хваста́цца, хвашчуся, хвошчашся, хвошчацца; незак.

1. Хвастаць сябе (звычайна венікам у лазні). Мыліся ў .. [лазні] усе з канторы, нават сам Унук — любіў хвастацца з рабочымі на палку аж двума венікамі. Пташнікаў. Каля прылазніка гнуткі бярэзнік — Венік на месцы вяжы ды хвашчыся. Танк.

2. Сцёбаць адзін аднаго. — Вунь на святога Юр’я, як бацюшка свянцонаю вадою гавяду акр[апля]ў, дык бабы як пачалі дзеркачамі хвастацца — усякая хацела першай сваю карову падагнаць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ячме́нь ​1, ‑ю, м.

1. Адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства злакавых, зерне якой ідзе на прыгатаванне круп, мукі, соладу, на корм жывёле і пад. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ.

2. Зерне гэтай расліны. Млын меле, млын меле Ячмень гэты зорны, Аж ходарам ходзяць Грымучыя жорны. Танк.

ячме́нь ​2, ‑ю, м.

Вострае гнойнае запаленне тлушчавых залоз павек. Ячмень на воку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імгла́, ‑ы, ж.

1. Ападкі ў выглядзе вельмі дробных кропелек вільгаці; імжа. Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж. Кулакоўскі. Імгла дробнымі кропелькамі асядала на суконную світку, на шапку, на твар. Чарнышэвіч. // Крышталікі інею ў паветры, дробны снег. Марозная імгла. □ Час прыйшоў ўставаць, пачынала світаць. За мяцельнай трухою дарог не відаць. Як развітваўся з ёй, снег сляпіў іх імглой. Куляшоў.

2. Пялёнка туману, дыму, пылу; смуга. А магчыма, тут і сапраўды стаяла імгла з выпарэнняў і пылу. Карпаў. Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты, Каналамі рэзалі нетры балотаў — І з тванню знікала туманаў імгла. Броўка.

3. перан. Пра тое, што перашкаджае добра бачыць, успрымаць навакольнае. Стаіць пастух, А вочы наліваюцца імглой... Танк. // Выраз смутку, задуменнасці на твары, у вачах і пад. Накрыла ясны твар дзявочы Задумы сумная імгла. Багдановіч.

4. перан. Пра што‑н. невыразнае, незразумелае, забытае. З імглы ўспамінаў ўстаюць: Пакінутыя лес і нівы, Дзе хмары над рачным абрывам Чаўнамі белымі плывуць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рлы, ‑аў; адз. перл, ‑а, м.

1. Тое, што і жэмчуг. Там зліткі золата былі, І перлы, і каралы. Танк. Былі прадэманстраваны розныя тканіны: цяжкія парчовыя з шоўкавых, залатых і срэбных нітак, упрыгожаныя перламі і самацветамі. «ЛіМ». // перан.; чаго або якія. Каплі дажджу, расы і пад., якія блішчаць, пераліваюцца, як жэмчуг. Малады бярэзнік, які густа парос ля самай шашы, блішчаў тысячамі перлаў-расінак, што віселі і пераліваліся на лісцях. Сіўцоў. Ты чуйна слухаеш, прынік, Як звоняць перлы вадзяныя. Танк.

2. перан.; чаго. Пра што‑н. самае выдатнае, цудоўнае па сваіх якасцях. «Грубае жыццё» сапраўды пераплаўлялася ў грудзях паэта ў перлы паэзіі. Лойка. Вунь, злева, перл готыкі, збудаваны ў шаснаццатым стагоддзі касцёл Святой Ганны. Арабей. // Іран. Пра што‑н. бязглуздае, недарэчнае і пад. Тувім прыводзіць узор прадукцыі аднаго з .. [графаманаў]: Калі цябе ўбачыў, як кроіла сала, Маё сэрца зразу, як пёс у ваду, ўпала.. Нічым не горшыя перлы можна набраць з часопісаў, нават з некаторых кніг і ў нас. Лужанін.

•••

Рассыпа́ць перлы гл. рассыпаць.

[Фр. Perle.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Летучы, дасягнуць якога‑н. месца. Арол даляцеў да вяршыні гары. Даляцець да Месяца. □ Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Ажно да гарматы са свістам даляцелі кавалкі металу. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджваючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра гукі, пахі і пад.); данесціся. З ветрам даляцеў да вушэй Янавых чалавечы крык. Галавач. Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які захварэў на шаленства, звар’яцеў.

2. Раз’юшаны, узлаваны. Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Лынькоў. На падмогу яму падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня. Машара. // Збянтэжаны ад страху, разгублены. [Немцы] .. правялі прамільгнуўшага перад імі матацыкліста ашалелымі позіркамі. Шамякін.

3. перан. Нястрымны, магутны. Вада кідалася на турбінныя таркі з вялікім ашалелым напорам. Баранавых. І ляцелі на вёскі З новай весткай няспынна Ашалелыя, З грывай агню Цягнікі. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Гучна крычаць, звычайна пераклікаючыся ў лесе; гойкаць. Чаму ён, Суконка, павінен хавацца ад тых, з кім некалі разам бегаў у гэты лес, свістаў і галёкаў на ўсё горла? Паслядовіч. Галёкалі, крычалі на ваўка Начлежнікі. Танк. // Шумна размаўляць, галасіста спяваць і пад. Госці галёкалі ў паўтара дзесяткі горлаў так, што ў Сімона зазвінела ў вушах. Самуйлёнак. Не зважаючы на стомленасць, дзяўчаты і хлопцы галёкалі на ўсё балота песні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аскаба́лак, ‑лка, м.

Разм. Кавалак дрэва, абломак чаго‑н., асколак металу. — А кыш-кыш-кыш!.. — шпурляю на курэй аскабалак. — Каршуна няма на вас. Баранавых. Грысь па сваёй гаспадарскай звычцы прынёс у хату некалькі сухіх аскабалкаў. Кулакоўскі. Танк зароў, паехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Гранітныя аскабалкі пырснулі ва ўсе бакі. Лужанін. Марыля схапіла, бутэльку і бразнула яе аб печ. Дробныя аскабалкі шкла зазвінелі па хаце. Корбан. Аскабалкам жалеза.. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Імя, якое даюць свойскай жывёле. Аднаму каню, высокаму і худому, хлопцы ніяк не маглі прыдумаць клічку. — Дон Кіхот! — усклікнуў адзін з іх на ўсю канюшню. Няхай. // Мянушка, якую даюць чалавеку (для жарту, насмешкі, у канспіратыўных мэтах і пад.). Гэта быў адзін з майстроў вялікіх, Звалі яго Люцыян Таполя, А па клічцы проста Багароб. Танк. — У падполлі нельга карыстацца ўласнымі прозвішчамі. Трэба прыдумаць клічкі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

болт, балта, м.

1. Металічны стрыжань з галоўкай на адным канцы, а на другім з разьбой, на якую накручваецца гайка. Кох паказаў.. [Вейсу] канец адной рэйкі, на якой і следу не засталося ад замкоў і балтоў. Лынькоў.

2. Жалезны прут для замыкання аканіц і дзвярэй; просва. Прысніўся Дубягу ў абозе сон, Што ў родную хату прыехаў ён.. Аклікнуў — нікога, кругом цішыня. Прыкладам з балтоў аканіцы сарваў І глянуў, і хаты сваёй не пазнаў. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)