упі́цца 1, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Прысмактацца да чаго‑н. Упілася п’яўка ў цела. Упіўся камар у шыю. // Прыпасці губамі. А яна куды там — абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны. Быкаў. // перан. Глыбока ўрэзацца ў што‑н. Гаспадыня звязала [Дзячкову] рукі. Вяроўка балюча ўпілася ў цела. Асіпенка. // перан. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Тонкія пальчыкі дзяўчыны ўпіліся ў колцы кантролераў. Арабей.

2. Уваткнуцца вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што‑н. Першы мядзведжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль. Блізка праракатаў аўтамат... Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер. [Асколак] прабіў халяву бота і ўпіўся да косткі. Федасеенка. Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Мележ. [Генадзь] ляжаў на мастку, унурыўшы галаву, і чакаў, што вось-вось увап’юцца воўчыя іклы ў цела. Сабаленка. // Усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што‑н. І тады і пасля.. [Шурка] не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны, прамазучаны маслам і бензінам кулак. Васілевіч. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. Бураўкін. // перан. Утаропіцца (пра вочы, позірк). [Хлопец] стаяў па ўскрайку катка без канькоў, і чорныя жывыя вочы яго.. нібы ўпіліся ў Надзю. Хадкевіч. Глянуў туды і Андрэй, куды упіўся напружаны і павесялелы позірк байца. Кулакоўскі.

•••

Упіцца вачамі — пільна, уважліва глядзець на каго‑, што‑н.

упі́цца 2, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Напіцца дап’яна. [Сваха:] — Мае галубочкі, да мяне і першую чарку пускалі, і другую, і... я ўжо ўпілася. Чорны.

2. перан. Атрымаць асалоду, зачаравацца чым‑н. Упіцца водарам. Упіцца музыкай. □ Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цягнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Прыклаўшы сілу, выняць што‑н. умацаванае, завязлае; вырваць. Выцягнуць кій з плоту. Выцягнуць воз з гразі. □ Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Андрэй крэпка абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас. // Выдаліць, выняць. Выцягнуць нітку з іголкі. Выцягнуць асколак з раны.

2. Разм. Дастаць, выняць што‑н. знутры. Выцягнуць папяросы з кішэні. □ Гаспадыня тым часам выцягнула з-пад прыпека самавар і, перакуліўшы дном угару, стала вытрасаць з яго старое вуголле. Дуброўскі. // Высунуць што‑н. устаўленае. Выцягнуць шуфляду са, стала, // Выцягваючы, здабыць што‑н. Выцягнуць поўны невад рыбы.

3. Перамясціць, цягнучы па паверхні. Выцягнуць човен на бераг. Выцягнуць сані з-пад павеці.

4. Выдаліць што‑н. вадкае, газападобнае з дапамогай якіх‑н. прыстасаванняў. // Разм. Выпіць. [Тодар:] — Я магу, браце Сідор, гарнец выцягнуць і хоць бы што. Чорны.

5. Нацягнуўшы, павялічыць у даўжыню. Выцягнуць дрот. // Выставіць уперад, працягнуць. Выцягнуць лыч, морду, шыю.

6. Выпрастаць, распасцерці. Выцягнуць рукі. □ Адкінуўшыся на спінку крэсла, маёр Раманенка з асалодай выцягнуў ногі і заплюшчыў вочы. Шамякін.

7. перан. Разм. Дапамагчы выйсці з цяжкага становішча; выбавіць. Выцягнуць з бяды.

8. перан. Дабіцца, дасягнуць чаго‑н. з вялікімі цяжкасцямі. Выцягнуць слова праўды.

9. Разм. Прымусіць, пераканаць каго‑н. выйсці адкуль‑н., пайсці куды‑н. Выцягнуць з дому. □ — Дзякую, хлопцы, што выцягнулі, а то занудзіўся быў, — прызнаўся.. [Алесь], калі гульня скончылася. Шыцік.

10. Разм. Асіліць, вытрымаць; адужаць. Выцягнуць дзве нормы. Выцягнуць экзамен на чацвёрку.

