкр. скипі́ти на ножы ‘тс’ і ўзнікла, паводле Ларына (История, 34), на базе пераносных значэнняў *kipěti (гл. кіпець), што перадаюць душэўны стан: ‘дайсці да шаленства, лютасці’, ‘так раз’юшыцца, што схапіцца за нажы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каланда́ ’невялікая колькасць чаго-небудзь’ (Мат. Маг.). Няясна, няма ўпэўненасці ў дакладнасці дэфініцыі, параўн.: «Ні падзелюць ужо калынду тую, сьмех ажно бярець» (с. 41). Відаць, слова непасрэдна суадносіцца з рус. ярасл. каланда ’багацце’, бран. каландить ’эканоміць’. Мяркуючы па рус. ярасл. каланду набить ’разбагацець’, прыведзеныя вышэй значэнні з’яўляюцца другаснымі, а першаснай была семема ’кашалёк, каліта’. На той жа рус. тэрыторыі зафіксавана калама ’кашалёк з грашыма, каліта’; на жаль, яно таксама няяснае. У разглядаемым слове ‑н‑, відаць, другаснае; пры такім дапушчэнні, магчыма, з тат. kalta ’кашалёк’. Не выключана (і прыклад з бран. тэрыторыі гэта як быццам пацвярджае), што слова распаўсюджвалася з бел. гаворак (вядома, што ў Яраслаўскай вобласці ёсць перасяленцы з Магілёўшчыны), аднак унікальнасць бел. слова не дазваляе сцвярджаць гэтага з упэўненасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нале́цце ’будучы год’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др., Юрч., Сл. ПЗБ), нале́цьця ’тс’ (Бяльк.; бялын., Янк. Мат.; чавус., Нар. сл.; Яўс.; віл., Жыв. сл.), нале́цце ’лета (наступнае)’ (Мат. Гом.). Сюды ж нале́та ’ў будучым годзе’ (Янк. Мат.; Сл. ПЗБ), на‑ле́то ’на будучы год’ (Мядзв.), якія тлумачаць паходжанне слова. Цікавую паралель уяўляюць в.-луж. nalěćo, н.-луж. nalěto ’вясна’, якія Шустар-Шэўц (13, 985) выводзіць *na lěto, *na letьje ’час, калі паварочвае на лета’. Ва ўсіх гэтых выпадках пад летам разумеецца ’спрыяльная пара для палявых работ’, пра што сведчыць наступны тэкст у слоўніку Насовіча: Загадаю загадку; закину за грядку; нехай моя загадка лежыць до налецця, г. зн. сяўба жыта на зіму. Слова вядома таксама паўднёварускім гаворкам: нале́тье, нале́тие ’будучы год; будучае лета’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапсарда́к ’даўгаполы сурдут у польскіх і галіцыйскіх яўрэяў’ (ТСБМ), ’старая адзежына іншага пакрою’ (КЭС, лаг.), лапсярда́к ’кафтан’ (Сцяшк.), ла́псурдук ’абадранец’, ’лахманы, рызманы’ (Нас.), ла́псырдзікі ’парванае, абношанае адзенне’ (Грыг.). Укр., рус. лапсердак ’яўрэйскі сурдут’, ’дрэнна пашытая адзежына’, польск. łapserdak ’тс’, ’абадранец’, ’збяднелы чалавек’, ’галяк’, ’неахайны’. Запазычана з ідыш ла̄́псердак ’рытуальная кашуля, абвешаная з чатырох вуглоў махрамі, кожны з якіх складаецца з 12 матузоў’ (Альтбаўэр, JP, 17, 76). Форма ў ідыш вядома яшчэ з сярэдніх вякоў. Яна складаецца з ла̄б (< н.-в.-ням. Leib ’ліф’) і слав. (укр.) сердак ’сурдут з тоўстага сукна’ (Шапіра, Филолог. записки, 1873, вып. 1, 13; Фасмер, 2, 459). Праабражэнскі (1, 434) тлумачыць гэта слова як збліжэнне з н.-в.-ням. Lappen ’ануча’ слова сюртук; Насовіч (265) — ад лапіць і сюртук, што мала імаверна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

крыні́ца, ‑ы, ж.

1. Натуральны выхад падземных вод на паверхню зямлі. Вуглякіслыя крыніцы. Мінеральныя крыніцы. Серавадародныя крыніцы. // Вадаём, які ўтвараецца на месцы выхаду падземных натуральных вод. Набраць вады ў крыніцы. □ Коціцца, ўецца далінкай крыніца, Б’ецца, плюскоча ў каменнях вадзіца. Купала.

2. перан.; чаго. Тое, з чаго бярэцца, чэрпаецца што‑н.; тое, што дае пачатак чаму‑н., служыць асновай для чаго‑н. Крыніца багацця. Крыніца радасцей. □ Народная, жывая мова, яе каларытная фразеалогія з’яўляюцца асноўнай крыніцай моўных сродкаў пісьменніка. Адамовіч. Прызнанне жыцця крыніцай мастацтва — асноўны прынцып рэалізму. У. Калеснік.

3. Спец. Пісьмовыя помнікі, дакументы, на аснове якіх пішуцца навуковыя даследаванні. Літаратурныя крыніцы.

•••

Біць крыніцай гл. біць.

Жывая крыніца — пра тое, што існуе ў сваім першапачатковым, натуральным стане. Стыхія народнай творчасці з дзіцячых гадоў акружала Самуіла Плаўніка, а беларуская мова яму была вядома з жывых крыніц.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́ртасць, ‑і, ж.

1. Каштоўнасць, цана (пра грашовыя знакі, цэнныя паперы). Аблігацыя вартасцю ў дзесяць рублёў.

2. Кошт чаго‑н. у грашовых адзінках. Ацэначная камісія вокам прыкідвала вартасць пазвожанай маёмасці. Скрыган.

3. Спец. Грамадска неабходная праца, затрачаная на вытворчасць тавару і ўвасобленая ў гэтым тавары. Закон вартасці.

4. перан. Станоўчая якасць, важнасць; значэнне. Іншы раз здараецца, што недаацэнка або пераацэнка мастацкіх вартасцей твора вядзе да парушэння перспектывы літаратурнага працэсу. Шкраба. Вайны прайшоў я полымя і змрок. І мне вядома добра міру вартасць. Зарыцкі. // часцей мн. З’явы, прадметы, якія маюць вялікае значэнне. — Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых, — сказаў Турсевіч. Колас.

•••

Прыбавачная вартасць — частка вартасці тавару, якая ствараецца працай наёмных рабочых і прысвойваецца эксплуататарскімі класамі.

Спажывецкая вартасць — здольнасць тавару задавальняць якую‑н. патрэбу пакупніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)