гаспада́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гаспадара, належыць гаспадару; гаспадароў. Гаспадарская дачка. Гаспадарскі пакой.

2. Звязаны з дзейнасцю гаспадара (у 2 знач.). Настала лета, уцягнуўся Сцёпка ў гаспадарскую работу, нават думкам сваім не было калі аддацца. Колас. // Уласцівы гаспадару (у 2 знач.); клапатлівы, руплівы. Міхась агледзеў гаспадарскім вокам градку, потым хутка пералічыў каласкі. Якімовіч.

3. Уласцівы гаспадару (у 4 знач.); уладны, упэўнены. Гаспадарскі тон. □ Нашы таварышы з гаспадарскім выглядам і важнай мінай пачалі падкідваць галлё. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзе́цца, адзенуся, адзенешся, адзенецца; зак.

1. Надзець на сябе вопратку. [Лабановіч] кінуў скрыпку на стол.. і, момант падумаўшы, адзеўся, узяў палку і пайшоў. Колас. Гушка прыйшоў у хату, сеў, радасна адчуваючы спачын, пасля вымыўся, адзеўся ў лепшую адзежыну. Чорны. // Апрануцца кім‑н. Адзецца дзедам-марозам.

2. Набыць сабе неабходнае адзенне. Хто ж адзецца, пракарміцца Паможа? Дзе падзецца, прытуліцца, Мой божа? Купала.

3. перан. Пакрыцца чым‑н. (звычайна — лісцем, травой і пад.). Лес з раніцы адзеўся ў казачную квецень інею. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

відаво́чна,

1. пабочн. Напэўна, відаць; мабыць, мусіць. Голас, у якім чулася шчырая жаласць і спачуванне, відавочна, належаў пажылой жанчыне. Васілевіч. Зараз Антона Пятровіча па вечарах Віктар амаль не бачыў: відавочна, у таго была тэрміновая работа на базе. Даніленка.

2. прысл. Яўна, прыкметна; адкрыта. Кадэты відавочна цягнулі за цара, але, не зважаючы на гэта, адносіны паміж самаўладствам і думаю пагоршваліся. Колас.

3. безас. у знач. вык. Ясна, бясспрэчна. [Кандраценка:] — Зусім відавочна стала, што гораду патрэбен галоўны архітэктар. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

відо́чны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Тое, што і відавочны. Можа, і Сухаварава не ўпадабаў ён за тое, што яна аддавала відочную перавагу яму... Колас. Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну. Быкаў.

2. Які добра відаць, знаходзіцца на відным месцы. Трошкі на водшыбе, на відочным узгорку, стаяла мураваная двухпавярховая будыніна. Сабаленка. І маленькая беларуская вёсачка, адкуль мы як бы пачыналі слухаць голас паэта, робіцца відочнай і блізкай людзям далёкіх земляў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льнасць, ‑і, ж.

1. Свабода, незалежнасць. Мы кубкі ўздымалі За вольнасць людскую, за праўду на свеце. Броўка. [Белавус:] — Ішлі вы на смерць, на змаганне За люд наш, за вольнасць зямлі. Колас. // Самастойнасць, неабмежаванасць у дзеяннях. Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Захацелася хутчэй і паўней адчуць гэтую вольнасць. Галавач.

2. Парушэнне агульнапрынятых правіл, адступленне ад нормы. Паэтычная вольнасць.

3. Нястрыманасць, фамільярнасць; нетактоўнасць. Вольнасць у абыходжанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

алі́ва, ‑ы, ж.

1. Вечназялёнае паўднёвае дрэва сямейства маслінавых; масліна. Дык няхай гучыць над светам слова, Слова гневу ходзіць па зямлі, Каб пад сонцам цвіў мой край сасновы І алівы вашыя цвілі!.. Рудкоўскі.

2. Ядомы плод гэтага дрэва.

3. Алей, атрыманы з яго пладоў.

4. Змазачнае масла. [Пракоп:] Трактар каштуе вялікіх грошай: і сам ён дарагі, і бензін аплаціць трэба, аліву. Колас. У ваччу яшчэ стаялі высокія сцены, чорныя з жаўтаватым водлівам, машынная аліва на жалезных прэнтах і калёсах. Чорны.

[Лац. oliva.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абыхо́дак, ‑дку, м.

1. Патрэбы штодзённага жыцця. Жанкі і дзяўчаты збіраюць летам ягады і грыбы і гэтым трохі падзарабляюць на дамашні абыходак. Колас. [Федзя:] — Заўсёды нейкі грош трэба мець на абыходак. Крапіва.

2. Разм. Неабходныя рэчы, абстаноўка. [Маці:] — Стараючыся, дык і на дзвюх дзесяцінах льга жыць. Людзі жывуць. А гэта — што папрадаем увесь абыходак свой — дык яно, жывучы, нажывецца зноў. Чорны.

3. Ужытак, карыстанне. Увесці ў навуковы абыходак невядомыя дакументы.

•••

На першы абыходак — на першую патрэбу, на першы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Адарваўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. Трос абарваўся.

2. Не ўтрымаўшыся, сарвацца, зваліцца адкуль‑н. [Даўгулевіч:] — Мне было горача і сніўся сон, нібы мы з Адэляю падымаліся на высокія горы, яна абарвалася і паляцела ў прорву. Гурскі.

3. перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое‑н. дзеянне, працэс). Яшчэ некалькі хвілін, і гэтая вінаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас. // Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца. За вёскай шаша абарвалася.

•••

Сэрца абарвалася гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абві́цца, абаўюся, абаўешся, абаўецца; абаўяцеся; пр. абвіўся, ‑вілася, ‑вілося; зак.

1. Абкруціцца вакол чаго‑н.; абвіць сабой што‑н. Пуга абвілася вакол задняй нагі ваўка, і я не змог яе ўтрымаць у руцэ. Ляўданскі. // Абняць, абхапіць (пра рукі). Дзіцячыя ручкі абвіліся вакол матчынай шыі.

2. Пакрыцца, абвіць сябе чым‑н. Абаўецца навокал зямля Да бляскату ў яркую зелень. Астрэйка. // Ахутацца, абвалачыся чым‑н. (дымам, туманам і пад.). Сена палыхнула агнём, і стажок абвіўся жаўтавата-сінім дымам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кончыць.

2. ко́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). Кончана з панам, пан не ўваскрэсне, У край наш не знойдзе дарог. Колас.

3. у знач. прым. Вырашаны, скончаны. Кончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). Кончаны п’яніца.

•••

І кончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Усё кончана гл. усё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)