11. перан. Разм. Прымусіць каго‑н. патраціцца. Выцягнуць з пакупнікоў апошнія грошы.

12. Разм. Потайкам забраць чужое; украсці.

•••

Выцягнуць (усе) жылы — замучыць якімі‑н. непрыемнасцямі.

Выцягнуць з гразі — дапамагчы пазбавіцца беднасці, галечы.

Ногі выцягнуць — тое, што і ногі працягнуць (гл. працягнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што.

1. Пакласці, змясціць куды‑н., за што‑н. Залажыць нагу за нагу. Залажыць рукі ў кішэні. □ — А партрэцік маці выразала з газеты, — працягвала Усця, — залажыла пад шкло ў рамачку. Кулакоўскі. // Закласці куды‑н. з пэўнай мэтай і ў пэўнай колькасці. Залажыць міну. □ Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч.

2. Адзначыць патрэбнае месца ў кнізе, паклаўшы што‑н. паміж старонкамі. Залажыць старонку ў кнізе.

3. Закрыць, загарадзіць чым‑н. адтуліну, дзірку, праём і пад. Залажыць юшку. □ [Патапчык] нацягаў яловага галля, густа залажыў ім дзірку на страсе і засыпаў зверху зямлёй. Чарнышэвіч. — Залажу пайду разгародку ў плоце, баюся, каб гусі капусты не папсавалі. Чорны. // Паклаўшы што‑н. у вялікай колькасці, заняць усю паверхню чаго‑н. Залажыць стол кнігамі.

4. Пакласці аснову чаго‑н., пачаць будаўніцтва. Залажыць фундамент дома. Залажыць новую ферму. // перан. Даць пачатак чаму‑н., стварыць аснову для развіцця чаго‑н. Нявіднага цікавіць, што сталася з ячэйкай, якую залажыў ён у Паставах і аб якой не мае цяпер ніякіх вестак. Колас.

5. Аддаць што‑н. у заклад за пазычаныя грошы. — Няхай кафтан заложаць драны, а грошы мусяць яны даць. Колас.

6. Заплаціць за каго‑н. пэўную суму грошай пры пакупцы. Казна залежыць тры чвэрці кошту падзелу толькі за таго мужыка, які сам збярэ і заплаціць адну чвэртку. Якімовіч.

7. безас. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў вушах, носе і пад. Самалёт набірае вышыню. Грудную клетку нібы распірае знутры, застукала ў скронях, залажыла вушы. Жычка.

8. Уст. Запрэгчы ў экіпаж. Залажыць тройку. // Прыгатаваць экіпаж, запрэгчы ў яго каня, коней. Залажыць брычку.

•••

Залажыць (заліць) за гальштук (за каўнер) — выпіць спіртнога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. прапаў, ‑пала; заг. прападзі; зак.

1. Згубіцца, знікнуць невядома куды (з прычыны крадзяжу, нядбайнасці і пад.). Сума грошай, што прапалі з банка, была вялікая. Чорны. [Хведар:] — У маёнтку, дзе стаіць усё начальства, паперы нейкія прапалі... Чарот.

2. Перастаць з’яўляцца дзе‑н.; знікнуць. Праз які тыдзень Косцік зноў прыйшоў на тое месца. Але грыбоў не было. Кінуўся ён туды-сюды, — прапалі баравікі! С. Александровіч. [Дзед:] — Гэй, Ляксей! Дзе ты прапаў? Пайшлі... Шуцько. // Адправіцца, пайсці куды‑н., не вярнуцца, знікнуць, не даўшы пра сябе знаць. Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому і прапала немаведама дзе. Скрыган. Сам Андрэй вярнуўся з перавязанай шыяй, а Васіль зусім прапаў. Пальчэўскі. // Знікнуць з поля зроку; перастаць быць бачным ці чутным. Пятро ўбачыў стагі. Ён глядзеў на іх, пакуль яны не прапалі з вачэй, — за маркотна-мройным даляглядам. М. Стральцоў. У канцы сяла гукі гармоніка перамяшаліся з сабачым брэхам і прапалі. Лобан.

3. Знікнуць, страціцца. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў. Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух. Дамашэвіч.

4. Загінуць; памерці. — Пазбавішся кавалка хлеба, прападзеш нізавошта. Шынклер. Так і прапалі абодва браты праз зайздрасць чалавечую. Скрыган. // Загінуць, здохнуць (пра скаціну). [Даміра:] — За два месяцы на калгасных фермах ніводнае парася не прапала. Асіпенка. // Спыніць рост, завянуць, засохнуць (пра расліны). — Ну, пра гэта можна пасля пагаварыць, — заўважыла Маша. — А вось скажыце, Лаўрэн Карпавіч, чаму ў калгасе «Сейбіт» лён прапаў? Гроднеў.

5. Трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча. — Прапаў!.. — ледзь чутна толькі прамовіў Сяргей і змоўк, апусціўшы нізка галаву... Нікановіч.

6. Прайсці без карысці. Тры з паловай гады падпольнай працы, працы ў самых складаных і цяжкіх умовах, не прапалі дарэмна. Гурскі.

•••

Без вестак прапасці — бясследна знікнуць (пра чалавека).

Пішы прапала гл. пісаць.

Прападзі ты пропадам! — выказванне моцнага раздражнення, злосці з прычыны чаго‑н.

(І) след прапаў гл. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыліп, ‑ла; зак.

1. Моцна прыстаць да чаго‑н. (пра што‑н. ліпкае, клейкае, мокрае або да чаго‑н. ліпкага, клейкага, мокрага і пад.). Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты. Бядуля. // перан. Шчыльна прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Кулямётчык] .. здаваўся адным целам з кулямётам, да таго ён прыліп да яго, зблізіўся з ім. Лынькоў. Пад плотам, у прагным чаканні, прыліп да зямлі худы рабы кот. Савіцкі. Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, а з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына. Брыль. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Прыліпла мянушка да .. [Асмалоўскага] — Адвакат. Сіўцоў. Механік быў зусім малы; Мянушка некалі — Малеча — К яму прыліпла горш смалы. Калачынскі.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. На шчасце, прыліп да .. [Ігната] добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Мележ. У гэтыя першыя трывожныя дні да .. [Домны і Раечкі] неяк прыліп Андрушка Шэмет. Лобан. // Перадацца каму‑н. (пра хваробу, пра што‑н. дрэннае). Ліхая хвароба падсачыла .. [бацьку], прыліпла к нядошламу целу, улезла ў яго нутро. Гартны. Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Грахоўскі. // Прыстаць з распытваннямі, папрокамі, парадамі і пад. — Ну, што ты да яе прыліп? — сказала маці і з дакорам паглядзела на Валодзю. — Вырасце такая, як ты, таксама не будзе баяцца. Васілеўская.

3. перан. Разм. Моцна захапіўшыся, старацца не разлучыцца з чым‑н. [Бацька] прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. Шамякін. Маці .. здзівілася: што з .. [Віцем] сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіцца вострым канцом у што‑н., пранікнуць у глыб чаго‑н. Кап’ё ўткнулася ў зямлю. □ Човен уткнуўся носам у пясчаны бераг якраз супраць глыбокага рова. Шамякін.

2. Зарыцца галавой, тварам у што‑н. Жэнька паднялася з зямлі і ўткнулася галавою ў пасцель. Крапіва. // Есці, усунуўшы галаву ў якую‑н. пасудзіну (пра жывёлу). [Мурзік],.. ціха заскуголіўшы, падбег да бляшанкі, уткнуўся ў яе мордачкай і стаў хлябтаць. Капыловіч.

3. перан. Доўга глядзець куды‑н. (у акно і пад.). [Сёмка:] — Толькі хутка пачаў я прыкмячаць, што Аленка мая сумуе. Уткнецца ў акно, быццам на вуліцу пазірае, а сама перад сабою нічога не бачыць. Кандрусевіч. // Не ўзнімаючы вачэй, паглыбіцца ў якую‑н. справу. Уткнуцца ў кнігу.

4. Уперціся ў што‑н. Мікола як уткнуўся тварам у сцяну, так і не павярнуўся. Б. Стральцоў. — Прыехалі! Прыехалі! — усхапілася Ліза і ўткнулася носам у халодную шыбіну. С. Александровіч. — Не пікні! — Дула пісталета ўткнулася.. [Рабушку] ў грудзі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сіратліва ўткнуліся ў неба заводскія трубы, вецер не расцягваў ад іх доўгіх хвастоў дыму. Пятніцкі. // Сутыкнуцца з якой‑н. перашкодай. Калі [хлопцы] прайшлі кіламетры са два, то.. зноў ўткнуліся ў балота! Маўр. Цяжка шаргануўшы па пясчанаму дну, уткнуўся ў бераг паром. Аляхновіч.

5. Разм. Улезці, уціснуцца куды‑н. Андрэй згледзеў, што ў кузаве пабіта людзей, не ўткнуцца. Пташнікаў. // перан. Умяшацца, прыняць удзел у чым‑н. — Як? — здзівіўся маёр. — Хто яму дазволіў?.. Усюды.. [Чыжык] уткнецца першым! Няхай. — Нічога я не пісала!.. — буркае Ганька. — Як гэта не пісала. Раскажы няхай.. [Міша] паслухае. Ён-то ўжо табе скажа! — усюды гэта баба Іваніха ўткнецца. Васілевіч.

•••

Уткнуцца носам у што або куды — не адрываючыся, з захапленнем чытаць, пісаць і пад.

Уткнуцца са сваім языком — сказаць што‑н., калі не просяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гэ́ты, ‑ага, м.; гэта, ‑ай, ж.; гэта, ‑ага, н.; мн. гэтыя, ‑ых; займ. указальны.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, які знаходзіцца непасрэдна перад вачамі; проціл. той (у 1 знач.). У гэтым доме школа, а ў тым — бальніца. // Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. Змрок крыху расступіўся, парадзеў і перад Сяргеем Карагаю вызначылася цёмная палоска — шлях яру. У гэты момант вочы яго мімаволі, як бы самі глянулі ўперад. Колас. // Паказвае на адрэзак часу, які мае месца ў цяперашнім часе або прошлым ці будучым, што непасрэдна прымыкаюць да яго. — Ды я і лавіць [рыбу] гэтымі днямі не думаю, — захітрыў Міхалка. Бядуля. У гэты дзень Андрэй Перапечкін прачнуўся як ніколі рана. М. Ткачоў.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых. Вось пад гэтым дубам — не іначай, як пад гэтым — знайшоў .. [Якуб] некалі дваццаць баравікоў за адзін раз. Зарэцкі. Праз гэты двор прайсці прыемна: Тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. / у знач. наз. гэ́ты, ‑ага, м.; гэ́та, ‑ай, ж.; гэ́та, ‑ага, н. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.

3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якіх гаварылася нядаўна. Балота, забалаць балот, як там ні называй, Але ступіў тут бальшавік — Ён зменіць гэты край. Купала. Мікола ўсміхаецца зноў. І ў гэтай усмешцы яго многа сталасці. Брыль.

4. у знач. наз. гэ́та, ‑ага, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія гаворыцца ў тэксце. Я расказаў — і гэтаму паверылі. □ — Але, сынок, не мой ты... Праз гэта і плачу. Якімовіч. // Паказвае на аднародныя прадметы, выконваючы ролю абагульняючага слова. Сцены, стайні, вароты, калючы дрот у невялічкіх акенцах — усё гэта было ўкрыта густым марозным інеем. Лынькоў.

5. Паказвае на вядомыя ўжо асобу ці прадмет. [Гарлахвацкі:] Харошая дзяўчына гэта, Верачка. Крапіва. Дзіўны чалавек гэты Галілей! Зарэцкі.

6. Выражае эмацыянальныя адносіны да якой‑н. асобы ці прадмета. — Ідзі, ідзі! Канца няма жабракам гэтым! Бядуля.

•••

Гэтымі днямі; на гэтых днях гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́даць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; заг. выдай; зак., каго-што.

1. Даць што‑н. з запасаў, адпусціць са сховішча для пастаяннага ці часовага карыстання. Выдаць грашовы аванс. Выдаць кніжку з бібліятэкі. □ — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартаўліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // Забяспечыць чым‑н., уручыць што‑н. Выдаць даведку, мандат. □ Сёлета мне бясплатную пуцёўку выдалі. У Сочы. Грамовіч. // Аддаць, вярнуць назад. Выдаць асабістыя рэчы іх уладальнікам. // Заплаціць за работу. На працадні, што намецілі, — выдалі. Пташнікаў.

2. Здабыць, зрабіць, вырабіць. Не ладзілася справа з вынаходствам — Андрэй адводзіў душу работай: размахнецца, што называецца, на ўсё плячо, выдасць норму ды і да другой наблізіцца, і не сорамна глядзець людзям у вочы. Шахавец.

3. за каго і са словам «замуж». Аддаць замуж. Пасватаўся Алесь, і бацькі выдалі дзяўчыну. С. Александровіч. З Ганнай Лявонаўнай душа ў душу пражылі мы дваццаць год. Выгадавалі дачку, выдалі замуж. Корбан.

4. Выпусціць з друку, надрукаваць. Выдаць поўны збор твораў пісьменніка. Выдаць кніжку масавым тыражом. □ Магчыма, што паэт думаў выдаць гэтыя вершы асобным зборнікам, у які хацеў уключыць перакладзеныя ім творы рускіх паэтаў. «Весці».

5. Прыняць, абвясціць. Выдаць закон. □ Дырэктар выдаў спецыяльны загад. Карпаў.

6. Раскрыць, зрабіць вядомым што‑н. сакрэтнае, тайнае; удаць. Выдаць змову. □ Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Аднак, і пасля васьмі гадзін катавання Тадора.. не выдала нікога. Брыль. Як ні трымалася Іна, а вочы яе выдалі. Ваданосаў.

7. Назваць каго‑, што‑н. не тым, кім, чым яны з’яўляюцца. Выдаць сябра за брата. Выдаць чутае за бачанае. □ [Наташа] мела намер выдаць сябе за бежанку. Шамякін. Асцерагайцеся гэтых, — Гусар паказаў пальцам на суседні пакой. — Я вас выдам за сваю даўнюю знаёмую. Краўчанка.

•••

Выдаць на рукі — а) аддаць што‑н. непасрэдна каму‑н.; б) даць наяўнымі пасля вылічэння падаткаў.

Выдаць сябе — выкрыць, выявіць уласныя тайныя пачуцці, намеры і пад.

Выдаць (сябе) з галавой — выкрыць сваю або чыю‑н. віну, памылку, тое, што старанна хаваецца.

Не выдай(це)! — выручы(це)!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́ха 1, ‑а, н.

1. Няшчасце, зло, бяда; гора. [Марына:] — Ох, сыночак, мая зорка! Як цябе падгадаваць, Як ад ліха захаваць. Колас. У вочы.. [Карніцкаму] ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. Паслядовіч. // Разм. Хвароба. [Мацей:] — Нейкае ліха ўбілася пасля прастуды. Пальчэўскі.

2. У фальклоры — нячыстая сіла, чорт. Адказаў хлапец паціху: — Праўду я шукаць іду, А за мною следам Ліха Водзіць Гора і Бяду. Грахоўскі.

•••

Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.

Да ліха — вельмі многа, вялікая колькасць.

Каб на яго (цябе, яе, вас, іх) ліха — ужываецца як вокліч, якім выказваецца прыкрасць, абурэнне, злосць. — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) — немаведама хто, што, абы-які і пад. Можа і сам ён, Мікалай, бачыў, што тут ліха ведае што робіцца. Чорны.

Ліха гарыць з каго — пра верхавода, завадатара. Усё ліха гарэла з Камінскага, а цяпер Шыслоўскі верхаводзіць. «Маладосць».

Ліха з ёй, з ім і пад. — няхай будзе так, можна пакінуць без увагі. «Ліха з ёю, з шапкаю. Старая і без брыля», — суцешыў Валодзя сам сябе. Ваданосаў.

Ліха яго бяры — адносіцца абыякава да чаго‑н. — Ай, ліха яго бяры з работаю. Сёння ўжо няхай прападае дзень. Чорны.

Ліха яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

На (якое) ліха (лаянк.) — для чаго, нашто. — Мы добра абыходзіліся і без бурмістра. Па ліха ён нам. Якімовіч. — Давай памяркуем сур’ёзна, — сказаў Андрэй жонцы. — На якое табе ліха гэтая служба? Шахавец.

Не памінай (не памінайце) ліхам гл. памінаць.

Што за ліха! — вокліч незадавальнення, здзіўлення. — Што за ліха! Раненых дваццаць дзевяць, а гісторый [хвароб] трыццаць. Мележ.

Як на (тое) ліха — не ў пару, не да месца. Не хапала касцоў, а, як на тое ліха, тры старыя даваенныя касілкі стаялі ля кузні няспраўнымі. Асіпенка. Рыбакі боўталіся ў Нёмане. Але, як на тое ліха, рыба не лавілася! С. Александровіч.

лі́ха 2, безас. у знач. вык.

Разм. Цяжка, дрэнна. Было яму ліха, ды яшчэ і пагоршала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́ва, ‑ы, ж.

1. Пісьмовая або вусная згода, дамоўленасць. Выканаць умову. □ [Дубіцкі:] — Ну што ж! Тады ідзіце. Толькі ўмова: доўга там не будзьце, каб тут пра вас [хлопцаў] не трывожыцца. Чарнышэвіч. Васіль, як па ўмове, з палеткаў Ужо набліжаўся сюды. Калачынскі.

2. Афіцыйны дакумент. Трыпут раптам прыгадаў той дзень, калі яны складалі ўмову. Савіцкі. Васіль дамогся свайго — заключыў з МТС умову. Шамякін.

3. часцей мн. (умо́вы, умоў). Патрабаванні або прапановы аднаго з дагаворных бакоў, якія прымаюцца або адхіляюцца другім бокам. [Настаўніца:] — Я дам табе, Ігнась, пару кніжак, толькі з умоваю, што, прачытаўшы, ты перакажаш мне змест. Мурашка. [Тамара] дала згоду быць жонкай Сімона, паставіўшы толькі адну ўмову: не Гамрэклія, а Гамрэкелі. Самуйлёнак. [Машыніст:] — Згодны вы [генерал] прыняць нашы ўмовы ці не? Лынькоў. // Узаемныя абавязацельствы дагаворных бакоў, якія забяспечваюць заключэнне, выкананне дагавору. Умовы перамір’я. Умовы кантракта. Умова аб тэрмінах аплаты. // Якія‑н. гарантыі, ільготы і пад., што дае каму‑н. асоба ці ўстанова. Умовы найму. Працаваць на льготных умовах. □ [Гарлахвацкі:] У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Крапіва. Сялянскі пазямельны банк даваў на кабальных умовах крэдыт для куплі зямлі і гаспадарчых патрэб. «Весці».

4. часцей мн. (умо́вы, умоў). Правілы, законы, прынятыя, устаноўленыя ў якой‑н. галіне дзейнасці, жыцця. Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.

5. часцей мн. (умо́вы, умоў). Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што‑н. Кліматычныя ўмовы. Жыллёвыя ўмовы. □ Праводзіўся грамадскі агляд — у якім стане ахова працы, тэхніка бяспекі, .. падрыхтоўка завода да работы ў зімовых умовах. Карпаў. Ва ўмовах суровай рэчаіснасці праходзіць Андрэй Касцевіч школу рэвалюцыйнага выхавання. Хромчанка.

6. Прадпасылка, ад якой залежыць існаванне, ажыццяўленне чаго‑н. Спецыяльныя веды, высокая прафесійная падрыхтоўка, агульная культура чалавека ператвараюцца ў абавязковую ўмову паспяховай працы ўсё больш шырокіх слаёў работнікаў. «Звязда». Росквіт нацый пры сацыялізме — неабходная ўмова іх збліжэння і паступовага развіцця пры поўным камунізме. «Полымя».

7. толькі мн. (умо́вы, умоў). Звесткі, даныя, якія ляжаць у аснове чаго‑н. Умовы доследу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)